Пётра Мурзёнак: Нейтральнасць і бясьпека малых краін (Культура, Нацыя, №16, сьнежань 2016, с.15-23)
Вызначэньні:
Нейтральнасць (нейтралітэт) – гэта палітыка ці стан нацыі\дзяржавы, якая не ўдзельнічае ў вайне паміж другімі нацыямі\дзяржавамі.
Паводле міжнароднага права, нейтральнасць (нейтралітэт) гэта бесстароньняе, непрадузятае стаўленьне, прынятае трэцяй краінай падчас вайны ў адносінах да ваюючых старон, якое прызнаецца гэтымі ваюючымі старанамі, і якое забяспечваецца правамі і абавязкамі паміж бесстароньнімі дзяржавамі і ваюючымі краінамі.
Пастаянны нейтралітэт – гэта стан суверэннай дзяржавы, якая паводле міжнароднай дамовы абавязана быць нейтральнай у адносінах да ваюючых старон ва ўсіх будучых войнах.
Калі суверэнная нейтральная дзяржава пакідае за сабой права абараняцца ваеннымі сродкамі пры нападзе падчас вайны, то такі стан называецца узброеным нейтралітэтам.
Рух недалучэньня, створаны ў 1961 годзе, аб’ядноўвае краіны, знешняй палітыкай якіх з’ўляецца намер заставацца нейтральнымі ў будучых войнах. Рух недалучэньня гэта ў значнай меры стаўленьне розуму, азначэньне стану мысленьня у мірны час, тады як нейтральнасць можа мець прававы статус дзяржавы падчас вайны.
Вялікія дзяржавы – дзяржавы, моцныя ў эканамічным і ваенным плане, якія ў адпаведны гістарычны перыяд дыктавалі ўмовы мірнага суіснаваньня ў сьвеце паводле іх геапалітычных інтарэсаў.
Упершыню паняцьце нейтральнасці было сфармулявана датчанінам Hugo Grotius (1625):[1] “… абавязак тых, хто вызнае нейтралітэт, не рабіць у вайне нічога ў бок павелічэньня сілы той стараны, якая падтрымлівае несправядлівую справу, і не перашкаджаць правядзеньню мер тым сілам, якія займаюцца справядлівай і праведнай справай. Але ў сумніўных выпадках, нейтральныя краіны павінны паказаць сябе бесстароньнімі да абодвух бакоў, і не аказваць дапамогу тым, хто знаходзіцца ў аблозе, павінны дазваляць праход войскаў праз краіну, набыцьцё кармоў і іншага правіянта” (пераклад з англ. П.М.). У кантэксце гэтага вызначэньня не зусім зразумела, хто вызначае справядлівасць і праведнасць справы, але можна меркаваць, што абдывалася гэта паводле адпаведных дамоўленасцяў і правіл таго часу.
Адносіны да нейтральнасці значна змяняліся пазьней. Стан нейтральнасці, які звычайна дзейнічае на час вайны, краіны набывалі ў выглядзе “падарунка” Вялікіх дзяржаў, пры аднабаковым рашэньні суверэннай краіны праводзіць палітыку нейтралітэта ці ў змушаным парадку пад уплывам склаўшыхся зьнешніх фактараў.
Пытанне аб нейтральнасці, якое відавочна было найбольш цікавым і важным для малых краінаў, ускосна ўсплывала падчас мірных перамоваў паміж Вялікімі дзяржавамі. Гэтыя перамовы звычайна праходзілі пасля працяглых і разбуральных войнаў і мелі на мэце ўсталяваньне доўгатэрміновага міру, утвараючы на некаторы час сістэму калектыўнай бяспекі.
Так, паводле Вестфальскага пагадненьня, падпісанага 109 дэлегацыямі (1648), мір у Еўропе разумеўся такім чынам, што да тых хто меў намер яго парушыць маглі ўжываццца ваенныя санкцыі. Для падпісантаў дамовы гэта азначала забарону быць нейтральнымі. Такая ідэя існавала на палітычным полі Еўропы да канца ХУІІІ ст.
У адпаведнасці з рашэньнямі Вестфальскага пагадненьня ўпершыню практычна рэалізавалася ідэя незалежнасці\нейтральнасці дзяржавы – у дачыненьні да Швейцарыі. Швейцарыя была незалежнай нейтральнай краінай да 1789 года, да той пары калі значная яе тэрыторая была захоплена Францыяй. Пасля паразы Напалеона Вялікія дзяржавы (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Прусія і Расія) аднавілі незалежнасць Швейцарскай канфедэрацыі на Венскім кангрэсе (1815) і гарантавалі пастаянны стан нейтральнасці (нейтралітэта) для Швейцарыі, матывуючы гэта тым, што незалежнасць гэтай краіны адпавядае інтарэсам краін Еўропы. Пазней Вялікія дзяржавы прызналі незалежнасць і нейтральнасць Бельгіі (1839) і Люксембурга (1839).
Юрыдычныя правы і абавязкі як для дзяржаў удзельнікаў канфлікту, так і для нейтральных дзяржаў пачалі распрацоўвацца, пачынаючы з 1872 года. Гэтыя правы і абавязкі набылі юрыдычную сілу на 2-й мірнай канферэнцыі ў Гаазе, якая праходзіла з чэрвеня па кастрычнік1907 г. (першая мірная канферэнцыя адбылася ў 1899г.). з удзелам 44 дзяржаў.[2] Па стану на 13 лютага 2015 году да рашэнняў Гаагскай канферэнцыі далучыліся 107 краін.[3] На Гаагскіх канферэнцыях Вялікія дзяржавы спрабавалі дасягнуць пагадненьняў, якія б гарантавалі мір і разбраеньне, уводзілі законы аб вайне і адказнасці за ваенныя злачынствы. У Гаазе таксама былі прынятыя законы аб нейтральнасьці пры ваенных дзеяньнях на сушы (Канвецыя Y) і на моры (Канвенцыя ХІІІ). Па сутнасці, гэтыя Канвенцыі да нашага часу з’яўляюцца міжнароднымі гуманітарнымі законамі. Паводле Канвенцыі Y, якая рэгулюе ваенныя падзеі на сушы, тэрыторыя нейтральных дзяржаў недатыкальная (Артыкул 1), ваюючым старанам забараняецца праводзіць праз тэрыторыю нейтральнай дзяржавы войскі або абозы з ваеннай амуніцыяй і правіянтам (Артыкул 2). Абарона нейтральнай дзяржавы ад замахаў на яе нейтралітэт нават з дапамогай сілы не можа разглядацца як варожае дзеяньне (Артыкул 10). Падчас 1-й сусьветнай вайны нейтральны стан трымалі Албанія, Данія, Нарвегія, Нідэрланды, Швейцарыя, Швецыя, і зусім немалая краіна – ЗША (Табліца). Прыклады нейтральных краін ў апошнія два стагоддзі
Краіна | Да 1-йсусв. вайны | Падчас 1-й сусв. вайны | Пасля 1-й сусв. вайны | Падчас 2-й сусв. вайны | Пасля 2-й сусв. вайны |
Швейцарыя | з 1815 | ||||
Швецыя | 1814-1918 | 1918-1995 | |||
Нарвегія | 1814-1940 | ||||
Бельгія | 1839-1914 | 1936-1940 | |||
Люксембург | 1839-1914 | 1920-1940 | |||
Данія | 1864-1940 | ||||
Нідэрланды | 1839-1940 | ||||
Албанія | 1914-1918 | ||||
Іспанія | 1914-1918 | 1940-1945 | |||
Італія | 1914-1915 | ||||
ЗША | 1914-1917 | 1939-1941 | |||
Аўстрыя | 1920-1938 | 1955-1995 | |||
Партугалія | 1932-1945 | ||||
Фінляндыя | 1935-1939 | 1956-1995 | |||
Латвія | 1938-1939 | ||||
Літва | 1939 | ||||
Эстонія | 1938-1939 | ||||
Ірландыя | 1939-1973 | ||||
Мальта | 1980-2004 | ||||
Туркменістан | з 1995 | ||||
Беларусь | 1994* | ||||
Украіна | 1990*-2014 | ||||
Малдова | з 1995 | ||||
Сербія | з 2007 | ||||
Манголія | З 2015 |
*Дэкларавана імкненьне стаць нейтральнай дзяржавай
Адносіны да ідэі нейтральнасці значна змяніліся пасля І-й сусветнай вайны і ўтварэньня Лігі Нацый як органа калектыўнай бяспекі. Па рэкамендацыі Лігі Нацый кожная краіна-сябар арганізацыі мусіла аўтаматычна прымаць эканамічные і ваенные меры (па сучаснаму санкцыі) супраць дзяржавы-агрэсара. З гэтага лагічна вынікае, што дзяржавы, што падпісалі такую дамову і пачыналі бы ўжываць санкцыі, аўтаматычна не маглі лічыць сябе нейтральнымі. Гэта можна адлюстараваць формулай, паводле якой “чым больш калектыўнай бясьпекі, тым менш застаецца нейтральнасці” (цыт. па O.Bring[4]). Тым не менш, скандынаўскім краінам (за выключэньнем Швецыі) і Швейцарыі, як нейтральным краінам, было дазволена стаць сябрамі Лігі Нацый. Рашэньні ў Лізе Нацый прымаліся Вялікімі дзяржавамі (Вялікабрытанія, ЗША, Італія, Францыя) і голас малых дзяржаў мала хто ўлічваў. Прадстаўнікі рады БНР ў Парыжы рабілі інтэнсіўныя спробы дабіцца права быць поўнапраўнымі сябрамі гэтай арганізацыі.[5] Аднак, на вялікі жаль, Расія і Польшча, мелі свае інтарэсы. Урад Польшчы, напрыклад, літаральна фізічна блакаваў ў Варшаве прэм’ер-міністра БНР сп. А. Луцкевіча, забраўшы яго паспарт,[6] тады як бальшавіцкія улады Масквы ігнаравалі захады БНР, у прыватнасці перамовы, якія спрабавала ўсталяваць дэлегацыя пад кіраўніцтвам В. Захаркі.[7] Але дамовы, выпрацаваныя пасля І-й сусьветнай вайны Лігай Нацый для ўсяго сьвету, перасталі працаваць пры першай жа нагодзе, калі былі закранутыя інтарэсы адной з Вялікіх дзяржаў. У 1935 г. Мусаліні напаў на Эфіопію і здавалася б, што краіны-падпісанты мусілі б распачаць санкцыі супраць агрэсара. Аднак, многія краіны, і ў прыватнасці малыя, традыцыйна нейтральныя краіны, адмовіліся гэта рабіць (Данія, Фінляндыя, Нідэрланды, Нарвегія, Іспанія, Швецыя і Швейцарыя). У 1936 г. 21 краіна Лацінскай Амерыкі далучыліся да палітыкі нейтральнасці. Гэтыя факты, адназначна сьведчаць аб палітычным супраціве, якія спрабавалі аказаць малыя дзяржавы тым Вялікім дзяржавам, якія дыктавалі ім сваю волю. Тое, што ідэя нейтральнасці заўжды была папулярнай, пацьвердзілася нейтральнасцю шэрагу краін падчас ІІ-й сусьветнай вайны (Ірландыя, Іспанія, Партугалія, Швейцарыя, Швецыя, і напачатку вайны з 1939 па 1941гг. ЗША). Пасля роспуску Лігі Нацый у 1946 г. міжнародная сітуацыя ў плане арганізацыі сусветнай бяспекі выйшла на чарговы ўзровень, калі 26 чэрвеня 1945г. на Канферэнцыі ў Сан-Францыска быў заснаваны новы орган міжнароднай бяспекі – Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ААН). Статут ААН быў падпісаны 50 дзяржавамі.[8] На сёння ў Савет Бяспекі ААН пастаянна ўваходзяць пяць Вялікіх дзяржаў – Вялікабрытанія, Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Расія, Францыя, якія валодаюць правам вета, а таксама 10 непастаянных сяброў Савета – Ангола (да 2016), Егіпет (2017), Японія (2017), Малайзія (2016), Новая Зеландыя (2016), Сенегал (2017), Іспанія (2016), Украіна (2017), Уругвай (2017), Венесуэла (2016). У адпаведнасці з Арт.25 Статута ААН краіны, якія ўваходзяць у гэту арганізацыю, мусяць выконваць рашэньні Савета Бяспекі адносна ваюючых краін для ўсталяваньня міру. У гэтым сэнсе ААН адрозніваецца ад Лігі Нацый толькі тым, што рашэньні для выкананьня зыходзяць ад Савета Бяспекі, а не ад рашэньня ўсёй Лігі Нацый, хаця ў абодвух выпадках канчатковае слова застаецца за дзяржавамі, якія валодаюць правам вета. Аднак, нягледзячы на строгія палажэньні Статута ААН, яны, па-першае, не забаранялі нейтральным краінам далучацца да ААН, а па-другое, не спынілі імкненьня шэрагу краін разглядаць палітыку нейтральнасці ўжо пасля таго як яны былі прынятыя ў склад ААН. Да прыкладу, да ААН далучыліся такія нейтральныя краіны як Швецыя (1946), Аўстрыя (1955), Фінляндыя (1955), Ірландыя (1955), Швейцарыя (2002). У той жа час, шэраг краін, стаўшы сябрамі ААН, аб’явілі сябе нейтральным пазьней: Лаос у 1955 і ў 1955-1970, адпаведна, Камбоджа – у 1955 і 1955-1970, Коста-Рыка – у 1945 і 1949, Мальта – у 1964 і 1980, Манголія –1961 і 2015, Туркменістан – 1992 і 2015.
Паводле аналізу навукоўцаў, закон аб нейтральнасці не супярэчыць Статуту ААН. Але гэта тычыцца толькі тых краін, якія маюць пастаянны статус нейтральнай краіны (напрыклад, Швейцарыя, Аўстрыя). Тыя ж краіны, якія хацелі б працягваць палітыку нейтральнасці, мусяць падпарадкавацца рашэньням Савета бяспекі ААН, калі рэч ідзе аб падтрымцы краін-ахвяраў ці аб удзеле ў неваенных акцыях. Гэта значыць, што стан нейтральнасці, напрыклад, для Швецыі, несумяшчальны з сяброўствам у ААН і з сістэмай калектыўнай бяспекі.[9]
Нягледзячы на некаторыя палажэньні Статута ААН ідэя нейтральнасці ў разгар Халоднай вайны набыла новую сілу ў сувязі з утварэннем Руху недалучэньня (1961). Не жадаючы прымаць бок заходняга ці савецкага блоку шматлікія краіны, уключна з такімі рэгіянальнымі краінамі-лідэрамі, як Індыя, Інданэзія, Егіпет, Югаславія, заявілі аб правядзеньні палітыкі недалучэньня. Такая палітыка прадугледжвае ўзаемную павагу да тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту, ненападу, неўмяшаньне ва ўнутраныя справы, роўнасць і ўзаемную выгаду, мірнае суіснаваньне. На сёняшні дзень Рух недалучэньня налічвае 120 краін. Сябрам гэтай арганізацыі з’яўляецца і Беларусь – адзіная еўрапейская краіна (1998).
Здавалася, што пасля падпісаньня Хельсінкскага Акта аб непарушнасці межаў у Еўропе (1975), падзеньня Берлінскай сцяны (1990), развалу СССР (1991) і ўтварэньня Арганізацыі па Бяспецы і Кааперацыі ў Еўропе (OSCE, 1995), Халодная вайна адыйшла назаўсёды. Задачамі OSCE з’яўляюцца кантроль над узбраеньнямі, межамі, тэрарызмам, папярэджаньне канфліктаў.
У 2009 годзе для краін ЕС была дапрацавана Палітыка еўрапейскай бяспекі і абароны (Common Security and Defense Policy, CSDP), якая ўключае ўзаемныя абавязкі па ўзаемнай абароне краінаў, сябраў ЕС пры нападзе агрэсара і якая не супярэчыць палажэньням аб калектыўнай абароне Статута ААН (Арт. 51). Адпаведна з гэтым, палітыка нейтральнасці, якую праводзілі падчас Халоднай вайны традыцыйна нейтральныя краіны, якія не з’яўляюцца сябрамі НАТА (Аўстрыя, Ірландыя, Кіпр, Мальта, Фінляндыя, Швецыя), пасля таго як яны ўступілі ў ЕС, мяняецца ў бок падключэньня ў сістэму рэгіянальнай еўрапейскай бяспекі.[10],[11] Далучыўшыся да сістэмы еўрапейскай бяспекі гэтыя краіны часткова згубілі “нявіннасць” нейтральнасці, бо прынялі на сябе абавязкі (не ўласьцівыя па сваёй прыродзе нейтральнай палітыцы) ужываць усе сродкі, уключаючы ваенныя, супраць магчымага агрэсара пры абароне любой з краін, якія ўваходзяць у такую сістэму бяспекі. Хаця трэба адзначыць, што не ва ўсіх “нейтральных” краінах такія зьмены знаходзяць падтрымку сярод насельніцтва. Напрыклад, рашэньні ўрадаў Ірдандыі мяняць палітыку нейтральнасці на палітыку “салідарнасці ў Еўропе” прымаюцца з цяжкасцю.[12]
Такім чынам, для многіх нейтральных краін, разуменне нейтральнасці істотна мяняецца (выключэньне мае хіба толькі Швейцарыя). У той жа час, не-нейтральныя краіны ЕС ставяцца з павагай да былой нейтральнасці гэтых краін і да іх магчымай інакшай пазіцыі. Тым больш, што некаторымі аўтарамі нейтральнасць разглядаецца як другая па значнасці магчымасць для забяспячэньня нацыянальнай бяспекі, пасля сістэмы калектыўнай бяспекі і міжнароднай кааперацыі ў падтрымцы міру.[13]
Як будзе развівацца сістэма калектыўнай еўрапескай бяспекі недастаткова ясна. Дыскусіі аб стварэньні агульных еўрапейскіх узброеных сіл, якія вядуцца цягам апошніх гадоў, могуць адыйсці ў мінулае. На пачатку сьнежня 2016 г., на сустрэчы міністраў замежных краін, удзельнікаў НАТА, ідэя аб стварэньні асобнага цэнтру для кіраваньня еўрапейскімі ваеннымі сіламі не знайшла падтрымкі. З улікам апошніх заяў выбранага прэзідэнта ЗША аб неабходнасці перагляду ўзаемадносін і фінансаваньня ў НАТА, вяртаньне краін не-сяброў НАТА да ідэй нейтральнасці не выключаецца.
Пасля падзей на Украіне, анексіі Крыма, пачатку гібрыднай вайны ў Данбасе і санкцый, уведзеных краінамі ЕС і ЗША ў адносінах да Расіі, сьвет стаіць перад пагрозай новых войн (разам з тымі, што ўжо працягваюцца) ці перад новым перадзелам сьвету. У такіх умовах яшчэ больш складанай утвараецца сітуацыя для краін, якія адносна нядаўна сталі прыхільнымі да ідэй нейтральнасці (Беларусь, 1994; Украіна, 1990) ці заявілі аб сваёй нейтральнасці (Малдова, 1995; Туркменістан, 1995; Сербія, 2007; Манголія, 2015). Відаць, невыпадкова, што Расія выяўляе свае геапалітычныя інтарэсы да большасці з гэтых краін.
Такім чынам, можна заключыць, што канцэпцыя нейтральнасці, хоць і нерэалізаваная да канца ў чыстым выглядзе, да гэтага часу зьберагае сваю прывабнасць для народаў малых краін як у Еўропе, так і ў цэлым свеце. Міжнародныя законы, якія рэгулююць да гэтага часу адносіны паміж нейтральнымі і ваюючымі краінамі былі прыняты на Гаагскіх канферэнцыях (1899 і 1907), а імкненне малых краін быць нейтральнымі у той ці іншай ступені паважаецца ў Еўропе і сёньня. Ідэя нейтральнасці прадыктаваны жаданьнем малых народаў вырвацца з пад ціску Вялікіх дзяржаў і узначальваемых імі блокаў. Агрэсіўная геапалітыка Вялікіх дзяржаў знаходзіцца ў супярэчнасці з жаданнямі малых народаў быць свабоднымі, незалежнымі і жыць у міры. Нягледзячы на стварэньне сістэм калектыўнай бяспекі (Вестфаль, 1648; Вена, 1815; Ліга Нацый, 1919-1920; ААН, 1945; Арганізацыя па Бяспецы і Кааперацыі ў Еўропе, 1995), якія ў значнай ступені зьніжаюць і нават адмяняюць рэалізацыю палітыкі нейтральнасці, можна думаць, што яе патэнцыял яшчэ далёка нерэалізаваны, асабліва для краін, якія не з’яўляюцца сябрамі ЕС. Аб гэтым сьведчыць як стварэньне Руху недалучэння, так і адносна нядаўнія заявы шэрагу краін аб сваёй нейтральнасці.
Спасылкі
[1]On the Law of War and Peace. Hugo Grotius.: De Jure Belli ac Pacis, Chapter 17: Respecting Those Who are Neutral in War, p.336. Translated from the original latin by A.C. Campbell, A.M. Batoche Books, Kitchener, 2001.
[2] У Гаагскай канферэцыі удзельнічалі прадстаўнікі 44 дзяржаў (Аўстра-Венгрыя, Аргенціна, Бельгія, Балгарыя, Балівія, Бразілія, Вялікабрытанія, Венесуэла, Гаіці, Гватэмала, Германія, Грэцыя, Данія, Дамініканская Рэспубліка, Італія, Іспанія, Кітай, Калумбія, Куба, Люксембург, Мексіка, Нідэрланды, Нікарагуа, Нарвегія, Асманская імперыя, Панама, Парагвай, Персія, Перу, Партугалія, Расія, Румынія, Сальвадор, Сербія, Сіям, ЗША, Уругвай, Францыя, Чарнагорыя, Чылі, Швейцарыя, Швецыя, Эквадор, Японія).
[3]СПІС КРАІН (107), якія далучыліся да Гаагскай КАНВЕНЦЫІ (па стане на 13 лютага 2015 году): 1. Аўстралія 2. Аўстрыя 3. Азербайджан 4. Албанія 5. Андора 6. Антыгуа і Барбуда 7. Аргенціна 8. Арменія 9. Багамскія астравы 10. Балгарыя 11. Барбадас 12. Бахрэйн 13. Беларусь 14. Беліз 15. Бельгія 16. Боснія і Герцагавіна 17. Батсвана 18. Бруней 19. Бурундзі 20. Вануату 21. Вялікабрытанія 22. Венгрыя 23.Венесуэла 24.Германія 25. Гандурас 26. Грэнада 27. Грузія 28. Грэцыя 29. Данія 30. Дамініка 31. Дамініканская Рэспубліка 32. Ізраіль 33. Індыя 34. Ірландыя 35. Ісландыя 36. Іспанія 37. Італія 38. Каба-Вэрдэ 39. Казахстан 40. Кіпр41. Кітай (толькі Макао і Ганконг) 42. Калумбія 43. Коста-Рыка 44. Кыргызстан 45. Латвія 46. Лесота 47. Ліберыя 48.Літва 49. Ліхтэнштэйн 50.Люксембург 51.Маўрыкій 52. Македонія 53. Малаві 54.Мальта 55. Маршалавы выспы 56.Мексіка 57. Малдова 58. Манака 59.Манголія 60.Намібія 61. Нідэрланды 62.Нікарагуа 63.Ніуе 64.Новая Зеландыя 65.Нарвегія 66. Аман 67. выспы Кука 68.Панама 69. Перу 70.Парагвай 71.Польшча 72. Партугалія 73. Рэспубліка Карэя 74. Расійская Федэрацыя 75. Румынія 76. Самоа 77. Сан-Марына 78. Сан-Томе і Прынсэп 79. Свазіленд 80. Сейшэльскія выспы81. Сэнт-Вінсэнт і Грэнадыны 82. Сэнт-Кітс і Нэвіс 83. Сэнт-Люсія 84. Сербія 85.Славакія 86. Славенія 87. Сурынам 88.ЗША 89.Тангійская 90.Трынідад і Табага 91. Турцыя 92. Узбекістан 93. Украіна 94.Уругвай 95. Фіджы 96. Фінляндыя 97. Францыя 98. Харватыя 99.Чарнагорыя 100.Чэхія 101.Швейцарыя 102.Швецыя 103.Эквадор 104.Эль-Сальвадор 105.Эстонія 106.ЮАР 107.Японія
[4] Ove Bring The concept of Neutrality: Origins and Challenges. From the Peace of Westphalia to the European Union.In “Neutrality in the 21th Century – Lessons for Serbia”. ISAC Fond, 2013, p.23.
[5]Архівы Рады БНР. Том І, Кніга 1, с. 631-637.
[6]Архівы Рады БНР. Том І, Кніга 1, с. 655.
[7]Архівы Рады БНР. Том І, Кніга 2, с. 861-864.
[8]Статут ААН быў падпісаны 50 дзяржавамі (Аўстралія, Аргенціна, Беларуская ССР, Бельгія, Балівія, Бразілія, Вялікабрытанія, Венесуэла, Гаіці, Гватэмала, Гандурас, Грэцыя, Данія, Дамініканская Рэспубліка, Егіпет, Індыя, Ірак, Іран, Канада, Кітай, Калумбія, Коста-Рыка, Куба, Ліберыя, Ліван, Люксембург, Мексіка, Нідэрланды, Нікарагуа, Новая Зеландыя, Нарвегія, Панама, Парагвай, Перу, Сальвадор, Саудаўская Аравія, Сірыя, СССР, ЗША, Турцыя, Украінская ССР, Уругвай, Філіпінскія Рэспубліка, Францыя, Чэхаславакія, Чылі, Эквадор, Эфіопія, Югаславія і Паўднёва-Афрыканскі Саюз). На сёння ў ААН налічваецца 193 краіны.
[9]Rune MüllerThe Law of Neutrality-Obstruction or Completion to the System of Collective Security?Juridiska fakultetenvid Lundsuniversitet, 2013 (рэферат дысэртацыі, Швецыя). http://lup.lub.lu.se/luur/download?func=downloadFile&recordOId=3798876&fileOId=3814859
[10] K. Ifantis, K. Serbos OSCE: A Natural Home for Europe’s Neutrals. International Journal of Humanities and Social Sciences. 2013, v.3, 21-222, p.219.
[11] K. Devine The Ethos and Elements of Irish Neutrality: 18th – 21st Centuries.In “Neutrality in the 21th Century – Lessons for Serbia”.ISAC Fond, 2013, p.67-80.
[12] K. M.Devine Stretching the IR Theoretical Spectrum on Irish Neutrality: A Critical Social Constructivist Framework. International Political Science Review. 2008, v. 29, #1, p. 471.
[13] Ove Bring The concept of Neutrality: Origins and Challenges. From the Peace of Westphalia to the European Union.In “Neutrality in the 21th Century – Lessons for Serbia”. ISAC Fond, 2013, p.26.
Piotra Murzionak: Neutrality and Security of Small Countries
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, December 2016, issue 16, pp. 15–23)
The concept of neutrality, although unrealized per se until the end, still keeps its appeal to the peoples of small countries both in Europe and in the whole world. International laws governing until now the relations between the neutral and the belligerent countries were adopted by the Hague Conferences (1899 and 1907), and the desire of small states to be neutral in one degree or another is respected in Europe today. The idea of neutrality is dictated by the desire of small nations to break the pressure of Great states to ensure their safety. Aggressive geopolitics of the Great States is in conflict with the wishes of small nations to be free, independent and live in peace. Despite the creation of the collective security systems (Westphal, 1648; Vienna, 1815, the League of Nations, 1919-1920; United Nations, 1945; Organization for Security and Cooperation in Europe, 1995), which greatly reduce or even cancel the implementation of the policy of neutrality, it is thought that its potential is far from being realized, especially for countries that are not EU members. This is evidenced as by the creation of the Non-Aligned Movement as by the recent declarations by a number of countries about their neutrality.
Categories: Асьвета, Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ