Пётра Мурзёнак:
Вырашэньне нацыянальнага пытаньня ў пачатку і ў канцы ХХ-га стагоддзя
У мінулым стагоддзі адбыліся дзьве гістарычныя падзеі, якія непасрэдна паўплывалі на станаўленьне беларускай нацыі. Абедзьве падзеі былі зьвязаны з крахам імперый, у 1917 годзе – Расійскай імперыі, у 1990 годзе – СССР. У артыкуле разглядаюцца ў параўнальным аспекце падыходы ў рэалізацыі нацыянальнага пытаньня, якія ажыцьцяўлялі свядомыя нацыянальныя сілы ў гады, якія непасрэдна ішлі пасля абодвух гістарычных падзей. Нягледзячы на адносную ўмоўнасць прапануемага сюжэту, зроблены аналіз высьвятляе шэраг падабенстваў ў гэтыя перыяды, якія ўключаюць вялікае жаданьне ў рэалізацыі нацыянальнай ідэі ў створаных спрыяльных гістарычных умовах, так і, у той жа час, адсутнасць агульнай стратэгіі і адзінства ў падыходах да вырашэньня нацыянальнага пытаньня, а таксама некрытычную па велічыні падтрымку нацыянальных ідэй насельніцтвам. Недахопы, якія мелі месца ў абодвух гістарычных перыядах, адлюстроўваюцьца ў незавершанасьці нацыянальнага будаўніцтва і працягваюць існаваць у хранічнай форме ў асяроддзі нацыянальна-сьвядомых сіл сёньня.
Глава I. Уздым
Падзеньне расійскай манархіі падчас лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1917 года выклікала паўсюдны рух нацыянальных сіл на акраінах былой імперыі. Нацыянальнае самасцьвярджэньне акраін на той час ішло ў асноўным пад лозунгамі аўтаноміі, напрыклад, у Латвіі быў папулярным слоган “Свабодная Латвія ў свабоднай Расіі”.
Важнай асаблівасцю падзей 1917 года ў Беларусі і ў нашых суседзяў было тое, што яны праходзілі падчас 1-й сусьветнай вайны: Заходняя Беларусь, Польшча, Літва, і паўднёвая частка Латвіі знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. 12-13 сакавіка 1917 года быў абраны Савет зямлі Відземе (поўнач Латвіі), прызнаны Часовым ўрадам Расіі ў ліпені; латвійцы вылучылі прапановы, якія прадугледжвалі шырокую мясцовую аўтаномію. 10 чэрвеня 1917 года Цэнтральнай Радай у Кіеве была абвешчана дзяржаўная аўтаномія Украіны ў складзе Расіі, і гэты статус быў таксама прыняты Часовым урадам. 15 жніўня 1917 года ў Лазаньне быў утвораны Польскі нацыянальны камітэт пад кіраўніцтвам Дмоўскага, прызнаны Францыяй у верасьні 1917 года (і краінамі Антанты ў 1918 годзе) легітымным прадстаўніком польскага народа. Галоўнай мэтай Камітэта было стварэньне Польскай арміі для змаганьня на баку Антанты ўзамен на падтрымку ў будаўніцтве незалежнай Польшчы. 18-23 верасьня 1917 года ва ўмовах нямецкай акупацыі была ўтворана Рада Літвы, якая прыняла рэзалюцыю ў якой ставілася мэта стварэньня незалежнай Літвы.
Што ж было ў Беларусі? На неакупаванай немцамі частцы тэрыторыі Беларусі сітуацыя характарызавалася вайной і разрухай, шматлікасцю партый і арганізацый, што дзейнічалі ў Беларусі, і невялікай доляй беларусаў у гарадах. У Беларусі, першы з’езд нацыянальных арганізацый прайшоў 25-27 сакавіка 1917 года, які утварыў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) на чале з Р. Скірмунтам. Пазьней, БНК быў рэарганізаваны ў Вялікую беларускую раду на чале з Я. Лёсікам (ВБР, 8-10 ліпеня 1917 года). На тэрыторыі Беларусі вяла сваю працу адна са старэйшых партый – Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ, утворана ў 1903г .), якая налічвала ў 1917 годзе каля 5000 членаў. У верасьні 1917 года ад БСГ вылучылася левае, прабальшавіцкае крыло, якое утварыла Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю на чале з А. Чарвяковым. У лістападзе-снежні 1917 года падчас 2-га Усерасійскага з’езда сялянскіх дэпутатаў утварылася яшчэ адна беларуская арганізацыя – Беларускі абласны камітэт (БАК, старшыня Я. Канчар).
Асноўнымі пытаньнямі, якія ставіліся упамянутымі арганізацыямі і якія мелі дачыненьне да станаўленьня беларускай нацыі, былі арганізацыя беларускага школьніцтва, перавод багаслужбы на беларускую мову, падрыхтоўка канстытуцыі і выбараў у Беларускую краёвую раду, і нават арганізацыя беларускага войска. Падыходы ў будаўніцтве беларускай дзяржавы базаваліся на шэрагу ідэй – ад нацыянальна-дэмакратычных да ідэй сусьветнай рэвалюцыі. Аднак, большасць сяброў вышэйпералічаных нацыянальных арганізацый (ВБР, БСГ, БАК) бачылі рэалізацыю гэтых праграм у рамках аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі. Тым не менш, такое даволі кансалідаванае бачаньне будучыні Беларусі было б даволі станоўчым фактарам, калі не ўлічваць маштаб уплыву нацыянальных ідэй на беларускае насельніцтва і дзеяньне іншых нацыянальна-палітычных сіл.
Тое што беларускія нацыянальныя сілы былі недастакова моцнымі заўважна па выніках выбараў ва Ўсерасійскі заканадаўчы сход (лістапад 1917 года), на якіх за ўсе нацыянальныя беларускія партыі і арганізацыі прагаласавала 19.000 выбаршчыкаў або 0.6% (за БСГ – 0.3%, за бальшавікоў – 63.1%). Другім адмоўным момантам для нацыянальных сіл было тое, што большасць беларускага насельніцтва (каля 90%) жыло ў вёсках, якое не магло значна ўплываць на палітычныя і нацыяўтаваральныя працэсы ў тыя часы. Так, у 1909 годзе доля беларусаў у гарадах складала каля 10% (яўрэяў – 43.3%, рускіх – 34.8%, палякаў – 11.4%). У дадатак, габрэйскія партыі (Бунд, габрэйская сацыял-дэмакратычная партыя), а таксама Польская рада Мінскай зямлі (створаная ў маі 1917 года) займаліся ў асноўным вырашэньнем сваіх нацыянальных пытаньняў. Нягледзячы на шэраг адмоўных фактараў, якія не спрыялі развіцьцьцю нацыянальнай ідэі дзьве асноўныя уплывовыя беларускія арганізацыі – ВБР і БАК, дамовіліся аб скліканьні 1-га Усебеларускага сходу для вырашэньня пытаньняў нацыянальнага будаўніцтва, у Мінску, у сьнежні 1917 года.
***
Другой важнай, вырашальнай падзеяй для Беларусі ў ХХ-м стагоддзі, стала палітыка перабудовы («перестройка», «гласность»), распачатая Генеральным сакратаром М. Гарбачовым (ХХУІІ з’езд КПСС, 1986). Як бы прадчуваючы і папярэджваючы наступствы перабудовы, скончыўшайся развалам СССР, на акраінах магутнай імперыі, як і пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, падняўся магутны рух за сцвярджэньне нацыянальных каштоўнасцей. Пачалі стварацьца народныя фронты за перабудову!?! Так было дазволена на той час – “За перабудову!?!” – але нацыянальна-свядомыя сілы акраін і краін-сатэлітаў СССР рыхтаваліся не толькі да перабудовы і рэфармацыі Саюза. Яны адчувалі, што прыйшоў яшчэ адзін шанс да выяўленьня праўдзівай нацыянальнай волі.
Вось толькі кароткі пералік важнейшых падзеяй у нашых суседзяў: народны фронт Эстоніі утварыўся ў красавіку 1988 года, Літоўскі рух за перабудову “Саюдзіс” і народны фронт Латвіі – у кастрычніку 1988 года, Народны фронт Малдовы – у маі 1989 года, Народны рух Украіны – у верасні 1989 года У Польшчы пасля забастовак у красавіку-жніўні 1988 года афіцыйны ўрад упершыню сеў за стол перамоваў з лідэрамі “Салідарнасці”.
У маі 1989 года прайшоў І з’езд народных дэпутатаў СССР, на якім прадстаўнікі прыбалтыйскіх краін запатрабавалі частковага эканамічнага суверэнітэту і прызнаньня незаконным Акт Молатава-Рыбентропа. З 42 дэпутатаў, абраных на гэты з’езд ад Літвы, 36 былі прадстаўнікамі “Саюдзіса”, арганізацыі, якая ставіла за мэту аднаўленьне дзяржаўнай незалежнасці Літвы. 23 жніўня 1989 года фактычна быў створаны адзіны Прыбалтыйскі народны фронт – жывы ланцуг людзей працягнуўся ўздоўж дарог ад Таліна да Вільні. У студзені 1990 года Народны рух Украіны арганізаваў аналагічны жывы ланцуг ад Львова да Кіева.
На выбарах у Вярхоўны Савет Літвы 24 лютага 1990 года “Саюдзіс” атрымаў 101 са 141 мандата (больш 70%) і ўжо 11 сакавіка 1990 года быў прыняты Акт аб аднаўленьні незалежнасці Літвы. З 9 лістапада 1989 года пачаўся неафіцыйны, а з 13 чэрвеня 1990года – афіцыйны дэмантаж Берлінскай сцяны, які скончыўся аб’яднаньнем Германіі 29 верасня 1990 года У кастрычніку 1990 года Лех Валенса быў абраны Прэзідэнтам Польшчы.
Разглядаючы падзеі тых часоў, можна цвердзіць, што беларуская грамадства ў значнай ступені адэкватна рэагавала на змены, якія адбываліся ў маштабах Саюза і ў нашых суседзяў. 19 кастрычніка 1988 года была створана арганізацыя “Мартыралог Беларусі” – гістарычна-асьветнае таварыства памяці ахвяраў сталінізма. 24 і 25 чэрвеня 1989 года ў Вільні прайшоў устаноўчы сход Беларускага народнага фронту (БНФ) за перабудову “Адраджэньне”. Несумненьна, гэта было не спантаньнае ўтварэньне. Яно было вынікам дзейнасці значнай колькасці нацыянальна-свядомых людзей, уключна з прадстаўнікамі такіх моладзевых аб’яднаньняў як “Талака”, 1980-1984; “Майстроўня”, 1985-1990; “Тутэйшыя”, 1986-1990.
Грамадскі рух “БНФ Адраджэньне” і яго лідэры адыгралі выключна важную ролю ў новый хвалі нацыянальнага абуджэньня беларусаў (сябры аргкамітэта руху: Р. Барадулін А. Белавусаў, В. Быкаў, А. Бяляцкі, А. Варава, В. Вячорка, Н. Гілевіч, А. Грыцкевіч, П. Дзмітрук, Ю. Дракахруст, М. Дубянецкі, А. Емяльянаў, В. Жыбуль, А. Жураўлёў, У. Конан, Я. Кулік, М. Купава, А. Мальдзіс, А. Марачкін, В. Маслюк, З. Пазьняк, П. Панчанка, П. Садоўскі, А. Суша, С. Свістуновіч, К. Тарасаў, М. Ткачоў, А. Трусаў, Г. Тумаш, I. Чарняўскі, М. Чарняўскі, Я. Шунейка, В. Якавенка). У Статуце арганізацыі за мэту ставілася “усталяваньне дэмакратычнага грамадства, пабудова дэмакратычнай праўнай дзяржавы, адраджэньне беларускай нацыі на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму, развіцьцё культуры карэннай нацыянальнасці ды ўсіх нацыянальных супольнасцяў на Беларусі”. На жаль выкананьне прадэклараваных задач не было рэалізавана па многіх прычынах.
Упершыню на выбарах у Вярхоўны савет БССР 4 сакавіка 1990 года трапілі каля 70-80 дэмакратычна настроеных дэпутатаў і сярод іх 27 дэпутатаў, якія прадстаўлялі Грамадскі рух БНФ “Адраджэньне”,[1] што складала 7.7% ад агульнай колькасці абраных дэпутатаў (27 з 346). З улікам усяго дэмакратычнага клуба гэта складала каля 23% і хоць гэтыя лічбы значна саступаюць вынікам “Саюдзіса” (70% на выбарах у ВС Літвы), яны адлюстроўвалі надзею на нацыянальную адбудову бацькаўшчыны. 11 мая 1990 года Сойм Грамадскага руху БНФ “Адраджэньне” заявіў, што галоўнай палітычнай мэтай руху з’яўляецьца незалежнасць краіны. Грамадства рыхтавалася да якасных пераменаў.
Глава ІІ. Вяршыня
Нягледзячы на кансалідаванае жаданьне асноўных беларускіх нацыянальных арганізацый разгледзіць пытаньне ўтварэньня незалежнай беларускай дзяржавы (найвышэйшая задача для кожнай нацыянальнай ідэі), яно не было рэалізавана ў поўнай меры на І-м Усебеларускім кангрэсе. Прычын гэтаму было некалькі. Адной з іх, і вельмі істотнай, было супраціўленьне дзейнасці беларускіх нацыянальных арганізацый з боку мясцовай бальшавіцкай улады ў Мінску. Гэта пры тым, што цэнтральная бальшавіцкая улада саветаў не адмаўляла права нацый на самавызначэньне. Адмоўнае стаўленьне бальшавісцкага кіраўніцтва было абумоўлена тым, што яно было прышлым, не мела ніякіх беларускіх каранёў (мясцовую ўладу ў асноўным прадстаўлялі бальшавікі, абраныя салдатамі Заходняга фронту, а ў кіраўніцтве беларусы ўвогуле не былі прадстаўлены). Другой, і таксама вельмі істотнай прычынай, быў вялікі разбег паміж падыходамі ў рэалізацыі нацыянальнай ідэі – па вялікаму рахунку ўсе падыходы замыкаліся на розных варыянтах аўтаноміі беларускай дзяржаўнасці ў рамках Расійскай дэмакратычнай рэспублікі.[2]
Сам І Ўсебеларускі з’езд быў вельмі прадстаўнічым. На ім прысутнічала 1872 дэлегатаў, у тым ліку 1167 дэлегатаў з правам рашаючага голаса. Усебеларускі з’езд у першым кампрамісным пункце пастанавіў “вылучыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета Сялянскіх, Салдацкіх і Рабочых дэпутатаў, якому ўручыць кіраваньне Беларусьсю аж да скліканьня Беларускага Устаноўчага Сходу”.[3]
Ніхто з арганізатараў з’езда не паклапаціўся аб яго элементарнай ахове, магчыма, з-за таго, што з’езд праходзіў на роднай зямлі. Калі першы пункт пастановы з’езду аб будучым Беларусі быў прадстаўлены для ўвагі дэлегатаў ў залу ўварваліся бальшавікі (народны камісар ўнутраных справаў Рэзанскі, кіраўнік гораду Крывашэін, прапаршчык Рамнёў), якія аб’явілі аб забароне з’езду і з дапамогай салдат арыштавалі прэзідыум з’езда.
Паўнамоцтвы кіраваньня краем узяла на сябе Рада з’езда, якая ўзяла ўладу (21 лютага 1918 года), абвясціла існаваньне Беларускай Народнай Рэспублікі (9 сакавіка 1918 года) і незалежнасць БНР (25 сакавіка 1918 года). 3-я Устаўная Грамата аб незалежнасці БНР была прынята бальшынёй прысутных; супраць галасавалі прадстаўнікі гарадоў і Бунда; земская група пакінула паседжаньне. Трэба адзначыць, што дзейнасць Рады з’езда да 19 лютага 1919 года праходзіла ў нелегальных умовах пры бальшавіках, з 19 да 21 лютага – ўлада ў Мінску была падзелена напалову паміж беларусамі і палякамі, а з 22 лютага ў горадзе былі германскія войскі, якія наступалі па ўсім фронце.
Для параўнаньня даём толькі даты абвяшчэньня незалежнасьці нашых суседзяў, бо далейшы лёс кожнай з краін мае сваю не менш складаную, чым для Беларусі гісторыю:
незалежнасць Украіны была абвешчана – 10 чэрвеня 1917 года, Малдовы – 24 студзеня 1918 года, Літвы – 16 лютага 1918 года, Эстоніі – 24 лютага 1918 года, Латвіі – 18 лістапада 1918 года, Грузіі – 26 мая 1918 года, Польшчы – 11 лістапада 1918 года (у дзень сканчэньня І-й сусветнай вайны).
***
Крах СССР і развал КПСС адбыўся літаральна на вачах у мільёнаў савецкіх людзей. Як здарылася, што ніхто не выйшаў абараняць “краіну рабочых і сялян у саюзе з інтэлігенцыяй”? – феномен да гэтага часу незразумелы. Нават амаль 19 мільёнаў камуністаў, быўшых у радах КПСС, не выйшлі абараняць савецкую краіну. Выліўшыся як бы ў персанальны канфлікт паміж Гарбачовым і Ельцыным, свет у выніку пабачыў не толькі крах СССР, а і крах сусветнай сацыялістычнай сістэмы і магчыма назаўсёды пахаваў камуністычную ідэю. Спарадзіўшы хаос гэты працэс узмацніў цэнтрабежныя імкненьні акраін імперыі, якія выліліся ў парад суверэнітэтаў. Гэты працэс у значнай ступені рэзка ўзмацніўся пасля спробы дзяржаўнага перавароту ў СССР (19-20 жніўня 1991 года). З былых рэспублік СССР аб сваёй незалежнасці паслядоўна заявілі ўсе 15 рэспублік, калі лічыць па парадку, то Беларусь была шостай:
Літва – 11 сакавіка 1990 года (да спробы перавароту),
Грузія – 9 красавіка 1991 года (да спробы перавароту),
Эстонія – 20 жніўня 1991 года,
Латвія – 21 жніўня 1991 года,
Украіна – 24 жніўня 1991 года,
Беларусь – 25 жніўня 1991 года,
Малдова – 27 жніўня 1991 года,
Азербайджан – 30 жніўня 1991 года,
Кіргізстан – 31 жніўня 1991 года,
Узбекістан – 31 жніўня 1991 года,
Таджыкістан – 9 верасня 1991 года,
Арменія – 21 верасня 1991года,
Туркменістан – 27 кастрычніка 1991года,
Расія – 12 снежня 1991года,
Казахстан – 16 снежня 1991года
Такім чынам, на працягу другой палавіны 1991 года юрыдычна было пацверджана знікненьне з карты свету краіны СССР, утворанай у 1922 года і існаваўшай на працягу амаль 70 гадоў.
У паскарэньні прыняцьця незалежнасці Беларусі істотную ролю адыгралі дэпутаты ВС 12-га скліканьня, якія ўваходзілі ў фракцыю апазіцыі БНФ – яны ініцыявалі скліканьне 24-25 жніўня 1991 года пазачарговай сесіі ВС непасрэдна пасля спробы дзяржаўнага перавароту[4] і дамагліся прыняцьця законаў аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады і аб часовым прыпыненьні дзейнасці КПБ-КПСС. Парадаксальна, але за прыняцьце двух апошніх законаў прагаласавалі самі дэпутаты-камуністы, якія складалі абсалютную большасць ВС 12-га скліканьня, што было абумоўлена і агульнай сітуацыяй у СССР, звязанай з забаронай дзейнасці КПСС, пачынаючы з 23 жніўня 1991 года. І самае галоўнае, на сесіі ВС БССР аднагалосна (за – 256 дэпутатаў) быў прыняты Закон аб наданьні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, прынятай ВС БССР 27 ліпеня 1990 года, статуса канстытуцыйнага закона. Беларусь стала на шлях самастойнага развіцьця і ўмацаваньня сваёй дзяржаўнасці.
Глава ІІІ. Раздрабленьне
Дзейнасць Рады і Ўрадаў БНР у 1918 годзе праходзіла пад нямецкай акупацыяй – была дазволена праца ў галіне адукацыі, школьніцтва, гандлю, аднак, не дазвалялася займацца фінансамі, стварэньнем сваёй арміі. Падобная сітуацыя ў 1918 года была ў Польшчы, якой кіраваў Назіральны Савет з трох чалавек з абмежаванай адміністратыўнай уладай (у асноўным Савет займаўся адукацыяй і правам).
Дзейнасць Рады і прызначаемых урадаў БНР ва ўмовах нямецкай акупацыі ў 1918 года была вельмі няпростай з-за адсутнасці адзінства ў разуменьні шляхоў будаўніцтва нацыі. Асноўныя супярэчнасцьці былі па пытаньнях узаемаадносін з Расіяй і Польшчай (аўтаномія ў складзе Расіі, федэрацыя з Польшчай – як у Рэчы Паспалітай), нявырашанасць пытаньня з нацыяналізацыяй зямлі, недастатковая падтрымка як з боку насельніцтва, так і з боку грамадскіх арганізацый. За няпоўны год змяніліся 4 ўрады БНР – пад кіраўніцтвам Я. Варонкі, Р. Скірмунта (урад якога фактычна нават не быў створаны), Я. Серады, і А. Луцкевіча.
У пачатку сваёй дзейнасці, у канцы красавіка 1918 года Рада і Ўрад БНР разлічвалі і на падтрымку Германіі. У тэлеграме, накіраванай кайзеру Германіі гаварылася, што “Толькі пад абаронай Германскай імперыі бачыць край сваю добрую волю ў будучыні”.[5] За адпраўку такой тэлеграмы прагаласавалі 31 чалавек, а супраць было толькі 4, аднак, гэта тэлеграма сталася зачэпкай, якая вылілася ў востры палітычны крызіс.[6] Са складу Рады выйшлі прадстаўнікі Бунда. Не пагаджаючыся з дзейнасцю Рады БНР Мінская гарадская дума 29 красавіка 1918 года адклікала сваіх прадстаўнікоў з Рады і спыніла яе фінансаваньне. Падобную рэзалюцыю 20 мая 1918 года прыняў Мінскі губернскі земскі сход, адзначыўшы пры тым, што Сход падтрымлівае ідэю вольнага самавызначэньня Беларусі і свабоднага палітычнага і культурнага развіцьця беларускага народа.[7] Як сказана ў рэзалюцыі, губернскі сход з’яўляўецца законным прадстаўніком двухмільённага насельніцтва губерні абраны “усеагульным, прамым, роўным і тайным галасаваньнем”. У маі 1918 года з Рады БНР выйшла фракцыя сацыял-рэвалюцыянераў.
Да сярэдзіны ліпеня 1918 года распалася на 3 партыі Беларуская сацыялістычная грамада – на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (яркія нацыянальныя лідэры – Іваноўскі, Краскоўскі, браты Луцкевічы, Лёсік, Рак-Міхайлоўскі, Смоліч, Тарашкевіч), Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (Асвяцімскі, Бадунова, Грыб, Заяц, Карач, Ладноў, Ластоўскі, Мамонька, Маркевіч, Некрашэвіч, Пашкевіч, Русак, Трафімаў, Цвікевіч, Чарапук, Шантыр, Шыла), Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў (Аўсянік, Варонка, Езавітаў, Захарка, Крачэўскі, Серада).[8],[9] Прадстаўнікі беларускіх сацыялістычных партый, з’яўляючыся выбітнымі асобамі і патрыётамі радзімы, мелі рознае бачаньне ў падыходах да будаўніцтва беларускай краіны як асабіста, так і ў адпаведнасці з праграмнымі партыйнымі устаноўкамі – ад будаўніцтва сацыялістычнай дзяржавы працоўных рабочых і сялян да незразумелай федэрацыі з суседзямі (накшталт сусьветнай федэрацыі народаў).
Безумоўна, што такое падзяленьне не магло спрыяць адзінству ў практычнай рэалізацыі дасягненьня як незалежнасці Беларусі, так і будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. Такім чынам, можна канстатаваць, што Рада БНР у 1918 года была ідэалагічна раздробленай, без належнай стратэгіі, і ў дадатак не мела неабходнай падтрымкі сярод насельніцтва і існуючых на той час дзяржаўных структур (Мінская гарадская дума, Мінскі губернскі земскі сход).
***
Сярод лідэраў Руху БНФ “Адраджэньне” не было адзінага разуменьня ў падыходах у рэалізацыі беларускай ідэі – ад стварэньня аб’яднаўчага руху БНФ, які б уключаў шматлікія, рознабаковыя сілы ў рамках Руху (Ю. Хадыка), да адзінага, непадзельнага фронту БНФ (З. Пазьняк). Ідэі сп. Пазьняка, яркага і безумоўнага лідэра пачатку адраджэння 90-х гадоў, сумяшчаць адначасова рэалізацыю ідэй Руху і новастворанай партыі, якой ён пачаў кіраваць (КХП-БНФ, 30.05.1993), было адлюстраваньнем жаданьня, з аднаго боку пасьпець за узнікненьнем новых палітычных структур і заняць сваё адпаведнае месца ў палітычным ландшафце, а з другога, не выпускаць ініцыятыву рэалізацыі нацыянальных ідэй з адных рук. Апошняе, на нашу думку, было аб’ектыўна не зусім апраўдана.
Але непаразуменьне ў стратэгіі было і з іншымі нацыянальнымі лідэрамі, працаваўшых па-за Рухам БНФ, што адлюстравалася ў стварэньні новых партый. М. Ткачоў, які быў намесьнікам старшыні Сойму Руху БНФ “Адраджэньне”, аднавіў і узначаліў дзейнасьць найстарэйшай беларускай партыі – Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ, 2.03.1991), пачалі сваю дзейнасць Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ, 19.03.1991, А. Дабравольскі), Партыя камуністаў беларуская (ПКБ, 7.12.1991, С. Калякін), Беларуская хрысьціянска-дэмакратычная злучнасць (16.03.1991, П.Сілка). Ацэньваючы рэтраспектыўна, пачаў непрыкметна рушыцца Грамадскі рух БНФ “Адраджэньне”, які першапачаткова аб’ядноўваў значную частку нацыянальна-сьвядомых сіл. Так, на 2-м з’едзе АДПБ (канец сакавіка 1991 года) партыя адмовілася стаць калектыўным членам Грамадскага руху БНФ “Адраджэнне”.
Такім чынам, калі звярнуцца да другога абнадзейваючага перыяду 90-х гадоў, то варта адзначыць значную разнастайнасць палітычнай думкі ў нацыянальна-сьвядомым беларускім асяроддзі. Аслабленьне Цэнтра (па Ч. Мілашу) прывяло да імкненьня нацыянальна-сьвядомых сіл арганізаваць палітычныя структуры\партыі, якія адлюстроўвалі б думкі тых ці іншых слаёў насельніцтва – пачала стварацца палітычная культура, якая не існавала на прасторы былога СССР.
Стварэньне палітычных структур і іх дзейнасьць у дэмакратычным асяродку не выклікае ніякіх супярэчнасцяў у дзяржавах, нацыяльна сцвердзіўшых сваё існаваньне. Ва ўмовах беларускай рэчаіснасьці ўтварэньне палітычных структур прывяло да значнага распыленьня сіл, якое з аднаго боку, можна было расцэньваць і як пазітыўную з’яву ў будаўніцтве дэмакратычнай дзяржавы (з’яўленьне новых партый), аднак, у той момант, як паказалі далейшыя падзеі, гэта сталася адной з прычын другой часовай паразы беларускай ідэі ў 20-м стагоддзі.
Глава ІУ. У пошуках выйсьця
11 лістапада 1918 года скончылася І-я сусьветная вайна. У гэты дзень была аб’яўлена незалежнасць Польшчы. Немцы пакінулі тэрыторыю Беларусі, а іх месца занялі бальшавікі.
Чацьвёрты урад БНР А. Луцкевіча, абраны 20 лістапада 1918 года, быў вымушаны працаваць у Вільні, Гродна, Берліне. У сваёй замежнай палітыцы урад вёў пошук саюзнікаў – А. Луцкевіч вёў перамовы з гетманам Украіны Скарападскім, разам з Я. Ладновым (намеснікам міністра замежных спраў і кіраўніком дэлегацыі ў Парыжы) дамагаўся правамоцнага ўдзелу ураду БНР у Парыжскай мірнай канферэнцыі і, нарэшце, урад А. Луцкевіча выйшаў на кантакты з урадам Ю. Пілсудскага. Сам Ю. Пілсудскі выносіў нейкі час ідэю федэралізацыі Польшчы з Украінай, Беларусьсю і Літвой, нягледзячы на даволі выразныя палонафобскія настроі насельніцтва гэтых краін і на існаваньне іншага падыхода ў будаўніцтве Польшчы, якую спрабаваў рэалізаваць другі польскі лідэр – Р. Дмоўскі (які амаль усю Беларусь бачыў усходняй тэрыторыяй Польшчы). Асноўнай ідэяй Ю. Пілсудскага ў стварэньні новай федэрацыі (накшталт Рэчы Паспалітай) было максімальнае адмежаваньне ад Расіі. 7 жніўня 1919 года Пілсудскі ў саюзе з Петлюрай заняў Кіеў. У верасьні 1919 года Пілсудскі быў у Мінску і яго віталі ўсе беларускія партыі, апроч бальшавікоў (Мінск быў пад палякамі са жніўня 1919 да ліпеня 1920).
На працягу 1919-1920гг. з урадам Пілсудскага і з самім Ю. Пілсудскім неаднаразова сустракаліся кіраўнікі БНР – А. Луцкевіч, А. Смоліч, В. Іваноўскі, Б. Тарашкевіч.[10] Аднак, справа не рухалася нават у самым фармальным – у прызнаньні факта існаваньня Ўрада БНР. Справа значна ускладнілася польска-савецкай вайной (якая ішла ад 14 студзеня 1919 да 18 сакавіка 1921): у залежнасці ад посьпехаў ці параз на фронце мяняліся польскія ці расійскія адносіны да беларускага пытаньня. Да таго ж, у самой Радзе БНР, не было згоды ў адносінах да “прапольскай” палітыкі ўрада Луцкевіча, і асабліва ў вырашэньні пытаньня Вільні і Віленскага краю, якія польскі бок не меўся ні ў якім разе саступаць як беларусам, так і літоўцам, якія таксама намагаліся даказаць свае правы на гэту тэрыторыю.
13 сьнежня 1919 года на паседжаньні Рады БНР у Мінску, які ў той час быў заняты палякамі, адбыўся раскол Рады. Старшыня Рады БНР Я. Лёсік, прапанаваў адчыніць надзвычайны сход без часткі сяброў з фракцыі сацыял-рэвалюцыянераў, “якія належаць да змовы”, і адзначыў, што Сход правамоцны, бо на ім прысутнічае 37 сяброў Рады БНР, што па статуту Рады БНР значна перавышала кворум. Прапанова была прынята аднагалосна.[11] Сход пакінулі Бадунова, Белькевіч, Крэчэўскі. На паседжаньні надзвычайнага сходу была ўтворана Найвышэйшая Рада БНР (І. Серада, С. Рак-Міхайлоўскі, К. Терэшчэнко, Я. Лёсік, А. Уласаў). Просьба А. Луцкевіча аб адстаўцы не была прынятая і яму было даручана працягваць выкананьне функцый Старшыні Рады Народных Міністраў БНР.[12]
Група сацыял-рэвалюцыянераў і сацыял-федэралістаў у той жа час утварыла Народную Раду БНР (П. Крэчэўскі, В. Захарко, П. Бадунова, Я. Мамонька, Козіч) і прызначыла Старшынёй Рады Міністраў В. Ластоўскага.[13] Польскія ўлады, якія патрымлівалі Найвышэйшую Раду арыштавалі В. Ластоўскага, П. Бадунову, Я. Мамоньку, прадстаўляўшых Народную Раду.
А. Луцкевіч у пісьме да Л. Зайца ад 3 студзеня 1920 года пісаў “Восем левых эсэраў і тры федэралісты падчас сходу Рады сабраліся асобна, аб’явіўшы сябе Радай Рэспублікі. Выбралі новы ўрад, прэм’ерам Ластоўскага, міністрам фінансаў Белевіча, завочна выбралі бяз згоды Зайца, Цвікевіча, Ладнова, Душэўскага, Грыба. Усе пяць ад авантуры адмовіліся. Сход Рады ў складзе 37 асобаў – эсэраў, эсдэкаў, народнікаў цэнтру – выбраў Найвышэйшую Раду. Адстаўку кабінета, апроч Захаркі, адкінуў”.[14] Тым не менш, А. Луцкевіч не траціў надею на прымірэньне і ануляваньне “шкоды, якую нарабіў “пераварот”.[15]
Магчыма, што адным з ініцыятараў расколу Рады БНР быў сп. В. Ластоўскі. В. Ластоўскі, выйшаўшы з турмы, у сваім пісьме да К. Езавітава ад 24.01.1920, прыводзіць звесткі аб уключэньні яшчэ 12.11.1919 года у склад Рады 20 сацыял-рэвалюцыянераў (гэта значыць яшчэ за месяц да ракавога “раскольнага” паседжаньня Рады БНР 13 снежня 1919 года); “гэткім чынам у Радзе, разам з сацыял-федэралістамі сталася наша большасць” (сацыял-федэралістамі былі П. Крэчэўскі, В. Захарко, і інш.). Не зусім зразумелымі былі падлікі кворуму на паседжаньнях абодвух “радаў”, зробленыя В. Ластоўскім; на самім паседжаньні Народнай Рады БНР 13.12.1919 з яе складу былі выключаны нават дзейныя на той момант Старшыня Рады БНР Я. Лёсік і яго намеснік А. Уласаў.[16] У пачатку 1920 года дзейнічалі 2 Рады – Найвышэйшая і Народная, і 2 урады – Луцкевіча і Ластоўскага.
У дадатак, у другой палове 1919 года на арэне з’явіўся А. Бахановіч, які аб’явіў сябе кіраўніком Часовага краёвага ўрада Беларусі. А. Бахановіч, былы афіцэр, абапіраўся на прыхільнікаў у Гродна і імкнуўся да ўключэньня Беларусі ў склад Расіі, меў кантакты з генералам Дзянікіным, спрабаваў прадстаўляць «свой урад» на Парыжскай мірнай канферэнцыі.[17], [18]
Такім чынам, у пачатку 1919 года на міжнароднай арэне ведалі аб 3 палітычных структурах\урадах, якія дзейнічалі ад імя беларусаў. Я. Ладноў, кіраўнік дэлегацыі БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі, лічыў гэта правакацыяй – вызваленьне Бахановіча палякамі ў канцы снежня 1919 года адбылося ў той жа час, што і раскол Рады БНР.[19] Вырашэньне беларускага пытаньня на Парыжскай мірнай канферэнцыі, якая праходзіла з 18 студзеня 1919 года да 21 студзеня 1920 года, значна ускладнялася як аб’яўленным існаваньнем трох урадаў,[20] так і фізічным раз’яднаньнем беларускіх палітычных груп, што значна парушала камунікацыю паміж імі. Так, у пачатку 1920 года Крэчэўскі і Захарко (Народная Рада БНР) былі ў Берліне, Серада і Смоліч (Найвышайшая Рада БНР) – у Мінску, Луцкевіч (кіраўнік урада) – у Варшаве, Ластоўскі (новы кіраўнік урада) – у Рызе, Бахановіч (самазваны кіраўнік урада) – у Парыжы. Сюды трэба дадаць праблемы, існаваўшыя паміж літоўцамі і палякамі (па пытаньню Вільні), паміж беларусамі і літоўцамі (Вільня і Віленскі край, Сярэдняя Літва), паміж беларусамі і украінцамі (памежныя тэрыторыя на Палесьсі), вайна паміж Расіяй і Польшчай (14.01.1919-18.03.1921), існаваньне бальшавіцкага ўрада БССР, які падчас польска-расійскай вайны фактычна не дзейнічаў.
Раз’яднанасць і адсутнасць адзінства ў вырашэньні стратэгічных пытаньняў перашкаджала кіраўніцтву БНР дасягненьню сваіх мэтаў не толькі на Парыжскай мірнай канферэнцыі, але таксама і на перамовах у Рызе, ва ўзаемадачыненьнях с суседнімі краінамі.
Дзейнасць Рады БНР праходзіла ў Беларусі ва ўмовах нямецкай акупацыі ў 1918 года і за мяжой у 1919-1920 года. У 1919 года значная частка дзеячаў Рады БНР, знаходзілася ў Беларусі, як у першую палову года, калі пры ўладзе былі бальшавікі ў створанай БССР і затым у ЛітБел(е), так і ў другой палове 1919 года і першай палове 1920 года (у найбольшай ступені сябры Найвышэйшай Рады БНР), калі Беларусь была занятая палякамі). У гэты “польскі” перыяд з ініцыятывы Найвышэйшай Рады быў утвораны Часовы Беларускі нацыянальны Камітэт (ЧБНК), які займаўся пытаньнямі беларускай культуры, богаслужэньня, друку. ЧБНК быў згодзен памяняць патрабаваньні да палякаў аб незалежнасьці ў абмен на мясцовае самакіраваньне.[21]
Пад ціскам абставін і пісем кіраўнікоў Народнай Рады БНР, Крэчэўскага (ад 2.02.1920)[22] і Захаркі (ад 16.02.1920)[23] А. Луцкевіч склаў з сябе абавязкі Старшыні РНМ БНР, міністра замежных справаў і фінансаў 28 лютага 1920 года.[24] Адстаўка не была прынятая яшчэ 2 мая 1920 года.[25] Абавязкі Старшыні РНМ БНР аўтаматычна перайшлі на яго намесніка, А. Смоліча.
Тым не менш, Найвышэйшая Рада шукала шляхі кансалідацыі беларускіх сіл. У сваім пісьме ад 15.07.1920 года К. Цярэшчанка выказваўся аб перадачы мандатаў ад Найвышэйшай Рады ураду Ластоўскага, “Не час дзяліць цяпер сьвядомых беларусаў на правых і левых. Усех нас аб’едзеняя агульная мэта – незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны”.[26] 15 жніўня 1920 года К. Цярэшчанка ад імя Найвышэйшай Рады адмовіўся прадстаўляць яе за мяжой як асобны Дзяржаўны орган і пагадзіўся на супрацу з урадам В. Ластоўскага.[27] Трэба адзначыць, што калі ўрад Луцкевіча прадстаўляў значную частку беларускіх нацыянальных сіл, то ўрад Ластоўскага ў сваім дзеяньнях кіраваўся больш вузкімі партыйнымі установамі сацыялістычных партый.[28]
Пасля аднаўлення незалежнасці БССР у ліпені 1920 году, кіраўнікі і многія прыхільнікі Найвышэйшай Рады БНР (утворанай пасля раcколу Рады БНР у снежні 1919 года), адмовіліся ад палітычнай барацьбы і працягвалі вырашэньне беларускіх спраў у новых умовах, у прыватнасьці, кіраўнікі Найвышэйшай Рады І. Серада (старшыня) і Я. Лёсік на савецкай тэрыторыі, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Уласаў (намеснік старшыні) – у Заходняй Беларусі, К. Цярэшчанка – спачатку у Заходняй, а затым у Савецкай Беларусі. Пазней яны былі растраляныя ці загінулі пры невызначаных абставінах. Жаданьне працаваць на радзіме відаць было адной з галоўных прычын чаму Найвышэйшая Рада дабравольна саступіла свае пазіцыі на карысць Народнай Рады БНР, П. Крэчэўскага; з другога боку гэта быў неабходны крок для дэманстрацыі кансалідацыі беларускай вярхушкі перад мацнейшымі свету ў Парыжы.
Урад Ластоўскага фактычна пачаў працу ў красавіку 1920 года у Рызе і зноў жа апынуўся закладнікам абставін. У маі-чэрвені 1920 года Рада БНР імкнулася выйсці на перамовы з Масквой,[29] аднак, за яе спіной 12 ліпеня 1920 года РСФСР і Літва падпісалі мірны дагавор (які, праўда, пазьней не быў рэалізаваны), па якому прадугледжвалася прызнаньне самастойнасці і незалежнасці Літвы з боку РСФСР і перадача Літве Віленшчыны і часткі Гродзенскай губерні .[30] Тады як Рада БНР не дабілася прызнаньня з боку РСФСР.
31 ліпеня 1920 года была паўторна абвешчана незалежнасць ССРБ. Няўдача чакала урад Ластоўскага і ў жніўні 1920 года, калі ўрад БНР не быў дапушчаны (прызнаны) на канферэнцыю балтыйскіх краін (Польшча, Фінляндыя, Эстонія, Літва, Латвія). П. Крэчэўскі ў пісьме да В. Ластоўскага ад 2 жніўня 1920 года пісаў у стане разгубленасці “… мы тут (у Берліне, П.М.) і ў Коўні прыйшлі да перэконаньня, што трэба ехаць на Бацькаўшчыну і працаваць з бальшэвікамі, выгаварыўшы ад іх сабе як можна больш тых правоў, пры якіх такая праца была б магчымай”.[31] Аб гэтым жа пісаў і Л. Аўсянік да В. Ластоўскага “… усё ж варочаюсь да старого пераконаньня. Не магу працаваць без народа. Праўда народ нас не понімае, доўго будзе гнаць, але на рэшці ён нас падтрымае.”[32]
Ладноў, які працягваў выконваць місію кіраўніка беларускай дэлегацыі ў Парыжы і ад урада Ластоўскага, у ліпені-жніўні 1920 года пісаў аб шэрагу абставін, якія перашкаджаюць атрыманьню падтрымкі ад заходніх дзяржаў, у прыватнасці ад Францыі, у вырашэньні беларускага пытаньня,[33] па ўсяму абумоўленых адсутнасьцю адзінства і моцы.[34] (парыжская канферэнцыя, у якой удзельнічалі 27 дзяржаў, праходзіла з 18.01. 1919 да 21.01.1920; аднак, дэлегацыя БНР не мела на ёй афіцыйнага прызнаньня).
Адхіліўшы польскі напрамак вырашэньня пытаньня прызнаньня беларускай дзяржавы і дамагаючыся прызнаньня з боку Масквы, урад Ластоўскага з тактычных меркаваньняў скіроўваў таксама свае высілкі ў пошуках палітычных прыяцеляў сярод літоўскіх дзеячаў. Гэта ў значнай ступені адбылося ў выніку польска-расійскай Рыжскай папярэдняй змовы ад 20.10.1920 (падпісанай 18.03.1921) паміж Расіяй і Польшчай аб падзеле Беларусі (на гэтых перамовах нават савецкая беларуская дэлегацыя не прымала афіцыйнага ў дзелу ў заключэнні пагаднення). Аднак, зноў жа на літоўска-беларускіх перамовах гутарка йшла пра аўтаномнае знаходжаньне беларускіх зямель пад пратэктаратам Літоўскай дзяржавы з далейшым вырашэньнем беларускай дзяржаўнасьці праз усенароднае галасаваньне.[35]
З гэтай мэтай урад Ластоўскага заключыў тайную дамову з Літвой (11.11.1920),[36] дзе ў абмен на фінансавую і палітычную падтрымку з боку Літвы (беларуская аўтаномія ў Літоўскай федэрацыі) Народная рада БНР мелася забяспечыць падтрымку беларускага насельніцтва падчас плебісцыту аб належнасьці Віленскага краю і Гродзеншчыны (Сярэдняй Літвы, утворанай 12.10.1920 “мяцежным” генералам Жалігоўскім) да Літвы, а не да Польшчы, якая там на той час кіравала. Плебісцыт не правялі, а польскі сейм de facto уключыў Віленскі край у склад Польшчы (24.03.1922). У сакавіку 1923 года дзяржавы-пераможцы ў Першай сусветнай вайне прызналі права Польшчы на Віленшчыну і да восені 1939 года адпаведная тэрыторыя знаходзілася ў складзе Польскай дзяржавы.
***
Як было ўжо адзначана вышэй, так атрымалася, што яшчэ не стаўшы ў поўнай меры дэмакратычнай дзяржавай, драбленьне на партыі ў значнай ступені аддаліла рэалізацыю нацыянальнай ідэі, бо распыліла як нацыяльныя думкі, так і нацыянальныя сілы.
Не спрыяла павышэньню аўтарытэту і параза Руху БНФ пры спробе арганізаваць датэрміновыя выбары ў парламент – Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь сваёй пастановай ад 29.10.1992 адмовіўся правесці з гэтай нагоды рэферэндум, матывуючы неабходнасцю дапрацоўкі і прыняцьця новай Канстытуцыі (была прынятая 15 сакавіка 1994 года).
Восеньню 1993 года, АДКБ і Беларуская сялянская партыя ўтварылі ў парламенце аб’яднаньне “Вясна-1994”, якое, займаючы пазіцыю цэнтра і не прыймаючы ідэалогіі КПБ ці БНФ, падтрымоўвала сп. С. Шушкевіча на прэзідэнцкіх выбарах. Нават надзея на адзінства ў рамках Руху БНФ “Адраджэньне” перастала існаваць. На думку некаторых дасьледчыкаў гэта было адлюстраваньнем таго, што сябры БНФ былі “рыцарамі-ідэалістамі, якія імкнуліся стварыць незалежную дэмакратычную рыначную рэспубліку, але не ўлічвалі ў сваіх дзеяньнях геапалітычны кантэкст, лад мысленьня і спосаб паводзінаў людзей, што займалі пазіцыі ва ўладнай структуры Беларусі, а таксама, у значнай ступені, стэрэатыпы мысленьня і настрояў насельніцтва Беларусі”.[37] Адсутнасць адзінства і агульнай стратэгіі сярод беларускіх нацыянальных дзеячаў праявіліся і пазьней, што нельга спісаць толькі на стварыўшуюся аўтарытарную уладу: ні адзін прадстаўнік партыі БНФ не трапіў у ВС 1995 года, правалілася спроба імпічменту прэзідэнта ў лістападзе 1996 года.
Трэба адзначыць, што нягледзячы на палітычныя баталіі ў рамках ВС і вакол яго, развіцьцё беларускасці напачатку 90-х мінулага стагоддзя ішло значнымі крокамі. Гэта калі казаць пра нацыянальна-сьвядомую частку грамадства: развівалася незалежная прэса, выдаваліся кнігі, адзначаліся нацыянальныя сьвяты ў беларускіх традыцыях, ствараліся беларускамоўныя ансамблі – усё тое, што раней немагчыма было пабачыць і аб чым нават нельга было марыць.
З боку ж большасьці насельніцтва, аднак, магчыма было бачыць хіба маўклівую патрымку нацыянальных сіл – калі ішла размова пра канкрэтныя рэчы, то сітуацыя выглядала не настолькі прыгожай. У 1991 года 69% беларускага насельніцтва лічыла сябе савецкімі людзьмі, і толькі 24% беларусаў былі прыхільнымі да сваёй незалежнай дзяржавы.[38] Падтрымка нацыянальных сіл на выбарах першага прэзідэнта РБ ў 1994 года не перавышала 25% (за З. Пазьняка – 12.8 %, за С. Шушкевіча – 9.9 %, разам – 22.7%).
Беларусь, як дзяржава, таксама пачынала таксама някепска: на міжнароднай арэне стала сябрам АБСЕ і МВФ (1992), з’явіліся свае грошы. Аднак, пры ўладзе знаходзілася старая савецкая наменклатура, якая фактычна працягвала сваю дзейнасць толькі ў новых умовах. Нягледзячы на пагадненьне аб вывадзе ўсёй ядзернай зброі і заяве аб ператварэньні Беларусі ў без’ядзерную дзяржаву, Беларусь уступіла ў Арганізацыю па калектыўнай бяспецы (АДКБ), пачаліся перамовы аб аб’яднаньні грашовых сістэм Беларусі і Расіі (1992), перамовы аб мытным саюзе з Расіяй (1995), арэнда вайсковых баз Расіяй у Ганцавічах і Вілейцы на 25 год (1995), стварэньне садружнасці Беларусі і Расіі (1996), і гэдак далей і далей ад нацыянальнай дзяржавы.
Дыскусія
Можна назіраць шэраг падабенстваў у паводзінах нацыянальна-сьвядомых сіл у раньні (1917-1923) і позьні (1988-1994) перыяды станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці. Абедзьве незалежнасьці прамаўляліся ў надзвычайных неакрэсленых умовах расійска-германскай\І-й сусьветнай вайны\развала Расійскай імперыі і развала СССР, адпаведна, і ў значнай ступені былі імі абумоўлены. Маецца на ўвазе, што абвяшчэньні незалежнасці былі абумоўлены ў асноўным не ўнутранымі, а знешнімі фактарамі – распадам дзвюх імперый – Расійскай і СССР. Гэта ў канечным выніку выявілася ў неўстойлівасьці існаваньня беларускай нацыі і дзяржавы як у абодва перыяды, так і пасьля іх.
На карысць такой думкі сьведчыць невысокая падтрымка нацыянальнай ідэі насельніцтвам. Нягледзячы на істотны рост долі беларусаў у часе разглядаемых перыядаў у дзяржаве (з 65.6% да 83.7%) і ў гарадах (з 10% да 77%), падтрымка нацыянальнай ідэі насельніцтвам застаецца невысокай (гл. Табліцу). І хаця гэта падтрымка ў лічбах значна падрасла (з 0.6% ў 1917 годзе да прыблізна 25% у 1994 годзе), аднак, узровень яе можна пакуль што характарызаваць як некрытычны, г.зн. недастатковы для таго каб казаць, што беларуская нацыя сасьпела і гатова да будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, а не цывільнай і рускамоўнай дзяржавы, якая будуецца сёньня. Станоўчыя вынікі другой хвалі адраджэньня пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў 1990 годзе былі прыкметнымі яшчэ ў 1995 годзе – пры галасаваньні ў патрымку бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці дзяржаўнага, за – выказаліся 20.5% грамадзян. Аднак, лічбы былі далёкімі да палавіны, тым больш да той падтрымкі, якую мелі нашы суседзі – “Саюдзіс” у Літве меў 70% у 1990 годзе. Дакладных зьвестак аб патрымцы насельніцтвам нацыянальна-дэмакратычных ідэй на сёньня няма, аднак, мы спадзяёмся, што яна не паменшылася за апошнія 20 год. Ні адна з беларускіх партый не мае істотнай патрымкі сярод насельніцтва. У першую чаргу размова ідзе не пра колькасць сяброў у партыі (за выключэньнем ЛДПБ, дзе налічваецца каля 40.000 дзейных членаў), а пра сапраўдны уплыў на насельніцтва Беларусі.
Табліца. Параўнальная характарыстыка пачатку першага і другога беларускага адраджэньня ў ХХ стагоддзі
Паказчык | Першае адраджэньне (1917-1923) | Другое адраджэньне (1988-1994) | Сучасны стан 2017 |
Геапалітычная скіраванасць асноўнай часткі нацыянальнай эліты | аўтаномія ў складзе Расіі; БНР; нацыянальнае будаўніцтва ў ССРБ | развіцьцё незалежнай Беларусі; аднаўленьне сувязяў у СНГ | развіцьцё незалежнай Беларусі;
“Беларусь у Еўропу” |
Геапалітычная скіраванасць асноўнай часткі насельніцтва | за бальшавікамі – “Зямля”, “Мір”, “Свабода” | абноўлены СССР;
СНГ; |
саюз з Расіяй; развіцьцё незалежнай Беларусі |
Доля беларусаў сярод насельніцтва | 65.6% у 5 губернях (1897) | 83.7% (2009) | каля 83.7% |
Доля беларусаў у гарадах | 14-16% (1913) (Мінск – 10.5% ; 1909) | 74.3% (2009) (Мінск – 79.3%; 2009) | 77.6% (2016) |
Колькасьць і якасьць палітычных структур, падрымліваючых нацыянальныя ідэі | дастатковая для таго часу, аднак, з нешматлікай колькасьцю членаў | недастатковая, з нешматлікай колькасьцю членаў | дастатковая – мноства структур, аднак, яны не маюць значнай колькасьці членаў |
Патрымка нацыянальных сіл насельніцтвам | нізкая, на ўзроўні пагрэшнасьці (менш 1%) | даволі значная (да 25%), але не крытычная | не крытычная |
Наяўнасць нацыянальных стратэгічных праграм | адстутнічалі | праграма Руху БНФ “Адраджэньне” да яго распаду (1993) | “Стратэгія развіцьця беларускай нацыі” прапанавана для абмеркаваньня і прыняцьця |
Дэманстрацыя адзінства нацыянальных сіл | не адзначана, эпізадычная | часовыя тактычныя пагадненьні палітычнага характару | часовыя тактычныя пагадненьні палітычнага характару |
Амбіцыйнасьць нацыянальных лідэраў | нязначная | значная | значная |
Нізкі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці абумоўлены як недастатковай асьветай насельніцтва ў пытаньнях гісторыі краіны, так і невысокай палітычнай культурай. Таму, аднымі заклікамі да свабоды, дэмакратыі і ўжываньня беларускай мовы, якія ёсць асновай існаваньня нацыі, беларускую нацыю ў хуткім часе не пабудаваць, нават атрымаўшы ўладу ў краіне. Хаця відавочна, што калі да ўлады прыйдуць нацыянальна-сьвядомыя сілы, то гэты працэс значна паскорыцца. А калі не прыйдуць? І нават калі прыйдуць ці хутка большасьць беларусаў адчуюць сябе нацыяй? – будуць паважаць свабоду і дэмакратыю, ведаць сваю гісторыю і размаўляць на роднай мове, берагчы традыцыі і г.д. Адказ на нашу думку даволі просты – патрэбен працяглы час для асьветы насельніцтва.
Іншыя прычыны няўдач у рэалізацыі нацыянальнай ідэі можна знайсьці ў асяроддзі самой нацыянальнай эліты – сярод іх адсутнасць агульнай стратэгіі і адзінства ў падыходах адыгралі і адыгрываюць не меншую ролю, чым некрытычная падтрымка нацыянальных ідэй насельніцтвам. Як у першы, так і ў другі перыяд адраджэньня нацыянальныя лідэры працавалі прадстаўлялі толькі частку палітычнага спектра, існаваўшага на той час. Так, В. Ластоўскі быў сацыял-рэвалюцыянер, А. Луцкевіч, Я. Лёсік, С. Шушкевіч – сацыял-дэмакраты, П. Крэчэўскі – сацыял-федэраліст, З. Пазьняк – прастаўнік правага кансерватыўнага крыла хрысціянскіх дэмакратаў, Г. Карпенка – належаў да АГП, партыі ліберальнага кірунку.
Не меншую ролю ў абодва перыяды адыграла амбіцыёзнасць лідэраў асабліва заўважная у позьні перыяд і ў наш час. Тактычныя памылкі паглыбляліся і паглыбляюцца персанальнымі памылкамі і амбіцыямі лідэраў нацыянальна сьвядомых сіл (хаця шчырых і адданых асоб у будаўніцтве Беларусі). За шэрагам рухаў у Беларусі, праглядываюцца яркія асобы з невялікай колькасьцю прыхільнікаў, якія патэнцыйна могуць стаць значнымі палітычнымі фігурамі на беларускай сцэне ў выпадку рэвалюцыйнай сітуацыі. Гэтыя асобы ў значнай ступені добра вядомыя: М. Статкевіч, які прадстаўляе “Беларускі нацыянальны кангрэс”, У. Някляеў – “Рух за дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”, А. Саньнікаў – рух “За Еўрапейскую Беларусь”. Аднак, калі параўноўваць уплыў гэтых рухаў на насельніцтва Беларусі, то на жаль яны пакуль што не маюць таго уплыву, які меў рух БНФ “Адраджэньне” (1989-1993). На сёняшні дзень Рух БНФ “Адраджэньне” існуе афіцыйна хіба што толькі ў назове разам з назвай Партыі БНФ (“Партыя БНФ і Рух БНФ “Адраджэньне”), і калі дзейнасць Партыі БНФ заўважна ў грамадстве, то аб дзейнасьці Руху “Адраджэньне” хіба што кажа яго мінулае. Заявы сп. З. Пазьняка, былога лідэра Руху “Адраджэньне”, стварыць яшчэ адзін Рух “Вольная Беларусь”, выглядаюць на гэтым фоне незвычайнымі. Падаецца, што для Беларусі для ўсталяваньня дэмакратыі і стварэньня умоў для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы было б дастакова толькі аднаго сапраўднага руху, які аб’ядноўваў бы ў сваіх шэрагах ўсе зацікаўленыя ў гэтым сілы.
На жаль не бачна вынікаў працы кансалідаваных сіл ні пасьля Кангрэсаў дэмакратычных сіл (кастрычнік 2005; май 2007; Мінск), ні пасьля Віленскага меманрадума (2012). Можна пагадзіцца са сп. А. Мілінкевічам, што на жаль, работа над памылкамі пакуль што не зроблена, і гэта тычыцца не толькі падзей сьнежня 2010 года. У сучасных умовах, калі будаўніцтва нацыі фактычна толькі распачынаецца, раздробленасць і адсутнасць адзінага стратэгічнага падыхода ў вырашэньні нацыянальнага пытаньня\ідэі падмяняецца на працягу жыцьця ўжо аднаго пакаленьня толькі рэвалюцыйнымі заклікамі да зьмены палітычнага кіраўніцтва краіны.
На наш погляд, найбольш крытычным недахопам ў будаўніцтве нацыянальнай дзяржавы ў абодва перыяды з’яўляецца менавіта адсутнасьць агульнай вызначанай стратэгіі. Нягледзячы на відавочную зразумеласць неабходнасьці рэалізацыі нацыянальнай ідэі, яна не была сфармулявана ў зразумелай канцэпцыі як для удзельнікаў нацыяўтваральнага працэса, так і да насельніцтва.
Падыходы ў рэалізацыі нацыянальнай ідэі былі размытымі і вагаліся ад стварэньня незалежнай суверэннай дзяржавы да існаваньня краю ў рамках федэрацыі з Расіяй, ці з Польшчай, ці з Літвой, ці ў рамках Чарнаморска-балтыйскага саюза ці ў сусьветнай федэрацыі.
Можна канстатаваць адсутнасьць адзінства ў стратэгіі, якая адмоўна дапаўнялася адстойваньнем вузкапартыйных інтарэсаў, што аб’ектыўна сьведчыла, з аднаго боку, аб намеры да дэмакратычнага ўладкавання дзяржавы, аднак, з другога, на справе не спрыяла вырашэньню нацыянальных пытаньняў, якія мусяць быць вышэйшымі над партыйнымі, калі мець на ўвазе прыклад Беларусі.
Такім чынам, для Беларусі сітуацыя з нацыянальным пытаньнем – унікальная. Патрэбен час, каб сьвядомасць беларусаў выйшла на ўзровень нацыянальнай сьвядомасці. Падаецца, што ставіць вырашэньне пытаньняў палітыкі і дэмакратыі, не прымаючы да ўвагі нацыянальныя пытаньні, з’яўляецца сур’ёзным пралікам. З другога боку, унікальнасьць сітуацыі заключаецца ў тым, што усе гэтыя пытаньні, на жаль, неабходна вырашаць адначасова. Цэлае пакаленьне ў наш час вырасла з “ура-патрыятычнымі” лозунгамі, не заснаванымі на нацыянальным грунце. Калі ў гэткім жа духу будзе расьці і наступнае пакаленьне, то пабудова беларускай нацыянальнай дзяржавы будзе вельмі запаволенай.
Peter Murzonak: Belarusian national idea at the beginning and at the end of the twentieth century
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, March 2017, issue 17, pp. 13-35)
In the last century there were two historical events that directly influenced the formation of the Belarusian nation. Both events were associated with the collapse of the empires, in 1917 – the Russian Empire, in 1990 – the USSR. The article deals with comparative aspects of the approaches in the implementation of the national idea carried out by conscious national forces in the years that immediately followed after the two historical events. Despite the relative conventionality of the plot proposed the analysis finds a number of similarities in both periods, which include a great desire in the realization of the national idea in favorable historical conditions created, and, at the same time, the lack of an overall strategy and unity in the approaches to the solution of the national idea, as well as a non-critical support for it by the Belarusian population. Shortcomings that have occurred in both historical periods are visible via incomplete national construction, and they continue to exist in a chronic form in the environment of national forces today.
Спасылкі
[1] С. Навумчык, З. Пазьняк. Дэпутаты незалежнасці. Нью-Ёрк, Вільня, Варшава, 2010.
[2] К. Езавітаў Першы Ўсебеларускі з’езд. Беларуская мінуўшчына. №1, с.25-29.
[3] Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. – Мінск, 2003. – С. 200
[4] З.Пазьняк Сэсія незалежнасці. Варшава-Нью-Ёрк-Вільня. 2011. 376 с.
[5] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с. 129-130.
[6] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с. 132.
[7] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с. 137; с.157-158.
[8] Сташкевіч, М. С. Беларуская партыя сацыяліста-федэралістаў / М. С. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-074-2. — С. 397—398.
[9] Сідарэвіч, А. М. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя. Там жа. С. 408—409.
[10] А. Чернякевич Польша и идея белорусской государственности в период польско-советской войны. 1919-1920 годагода Деды, №10, 2012, с. 118-128.
[11] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.530-536.
[12] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.541.
[13] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.543-544.
[14] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.581-582.
[15] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.600.
[16] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.622-623.
[17] А. Чарнякевіч. Аляксандр Бахановіч. Дырэкторыя па-беларуску. «Беларускі партызан», 17 лютага 2016 года
[18] Справаздача консула БНР у Адэсе С. Некрашэвіча. Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.547-553.
[19] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.655-662.
[20] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.666.
[21] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.743.
[22] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.646.
[23] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.671.
[24] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.692.
[25] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.738.
[26] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.814-815.
[27] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.845-846.
[28] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.749, 757.
[29] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.782-784, 786-790.
[30] Документы внешней политики СССР. М., 1959. Т.III. С. 29—30.
[31] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.818-831-832.
[32] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.835.
[33] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.818-820.
[34] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.846-847.
[35] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 1, с.740-741.
[36] Архівы БНР. Пад рэд. С. Шупы. 1998, Том І, Кніга 2, с.953-955.
[37] Ю. Александрэнкаў Сем гадоў Адраджэньня … Фрагменты гісторыі. Палітычная сфера. №8, 2007, с.119-122.
[38] Titarenko L. Post-Soviet National Identity: Belarusian Approaches and Paradoxes. Filosofija. Sociologija. 2007. T. 18, #4. p.86.
Categories: Асьвета, Гісторыя, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ