Ігар Пракаповіч: Школьніцтва на Пастаўшчыне ў пасляваенны час. Часопіс “Культура, Нацыя”, №18, чэрвень 2017, с. 33-34.

logo for chasopis

Ігар Пракаповіч: Школьніцтва на Пастаўшчыне ў пасляваенны час

Пракаповіч Ігар Міхайлавіч, настаўнік геаграфіі вышэйшай катэгорыі ДУА “Пастаўская гімназія”.

Летам 1944 года Пастаўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ўвосень пачаліся заняткі ў школах. Якім ён быў, той першы пасляваенны вучэбны год? Цікавыя звесткі пра тагачаснае школьніцтва ў нашым краі знаходзяцца ў Глыбоцкім занальным архіве. Там захоўваюцца справаздачы загадчыка аддзела народнай адукацыі Ставіцкага за 1 красавіка 1945 года і больш позні час, у якіх падаецца даволі падрабязная характарыстыка навучальнага працэсу за першыя тры чвэрці пасляваеннага года. Варта зазначыць, што на той час Пастаўскі раён меў меншыя памеры, чым зараз: у яго склад не ўваходзіла ўсходняя частка – Варапаеўшчына.

На пачатак навучальнага года ў раёне налічвалася 77 школ: 72 пачатковыя, 4 няпоўныя сярэднія і адна сярэдняя. У іх займалася 5570 вучняў. На канец ІІІ чвэрці колькасць школ павялічылася на 5, а вучняў – больш, чым на 200 чалавек.

У пасляваенны час шкаляроў навучалі 152 настаўнікі, сярод якіх з вышэйшай адукацыяй было толькі 5, з незакончанай вышэйшай – 13, з сярэдняй педагагічнай – 64, з агульнай сярэдняй – 12, з незакончанай сярэдняй – 59. Значную частку педагагічных кадраў складалі выхадцы з усходніх раёнаў Беларусі і з Расіі. Але настаўнікаў у школах не хапала. Сітуацыя ўскладнялася тым, што паводле дамовы паміж БССР і Польшчай палякі мелі магчымасць выехаць з Пастаўшчыны на этнічную радзіму. На выезд у Польшчу запісалася 11 настаўнікаў, з якіх на 1 чэрвеня 1945 года выехала 9 чалавек.

Нізкі ўзровень кваліфікацыі значнай часткі педагагічных кадраў спрабавалі павысіць шляхам залічэння ўсіх настаўнікаў, якія не мелі закончанай сярэдняй адукацыі (59 чал.) на завочнае аддзяленне Пастаўскага педагагічнага вучылішча. Але недахоп падручнікаў стрымліваў працэс навучання.

На тэрыторыі раёна былі арганізаваны таксама так званыя “нядзельныя” школы ў Паставах, Лынтупах, Камаях, Пятрагах, дзе настаўнікі мелі магчымасць павышаць свае веды па рускай і беларускай мовах, а таксама вывучалі “книгу тов. Сталина “Великая Отечественная война Советского народа” и краткий курс ВКП(б)”.

Штат раённага аддзела народнай адукацыі складаўся на той час з 4 чалавек: загадчык райана, загадчык педкабінета і два школьныя інспектары. Акрамя іх дапамогу ў арганізацыі навучальнага працэсу аказвалі 15 грамадскіх інспектараў з ліку найбольш вопытных настаўнікаў; дзейнічала 12 метадычных аб’яднанняў.

З 82 школ толькі 38 знаходзілася ў дзяржаўных будынках, астатнія – у прыстасаваных гаспадарчых кватэрах. На канец года з пустых хат і з хат, якія засталіся пасля выехаўшых у Польшчу, было падабрана пад школы яшчэ 18 будынкаў. Ва ўсіх школах не хапала падручнікаў, але ўсім навучальным установам і настаўнікам былі выдзелены прышкольныя ўчасткі і агароды.

Санітарны стан устаноў адукацыі ацэньваўся як здавальняючы, за выключэннем тых школ, якія размяшчаліся ў гаспадарскіх дамах. З прычыны тыфу вясной была зачынена на каранцін Навасёлкаўская школа.

Паспяховасць вучняў па раёне за першую чвэрць дасягала 81,7 %. Былі праведзены дзве мастацкія (“художественные”) алімпіяды: раённая і міжраённая. Першыя месцы занялі дзіцячы дом у Паставах, руская НСШ, педвучылішча і сярэдняя школа. У Пастаўскім дзіцячым доме знаходзілася 82 хлопчыкі і дзяўчынкі, у планах значылася адкрыццё дзіцячага дома на 300 чалавек.

Развівалася і сетка асветных устаноў. Было адчынена 19 хат-чытальняў, у якіх мелася па 250-300 кніг, што недастаткова. Гарадская бібліятэка таксама не магла пахваліцца вялікім кнігазборам: яе паліцы змяшчалі 600-700 экзэмпляраў друкаваных выданняў.

У вельмі складаным становішчы знаходзіліся ў той час настаўнікі. Як паведамляў загадчык райана Ставіцкі, “учителя ничего не получают за исключением хлеба, несмотря на то, что каждый учитель имеет на руках промтоварные и другие карточки. Даже на протяжении 3-х месяцев учителя ни грамма не получили соли. Прошу облоно уделить внимание в отношении снабжения учителей». ..

Крыніца: Занальны дзяржаўны архіў г. Глыбокае. Отдел образования Поставского районного исполнительного комитета,  г. Поставы Витебской области.  Ф. 1200, 500 ед.хр., 1944-1999 гг.

 

………………………………………………………………………………………………………………………………………….

Igar Prakapovich: Schools and education in Pastavy region after World War II (Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, June 2017, issue 18, pp.33-34)

The information on the status of schools and education in Pastavy region after World War II is presented.



Categories: Асьвета, Культура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: