– Ёсць тэорыі, якія сцвярджаюць, што час будавання нацый прайшоў: што можна было збудаваць, ужо збудавана. Ці згодныя Вы з гэтым? Як на Вашу думку, што ў свеце моцнай глабалізацыі чакае Беларусь і нашу мову?
Я з’яўляюся прыхільнікам ідэі аб тым, што будаўніцтва нацый у свеце яшчэ працягваецца. І прыклады таму ёсць (краіны былога СССР, Югаславіі). Усё залежыць ад волі супольнасці людзей якія саспелі каб гэта рабіць. Беларусы ў гэтым сэнсе яшчэ адносяцца менавіта да такой супольнасці. Але гэта не залежыць ад волі аднаго ці некалькіх энтузіастаў. На мой погляд існуе шэраг аб’ектыўных фактараў, каб беларуская нацыя па-сапраўднаму паўстала як нацыя, роўная сярод роўных у свеце. Сярод іх вылучу асноўныя: тысячагадовая гісторыя і культура беларускага этнаса, незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, высокая этнічная аднароднасць насельніцтва (83.7% лічаць сябе беларусамі), наяўнасць актыўнай нацыянальнай эліты, спрыяльныя знешнія фактары. Усе яны разам даюць надзею на тое, што будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, а не цывільнай рускамоўнай дзяржавы якая выбудоўваецца цяперашнім кіраўніцтвам, адбудзецца. Можна згадаць, што толькі за апошняе стагоддзе наша нацыя перажыла шэраг спрыяльных і неспрыяльных перыядаў у сваім развіцці, як дзяржава. Але з кожным крокам краіна Беларусь набіраецца сілаў і, як паказвае мой аналіз, наступны перыяд для будаўніцтва нацыі павінен быць спрыяльным, і спадзяёмся, вырашальным.
Я не думаю, што глабалізацыя ў бліжэйшыя 50-100 год нейкім негатыўным чынам будзе ўплываць на развіццё і стан нацый. Мяркую, што гэта пытанне яшчэ недастакова вывучана і роля глабалізацыі ў адносінах да існавання нацый хутчэй ці няправільна трактуецца, ці перабольшваецца. Сапраўды, можна казаць, што ў век высокадакладных тэхналогій, усталявання глабальнай інфармацыйнай прасторы, глабальнага пранікнення капітала, распаўсюджання прынцыпаў і ідэй дэмакратыі і правоў чалавека, палітычная і эканамічная атмасфера ў свеце і ў асобных краінах павольна збліжаюцца. Калі паглядзець на Еўрапейскі Саюз, будаўніцтва якога ідзе ўжо больш паўсотні гадоў, то ў ім шмат чаго зроблена – Шэнгенская віза, адзіная грашовая адзінка еўра, пачалася размова аб стварэнні адзіных узброеных сілаў Еўропы, ёсць шмат прыхільнікаў стварэння еўрапейскай нацыі. Аднак з другога боку, ёсць і шматлікая колькасць еўраскептыкаў, якія ў першую чаргу выступаюць за зберажэнне ідэнтычнасці сваіх нацый і іх умацаванне.
Такім чынам, можна казаць, што рухі да “глабалізацыі” і да нацыянальнай дзяржавы для Беларусі адбываюцца адначосова і ў гэтым сэнсе трэба быць моцным “еўраскептыкам” і нацыяналістам, я маю на ўвазе здольнасць ідэнтыфікаваць сябе як асобную нацыю і трымаць правільны курс на нацыянальнае будаўніцтва. Вялікай небяспекай на гэтым шляху з’ўляецца рускамоўнасць беларускага насельніцтва і заганны стан беларускай мовы. На жаль Беларусь, у адрозненне, напрыклад, ад Ірландыі, жыве не на востраве. Для Ірландыі геаграфічная ізаляцыя ёсць адным з фактараў зберажэння нацыі, бо калі казаць пра мову, то роднай ірландскай мовай карыстаецца менш 10% насельніцтва. Пашырэнне ж рускай мовы ў Беларусі, якое ідзе паралельна са змяншэннем вясковага насельніцтва, можа быць катастрафічным фактарам паглынання Беларусі “рускім мірам”. Заўважце, мы не кажам, пра англійскую мову, якая ўсё больш і больш распаўсюджваецца ў свеце як агульназямная мова зносін, аднак, гэта заўжды другая мова пасля роднай. Вы не можаце ўявіць каб французы, галандцы ці немцы, нават ведаючы англійскую мову, адмовіліся б ад сваёй. Таму ў гэтых і іншых еўрапейскіх краінах ніколі не паўстае пытання аб ідэнтычнасці. У Беларусі ж сітуацыя роўна наадварот і выклікана яна не глабалізацыяй, а лакальным уплывам суседняй імперыі. Таму ўмацаванне большай незалежнасці Беларусі ад Расіі ў палітычным, эканамічным і культурным плане з’яўляецца істотнай перадумовай будаўніцтва беларускай нацыі, не адмаўляючы цывілізаванага супрацаўніцтва з усходняй краінай-суседкай. Падаецца, што асягнуць большую незалежнасць (суверэнітэт) можна праз умацаванне дэмакратычных і грамадскіх інстытутаў, і праз асьвету\выхаванне беларускасці ў насельніцтва Беларусі. Шанс збудаваць нацыю і зберагчы мову ёсць.
– Гэтая Вашая чацвёртая кніга – публіцыстычная, тры папярэднія – паэтычныя. Ці варта ў будучым чакаць ад Вас мастацкай прозы?
Пакуль што на гэта пытанне не магу адказаць станоўча. Мне здаецца, што не маю дастаткова здольнасцяў, каб пісаць мастацкую прозу. Хаця не скажу, што я аб гэтым не думаў. Мне больш падабаецца выкладаць свае думкі ў канцэнтраванай, вершаванай форме (а ці падабаецца гэта чытачу пакажа час). Я зайздрозціў свайму бацьку, настаўніку па адукацыі, які ў дзвюх кнігах “Над Дзісенкай ракой” і “Адвечныя плыні” па-мастацку і дэталёва ў сваіх успамінах, апавяданнях і расказах адлюстраваў жыццё беларускай вёскі. Трэба сказаць, што бацька пачаў пісаць прозу даволі позна, у 73 гады, калі прыехаў у Канаду, вызваліўшыся ад тыповай працы на гаспадарцы ў вёсцы. Так што, калі раўняцца на бацьку, то спадзяюся буду яшчэ мець час падумаць і пра прозу.
– Пасля эміграцыі Вы ўпершыню пабывалі на Радзіме толькі праз 15 гадоў, у 2013 годзе. У тым жа годзе запусцілі sakavik.net – пачалі рабіць часопіс. Ці няма сувязі паміж гэтымі падзеямі? Што з пабачанага ў Беларусі паўплывала на гэта?
Вынікам майго візіта стаў артыкул “Беларусь. 2013. Спатканне з Радзімай”, надрукаваны ў верасні, у 3-м нумары часопіса, у якім я падзяліўся з чытачамі ўражаннямі ад пабачанага. Сама паездка ніяк не паўплывала на напрамак дзейнасці часопіса, заснаванага ў снежні 2012 года. Ідэя стварэння часопіса ўзнікла пасля правядзення канферэнцыі беларускіх лідэраў у Вільні ў лістападзе 2012 года. Арганізатарам той сустрэчы была Рада БНР; мне давялося ўдзельнічаць у некалькіх дыскусіях са сп. І. Сурвілла, Старшынёй Рады БНР, якая канчаткова прыняла рашэнне зрабіць яшчэ адно намаганне ў аб’яднанні беларускіх апазіцыйных сіл. Адной з маіх прапаноў на гэту канферэнцыю было абмеркаванне рэалізацыі сумеснага асветніцкага праекта, які, як меркавалася, якраз і быў бы адным з механізмаў\інструментам для такога магчымага аб’яднання. Аднак, на жаль такая ідэя не знайшла ў той час падтрымкі. Гэты момант і быў штуршком для мяне, каб пачаць рэалізацыю падобнага асветніцкага праекта з дапамогай часопіса і новастворанага вэб-сайта (www.sakavik.net). Асветніцкі праект “Разам” размешчаны на адной з старонак вэб-сайта, аднак, на жаль, ён развіваецца не так паспяхова як хацелася б. Сам часопіс першыя 6 нумароў выходзіў пад назвай “Сакавік”, пазней, пачынаючы з 7-га нумара, часопіс стаў называцца “Культура, Нацыя”. Часопіс выдаецца раз на тры месяцы. Выйшла 14 нумароў, у верасні 2016 года выйдзе 15-ты нумар, у які будуць уключаны і матэрыялы 32-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая прайшла ў Аттаве 3-5 верасня гэтага года. За мінулыя тры з паловай гады на старонках часопіса апублікавана звыш 90 матэрыялаў, падрыхтаваных 21 аўтарам. Асноўнай мэтай часопіса з’яўляецца падтрыманне беларускасці і развіццё беларускай нацыі. На сайце публікуюцца матэрыялы з іншых крыніц, калі яны адпавядаюць напрамку часопіса. Рэдакцыя часопіса ганарыцца тым, што 62% чытачоў часопіса гэта людзі з Беларусі.
– Чаму ў пэўны момант адбылася змена назвы часопіса з ”Сакавіка“ на ”Культура. Нацыя“? Ці паўплывала гэта на тэматыку?
Назва “Сакавік” была ўзята напачатку як сімвал нашага слаўнага мінулага – 25 сакавіка была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, і як сімвал надзеі на сапраўднае нараджэнне беларускай нацыі вясною. Аднак, у падтэксце назвы “Сакавік” чытач часта бачыць нейкія палітычныя, рэвалюцыйныя працэсы. Часопіс жа грунтуецца на ідэях развіцця беларускасці\беларускай нацыі праз асвету насельніцтва краіны, галоўным стрыжанем якой з’яўляецца культура. Назваць часопіс “Культура” не выпадала. Такі часопіс, заснаваны сп. Гедройцам, быў і ён адыграў значную ролю ў атрыманні свабоды Польшчай. Безумоўна, беручы слова “культура” ў новую назву часопіса хацелася мець сімвалічную духоўную пераемнасць ад часопіса Гедройца ў большай ступені, чым быць абвінавачаным у плагіяце. Слова “нацыя” ў назве часопіса дадалося таксама не выпадкова. На наш погляд менавіта гэта слова, нягледзячы на яго непрыйманне многімі інтэлектуаламі, павінна абвастрыць цікавасць да праблемы будаўніцтва нацыі ў Беларусі. Змена назвы не паўплывала на тэматыку часопіса, аднак, хацелася б у будучыні мець больш матэрыялаў прысвечаных пытанням менавіта культуры, бо за амаль чатыры гады існавання часопіса большая частка яго прысвечана нацыянальным праблемам, калі казаць аб пераважным іх асвятленні ў адносінах да культуры і калі ўвогуле можна ўмоўна іх так падзяляць.
– Што прымусіла Вас, асобу ўжо сфармаваную, маючую і навуковую пасаду, і сям’ю, з’ехаць за мяжу?
Адказ на падобнае пытанне я даваў раней у інтэрв’ю сп. Н. Гардзіенка (“Новы час”, №26-249, 1 ліпеня 2011 года). Коратка магу толькі паўтарыць, што асноўным матывам ад’езду ў 1998 годзе была безрадаснасць і бесперпектыўнасць развіцця сябе і маёй сям’і ў стварыўшыхся умовах, якія можна было характарызаваць на той час, як вяртанне ў мінулае. Аналіз, які быў зроблены, падказваў, што чакаць змен да лепшага, беларускага, дэмакратычнага, можна будзе не раней, чым праз 40-50 год (1-2 пакаленні). Мае прадказанні напалову ўжо спраўдзіліся. Хтосьці можа сказаць, што такі ад’езд выглядае як уцёкі і падобны на здраду свайму народу. Усё ж апраўдваючы сябе магу сказаць, што гэта права кожнага чалавека вырашаць свой лёс, браць адказнаць за сваю сям’ю. Тым больш мы ехалі ў вялікую невядомасць. З другога боку, можна было б сказаць, што тое, што я раблю для беларускай справы тут, я, верагодна, не змог бы рабіць на радзіме. На нядаўняй 32-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў сваім дакладзе я казаў, што сучасная эміграцыя ў Канадзе (канец ХХ – пачатак ХХІ ст.) гэта ў асноўным эміграцыя эканамічная, сямейная, з чым магчыма не ўсе могуць пагадзіцца. Я кажу ў асноўным, бо людзі гэтай хвалі, як і абсалютная большасць насельніцтва ў Беларусі на сёняшні дзень, апалітычныя. Пра сябе ж магу сказаць, што палітычны кампанент пры ад’ездзе прысутнічаў, але вырашальным было спалучэнне розных прычын. Вядучымі былі словы “Ніколі не позна пачаць спачатку”.
– Як адбылося Вашае знаёмства з беларускай грамадой Канады?
Першае наша знаёмства з беларускай грамадой у Аттаве адбылося толькі праз год нашага жыцця і першапачатковага ўладкавання ў гэтым горадзе. Шчыра кажучы, такое позняе знаёмства было абумоўлена не толькі бытавымі праблемамі эмігрантаў. На самой справе, расчараванне станам беларускага грамадства, якое меў пры ад’ездзе, не выклікала ніякага жадання нават пошуку магчымасці такой сустрэчы. Тым не менш, мы з Наталіяй, маёй жонкай, трапілі на беларускую зборку летам 1999 года, якую ладзіў у сваім доме сп. Міхайлаў, тагачасны лідар групы беларусаў. Там жа мы ўпершыню пазнаёміліся са сп. Івонкай Сурвілла, якая была ўжо другі год як абрана старшынёй Рады БНР. Паступова знаёміліся з іншымі беларусамі. Можна казаць, што ў Аттаве ўтварылася цеснае кола беларусаў, якія сябруюць і падрымліваюць беларускі дух. Тое, што гэта сапраўнае кола сяброў было ярка прадэманстравана падчас арганізацыі і правядзення 32-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая прайшла з вялікім посьпехам 3-5 верасня гэтага года.
– Вы на працягу пяці гадоў былі старшынём Згуртавання беларусаў Канады, Атаўскі аддзел Згуртавання ўзначальваеце і цяпер. Што з сябе ўяўляе беларуская грамада Канады сёння? Ці пашыраецца супольнасць? Ці ўяўляе беларуская ідэя цікавасць для эмігранцкай моладзі ў Канадзе?
Паводле афіцыйнай статыстыкі ў 2011 годзе ў Канадзе налічвалася каля 15.000 беларусаў, з іх у Аттаве, каля 1000 чалавек, і ў Таронта – каля 7000 чалавек. Калі паглядзець на дынаміку міграцыі беларусаў у Канаду за апошнія 30 год, то ў гэтым годзе, у якім праводзіўся чарговы перапіс насельніцтва, можна чакаць лічбу – каля 20.000 беларусаў. Гэта калі казаць пра афіцыйную статыстычную частку.
Што тычыцца актыўных беларускіх суполак, то яны дзейнічаюць на сёння толькі ў Таронта і ў Аттаве. Беларуская суполка ў Аттаве, якая з’яўляецца аддзелам Згуртавання беларусаў Канады, налічвае каля 30-60 чалавек. Калі параўнаць гэта з агульнай колькасцю беларусаў у Аттаве, то гэта выглядае як бы і не шмат, аднак, гэта цалкам укладываецца ў статыстычныя рамкі, бо вядома, што грамадскім жыццём звычайна цікавіцца і ўдзельнічае ў ім невялікая частка людзей, 5-10%. Асноўная частка суполкі склалася каля 12-15 гадоў таму назад. Да нас далучаюцца новыя людзі, у асноўным, нацыянальна свядомыя. Як правіла, у Аттаве гэта сямейныя людзі, але такой моладзі студэнцкага ўзроста, якую можна назіраць, напрыклад, у Нью-Ёрку ў Аттаве не шмат.
Інтэрв’ю апублікавана на сайце «Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і ў інфармацыйным бюлетэні Згуртавання.
Categories: Асобы, Нацыя, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ