Караткевіч перамог Скарыну: «Каласы пад сярпом тваім» прызнаныя самай знакавай беларускай кнігай

 

Кампанія «Будзьма беларусамі!» і Саюз беларускіх пісьменнікаў прапанавалі скласці спіс самых важных кніг, якія за 500 гадоў паўплывалі на развіццё беларусаў як нацыі. Вынікі чытачоў і экспертаў супалі толькі часткова.

Народнае галасаванне цягнулася 10 дзён і складалася з некалькіх этапаў. Спачатку чытачы сайта «Будзьма» склалі спіс найбольш важных з іх пункту гледжання кніг, а пасля адбылося ўласна галасаванне па гэтым спісе, складзеным супольна. Такім чынам з’явіўся топ-20 кніг, якія перамаглі ў выніку народнага галасавання.

Першае месца заняў раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». На другім месцы апынулася «Біблія», якую выдаў Францыск Скарына. На трэцім месцы — паэтычны зборнік Максіма Багдановіча «Вянок».

Агульны вынік першай дзясяткі атрымаўся наступным:

1. Уладзімір Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім»

2. Францыск Скарына, Біблія

3. Максім Багдановіч «Вянок»

4. Васіль Быкаў «Знак бяды»

5. Якуб Колас «Новая зямля»

6. Мікола Гусоўскі «Песня пра зубра»

7. Іван Мележ «Людзі на балоце»

8. Ян Баршчэўскі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»

9. Статуты Вялікага Княства Літоўскага

10. Адам Міцкевіч «Пан Тадэвуш»

Літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч так пракаментаваў вынікі: «Галасаванне паказала аблічча актыўнай і пасіўнай беларускамоўнай аўдыторыі наогул. Я сачыў за тым, як ішла галасаванка ад пачатку — Караткевіч выйшаў у лідары амаль адразу, хоць арганізатары кампаніі «Пяцісотгоднасць» нават назвай сваёю недвухсэнсоўна ўказвалі на Скарыну як асноўнага фаварыта. Атрымалася ж, што ў чытачоў свая іерархія, незалежная ад кампаній і прапаноў. Выбар «Каласоў», «Вянка» і Скарыны трыма кітамі беларускай кнігі паказальны. Скарына тут сімвалізуе ўсё нашае слаўнае мінулае часоў Рэнесансу, Караткевіч — паўстанцкі характар беларускай пасляваеннай літаратуры, а Багдановіч акумулюе ў сабе ідэю эстэтызму і чыстай красы (забіраючы такім чынам балы ў Дубоўкі, Жылкі, Калюгі і іншых інтэлектуалаў)».

Асобна прайшло галасаванне сярод экспертаў. На просьбу арганізатараў у склад экспертнай рады ўвайшло больш за два дзясяткі асобаў, сярод якіх вядомыя пісьменнікі, філосафы, крытыкі, незалежныя выдаўцы, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных архіваў і музеяў (сярод іх філосаф Валянцін Акудовіч, брытанскі даследчык Арнольд Макмілін, дырэктар архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка). Кожны з экспертаў прапанаваў свой спіс з 50 кніг. А з яго сфармавалі агульны спіс па колькасці згадак кожнай пазіцыі. Першыя тры месцы падзялілі «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча, «Вянок» Максіма Багдановіча і «Біблія» Францыска Скарыны.

Першая дзясятка па версіі экспертаў атрымалася наступнай:

1. Францішак Багушэвіч «Дудка беларуская»

2. Максім Багдановіч «Вянок»

3. Францыск Скарына, Біблія

4. Якуб Колас «Новая зямля»

5. Мікола Гусоўскі «Песня пра зубра»

6. Ян Баршчэўскі «Шляхціц Завальня»

7. Уладзімір Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім»

8. Іван Мележ «Людзі на балоце»

9. Яўхім Карскі «Беларусы»

10. Статут Вялікага Княства Літоўскага

Як бачна, «Каласы пад сярпом тваім», лідар народнага галасавання, аказаліся тут на сёмым месцы.

http://nn.by/?c=ar&i=180229



Categories: Літаратура, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: