Пётра Мурзёнак: Прадмова да 16-га нумара часопіса (“Культура, Нацыя”, №16, снежань 2016, с. 4-5)

logo-for-chasopis

Пётра Мурзёнак: Прадмова да 16-га нумара часопіса (“Культура, Нацыя”, №16, снежань 2016, с. 4-5)

Рэдакцыя часопіса шчыра віншуе сваіх чытачоў з Новым 2017 годам і зычыць  усім добрага здароў’я, любові, посьпехаў у справах, удачы, дабрабыту сем’ям.

Часопіс пачынаецца тэкстам “Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі”, абмеркаваньне якой доўжыцца амаль поўны год. Праект “Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі”, у першапачатковай распрацоўцы якога прымалі ўдзел А. Анісім, А. Кашо, П. Мурзёнак, А. Трусаў, І. Шумская, упершыню быў апублікаваны на старонках часопіса “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ” 6 лютага 2016 года, а таксама ў газеце “Наша Ніва” (7 лютага), газеце “Новы час”, на вэб-сайтах Згуртаваньня беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Таварыства беларускай мовы, “Мы – нацыя”, “Наша зямля”, “Пагоня” (Чэхія), Belarus News. Праект абмяркоўваўся беларускай рэдакцыяй Польскага радыё (27 лютага 2016 года) і на “Белсаце” (12 сакавіка 2016 года). Рэдакцыя часопіса выказвае шчырую ўдзячнасць сп. А. Астроўскаму, сп. М. Кеньку, сп. В. Станішэўскаму, сп. В. Шышко, сп. В. Якавенку за крытычныя заўвагі, дапаўненьні і праўкі па стылю і мове дакумента. Прадстаўлены дакумент Стратэгіі адкрыты для далейшай дыскусіі. Калі ласка, свае  каментары і заўвагі дасылайце на адрас: chasopis.sakavik@hotmail.com Рэдакцыя часопіса просіць арганізацыі, якія ў асноўным згодны з палажэньнямі Стратэгіі, далучацца да выкананьня яе задач. На сёньня, да выкананьня задач Стратэгіі далучыліся наступныя арганізацыі: часопіс «Культура, Нацыя», Таварыства беларускай мовы.

У працяг дыскусіі па “Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі” ў 16-м нумары размешчаны два артыкулы П. Мурзёнка, прысвечаныя абгрунтаваньню аднаго з ключавых момантаў у рэалізацыі Стратэгіі – нейтральнасці Беларусі. Першы артыкул асьвятляе гістарычныя асьпекты праблемы нейтральнасці (у асноўным для еўрапейскіх краін) на працягу апошніх стагоддзяў. Другі артыкул цалкам тычыцца праблем нейтральнасці, якія могуць мець дачыненьне да набыцьця такога стану Беларусьсю. Стан нейтральнасці, набыты з падтрымкай грамадства праз рэферэндум, можа забяспечыць прававыя і маральныя падставы для выйсця краіны з агрэсіўных ваенных блокаў і недалучэньня да іншых і ў той жа час адкрые шлях да ўступленьня ў глабальную сістэму(ы) калектыўнай бяспекі. Па сітуацыі, якая складываецца на цяперашні час, прыняцьце стану нейтральнасці на рэферэндуме можа стацца адзіным магчымым крокам, каб вырвацца з каланіяльнай залежнасці ад Расіі. Нейтральнасць\узброеная нейтральнасць для Беларусі грунтуецца на міралюбівым настроі беларускага насельніцтва, на юрыдычнай норме аб імкненьні быць нейтральнай дзяржавай (Канстытуцыя РБ, Арт. 18), на сяброўстве ў Руху недалучэньня і ААН, на рознанакіраванасці беларускай эканомікі, і на прыкладах іншых краін, якія хочуць вызваліцца з-пад ціску Вялікіх краін.

У гэтым годзе споўнілася 125 гадоў з дня нараджэньня Максіма Багдановіча. У азначэньне гэтай падзеі часопіс “Культура, Нацыя” друкуе падборку матэрыялаў, дасланых беларускім паэтам, перакладчыкам і празаікам, сп. С. Панізьнікам. У гэтую цікавую і багатую падборку ўвайшлі нататкі аўтара “Спыняюцца імгненьні” пра “сустрэчу” з паэтам у Ялце, два вершы прысвечаныя М. Багдановічу – “Зарок Максіму” і “На прыберагу Гурона”, пераклад верша украінскага паэта Міколы Пятрэнкі “Сонца над песняю М. Багдановіча”, своеасаблівая справаздача сп. С. Панізьніка ў азначэньне 125-годдзя з Дня нараджэньня Творцы “Пад кронай надзеі”, а таксама архіўны артыкул К. Езавітава “Ненадрукаваныя творы Максіма Багдановіча” (з часопіса “Новы Шлях”, № 1, 1944, Рыга).

Юбілейнай даце прысьвечаны артыкул Ніны Дэбольскай, у якім яна дзеліцца сваім досьведам у перакладзе вершаў Максіма Багдановіча на французскую мову.

Сп. С. Панізьнік даслаў у часопіс артыкул, прысьвечаны яшчэ адной значнай юбілейнай даце ў гісторыі развіцьця беларускай нацыі – 90-годдзю з дня адкрыцьця Акадэмічнай канферэнцыі па пытаньнях рэформы беларускага правапісу і азбукі.

Прыемнага чытаньня.

Рэдактар часопіса,

Пётра Мурзёнак



Categories: Праект "РАЗАМ", Слова рэдактара

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: