З Weissrussland перайшлі на Belarus… Дзве Пагоні ў Дрэздэне і коўш з полацкага золата… Нататкі рэдактара «НН» з Нямеччыны

Піша Андрэй Дынько.

У Берліне бываць даводзіцца часта. А вось у Саксонію дабраўся ўпершыню за доўгі час: Дрэздэн, Лейпцыг, Хемніц, Мітвайда.

Цікавы быў і склад дэлегацыі: у яе ўваходзілі як прадстаўнікі прыватных структур, так і дзяржаўных СМІ, БДУ і Міністэрства замежных спраў.

Маё першае ўражанне, з якога мы, як кажуць навукоўцы, атрымліваем 95% інфармацыі: у правінцыі народ здаровы, спартыўны, пазітыўны. На алкаголікаў і абібокаў не натыкаешся, як бывае ў нас.

Людзі падцягнутыя, шмат хто займаецца спортам. Бегаюць на вуліцах масава, на роварах ездзяць.

Адбываецца рэканструкцыя будынкаў, дадаюцца новыя помнікі. У Дрэздэне будынак за будынкам штогод аднаўляецца разбомбленае ў 1945-м. Пры камуністах не аднаўлялі, а цяпер планамерна, дом за домам, дворык за дворыкам.

Карацей, чуткі пра заняпад Нямеччыны моцна перабольшаныя. А зараз нататкі пункцірам — і пра палітыку, і пра бізнэс, і пра армію. Але спачатку — некалькі гістарычных рысак.

* * *

Дзве Пагоні пабачыў у Дрэздэне: адна вісіць на пачэсным месцы ў гербавай зале слынных «Зялёных скляпенняў», Grünes Gewölbe, — скарбніцы курфюрстаў Саксонскіх. Другая — на знакамітай Fürstenzug, працэсіі князёў.

Пагоня на мурале «Шэсце князёў» (Fürstenzug) у Дрэздэне.

«Шэсце князёў» — гэта найбольшы ў свеце арт-аб’ект з парцаляны, гіганцкі мурал, што вытрымаў нават вялікі пажар бамбёжак 1945 года. Даўжыня «Шэсця князёў» складае амаль 102 метры, а вышыня — 10,5 метраў!

Чаму тут «Пагоні»? Рэч у тым, што некалькі курфюрстаў Саксонскіх былі адначасова каралямі Рэчы Паспалітай. Гэта Аўгуст ІІ Дужы і Аўгуст ІІІ. Дбалі яны найбольш пра сваю карэнную Саксонію, а Рэч Паспалітую падпарадкоўвалі сваім мэтам. Гэта было няшчасце наша — гэтыя «Сасы».

Аўгуст ІІ Дужы і Аўгуст ІІІ былі вяршыняй славы Саксоніі і нядоляю Беларусі і Польшчы. Фота з Вікіпедыі.

У Дрэздэне назбіралі яны багацці незлічоныя. Гэтыя два Аўгусты былі апантанымі калекцыянерамі мастацтва і каштоўнасцей.

Золата і смарагды Дрэздэна, «Сікстынская мадона» былі набытыя ў тым ліку потам нашых беларускіх сялян і мяшчан.

* * *

У Дрэздэне ў музеі ёсць чаша, пераплаўленая з золата, захопленага ў Полацку Іванам Грозным. Як яна трапіла ў Саксонію, дакладна невядома. Паводле адной з версіі, расійскі цар Пётр І падарыў яе Аўгусту Дужаму. Пра тое, з якога металу яна вырабленая, сведчыць надпіс на ёй. Коўш выкананы ў традыцыйным расійскім стылі.

Фота liveinternet.ru.

Слёзы б у яе беларускія збіраць, а не ў нямецкім музеі паказваць.

* * *

У 2005 гарсавет Дрэздэна стварыў незалежную камісію гісторыкаў, каб дакладна вылічыць колькасць ахвяр у выніку змрочна вядомай бамбёжкі Дрэздэна авіяцыяй саюзнікаў у 1945 годзе.

Рэч у тым, што гітлерская прапаганда запусціла лічбу 200 тысяч ахвяр у сваіх прапагандысцкіх мэтах. Тую самую лічбу паўтарала прапаганда савецкая пазней — ужо ў сваіх мэтах.

Камісія працавала 5 гадоў і прыйшла да высновы, што дакладная лічба ахвяр складала не менш за 22700 і не больш за 25 тысяч чалавек.

Так Дрэздэн выглядаў пасля бамбёжкі ў 1945. Фота зробленае з Ратушы. Саюзнікі пакінулі нечапанымі толькі некалькі высотных будынкаў. Фота з Вікіпедыі.

Для чаго немцы стварылі такую камісію? А каб ведаць праўду. Гэта важна — ведаць гістарычную праўду.

Страшны лік страшны і без перабольшанняў.

У 1945 годзе 6865 забітых гарадскія ўлады былі вымушаны спаліць проста ў цэнтры горада, на цэнтральнай плошчы Altmarkt. Не было магчымасці іх вывезці на могілкі. Адна з самых страшных старонак вайны, у якой немцы заплацілі жудасную цану за сваё ачмурэнне 30-х.

Помнік ахвярам таталітарызму каля музея найноўшай гісторыі ў Лейпцыгу. Адна рука ўскінута ў нацысцкім вітанні, другая — у камуністычным. А асобы няма.

Дамы вакол Altmarkt аднаўляюць па чарзе. У адным з іх зрабілі дом састарэлых. Не ўяўляю сабе ў нас Дом састарэлых у Верхнім горадзе. У нас усё больш гатэлі з саўнамі пакуль.

* * *

Гадавы бюджэт Лейпцыга складае 1,4 млрд еўра. А па насельніцтве Лейпцыг як Гомель.

Бюджэт федэральнай змялі Саксонія (жыве ў ёй 4 млн чалавек) — 17 млрд еўра.

А федэральны бюджэт Германіі складае 312 млрд еўра.

Універсітэцкую царкву Лейпцыга (макет на пярэднім плане) улады ГДР у 1969 годзе ўзарвалі. Сёння яе адбудавалі — але не як дакладную копію, а як будынак з шкла, натхнёны старым выглядам. Яна ўпісаная ў новы будынак універсітэта, які захапляе сваёй гульнёй блокаў рознага па структуры шкла.

Тэхналагічны ўніверсітэт: спісваць — чорная метка на ўсё жыццё

Горад Мітвайда: 6400 студэнтаў на 15000 жыхароў. Тут з ХІХ стагоддзя месціццаВышэйшая школа прыкладных навук — фактычна, Тэхналагічны ўніверсітэт. У ім вучыўся, напрыклад, інжынер Опель.

Чым адрозніваецца ад нашых тэхнічных ВНУ — тым, што студэнтам даюць камбінацыю ведаў пра бізнэс і тэхнічных. А таксама прывязкай да вытворчасці. Год з чатырох студэнты практыкуюцца на вытворчасці. Прадпрыемствы знаходзяць самі, прычым попыт на маладыя кадры вялікі.

Вось пералік факультэтаў у Мітвайдзе (адаптую назвы да нашых рэалій): інжынерна-эканамічны (спецыяльнасці эканаміст-інжынер, кіраванне нерухомасцю, кіраванне энергетыкай), медыяў (кіраванне СМІ, медыяінфарматыка, медыяінжынер, індустрыя забаў, кінаіндустрыя, камунікацы), інфарматыкі (біяінфарматыка, біятэхналогіі, малекулярная біялогія, матэматыка ў электронных СМІ…), электратэхнікі і камп’ютарнай тэхнікі (лазератэхніка, электратэхніка, машынабудаванне, мехатроніка) і — нечакана для мяне — сацыяльнай работы (сацыяльны менеджмент, псіхатэрапія, камунікацыя, нагляд, трэнер).

* * *

Сярэдні заробак інжынера-выпускніка ў Нямеччыне — 50 тысяч еўра за год. Інжынераў агромны дэфіцыт, і Германія ідзе на любыя крокі, каб прыцягнуць інжынерныя кадры з іншых краін. Гатовыя рабіць супольныя праграмы і з Беларуссю, абы прыцягваць і нашы маладыя кадры.

* * *

«Калі не ведаеш, куды ісці вучыцца, ідзе на эканоміку», — нагадвае нямецкі прафесар.

Курс бізнэсу ў Мітвайдзе: за два семестры вывучаюць поўны жыццёвы цыкл прадпрыемства. Ад стартапа да продажу, або банкруцтва, або перадачы ў спадчыну.

* * *

У Нямеччыне ў школе і ўніверсітэце спісаць — гэта чорная метка, кажа нам студэнт.

* * *

Будучыня эканомікі: развіццё прамысловасці і сферы паслуг у шматмоўным і шматкультурным асяроддзі.

Такая карцінка нязвыклая для беларускіх вачэй, але тыповая для нямецкіх вуліц.

Завод: «У Беларусі зашмат бюракратыі, а Кітай палохае»

Завод па вытворчасці металарэжучых станкоў Niles Summons у Хемніцы (у ГДРаўскі час гэты горад называўся Карл-Маркс-Штадт) рэалізаваў праект на 62 мільёны еўра на МТЗ. Паставіў высокадакладныя металарэжучыя станкі.

Пытаемся пра асаблівасці работы з Беларуссю. «Па-першае, Беларусь не належыць да ЕС. Па-другое, кіраўніцтва працуе на іншых тэхнічных узроўнях, — дыпламатычна адказвае менеджар прадпрыемства. — Па-трэцяе, у Беларусі зашмат бюракратыі. Праекты рэалізуюцца вельмі павольна праз бюракратычныя зацяжкі».

* * *

«Niles Summons» цяпер рэалізуе праект на пабудове лакаматыўнага завода ў Каломне, Расія. На кожны вялікі праект у Расіі і Кітаі трэба браць спецыяльны дазвол ва ўрада.

* * *

Старшы менеджар па продажах завода «Niles Summons», які выпускае высокадакладныя металаапрацоўчыя комплексы: «Я першы раз пабываў у Кітаі ў 1993 годзе. Хуткасць, з якой развіваецца гэтая краіна, не проста ўражвае, а палохае. Гаворка ідзе пра тое, што яны не проста нас дагоняць, але і перагоняць».

Кампанія гэтая, дарэчы, таксама сутыкнулася з тым, што кітайская кампанія спачатку купіла іх металаапрацоўчы комплекс станкоў, а праз некалькі гадоў… прапанавала ёй купіць такі самы.

Што вязём

Савецкія людзі мелі мары пра магнітафоны. Пасля — відэамагнітафоны. Везлі тыя і тыя з Захаду і з ГДР. Цяпер маем усё ў сваіх крамах, абы былі грошы. Што вязе сярэдні беларус з Нямеччыны цяпер, чаго не маем свайго добрага? Каву, французскія сыры, віны, парфуму, вопратку, аўтамабільныя тавары.

Партыі і партыйныя фонды: як фінансуюцца

Як партыі, так і партыйныя фонды ў Нямеччыне атрымліваюць дзяржаўнае фінансаванне.

Партыі атрымліваюць да 150 млн еўра на партыю, у залежнасці ад колькасці пададзеных за іх галасоў.

Партыйныя фонды выконваюць даследчыцкія і аналітычныя функцыі.

Фонд Адэнаўэра блізкі да Хрысціянска-дэмакратычнага саюза. Фонд Эберта — да сацыял-дэмакратаў. Фонд Бёля — да Партыі Зялёных. Фонд Наўмана — да лібералаў, Свабоднай дэмакратычнай партыі. Фонд Розы Люксэмбург — да Левай партыі. Ёсць свой фонд і ў баварскага Хрысціянска-сацыяльнага саюза.

Сродкі на партыйныя фонды дзеляцца ў залежнасці ад сярэдняга працэнта галасоў за дадзеную партыю за апошнія 16 гадоў.

На год яны атрымліваюць на ўсіх разам 600—700 мільёнаў еўра.

На сёння Фонд Адэнаўэра мае з іх 130 мільёнаў еўра штогод.

Для параўнання: Федэральная служба замежнай выведкі, славутая БНД, атрымлівае 500 млн еўра.

Фонды — гэта свайго роду фабрыкі думкі. Яны выпрацоўваюць рэкамендацыі па ўнутранай і замежнай палітыцы. Кіраўнік беларускага бюро Фонду Конрада Адэнаўэра Вольфганг Зэндэр кажа: «Мы фарміруем грамадскую думку ў перадпалітычнай прасторы».

Таблічка на плошчы каля царквы ў Лейпцыгу, дзе пасля малітвы за мір 9 кастрычніка 1989 года распачалася дэманстрацыя, што дала старт Аксамітнай рэвалюцыі, у выніку якой пала ГДР.

Помнік Аксамітнай рэвалюцыі ў Лейпцыгу, стылізаваны пад калону царквы Святога Мікалая. Менавіта пасля малітвы за мір у ёй 9 кастрычніка 1989 года з плошчы, дзе цяпер стаіць калона, распачалася дэманстрацыя, што дала старт Аксамітнай рэвалюцыі, у выніку якой пала ГДР.

Нямецкія палітыкі пра бягучую палітычную сітуацыю

Дэпутат Бундэстага ад Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Вадэфуль: «Германія ніколі не прызнае анексіі Крыма».

Вадэфуль: «Упэўнены, што Беларусь павінна ўступіць у Раду Еўропы. Але для гэтага трэба адмяніць смяротнае пакаранне».

Дэпутат ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Бергнер: Расія ўсё больш перастае ўспрымаць сябе як еўрапейскую краіну, а ўспрымае як еўразійскую.

* * *

Маер, намеснік кіраўніка аддзела замежных і еўрапейскіх адносін Фонду Адэнаўэра: «Пасля 60 шчаслівых гадоў у Еўрасаюзе мы бачым, што гісторыя не лінейная».

Беларускія дыпламаты пра бягучы момант

Адзін з беларускіх дыпламатаў, з якімі давялося сустрэцца: «У рэжыме дыялогу можна дабіцца нашмат больш». «Дыверсіфікацыя дапаможа ўмацаваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі і ўмацаваць эканоміку. Мы хочам паслядоўна праводзіць дыверсіфікацыю».

У Мінабароны Нямеччыны: імавернасць ядзернай вайны пакуль яшчэ нізкая

Нямеччына скараціла армію з 600 тысяч з 1991 да 185 тысяч у 2014. Сапраўды, з такой арміяй не ваююць і пагатоў не наступаюць. Аднак сёння ў Германіі пачалі гучаць галасы пра неабходнасць аднаўлення прызыву.

* * *

Змены клімату ўваходзяць у спіс пагроз нацыянальнай бяспекі Германіі.

* * *

Прадстаўнік Мінабароны Нямеччыны: «Расія правяла прадуманую і паспяховую вайсковую рэформу».

«Базы ў Балтыі — гэта сувымерны ўнёсак у раўнавагу».

Прадстаўнік нямецкага Міністэрства абароны: «Імавернасць ядзернай вайны пакуль яшчэ нізкая».

* * *

Як будзе выглядаць вайна будучыні? Не будзе электрычнасці, перастане хадзіць транспарт. Без звычайнай кінетычнай вайны будуць падпарадкоўваць сабе рэгіёны.

«Віла Луіза»: беларускае пасольства і беларусы Германіі

Каля 20 тысяч беларусаў з беларускімі пашпартамі пражывае ў Германіі. Але людзей, якія зрабілі сабе імя, сярод іх няма, адзначае беларускі дыпламат.

* * *

Каля 110 чалавек галасавалі на парламенцкіх выбарах у беларускім пасольстве ў Берліне.

Беларускае пасольства месціцца ў будынку «Віла Луіза», збудаваным пры канцы ХІХ стагоддзя.

Гэта проста насупраць уваходу ў Трэптаў-парк з яго манументальным мемарыялам савецкім воінаў, што загінулі пры вызваленні Германіі ад нацызму.

Беларусь купіла пасольства пры ўмове — нічога ў будынку не рушыць. Забаронена нават мяняць колер сцен! Затое на рэканструкцыю лесвіцы выдзеліла датацыю дзяржава — бо ж гэта помнік архітэктуры.

Купілі вілу ў 1995, як толькі было прынята рашэнне аб пераносе сталіцы ў Берлін з Бона. Цікава, што раней у гэтым будынку жыла сям’я Лотара дэ Мэзьера, апошняга прэм’ер-міністра ГДР.

МЗС зрабіў выдатнае ўкладанне капіталу: за 20 гадоў кошт будынку вырас шматкроць.

Там працуе цяпер 10 дыпламатаў — сувымерна з беларускімі місіямі ў Брусэлі і Варшаве і больш чым у дыпрадстаўніцтвах іншых краін СНД. Германія займае важнае месца ў беларускіх інтарэсах.

Дыпламатычныя адносіны Беларусі і Германіі былі ўстаноўлены ў 1923, між БССР і Веймарскай рэспублікай. А ў наступным годзе краіны будуць абмяркоўваць 25-годдзе іх аднаўлення.

* * *

На афіцыйным узроўні немцы перасталі называць Беларусь Weissrussland, перайшлі на Belarus. Гэта вельмі паказальная перамена.

Андрэй Дынько
http://nn.by/?c=ar&i=177953



Categories: Зьнешнія адносіны

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: