У першую веснавую суботу на пляцоўцы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны сабраліся неабыякавыя людзі, каб перакладаць юрыдычныя дакументы, што існуюць толькі па-руску, на беларускую мову.
«Адсутнасць заканадаўства на беларускай мове моцна стрымлівае пашырэнне дзелавых зносінаў на роднай мове. Весці справаводства, афармляць дакументы па-беларуску без афіцыйнага заканадаўства — няўдзячная справа», — адзначае ініцыятарка праекта Вераніка Мазуркевіч.
Валанцёры працуюць праз бясплатную воблачную платформу «SmartCAT», якая дазваляе ў зручны для карыстальніка час перакладаць тэксты на падставе агульнага гласарыю, каб не было разыходжання ў тэрміналогіі.
Актывісты пачалі з Грамадзянскага і Працоўнага кодэксаў. У планах — скончыць пераклад дадзеных прававых актаў да канца красавіка, а пасля дабіцца іх прыняцця як паўнавартасных дакументаў на беларускай мове.
Дапамагаць валанцёрам у гэтым праекце ўзяліся і прафесійныя перакладчыкі.
Віталь Станішэўскі, кіраўнік агенцтва перакладаў LINGVA-BY: «Мяркую, што такой сур’ёзнай справы, як пераклад заканадаўства, патрабуецца прафесійны і метадычны падыход. Таму я далучыўся да ініцыятывы, каб паспрыяць сваім досведам і напрацоўкамі».
Таксама дапамагае актывістам перакладніцкая суполка «Рэзервацыя», якая адзначылася перакладам анлайн-гульняў «Свет танкаў» і «Легенды Айзэнвальда».
Сёння быў першы этап супольных перакладаў. Плануецца яшчэ некалькі падобных сустрэчаў. Наступная — праз тыдзень, 11 сакавіка.
«Наша Ніва» таксама вырашыла далучыцца да годнай ініцыятывы і запрашае паўдзельнічаць усіх неабыякавых. Не варта баяцца, калі няма ўпэўненасці ў глыбіні моўных ведаў: усё будзе пераправерана і вычытана прафесійнымі карэктарамі. Галоўнае — сінергія еднасці і вера ў перамены. Бо прыкра, што беларусы мусяць жыць па законах, якія ніхто нават не пастараўся напісаць для іх на роднай мове.
Дапамагаць можна як на вочных сустрэчах, так і дыстанцыйна, седзячы дома ва ўтульнай фатэлі, праз інтэрнэт-платформу.
Дадатковую інфармацыю можна знайсці ў суполцы праекта ў Facebook або звярнуцца на адрас: transcreation.bel@gmail.com
Categories: Мова, Uncategorized
Пакінуць адказ