Пётра Мурзёнак
Прадмова да 18-га нумара часопіса “Культура, Нацыя”, чэрвень 2017
Дарагія чытачы!
Пасьля Дня Волі-2017 атмасфера несвабоды для беларускай нацыі значна згусцілася. Брутальнымі затрыманьнямі ўдзельнікаў, якія зьбіраліся на сьвята, справа не скончылася. Былі арыштаваныя больш 30 чалавек па так званай справе «Белага легіёна». Відавочна, што на радзіме, з дапамогай прышэльцаў, выціскаецца апошняе беларускае з паступовым уплятаньнем краіны ў «рускі мір». Падобна на тое, што шмат людзей у антынацыянальным урадзе абараняюць пазіцыі, якія падзяляюць погляды датычныя не да беларускіх інтарэсаў, а да інтарэсаў Прыднястроўя, Пензенскай губерні, «нашага Крыма». У Мінску пастаўлены помнік бязлікаму паліцэйскаму часоў імперскай Расіі, пад Брэстам высадзіліся расійскія дэсантнікі, якія з беларусамі і чамусьці з сербамі, спрабуюць ваяваць з умоўнымі тэрарыстамі, міністр замежных спраў Расіі сп. Лаўроў заяўляе ў Маскве ў пачатку чэрвеня 2017 года аб увядзеньні сумесных віз на тэрыторыі Беларусі і Расіі, наперадзе чакаюцца вялікія вайсковыя манёўры расійскіх войск на тэрыторыі Беларусі. Пад уплывам маскоўскай і мясцовай прапаганды больш за 60% насельніцтва Беларусі, па звестках лабараторыі Вардамацкага, схільны да саюза з Расіяй … Спіс можна падоўжыць. Аднак, ён будзе сьведчыць толькі аб паступовым уцягваньні Беларусі, у якасьці поўнасьцю залежнай калоніі, у склад Расіі.
Паступовая здача нацыянальных інтарэсаў, якая праводзіцца апошнія 20 год, ставіць пад пагрозу суверэнітэт і незалежнасць беларускай дзяржавы. Тая рыторыка, якую можна пачуць ад міністра замежных спраў краіны, сп. Макея, адносна балансаваньня зьнешняй палітыкі пры адначасовым прызнаньні прыярытэтным накірункам расійскі, нікога не павінна ўводзіць у зман. Падаецца, што адзіным выйсьцем для аўтарытарнага кіраўніцтва зберагчы ўладу можа быць правядзеньне канстытуцыйнага рэферэндума аб прызнаньні Беларусі нейтральнай дзяржавай. Правядзеньне такога рэферэндума падаецца мэтазгодным вядома ж не для таго, каб аўтарытарны рэжым выжыў – станоўчае галасаваньне на такім рэферэндуме пакідае маральны шанец беларусам для будаўніцтва нейтральнай, нацыянальнай дзяржавы.
Беларусам неабходна прыкласьці ўсе намаганьні каб у такіх складаных умовах зберагчы нацыянальную ідэнтычнасць і заняць сваё дастойнае і адрознае месца ў сьвеце.
НАС ЛЕГІЁНЫ
Белыя легіёны – сьветлыя душы,
Чужых батальёнаў – цёмныя тушы.
З чыстых памкненьняў героямі сталі,
Хлопцаў стальных зламаць вораг не ў стане.
Помыслы чыстыя, мукі сьвятыя
Адолеюць злобу засланцаў-батыяў.
Гуртуемся мірна – нас легіёны,
Крывіцкая праўда мацней батальёнаў.
– * – * – * – * –
18-ты нумар часопіса пачынаецца са «Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі». «Стратэгія» паступова дапаўняецца на прапановы беларусаў. Мы запрашаем чытачоў дасылаць свае водгукі і прапановы па паляпшэньню зьместу «Стратэгіі» на адрас: chasopis.sakavik@hotmail.com. Рэдакцыя часопіса просіць арганізацыі, якія ў асноўным згодны з палажэньнямі Стратэгіі, далучацца да выкананьня яе задач.
Рэдакцыя часопіса просіць зьвярнуць увагу на апытаньне пра нейтральнасць Беларусі, якое размешчана на нашым вэб-сайце www.sakavik.net ў раздзеле аб’явы. Нейтральнасць Беларусі з’яўляецца адным з вызначальных момантаў абмяркоўваемай «Стратэгіі». Будзем удзячны, калі вы знойдзеце пару хвілін, каб выказаць свае адносіны да магчымасьці нейтральнага стану Беларусі.
Сёлетні год адметны для Беларусі 500-гадовым юбілеем кнігадруку – Францыск Скарына ў 1517 годзе ў Празе упершыню выдаў кнігу на старабеларускай мове. Рэдакцыя плануе зьмясціць матэрыялы, прысвечаныя гэтай адметнай для беларускай нацыі даце ў наступным верасьнёўскім нумары часопіса “Культура, Нацыя”.
15-16 ліпеня 2017 года у Мінску пройдзе Сёмы з’езд беларусаў сьвету. Часопіс “Культура, Нацыя” шчыра вітае ўдзельнікаў сусьветнага форума, зычыць ім плённай працы і выказвае ўпэўненасць, што рашэньні, прынятыя на з’ездзе, у значнай ступені будуць спрыяць далейшаму станаўленьню і развіцьцю беларускай нацыянальнай дзяржавы.
Арыгінальныя матэрыялы часопіса пачынаюцца раздзелам “Краязнаўства”, які арганізаваўся дзякуючы даследчыкам Пастаўскага краю, сп. І. Пракаповічу і сп. В. Шышко. Рэдакцыя вельмі ўдзячна за іх удзел у працы часопіса. Сябры рэдакцыі лічуць, што чытачы з цікавасьцю пазнаёмяцца з гіпотэзай сп. Пракаповіча аб паходжаньні назвы мястэчка Мядзел, а таксама з думкамі сп. Шышко аб ролі краязнаўства ў станаўленьні нацыянальнай ідэнтычнасьці ў час глабалізацыі. У гэтым жа раздзеле прадстаўлены зьвесткі аб стане школьніцтва на Пастаўшчыне пасьля другой сусветнай вайны, прадстаўленыя сп. Пракаповічам.
У раздзеле “Канферэнцыі” публікуюцца матэрыялы, прадстаўленыя сябрамі Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе (БІНІМ) на штогодным кангрэсе Федэрацыі гуманітарных і сацыяльных навук Канады, які адбыўся 27 мая – 2 чэрвеня 2017 года ў Таронта. Усе даклады, зробленыя сябрамі БІНІМа на англійскай або беларускай мове, непасрэдна зьвязаныя з пытаньнямі жыцьця беларускай нацыі. Гэта і характарыстыка стану пратэстантызму ў гістарычным плане ў Беларусі (сп. Ю. Рапецкі), асэнсаваньне беларускай ідэнтычнасьці сярод прадстаўнікоў дыяспары (сп. М.-П. Сурвілла), сучаснае разуменьне ўзаемаадносін глабалізацыі і нацыянальнай ідэнтычнасцьці з гістарычнага пункту гледжаньня і з улікам “памежнасьці” беларускай дзяржавы і прыгнечанага стану беларускай мовы (сп. Г. Туміловіч), аналіз кнігі Р. Барадуліна “Каб толькі яўрэі былі! Кніга павагі і сяброўства!”, прысвечанай дабрачыннай шматвекавай гісторыі паміж хрысьціанскімі і яўрэйскімі беларусамі (сп. З. Гімпелевіч), аналіз дзейнасьці часопіса “Культура, Нацыя” ў 2012-2017 гг. (сп. Н. Баркар), вызначэньне месца ў класіфікацыі цывілізацый для усходнеславянскай, беларуска-украінскай цывілізацыі, як субцывілізацыі заходняй цывілізацыі (сп. П. Мурзёнак).
У раздзеле “Літаратура” зьмешчаны верш і невялікае апавяданьне сп. І. Пракаповіча. Рэдакцыя часопіса будзе вітаць матэрыялы іншых аўтараў з Беларусі ў гэтым раздзеле. Для ведама, беларускія аўтары замежжа маюць магчымасць публікаваць свае творы, вершы і прозу, у Альманаху “Беларус”, які выдаецца ў Н’ю-Ёрку (рэдактар, сп. М. Клакоцкі).
У разделе “Інтэрв’ю” часопіс “Культура, Нацыя” зьмяшчае поўны тэкст інтэрв’ю сп. Ю. Рапецкага, якое ён даў часопісу “Крыніца жыцьця”, дзе яно будзе надрукавана ў скарочаным выглядзе.
Рэдакцыя часопіса “Культура, Нацыя” шчыра віншуе свайго калегу, сп. С. Панізьніка, з 75-гадовым юбілеем і зычыць яму добрага здароў’я і далейшай плённай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны. У гэтым жа раздзеле “Юбілеі” мы публікуем падборку матэрыялаў, падрыхтаваных сп. С. Панізьнікам і прысьвечаных 80-годдзю сп. Ніне Дэбольскай, вядомаму перакладчыку вершаў беларускіх паэтаў.
У канцы часопіса зьмешчаны календар важнейшых дат гэтага года.
Прыемнага чытаньня.
Рэдактар часопіса,
Пётра Мурзёнак
Categories: Слова рэдактара
Пакінуць адказ