Алесь Кіркевіч: Лукашэнка — гэта Булак-Балаховіч сёння

Цікава чытаць апошнім часам дыскусіі на тэму: ці варта ў выпадку чаго ісці змагацца за Лукашэнку супраць Расеі? І чым бліжэйшы падаецца гэты «выпадак чаго», тым цікавей.

З аднаго боку — дыктатар, які ўсімі сіламі знішчаў іншадумства і іншадумцаў, змяніў нацыянальныя сімвалы, загнаў мову «пад нары», давёў эканоміку да трагікамічнага стану, а зараз яшчэ і дэкрэт пра «дармаедаў» падсунуў. З іншага — дасканалая машына па вынішчэнні як свайго народу, так і народаў на акупаваных тэрыторыях, якая прадукуе нізкаякасную культуру ды абсурдныя законы, «імперыя зла». Ну і выбар, ворагу не пажадаеш.

Але ўсё ж такі, калі Расея ўвойдзе ў сур’ёзны канфлікт з Лукашэнкам, што рабіць? Напрыклад, калі нашага галоўнакамандуючага ўсё ж такі не застрэляць, не атруцяць, не выкрадуць хлопцы з ленінградскім акцэнтам, і ён такі здолее прамовіць «Вставай, странаогромная…» па радыё ў гадзіну Х, куды ісці патрыётам? У ваенкамат, у лес ці на вакзал з чамаданамі?

Мне асабіста наш галоўнакамандуючы зусім не сімпатычны: рускамоўны, папуліст… А генералы з расейскімі прозвішчамі, звычкамі ды ментальнасцю, якімі ён сябе атачыў — яшчэ менш сімпатычныя.

Але ці шмат ад яго адрозніваўся рускамоўны папуліст Станіслаў Булак-Балаховіч, якога мы смела запісваем у героі?

Ці большымі беларускімі патрыётамі былі ягоныя «залатапагонныя» генералы з расейскімі прозвішчамі, звычкамі ды ментальнасцю?

На кожны час — свой лідар, свой «Балаховіч». І зусім неабавязкова ён мае ўсім нам падабацца.

Кароль Францыі, за якога ваявала Жанна д’Арк, хутчэй за ўсё ёй не падабаўся.

Сёння мы памятаем яе, а вось ягонае імя назаве далёка не кожны.

Прэзідэнт Украіны, за якога зараз ваююць байцы АТА, хутчэй за ўсё ім не падабаецца.

Праз сто год іх будуць памятаць, а ягонае імя ды прозвішча забудуць. Але сэнс у тым, што і Жанна, і байцы АТА ваявалі не за сваіх лідараў, а за сваю Радзіму.

Вяртаючыся да Балаховіча, варта ўзгадаць сітуацыю са Слуцкім Збройным Чынам. Хай мяне паправяць гісторыкі, але сітуацыя, дай Бог памяці, была наступная: «бацька-атаман» прапанаваў случчакам разам змагацца з бальшавікамі, але тыя паставілі пад сумнеў ягоныя матывацыі ды маральныя якасці, таму адмовіліся і гераічна «пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

Канечне, за Бацькаўшчыну варта паміраць, але значна лепш за Бацькаўшчыну перамагаць. І ў саюзе з Балаховічам, які меў зброю, людзей ды рэсурсы, гэта атрымалася б значна лепш.

Што сталася б у выпадку перамогі Станіслава Нікадзімавіча? Невядома, але вельмі верагодна, што ў Беларусі на нейкі час усталявалася б аўтарытарная кланавая маладая дзяржава з былымі белагвардзейцамі на ключавых пастах і харызматычным лідарам на чале. Нічога не нагадвае? Нікога не пазнаеце?.. Разам з тым, Беларусь была б незалежнай і паступова прайшла б пэўныя этапы росту, нават у выпадку далейшай страты незалежнасці, як гэта было ў выпадку з маладой Літвой ці Латвіяй у 1940-м.

Сэнс у тым, што незалежная Беларусь пераварыла б Балаховіча, як пераварвалі сваіх балаховічаў іншыя народы. Пераварыць і Лукашэнку, але толькі ў выпадку, калі застанецца незалежнай. Вельмі трапна сітуацыю ахарактэрызаваў нядаўна знаёмы хлопец, былы чалец адной забытай СМІ і Фэйсбукам правай групоўкі:

«Лукашэнка цяпер наш апанент ва ўнутранай палітыцы, але саюзнік у вонкавай».

Усё геніяльнае — проста. Нам не падабаецца, напрыклад, Дэкрэт №3, але яшчэ менш нам падабаецца Расея, якая ў выпадку перамогі тут прыме дзесяць такіх дэкрэтаў, а тых, хто выступіць супраць, будзе вывозіць не на Акрэсціна, а ў лесапаласу.

Важны момант: крытыкаваць Лукашэнку і смяяцца з ягоных перлаў у эфіры маем права мы, беларусы, гэта наша прэрагатыва. Калі тое самае зараз робяць нашы суседзі з усходу — гэта раздражняе.

Мы ўжо тут як-небудзь самі разбярэмся, а вы, хлопцы, са сваймі мурзікамі спачатку дайце рады. А ён — наш, і нам самім яго пераварваць, без вашых цудоўных таблетак.

Сябры, расслабцеся, ніякага выбару паміж Лукашэнкам і Расеяй насамрэч няма. Ёсць выбар паміж Беларуссю і Расеяй, як для Жанны быў выбар паміж Францыяй і Англіяй, для байцоў АТА — паміж Украінай і РФ.

Наагул, менш думайце пра нашага галоўнакамандуючага: яго прозвішча не мае аніякага значэння. Значэнне мае вайсковы білет у нагрудным кішэні ды магніцік з Балаховічам на вашай пустой лядоўні.



Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: