Якія гістарычныя падзеі замоўчвае школьная праграма

Навукоўцы абмеркавалі навучальную праграму па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі і грамадазнаўству, якую праходзяць дзесяцікласнікі. У круглым стале ўзялі ўдзел Сяргей Тарасаў, Анатоль Трафімчык, Жанна Семянтовіч, Валянціна Лебедзева, Уладзімір Гуленка, Генадзь Сагановіч, Раман Цымбераў і Ніна Стужынская.

Падрабязна прааналізаваў школьную праграму кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў.

«Да з’яўлення Беларусі сваёй гісторыі ў нас не было. Мы заўсёды разглядалі Беларусь у складзе Кіеўскай Русі, Рэчы Паспалітай, ВКЛ, Расійскай імперыі, СССР і гэтак далей. Цяпер мы павінны казаць, не чым мы былі для Кіеўскай Русі, а чым Кіеўская Русь была для нас. Не чым мы былі для СССР, а чым СССР было для нас», — кажа Кіштымаў.

Гісторык адзначае, што гэта пытанне нараджэння ўласнай нацыянальна-гістарычнай навукі і здабыцця сваёй гісторыі. І гэта праблема не толькі гісторыкаў-навукоўцаў, але і дзяржавы.

«Акрамя навукова-гістарычнай памяці, ёсць яшчэ і калектыўная гістарычная памяць. Тыя гістарычныя веды, памылкі і міфы, якія дзяржава лічыць неабходным давесці да ўсіх сваіх грамадзян, — тлумачыць Кіштымаў. — Гэтую гісторыю дзяржава запакоўвае ў школьны падручнік. Навуковыя веды заўсёды будуць адрознівацца ад школьнага падручніка. Але ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра тое, што я б назваў гістарычнай граматнасцю. Калі ў школе дзяцей вучаць грамаце, іх вучаць чытаць і пісаць, а не станавіцца Купаламі і Коласамі. Калі ім выкладаюць гісторыю, то з іх не Сагановіча робяць, а папросту вучаць гістарычнай грамаце».

Гісторык канстатуе, што сёння беларускія дзеці займаюцца па падручніках гісторыі, зацверджаных пяць і больш гадоў таму. Аднак свежыя вучэбныя праграмы ўжо ёсць, і яны даступныя для азнаямлення.

Андрэй Кіштымаў прааналізаваў новыя праграмы па «Гісторыі Беларусі», «Сусветнай гісторыі» і «Грамадазнаўству» менавіта за 10-ы клас з некалькіх прычын. Па-першае, у гэты час школьнікаў знаёмяць з гісторыяй перыяду 1917—1945 гадоў, вельмі важнага як для нашай гісторыі, так і для сусветнай. Па-другое, дзесяцікласнікі паралельна вывучаюць гэты перыяд у «Сусветнай гісторыі». Разам з тым вучні праходзяць факультатыўны курс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)». І на той жа дзясяты клас прыходзіцца знаёмства з прадметам «Грамадазнаўства». Атрымліваецца, 10 клас — навучальны год, звышнасычаны гісторыяй.

«У дадатак у нас наперадзе паласа стогадовых гістарычных юбілеяў, звязаных з перыядам 1917—1945 гадоў, — заўважае гісторык. — У гэты час абавязкова з’яўляюцца пытанні. Іншая справа, ці будуць на іх адказы, і якія. Прынцыпова важна, што будзе закладзена ў школьных падручніках, якія будуць пісаць пад новыя праграмы».

Першае, на што звяртае ўвагу гісторык, — ананімнасць вучэбнай праграмы. Яна зацверджаная Міністэрствам адукацыі, але хто вырашаў, што будуць вывучаць дзеці па кожным канкрэтным прадмеце?

 «Гісторыя Беларусі»

У праграме ёсць пункт «Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзейнасць рады БНР і яе ўзаемаадносіны з германскай ваеннай адміністрацыяй». «Усё. Больш пра БНР ніякай згадкі няма, — каментуе гісторык. — Куды далей БНР падзелася? Хто былі дзеячамі БНР?»

Слуцкія паўстанцы не ўзгаданыя ні са знакам плюс, ні са знакам мінус. Антысавецкая барацьба на тэрыторыі Беларусі адсутнічае ўвогуле. Булак-Балаховіча няма.

«Тэма палітычных рэпрэсій і тэма нацыянал-дэмакратызму змешчаны побач. Пры гэтым так і незразумела, хто гэтыя рэпрэсіі ўчыняў і хто гэтымі нацыянал-дэмакратамі быў», — каментуе Андрэй Кіштымаў і дадае, што Курапаты не ўзгаданыя нават як сімвал.

У тэме Другой сусветнай вайны няма галоўнага: яе прычын. Паняцця «халакост» таксама няма. «Затое прысутнічае досыць загадкавая тэма «Інтэрнацыянальны характар барацьбы з захопнікамі на акупаванай тэрыторыі Беларусі». У нас, мабыць, як у Афганістане, былі нейкія воіны-інтэрнацыяналісты», — выказвае неразуменне спадар Андрэй.

Сярод навыкаў, што мусяць быць у вучня пасля праходжання курса, прыведзены: «Суадносіць гістарычныя падзеі, якія тычацца грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі, з грамадска-гістарычным працэсам і савецкай гісторыяй».

«То бок калі савецкая гісторыя будзе адпавядаць гісторыі, якую выкладаюць сёння, то тады нармальна. А калі не будзе? Савецкая гісторыя — тая, што была ў Савецкім Саюзе, да 1991 года. Замест таго, каб гнаць вучняў наперад, іх апускаюць да ўзроўню часоў савецкай школы, — абураецца гісторык. — А вось іншая задача, якая стаіць перад вучнямі: «Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні для напісання і прэзентацыі рэфератаў, гістарычных сачыненняў (эсэ), праектаў (вучнёўскіх даследаванняў) аб гістарычных працэсах (падзеях) і асобах з вызначэннем іх праблематыкі, пастаноўкай мэтаў, зборам і апрацоўкай матэрыялаў, абаронай вынікаў». Калі хтосьці са школьнікаў сапраўды будзе гэтаму адпавядаць, то яму адразу трэба даваць бакалаўра, магістра, а можа нават і доктара навук».

«Сусветная гісторыя»

«Паводле аўтараў гэтай праграмы, на 1918 год прыходзіцца пачатак крызісу індустрыяльнага грамадства. А па гісторыі Беларусі яны будуць вывучаць сацыялістычную індустрыялізацыю. То бок крызіс будзе ісці паралельна з сацыяльнай індустрыялізацыяй. Наўпрост у крызіс, атрымліваецца, так? Гэта будзе складана патлумачыць» — гаворыць гісторык.

Ён адзначае, што ў праграме ёсць тэмы пра Германію, Аўстрыю, Венгрыю, Італію, Францыю, Вялікабрытанію, ЗША, Іспанію, Турцыю, Іран, Афрыку, Кітай, Індыю, Японію, Лацінскую Амерыку. Аднак няма ніводнага слова пра Фінляндыю, балканскія краіны, краіны Балтыі, Польшчу. Юзаф Пілсудскі згадваецца перад тэмай «Польшча перад пагрозай германскай агрэсіі». «А што Польшча да гэтага рабіла?» — задаецца пытаннем гісторык.

У курсе змешчаны вялікі раздзел пад называй «Савецкая дзяржава ў міжваенны перыяд». Аднак Устаноўчы сход нават не ўзгаданы. Антысавецкія выступленні ідуць у фармулёўцы «Грамадзянская вайна і замежная інтэрвенцыя». А тэма рэпрэсій акрэслена так: «Палітычныя працэсы і «чысткі». То бок раскулачванне — гэта палітычны працэс.

«Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)»

«Найперш была Другая сусветная вайна, а ў яе кантэксце — Вялікая Айчынная вайна. Гэта першае. І другое: вучням выкладаюць Вялікую Айчынную вайну савецкага народа. Народа, які не існуе. Дзеці жывуць у рэальнай Беларусі. Яны — прадстаўнікі беларускага народа. А ім расказваюць пра савецкі народ, прадстаўнікамі якога яны не з’яўляюцца. Як жа трэба было назваць курс? Вельмі проста: «Беларусь у Другой сусветнай вайне». Вось і ўсё. Чаго тут выдумляць?», — кажа гісторык.

«Грамадазнаўства»

«Калі глядзець на тэмы, закладзеныя ў праграме, то гэты прадмет не мае ніякіх адносінаў да нашага мінулага і вельмі туманна абмалёўвае будучыню, — гаворыць спадар Андрэй. — У прадмеце няма ніякіх указанняў на тое, які шлях прайшло наша грамадства. Няма паняцця ментальнасці. Няма характарыстыкі беларускай палітычнай эканамічнай мадэлі. Напрыклад, возьмем сучасныя палітычныя ідэалогіі. Напісана: лібералізм, кансерватызм, сацыял-дэмакратызм. І вось адкажыце: у нас у Беларусі лібералізм, кансерватызм ці сацыял-дэмакратызм? У нас не было ні таго, ні другога, ні трэцяга. А школьнікам пра гэта будуць распавядаць. Грамадазнаўства як быццам гаворыць пра жыццё на Марсе, а не пра тое грамадства, у якім гэтыя школьнікі сёння варацца і якое ўвойдуць заўтра ўжо дарослымі. У маім разуменні, грамадазнаўства павінна найперш характарызаваць беларускае грамадства. Жылі б у Амерыцы — амерыканскае. У Францыі — французскае», — акцэнтуе спадар Андрэй.

Па выніках гэтага прадмета школьнік павінен умець: «Адшукваць у педагагічна адаптаваных і неадаптаваных крыніцах, створаных у розных знакавых сістэмах (тэкст, табліца, графік, дыяграма і інш.) неабходную інфармацыю аб палітычным жыцці грамадства, пераўтвараць яе і выкарыстоўваць для вырашэння вучэбна-пазнавальных і практычных задач. Характарызаваць асноўныя тэндэнцыі эканамічнага развіцця сучаснага грамадства і канкрэтызаваць іх прыкладамі. Тлумачыць узаемасувязь паміж патрэбнасцямі, рэсурсамі і эканамічным выбарам, абапіраючыся на ўласны сацыяльны і эканамічны вопыт». Кіштымаў задае пытанне: які можа быць уласны сацыяльна-эканамічны досвед у дзясятым класе?

«Вядома, у вучэбнай праграме шмат што акрэслена правільна. Я кажу пра тое, чаго ў праграме няма або што выклікае шок і трапятанне. Бо перад вучнямі ставяць такія задачы, якія пакуль што не могуць вырашыць нават спецыялісты ў гэтых гістарычных праблемах», — падсумоўвае спадар Андрэй.

Іншыя гісторыкі, якія сабраліся за круглым сталом, пагадзіліся, што заўвагі Андрэя Кіштымава слушныя. Праблема якасці школьных праграм і падручнікаў стаіць вельмі востра. У гэтай сітуацыі шмат залежыць ад настаўнікаў, іх жадання паглыбляць уласныя веды і даносіць іх да школьнікаў.

Настасся Роўда
http://nn.by/?c=ar&i=181455



Categories: Гісторыя

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: