Сяргей Астраўцоў: Серп і молат у руках акадэмікаў – пра Нобелеўскаю прэмію па літаратуры

Радыё “Свабода”, 20 кастрычніка 2016, 13:13

Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Што беларусу да ўзнагароджаньня нобэлеўскай прэміяй па літаратуры амэрыканскага сьпевака? Калі шчыра…

Яго і па-расейску не друкавалі, і на польскай я ня бачыў зборнікаў. Чаго ня скажаш пра іншага амэрыканскага барда — Леанарда Коэна. Так сталася, яго я слухаю, а Дылан для мяне — чалавек з 1960-х, як Mamas and Papas. Ёсьць, праўда, расейскі пераклад рамана «Тарантул», напісанага ім у тыя ж 1960-я, але Нобэля прысудзілі не за яго.

Ну вось кажуць: акадэмікі вырашылі зламаць традыцыю, асьвяжыць прэмію. Можа быць. Мне міжволі ўзгадваецца, як Палітбюро вырашыла ў 1985-м таксама зламаць традыцыю. Але тады была прычына: скончыліся дзяды, апошні зусім ужо быў напалову жывы нават на тэлеэкране. А хіба празаікі ў нас закончыліся? Хіба ў апошнія часы не выходзіць грунтоўная проза?

Мне бачыцца больш пасьлядоўнымі іншыя прэміі. Скажам, Ганкураўская. Так, яна выдаецца менавіта за найлепшы раман году. І ў гэтым яе моц, мне здаецца. А Нобэлеўскі камітэт адказвае нібы за ўсю літаратуру плянэты Зямля. Але самую важкую прэмію варта даваць за самую важкую рэч, за самае складанае, за раманы. І тады ўсё ўстане на свае месцы. Няхай паэзія гэта — серп, а проза — молат, паэты прэміямі не пакрыўджаныя. І потым: вядома, што паэзію рэальна чытаюць прыблізна трыста чалавек у кожнай краіне. Нагадайце: хто зь вядомых літаратараў гэта сказаў, зрабіў дапушчэньне, блізкае да праўды? Прэмія сусьветна вядомым празаікам ніколі не выклікала расчараваньня ці вялікіх спрэчак, чаго ня скажаш аб іншых выпадках — калі акадэмікі раптам вырашалі «гэтым разам ня быць прадказальнымі».

Раман ёсьць раман. Так, сьпісы ганкураўскіх ляўрэатаў будуць найлепей вядомыя самім французам, прэмія па сутнасьці ўнутраная. Але пагляньце — колькі імёнаў вядомыя ў літаратурным сьвеце па-за Францыяй. Я прыблізна прыкінуў, што ў мяне ёсьць творы дваццаці ўладальнікаў гэтай прэміі. Мэнтальна мне бліжэйшыя, бадай, немцы, але францускія аўтары ХХ стагодзьдзя вельмі цікавыя для мяне. Французаў я прачытаў больш, чым немцаў.

Што да Нобэля, апошнім грунтоўным выбарам я палічыў Марыё Варгаса Льёсу. Я быў вельмі за, калі далі Гюнтэру Грасу, Жазэ Сарамагу. Бліжэй пазнаёміўся з творчасьцю Эльфрыды Елінэк, убачыў, якая яна складаная і цікавая. Актавіё Пас, Каміла Хасэ Сэла — таксама мае аўтары.

Падобна, Боб Дылан быў засьпеты зьнянацку. Не чакаў, што дадуць яму, ці не лічыў сябе адпаведным гэтай менавіта ўзнагародзе. У яго канцэрт увечары, раніцай стала вядома, што стаў ляўрэатам Нобэля. Але прамаўчаў: маўляў, да песень гэта дачыненьня ня мае, дый наогул трэба яшчэ ператравіць навіну. Навошта? Хто ведае. Напрыклад, каб адмовіцца прыняць. Альбо не паехаць на такое досыць буржуазнае мерапрыемства ў той Стакгольм. Хто ведае? Усё яшчэ наперадзе.

Вядома, заўсёды будзе існаваць вялікі пытальнік: каму даваць гэтым разам, за што менавіта? Перапады ў настроі Нобэлеўскага камітэту прыводзяць да таго, што бясспрэчныя ляўрэаты, такія як Грас, сапраўды застануцца ў першых радках сусьветнай літаратуры. Іншыя неўзабаве згубяцца. Не зважаючы, спадарства, на такую прэстыжную ўзнагароду. Колькі бачыў у Варшаве: яшчэ толькі далі прэмію, а кніжкі ўжо ўцэненыя. Назваць імёны? Эліс Манро, Патрык Мадыяно, Герта Мюлер, Дорыс Лесінг. Хаця хто ведае: можа выдаўцы перастараліся, не разьлічылі. Але відавочна: адных аўтараў чытаюць больш, іншых менш, нават калі Нобэля далі.

Якія могуць быць крытэры, аднак? Уклад у сусьветную літаратуру? Выдатна! У нацыянальную? Таксама падстава, але, ясна, недастатковая. Мінае час, і мне ўсё больш здаецца, што наш Васіль Быкаў быў варты важкай міжнароднай літаратурнай узнагароды. Але, але. У яго ж была Ленінская прэмія (за «Знак бяды», 1986), а гэта гучыць нявыйгрышна. І пра вайну калі пісаў, то пра Чырвоную армію. Вось каб пра белую, ці пра Войска Польскае, дык хоць бы пра армію БНР, пра таго ж Булак-Булаховіча. І потым: мова нераспаўсюджаная. Што пісаў па-беларуску — добра, маладзец, але — соры…

Запомніцца надоўга: першае паведамленьне ў той дзень — памёр нобэлеўскі ляўрэат Дарыё Фо, наступнае — прэмію прысудзілі Бобу Дылану. Што вам у гэтай сымболіцы? Кароль памёр, няхай жыве кароль? А можа на самога новага ляўрэата гэта падзейнічала не найлепшым чынам? Хто ведае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.



Categories: Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: