СЯРГЕЙ ЗАКОННІКАЎ: Чаму трывожна сэрцу?

19 лістапада 2016 года

СЯРГЕЙ ЗАКОННІКАЎ
ФОТА: NN.BY

Давайце аб’ектыўна разгледзім грамадства, каб ацаніць яго сучасны стан і стваральны патэнцыял.

Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій стаіць перад гадавінай дзяржаўнага перавароту ў царскай Расіі, які бальшавікі назвалі Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Такім чынам, людзям, не пазбаўленым здольнасці лагічна разважаць, лягчэй зразумець, што якраз вучэнне ленінізму-сталінізму прывяло савецкі народ да трагічных вынікаў.

Паказальна, што ў Расіі, якая з’яўляецца калыскай рэвалюцыі, афіцыйнага дзяржаўнага свята, прысвечанага гэтай даце, няма. Расіяне цяпер 4 лістапада адзначаюць Дзень народнага адзінства. Падстава для такога важнага свята імі знойдзена сумніўная, але гэта — іншая гісторыя. З былых савецкіх рэспублік вызначыліся моцнай «рэвалюцыйнасцю» толькі Кыргызстан і Беларусь. Тут 7 лістапада — дзяржаўнае свята, непрацоўны дзень. Чым гэта выклікана — дакладна невядома, хутчэй за ўсё, каб захаваць настальгію па савецкім мінулым, трымаць народы суверэнных краін у палоне фальшывай рэвалюцыйнай героікі, якая не мае нічога агульнага з нацыянальнай гісторыяй.

Але ў беларусаў ёсць свой каляндар народнай памяці. У ім пазначаны зусім іншыя падзеі і даты. Ніхто не адмаўляе, што ў СССР, які сканаў, нягледзячы на таталітарызм, былі значныя дасягненні ў навуцы, літаратуры і мастацтве, але навошта адтуль выцягваць тое, што нас не яднае, а размяжоўвае?

Перад Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі пачалася палітычная валтузня вакол Леніна і Сталіна. «По просьбе ветеранов и коммунистов» рэстаўравалі помнік Ільічу, каб урачыста ўсталяваць каля Мінскага трактарнага завода. У СМІ цытуюцца словы намесніка генеральнага дырэктара па ідэалогіі, кадрах і сацразвіцці ААТ «МТЗ» А. Суслянкова: «Памятник часто перекрашивали: то в серый, то в зеленый, и сейчас мы его очищаем, делаем новый постамент». Адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства заявіў: «Памятник вызывает только положительные эмоции, пусть стоит еще много лет».

Але карыстальнікі інтэрнэта адгукнуліся на навіну адназначна негатыўна. Яны справядліва раюць трактарабудаўнікам лепей займацца павышэннем якасці прадукцыі, каб не затаварваліся машынамі складскія пляцоўкі. У водгуках дадзена ацэнка як самой асобы Леніна, так і беларускага рэжыму: «Памятник человеку, совершившему государственный переворот. Именно ему мы обязаны нынешним положением дел. Именно на его совести миллионы загубленных жизней. Будет и у нас ленинопад… А пока: «По просьбам ветеранов и коммунистов». Как же достала эта брехливая и лицемерная власть!»

Маюць рацыю і тыя чытачы, якія прапанавалі апалагетам «правадыроў сусветнай рэвалюцыі» захоўваць іхнія скульптурныя выявы ў прыватным жыллі. Сапраўды, у сябе ў двары, дома стаўце бюсты, а калі так хочацца, нават помнікі, каму заўгодна: Леніну, Сталіну, Берыі, любуйцеся на іх. Але нахабна ўцюхваць гэтых асобаў новым пакаленням у якасці станоўчых герояў — тут ужо стоп! Хопіць тлуміць галовы моладзі казкамі пра «ласкавага дзядулю Леніна» і «справядлівага бацьку Сталіна»!

Ніякага прымірэння ў грамадстве ў стаўленні да аўтараў ленінізму-сталінізму не будзе. Для адных — гэта правадыры, а для другіх — забойцы і каты мільёнаў савецкіх людзей. Расстрэльныя рэзалюцыі Леніна і Сталіна могуць скласці цэлы том як помнік чалавеканенавісніцтва, крыважэрнасці. У чэрвені 1920 года Уладзімір Ільіч, які быў заклапочаны мабілізацыяй насельніцтва Масквы на вынаску на руках дроў з лясоў да чыгунак, піша: «Если не будут приняты героические меры, я лично буду проводить в Совете обороны и в Цека не только аресты всех ответственных лиц, но и расстрелы».

Сумленныя даследчыкі, якіх ёсць шмат, не перапісваюць гісторыю, як гэта галаслоўна сцвярджаюць аўтарытарныя рэжымы Пуціна, Лукашэнкі і іхняя прапаганда, а праўдзіва паказваюць падзеі мінулага з улікам іх вынікаў. Гэта абсалютна правільны падыход, таму што толькі замбіраваныя артадоксы не могуць згадзіцца з даставернымі фактамі, дакументамі, лічбамі, паўтараючы савецкія ідэалагічныя прыдумкі. Большасць людзей прыняла страшную праўду, адкрытую ў канцы ХХ стагоддзя.

Але бальшавіцкі дух яшчэ ніяк не выветрыцца з Расіі і з Беларусі. Хоць насельніцтва адной і другой краіны пра кастрычніцкую рэвалюцыю ведае толькі з падручнікаў гісторыі або наогул не ўяўляе, што гэта такое, усё ж над прасторамі ад Брэста да Уладзівастока гучыць камсамольская песня:

И вновь продолжается бой,

И сердцу тревожно в груди…

И Ленин — такой молодой,

И юный Октябрь впереди!

Дзеля справядлівасці трэба аддаць належнае таленавітаму кампазітару А. Пахмутавай, якая напісала шмат выдатных, неўміручых песень. Але частка створанага ёю разам з мужам, паэтам М. Дабранрававым — гэта звычайная кан’юнктура, даніна часу. Тэксты часта грашаць дэкларатыўнасцю.

Слухаеш такое па нацыянальным тэлебачанні суверэннай краіны, і сэрцу сапраўды становіцца трывожна. Насуперак прапагандзе, якая далдоніць пра еднасць і маналітнасць беларускага грамадства, хачу сказаць адваротнае — яшчэ ніколі яно не было такім раз’яднаным, растурзаным, як цяпер.

Давайце аб’ектыўна разгледзім грамадства, каб ацаніць яго сучасны стан і стваральны патэнцыял. Пачнем са старэйшых пакаленняў, якія знаходзяцца на пенсіі, але ўдзельнічаюць у той або іншай ступені у сфастрыгаваным па аўтарытарных лякалах жыцці краіны. Першую групу складаюць грамадзяне самага паважанага ўзросту, што выйшлі на адпачынак яшчэ ў савецкі час. За імі стаяць тыя, хто афармляў пенсіі пасля 1994 года. Найбольшая частка грамадства — гэта людзі ад 18 да 55 (жанчыны) ці 60 (мужчыны) гадоў, якія працуюць ва ўсіх сферах гаспадарання. Далей ідзе студэнцкая і вучнёўская моладзь, малыя дзеці.

Звяртаю ўвагу на ўзроставы, сацыяльны аспект, на забяспечанасць людзей нездарма, бо ад гэтага залежыць многае. Якраз на такой глебе нарадзіліся расколіны, якімі пасечаны арганізм грамадства. Наменклатура савецкага часу абураецца, зайздросціць тым, хто паслужыў Лукашэнку і пенсію атрымаў пры ім, бо розніца ў сумах — велізарная. Бюджэтнікі са сціплай зарплатай мараць пра прыбыткі заможных прыватнікаў. Супрацоўнікі айчынных фірмаў хацелі б уладкавацца на працу да амерыканцаў, аўстрыйцаў, немцаў. Пералік размежаванасці паміж сацыяльнымі групамі можна працягваць доўга.

Рэжым пабудаваў «капіталізм для сваіх», а дакладней — «камунізм вярхоў». У залежнасці ад заможнасці фарміруюцца палітычныя погляды, падтрымка ўлады і ўнізе. Але 70% насельніцтва да кіраўніцтва ставіцца скептычна, дабрабытам незадаволена: зарплаты і пенсіі мізэрныя, а цэны — адны з самых высокіх у СНД.

Атмасфера тэрору, якая ўзяла старт у 1917 годзе, не знікла. Усё грамадства сёння знаходзіцца пад жорсткім кантролем. Просты народ жыве пад страхам звальнення з працы і розных штрафаў, а кіраўнікі баяцца «пасадак». Але гэта не перашкаджае ім выкарыстоўваць службу так, каб, нягледзячы ні на што, «урвать с паршивой овцы хоть шерсти клок».

А майму сэрцу трывожна таму, што ў грамадстве няма яднання па важных нацыянальных пытаннях — гісторыі, мове, культуры, што ў галовах мільёнаў суайчыннікаў — палітычная каша, што мы не бачым перспектывы, не ведаем, якую краіну будуем, што жывем, абвешаныя пазыкамі, толькі адным днём.

Сяргей Законнікаў, «СН плюс»



Categories: Мараль

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: