Валянцін Голубеў: Мы павінны ў сваёй краіне зрабіць так, як мы хочам

27 кастрычніка 2016 года
ВАЛЕНТИН ГОЛУБЕВ

Заўсёды самая актыўная частка народа вызначае, як далей развівацца і нацыі, і дзяржаве.

Аўтар Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі гісторык, дэпутат апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання Валянцін Голубеў распавёў «Радыё Свабода», што азначае для яго суверэнітэт Беларусі.

– Адкажыце як гісторык, а ці магло быць інакш – ці мог бы СССР існаваць і сёння?

– Мог. Пра гісторыю нельга разважаць, магло быць так ці інакш. Але я думаю, што Савецкі Саюз мог існаваць толькі як цалкам паліцэйская дзяржава. Калі б былі ўжытыя вайсковыя, рэпрэсіўныя метады застрашвання, магчыма, СССР праіснаваў бы 10, 15, можа быць, і 20 гадоў. Але гэта была б сапраўды паліцэйская дзяржава.

Пайшлі працэсы нацыянальнага станаўлення балтыйскіх дзяржаў, першая іх падтрымала Грузія, потым, як ні дзіўна, Малдова, і толькі потым Украіна, Расея і Беларусь, і гэтыя працэсы сталі ўжо незваротнымі. Калі б улады СССР ужылі большыя рэпрэсіі, ці маглі б яны яшчэ ўтрымацца? Магчыма, маглі б. Мы бачым цяпер, што памкненні да свабоды і дэмакратыі ў многіх постсавецкіх краінах душацца з дапамогай сілы, прычым акурат у тых былых савецкіх рэспубліках, дзе больш засталося савецкасці. І мы можам бачыць, што такім чынам Савецкі Саюз яшчэ ў пэўным сэнсе, таксама жыве, але з дапамогай сілы.

– Як вы думаеце, а чаму ў Беларусі проста не была абвешчана незалежнасць, як гэта адбывалася ў многіх іншых постсавецкіх рэспубліках? Чаму ў нас такая складаная формула – наданне сілы закона Дэкларацыі аб суверэнітэце? Чаму ў нас не праводзілі рэферэндуму аб незалежнасці, як, напрыклад, ва Украіне?

– Фактычна, мы ішлі тым жа шляхам, як і ўсе саюзныя рэспублікі. Толькі балтыйскія дзяржавы гэта зрабілі раней, але ў іх было на што спасылацца. У іх былі да гэтага і дэкларацыі, і Канстытуцыі незалежных дзяржаў. У 1990 годзе акурат атрымалася, што Расея, Украіна (праўда, праз рэферэндум) і Беларусь адна за адной праз некалькі дзён заявілі пра тое, што мы хочам быць незалежнымі.

Чаму не адразу? Таму што яшчэ існаваў Савецкі Саюз. Можна было толькі яшчэ сказаць, што мы збіраемся рабіць. Проста выйсці з СССР – механізму, працэдуры не было. І добра, што мы прынялі гэтую дэкларацыю. Мы спачатку заявілі пра тое, чаго мы хочам, і пры першай магчымасці мы зрабілі яе асноўным законам сваёй краіны.

– Вас называюць аўтарам гэтай дэкларацыі аб суверэнітэце…

Я адзін з аўтараў. Аўтарам першага праекта дэкларацыі з’яўляецца Беларускі Народны Фронт. Спачатку ў БНФ мы абмеркавалі дэкларацыю. Зянон Станіслававіч Пазьняк папрасіў мяне: «Валянцін, зрабі да раніцы праект дэкларацыі, які мы распаўсюдзім у Вярхоўным Савеце». Я ўзяў наш фронтаўскіх варыянт, украінскую і расейскую дэкларацыі, і з беларускімі фактамі і рэаліямі мы зрабілі праект дэкларацыі, вынеслі ў Вярхоўны Савет і пачалі абмяркоўваць. Нас за яе крытыкавалі… Самае цікавае, што многія з тых людзей, якія былі супраць, сёння называюць сябе аўтарамі дэкларацыі.

Анатоль Ільіч Вярцінскі згадваў, што ён прапанаваў дадаць у дэкларацыю слова «поўны суверэнітэт» замест проста «суверэнітэт»…

– Калі ўжо абмяркоўвалася дэкларацыя, ішла трансляцыя на ўсю краіну, многія дэпутаты хацелі сябе паказаць. Адны хацелі паказаць, што яны робяць унёсак у працэс забароны дэкларацыі, іншыя – у працэс прыняцця. Я памятаю таксама, што Анатоль Вярцінскі прапанаваў, каб дзень прыняцця дэкларацыі стаў святочным днём. І так адбылося. Мы, дэпутаты апазіцыі, у гэты час былі не ў зале паседжання. Там быў такі пакойчык за сцяной, дзе сядзеў прэзідыум ВС, там стаяў тэлевізар. Мы праз шчыліны глядзелі. Калі было прапанавана прагаласаваць за апошні радок, што Беларуская ССР выступае за ўкладанне новай саюзнай дамовы, мы змовіліся і на знак пратэсту выйшлі з залы, і тут усе астатнія дэпутаты: «Ах, БНФ супраць, тады мы прагаласуем «за». І такім чынам дэкларацыя была прынята без нашага галасавання».

– Працягнеце фразу: «Незалежнасць – гэта…»

– Незалежнасць – гэта калі я жыву ў Рэспубліцы Беларусь. І я далей не хачу больш разважаць. Калі ў нас ёсць краіна пад назвай Рэспубліка Беларусь, для мяне ясна, што гэта – наша краіна. І калі тут нешта не так, мы павінны ў сваёй краіне зрабіць так, як мы хочам. Усё астатняе ў нашых сілах. Вядома, добра было б, як ва Уладзіміра Арлова, што незалежнасць – гэта калі прэзідэнт гаворыць толькі па-беларуску, калі навучанне ідзе на беларускай мове, калі ўсе любяць гэтую краіну і ніхто не зможа нічога дрэннага сказаць ні пра краіну, ні пра нацыю, ні пра мову. Каб так было, нам трэба яшчэ таксама працаваць у нашай любімай Беларусі.

– Колькасць вашых выступаў у тыя гістарычныя дні проста цяжка падлічыць, настолькі вы былі актыўныя. А які момант тых дзён вам успамінаецца цяпер найперш? Вы адчувалі тады, што робіце гісторыю?

– Калі ішоў працэс абмеркавання, на вуліцы стаялі тысячы людзей. Мы сядзім у зале, і пачалі даносіцца крыкі: «Жыве Беларусь!». Яны нас узбадзёрылі, а нашых апанентаў трошкі спалохалі. І потым прыйшла дэлегацыя з вуліцы, людзі з плошчы папрасілі вывесці трансляцыю з залы пасяджэння на вуліцу. Гэта было проста зрабіць. І калі гэта падключылі, працаваць у зале пасяджэння стала значна лягчэй, бо кожнае трапнае выказванне прадстаўніка апазіцыі плошча сустракала воплескамі, а калі апаненты казалі нешта супраць незалежнасці, ішоў гул абурэння. Можа, і нядобра, што быў ціск вуліцы, але мы ўспрымалі гэта як падтрымку…

Дэпутаты – гэта ж прадстаўнікі народа…

– На вуліцы была частка народа, але самая актыўная. А заўсёды самая актыўная частка народа і вызначае, як далей развівацца і народу, і нацыі, і дзяржаве.

– Сёлета 3 ліпеня ўлады Беларусі святкавалі 25-годдзе незалежнасці, фактычна падмяніўшы паняцці і даты. І моладзь, якая вырасла за Лукашэнкам, збольшага не ведае пра жнівень 91 года. Для яе не было зразумела, у жніўні або ў ліпені было 25 гадоў незалежнасці.

– Калі святкаваць дзень незалежнасці – гэта пытанне яшчэ будзе разглядацца нашымі гісторыкамі і палітыкамі. У нас ёсць даты – 25 сакавіка, 27 ліпеня, 25 жніўня. Можа, яшчэ дата паўстане, калі мы, я спадзяюся, прымем новую Канстытуцыю, у якой будуць больш выразна прапісаныя гарантыі незалежнасці. Можа, і там вызначым гэты дзень. Але тое, што гэта не будзе дзень вызвалення Менска, я ўпэўнены.

Чаму дзень вызвалення Менска, а не дзень вызвалення ўсёй Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў? Што, за Менскам ужо не Беларусь?

– У якой ступені незалежнасць Беларусі – гэта вынік намаганняў апазіцыі, а ў якой ступені так склаліся абставіны?

– Калі б не было руху за незалежнасць у канцы 19 стагоддзя не была б абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, не была б абвешчаная БССР, калі б не было людзей, якія выступалі за незалежнасць, якія стварылі Народны Фронт і стварылі фракцыю, якая змагалася за незалежнасць, я не ведаю, ці была б абвешчаная тады незалежнасць і ці мы б не сталі часткай Расеі. Тым, хто не змагаўся або змагаўся супраць, проста гаварыць. На іх гэтая незалежнасць звалілася. Мы, дэпутаты апазіцыі – я сур’ёзна гэта кажу, я не баюся гэтых слоў, гэта не пафас, гэта праўда, – мы за гэта змагаліся. Мы не ведалі, чым гэта скончыцца для нас, але незалежнасць Беларусі – для нас гэта была ідэя, гэта быў ідэал. І мы змагаліся, і мы дамагліся. І мы перамаглі ў гэтым, і Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Можа, камусьці не хочацца прызнаваць, што гэта зрабілі мы, а яны цяпер гэтым карыстаюцца. Але гэта так ёсць. І гісторыя рана ці позна расставіць ацэнкі, ацэнкі і назаве прозвішчы тых людзей, якія найбольш зрабілі для незалежнасці.

– Хто ваш асабісты герой незалежнасці Беларусі?

– Уся апазіцыя БНФ.

– А як вам бачыцца Беларусь праз наступныя 25 гадоў? Незалежнай краінай?

– Вядома, незалежнай краінай, са змененай Канстытуцыяй. Я хацеў бы, каб у Беларусі быў прэзідэнт, але каб Беларусь была парламенцкай дзяржавай з невялікім парламентам, і прэзідэнт выконваў абавязкі падтрымання балансу ўнутры краіны і меў прадстаўнічыя функцыі за мяжой. Каб у нас не было неабходнасці і падставы казаць ні пра таталітарызм, ні пра аўтарытарызм, а Беларусь была сапраўды свабоднай, дэмакратычнай дзяржавай.



Categories: Асьвета, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: