Ігар Пракаповіч: Верш. Апавяданьне “Лясны брат”. Часопіс “Культура, Нацыя”, №18, чэрвень 2017, с. 92-93.

 

logo for chasopis

Ігар Пракаповіч:  Верш. Апавяданьне “Лясны брат”.

 

***

Пагавары са мной на мове,

На нашай роднай, не чужой.

Адчуеш ты – у кожным слове

Душа яднаецца з душой.

І сэрца сэрцу адкрывае

Свае духоўныя сады –

Там салаўіны хор спявае,

Там смак крынічнае вады.

Там рэха продкаў прамаўляе

Малітвы светлыя здалёк,

Нібыта нас благаслаўляе

На добры шлях, на лёгкі крок.

У словах тых – надзеі нашы,

І нашы мары пра жыццё.

Калі мы з мовай – нас не страшыць

Ні гвалт, ні мор, ні забыццё.

…Пагавары са мной на мове,

Забудзь на час пра “языкі”.

Няхай гучаць у кожным слове

І продкі нашы, і вякі!

…………………………………………………………………………………………………………………………………………….

 

Ігар Пракаповіч: Лясны брат

Было тое даўно, адразу пасля вайны. Прыехаў у нашу вёску фінагент людзей на пазычку падпісваць, ці то мо падаткі збіраць – зараз ужо дакладна і не прыпомню. А вёска пры лесе, пры вялікай Варапаеўскай дачы, стаіць. А там, у тым лесе, лясныя браты хаваліся. Тыя партызаны, што супраць саветаў. Забілі яны некалькі агітатараў-камуністаў, таму агенты розныя да нас наведвацца пабойваліся. А вось гэты не забаяўся, хоць, пэўна ж, меў страх у сярэдзіне. Але віду не падаваў.

Дык вось, ідзе ён нашай вёскай: скуранка, капялюшык, сумачка пад пахаю. А насустрач яму – стары Падгайскі. Яму тады гадоў пад семдзесят было: высокі, цыбаты, у даўгім паношаным польскім плашчы, падперазаны салдацкім рэменем з кукардай, у добра-такі падраных ботах…

Вось яны сышліся, параўняліся. Павіталіся. Агент прыкінуў, што стары – чалавек бясшкодны, лаўтух, ды і пачаў яго ўгаворваць падпісацца на пазыку.

Падгайскі стаяў, слухаў, моршчыў твар (звычка ў яго такая была), а потым паволі пачаў рукой адхінаць левае крысо свайго даўгога плашча. Агент заўважыў гэты рух, зірнуў і – адразу анямеў. Рука старога Падгайскага гэтак жа павольна расшпільвала раменьчык пісталетнай кабуры, якая вісела на пасе пад плашчом.

Нямая сцэна доўжылася імгненне. Агент кінуў на зямлю сваю сумачку, развярнуўся ды што было моцы кінуўся бегчы.

З-пад ног разлятаўся то жвір, то гразь з лужын. Ён бег задыхаючыся, баючыся азірнуцца, у напружаным чаканні стрэлу за спіной. Але ніхто не страляў ды і не гнаўся за ім.

– Гэй, каго ты спалохаўся? – пачуўся ззаду голас старога. – Я ж толькі прыкурыць хацеў.

Агент спыніўся. Азірнуўся.

Стары Падгайскі дастаў з кабуры люльку, набіў яе табакай, і, смачна закурыўшы, пусціў у паветра духмяныя кольцы дыму…

 ……………………………………………………………………………………………………………………………..

 

Igar Prakapovich: Poem. Short story “The forest Brother”

(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, June 2017, issue 18, pp.9293)

The poem and short story by I. Prakapovich are published.



Categories: Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: