Інтэрв’ю
Часопіс “Культура, Нацыя” зьмяшчае поўны тэкст інтэрв’ю сп. Ю. Рапецкага, якое ён даў часопісу “Крыніца жыцьця”, дзе яно будзе надрукавана ў скарочаным выглядзе.
Пісьмо ад Ю. Рапецкага ад 5 мая 2017 года
Надоечы атрымаў апытальнік ад рэдактара часопісу, што выдаецца Саюзам цэркваў эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў у Беларусі. Часопіс выходзіць 6 разоў у год і называецца “Крыніца жыцьця”. Хоць назва беларуская, 99 адсоткаў матэрыялаў у часопісе расейскамоўныя. Час ад часу нешта зьяўвіцца на беларускай мове, але гэта даволі рэдка. Напэўна з тае прычыны, што ў гэтым годзе сьвяткуецца 500-годзьде выданьня скарынавай Бібліі ў беларускім перакладзе, нашыя субраты па веры таксама рашылі нешта напісаць пра гэта і пра сучасныя беларускія пераклады Бібліі. З тае прычыны, што я прыняў удзел у выданьні Новага Запавету з Псальмамі і цэлай Бібліі ў беларускім перакладзе Сёмухі, рэдактар прыслаў мне апытальнік, у якім ставіць мне пытаньні пра мой удзел у гэтым праекце і іншых справах. Я выслаў яму файл, які далучаю да гэтага і-мейла, з тою надзеяю, што вы таксама магчыма і зацікавіцеся маімі адказамі. З таго часу рэдактар прыслаў мне адрэдагаваны тэкст, які прыйшоў ў скарочаным выглядзе, але я высылаю вам мой першы тэкст. Думаецца, што той скарочаны тэкст рэдактар зьмесьціць у будучым выпуску КЖ. Спадзяюся, што мае адказы запоўняць невядомую вам інфармацыю пра мяне і маю жыцьцёвую працу на беларускай мове. Усяго найлепшага вам! ЮР
Пытанні да Юрыя Рапецкага
Як Вы хочаце, каб мы пісалі Ваша імя і прозвішча?
Афіцыйна па германскай метрыцы: Georg Repecki; па-расейску – Репецкий Георгий Яковлевич; па-беларуску (і тарашкевіцай) – Юры Рапецкі, наркамаўкай – “Юрый” Рапецкі. Самая любімую мне форма як па-беларуску. Па-ангельску пішацца George Repetski. (Каб чыста па-беларуску, то імя “Юрка” – падобна да “Янкі” Купалы, напрыклад – калісьці лічылася зусім нарматыўным для ўзрослага мужчыны, але нажаль пад уплывам расейцаў і расейскай мовы гэта цяпер лічыцца дзіцячай формай, таму мне найлепш падабаецца імя Юры. Для мяне імя Георгій не славянскага паходжаньня, таму мне лепш гучыць і падабаецца форма “Юры”).
Калі і дзе нарадзіліся?
Нарадзіўся 1-га сакавіка 1946 году ў горадзе Ганновер, Нямеччына.
Дзе і калі вучыліся?
Я прайшоў канадзкую адукацыю, што значыць, 8 класаў ніжэйшай школы (па-ангельску: elementaryschool) і 4 гады сярэдняй (па-ангельску: highschool). Потым вучыўся 4 гады ў Саскачаванскім унівэрсытэце (University of Saskatchewan) у горадзе Саскатун (Saskatoon). Рыхтаваўся стаць настаўнікам біялёгіі (што ня сталася), але таксама зацікавіўся курсамі па расейскай мове і літаратуры і Савецкім Саюзе; праслухаў і здаў экзамены па некалькіх курсах (таксама праслухаў адзін курс па ўкраінскай мове). Атрымаў Ступень бакалаўра. Затым перайшоў на вучобу да Альберцкага унівэрсытэту (University of Alberta) ў горадзе Эдмантан (Edmonton). Займаўся там жа 2 гады. Праслухаў некалькі курсаў і здаў экзамены па расейскай літаратуры ды напісаў дысэртацыю на ангельскай мове пад назваю “Changing Attitudes Towards the Peasantry in Russian Literature (as Reflected in the Works of Turgenev, Leskov, Uspenskii, Chekhov and Bunin)” (Перамена стаўленьня да сялянства ў расейскай літаратуры згодны з тым, як гэта паказана ў творах Тургенева, Ляскова, Успенскага, Чэхава і Буніна). Атрымаў Ступень магістра па расейскай літаратуры. У 1971 годзе мы з жонкай перабраліся ў Таронта і далучыліся да хрысьціянскай місіі Toronto Christian Mission, дзе я займаўся хрысьціянскай працай разам зь беларускім братам Гукам Іванам Каленікавічам, але ўпачатку мы зь ім працавалі і рыхтавалі эвангельскія матэрыялы толькі на расейскай мове. Будучы ў Таронце, я пазнаёміўся зь беларускім спадарствам Валянтынай і Міхалам Пашкевічамі. Спадарыня Валянтына Пашкевіч была настаўніцай беларускай мовы і напісала падручнік па беларускай мове (паводле тарашкевіцы). Я прайшоў ейны курс па беларускай мове згодна з падручнікам і тут жа пачаў пісаць і зачытваць беларускія казаньні.
Калі прыйшлі да Бога і хрысціліся?
Зь дзяцінства я чуў пра Бога, Хрыста, іншых біблійных персанажаў і хрысьціянскія дактрыны ад бацькоў, якія былі евангельскімі веруючымі. Гэта паклала аснову для мяне, каб думаць пра сваю патрэбу ў дараваньні грахоў і збаўленьні. Мне было дванаццаць гадоў, калі бацькі паслалі мяне з брацікам да летняга дзіцячага лягеру, што праводзілася царкоўнаю арганізацыяй, зьвязанай з той англамоўнай эвангельскай царквой, куды мы хлопцы зь сястрой хадзілі (бацькі працягвалі адведваць славянскія эвангельскія цэрквы). Падчас таго лягеру нас заклікалі да каяньня і ўвераваньня ды прыняцьця Ісуса Хрыста сваім асабістым Збаўцам і Госпадам-Уладаром. З дапамогай майго душаапекуна я пакаяўся і прыняў Хрыста. Два гады пазьней я прыняў воднае хрышчэньне па веры ў той англамоўнай царкве, куды мы з братам і сястрой хадзілі.
Калі ўступілі у брак?
Мы з жонкай (яе завуць Люсіль) уступілі ў шлюбнае жыцьцё 28 жніўня 1968 году.
Колькі у Вас ёсць дзяцей і унукаў?
Бог даў нам двух хлапцоў. Старэйшы (Цімафей) нарадзіўся ў 1975 годзе, маладейшы (Іян) ў 1978 годзе. Яны абодва пажаніліся. У старэйшага трое дзяўчат, у маладзейшага двое сыноў і дочка.
Дзе і калі працавалі?
Увосені 1971 году па заканчэньні заняткаў у Альберцкім унівэрсытэце з Эдмантана мы перабраліся ў Таронта. Я далучыўся да Таронтаўскай Хрысьціянскай Місіі, жонка да мясцовага шпіталю, дзе ў інстытуце для падрыхтоўкі медсясьцёр выкладала і даглядала студэнтак-медсясьцёр. У той час наш сямейны сябар Іван Гук (беларус з Пінска) супрацоўнічаў з таронтаўскай місіяй і яны з дырэктарам запрасілі мяне далучыцца. У 1976 годзе тая місія перабралася ў ЗША, таму мы з братам Гукам і іншымі супрацоўнікамі, якія засталіся ў Таронце, заснавалі сваю місію пад назваю Глабальнае Місіянэрскае Радыёслужэньне, што пазьней перайменавалася на Глабальнае Місіянэрскае Служэньне. Я супрацоўнічаў з гэтай місіяй да канца лютага 2009 году. Абедзьве гэтыя місіі накіроўвалі духоўную службу народам, што знаходзіліся, як раней казалі, за “жалезнай заслонай”.
Якую пасаду займаеце зараз?
Сёньня мы з жонкай зьяўляемся пэнсіянэрамі, хоць занятыя духоўнай працай. Служым ў канадыйскай царкве, куды мы ходзім. Я ў складзе царкоўнай рады старэйшынаў. Мы з жонкай адведваем людзей, зьвязаных з нашай царквой, чуем іхнія гісторыі, молімся зь імі і за іх, нават праводзім зь імі Вячэру Гасподнюю, калі яны ня могуць прыходзіць на набажэнствы. Жонка служыць у царкоўнай праграме для бязмужных жанчын, якія маюць дзяцей. Я працягваю пісаць духоўныя казаньні на беларускай мове, што высылаю Беларускай рэдакцыі Транс Сусьветнага Радыя ў Берасьці і рэдакцыі “Крыніцы жыцьця” ў Кобрыне. Мае вусныя казаньні кладуцца на вэбстаронку КЖ, таксама некаторыя кнігі. Зацікаўленыя могуць кампутарам пайсьці туды, каб праслухаць і прачытаць тыя матэрыялы.
Калі ласка, Юры, коратка раскажыце калі ўпершыню Вы пазнаёміліся з Бібліяй? Ці памятаеце у якой вокладцы яна была, ці былі там малюнкі, на якой мове яна была надрукавана?
Першая Біблія, якую я ўбачыў, належала бацьку. Яна мела чорную вокладку, зробленую з скуры. Ніякіх малюнкаў у ёй не было. Гэта была расейская Біблія. Памятаю, што тата чытаў зь яе нам і растлумачваў тыя рэчы, якія былі нам незразумелыя. Удома мы размаўлялі па-беларуску і некаторыя словы ў расейскай Бібліі былі незразумелыя нам. Пазьней толькі ён атрымаў беларускі Новы Запавет з Псальмамі, але ўжо ў той час мы дзеці адведвалі англамоўную царкву і самі чыталі ангельскія пераклады Бібліі. Першыя гады ў Канадзе мы пражылі на стэпе з тае прычыны, што тата працаваў на чыгунцы і мы жылі ў доме каля яе. У той час ня мелі ніякага аўтамабіля, таму ў нядзелю нікуды не адпраўляліся на багаслужбу. Тата з мамай праводзілі сямейную багаслужбу ў хаце. Чыталі ўрыўкі зь Бібліі, сьпявалі духоўныя песьні (у большасьці расейскія) і яны вучылі нас, як іх сьпяваць, ды маліліся ў нашай прысутнасьці. Толькі пазьней, калі тата знайшоў іншую працу ў горадзе Саскатун, мы перабраліся туды, і там жа я ўбачыў Біблію з малюнкамі для дзяцей, але гэта было на ангельскай мове. З дапамогай адной веруючай украінкай, якая жыла ў нашым мікрараёне, якая пазнаёмілася з нашай сям’ёй, мы дзеці пачалі хадзіць у канадыйскую англамоўную царкву. У мясцовай расейска-украінскай баптысцкай царкве, куды хадзілі бацькі, ніякай моладзі не было, таму бацькі папрасілі ўкраінскую сястру нас браць з сабой да англамоўнай царквы. Ужо там жа ў нядзельнай школе і на набажэнствах мы чыталі і чулі Слова Божае ў ангельскім перакладзе.
Што менавіта Вы ўпершыню запамяталі з Бібліі?
Будучы хлопчыкам, я запамятаў тыя расказы пра Абрагама, Язэпа і маладога Давіда, калі ён змагаўся і перамог над волатам Галіяфам. Тата ня толькі чытаў нам гэтыя гісторыі, але таксама паўторна сваімі словамі расказваў іх.
Ці памятаеце калі у першы раз Вы прачыталі Біблію?
Калі не памыляюся, я першы раз прачытаў усю Біблію, калі быў падлеткам. Я быў актыўны ў хрысьціянскім клюбе для хлопцаў і хадзіў на сустрэчы моладзі нашай царквы, дзе чуў параду старацца перачытваць усю Біблію. У тыя гады ўпершыню прачытаў усю Біблію
Якую кнігу Бібліі Вы любілі у сваім юнацтве і чаму?
У юнацтве мне найболей падабалася кніга Быцьцё з тае прычыны, што ўсе расказы былі мне зразумелыя і цікавыя, асабліва тое, што пісалася пра Язэпа і ягонае нязвыклае жыцьцё.
На якой мове дома размаўлялі Вашыя бацькі і чаму?
Удома бацькі размаўлялі з намі ў асноўным па-беларуску, хоць цяпер можа мы б казалі, што гаварылі “трасянкай”, але нашая трасянка была бліжэй да беларускай, чымся да расейскай. Мама вырасла ў вёсцы недалёка ад Моўчадзі, дзе людзі гаварылі пераважна па-беларуску, і ейнае вымаўленьне было чыстае цэнтральна-беларускае. Тата вырас у вёсцы недалёка ад Пінска і ён мог гаварыць тою паляшуцкай мовай, але ён пазьней пазнаёміўся зь літаратурнай беларускай мовай і перайшоў на яе, калі служыў духоўным працоўнікам да і падчас апошняй вайны ў Беларусі. Ужо ў сям’і ён ў асноўным размаўляў з намі па-беларуску. У нашым доме пераважала беларуская мова, такія словы прыкладам як: ізноў, сьлізка, рабіць, праца, цяжка (яўныя дзеканьне і цеканьне пераважалі ў вымаўленьні), шкадаваць, палохаць, псавацца і г. д. Бацька, памятаю, часта прыгадваў нам дзецям, што мы “беларусы”, не расейцы або рускія. Павінен сказаць, што першая мова для мяне была беларуская, якая адрозьнівалася ад іншых славянскіх моваў. І я гэта заўважыў яшчэ ў маладосьці. Нават да сёньняшняга дня беларуская мова для мяне аказваецца самай прыгожай.
Калі Вы пачалі сваю працу праз радыё і хто Вас паклікаў да гэтай працы?
Калі я вучыўся ў Альберцкім унівэрсытэце ў горадзе Эдмантан, брат Іван Гук (добры сябра майго бацькі, калі яны зналі адзін аднаго ды юнакамі служылі ў Пінскай Царкве эвангельскіх хрысьціян ў 1920-ых гадох) супрацоўнічаў з Таронтаўскай Хрысьціянскай Місіяй. Ён ведаў, што вучоба для мяне закончыцца і я думаў аб тым, што рабіць далей. Ён напісаў мне ліст, у якім растлумачыў, што ён пагаварыў з дырэктарам ТХМ, Джынам Дуліным, і расказаў яму пра мяне. Яны шукалі маладзейшага супрацоўніка з веданьнем расейскай мовы і рашылі запрасіць мяне з жонкай адведаць іх і абмеркаваць пытаньне аб нашай магчымай супольнай працы зь імі. Мы паляцелі туды, сустрэліся з братам Гукам і дырэктарам місіі і пасьля размовы зь імі і малітвы прыйшлі да высновы, што я далучуся да іх і мы будзем разам супрацоўнічаць.
Брат Гук добра валодаў расейскай мовай і ў той час пісаў і зачытваў духоўныя казаньні на расейскай мове, якія запісваліся на электронныя стужкі ды высылаліся да радыёстанцыі як у Монтэ Карла, гэтаксама і да станцыі ў Філіпінах і ў Алясцы. Да таго ж, ён рэдагаваў часопіс “Хрысьціянін”, які высылаўся нашым усходне-славянскім субратам і сёстрам па веры ў розных краінах. Я пачаў таксама пісаць казаньні на расейскай мове і даваў іх брату Гуку на праверку, потым час ад часу зачытваў для радыёпраграмы, якую нашая місія рыхтавала і высылала радыёстанцыям. Некалькі гадоў пазьней я пачаў рыхтаваць сваю праграму, што называлася “На крыльях размышлений”, якую мы высылалі да Транс Сусьветнага Радыё ў Монтэ Карла. Апрача таго, пры канцы 1980-ых гадоў мы з татам пачалі беларускамоўную эвангельскую перадачу пад назваю “Добрая вестка”. Праграму мы адпраўлялі да Транс Сусьветнага Радыё ў Монтэ Карла, што і вяшчалася больш за 10 гадоў і накіроўвалася на Беларусь. Мы разам з татам пісалі і зачытвалі беларускія казаньні і дабаўлялі беларускія духоўныя песьні.
Адкрылася для мяне новая магчымасьць высылаць казаньні дырэктару праграмы “Для веруючых і няверуючых” ў 1990-ых гадох, што трывала 4 гады. Калі закрылася для мяне гэтая магчымасьць, я пачаў дзяліцца сваімі вуснымі казаньнямі зь беларускай рэдакцыяй Транс Сусьветнага Радыё ў Берасьці, што працяваю рабіць і да сёньняшняга дня. Яны карыстаюцца казаньнямі пры нагодзе, за што я вельмі ўдзячны ім. Таксама ўжо некалькі гадоў запар я высылаю свае вусныя казаньні рэдакцыі “Крыніцы жыцьця”, якая адкрыла для мяне вэбстаронку, куды ўкладаюць апошнія мае казаньні. Таксама там жа зьмясьцілі некаторыя літаратурныя матэрыялы, мною напісаныя. Той, хто хоча, можа пайсьці туды праз інтарнэт, каб або паслухаць казаньні, або прачытаць літаратуру, або нават тыя матэрыялы спампаваць на свой кампутар. Рэдкалегіям Транс Сусьветнага Радыё і “Крыніцы жыцьця” я вельмі ўдзячны за супрацоўніцтва.
Мы ведаем, што Вы супрацоўнічалі з былым атэістам на беларускім радыё Юрыям Ермалюком. Чаму Вы вырашылі гэта зрабіць, ня гледзячы на тое, што ён шмат чаго дрэннага зрабіў для веруючых?
У 1989 годзе мне пазваніў зь Беларусі ў Таронта брат Аляксандар Фірысюк і паведаміў, што дарога для мяне адкрытая, каб ізноў прыяжджаць і адведваць беларускія цэрквы ЕХБ. Я паляцеў у Менск і мы з братам Іванам Букатым, старэйшым прасьвітарам Саюза цэркваў ЕХБ, адведалі некалькі цэркваў, дзе я выступаў па-беларуску. Дырэктар праграмы “Для веруючых і няверуючых” Юрый Ермалюк пачуў пра мяне, думаецца, цераз брата Букатага, і ён папрасіў інтэрвью у мяне, на што я згадзіўся. Спадар Ермалюк прыйшоў запісаць інтэрвью са мною ў менскім малітоўным доме, што сёньня называецца “Галгофа”. У хуткім часе пасьля таго, як я вярнуўся дадому, ён напісаў мне ліст, у якім растлумачыў, што двойчы пусьціў інтэрвью са мною і атрымаў некалькі лістоў ухвяленьня. Ён даў мне прапанову, просячы, каб я рыхтаваў і высылаў яму штотыдзень 10-хвілінае духоўнае казаньне пра вучэньне Бібліі на беларускай мове з абяцаньнем, што будзе пускаць мае казаньні падчас сваёй радыёпраграмы. Тут жа ён дадаў: “Калі Бог існуе, то я хачу адплаціцца перад Ім і даць веруючым магчымасьць расказаць людзям пра сваю веру”. Напэўна новыя ўмовы грамадзтва перамянілі яго ў стаўленьні да веруючых. Пра тое, што ён шмат дрэннага зрабіў супроць веруючых я толькі пачуў пазьней. Адно, што стаяла перада мною, – магчымасьць выступаць перад беларусамі па галоўным радыёканале з Дабравесьцем Хрыстовым. І не шкадую, што так зрабіў. Ня раз падыходзілі людзі да мяне і казалі, што ўпершыню пачулі Дабравесьце Хрыстова, слухаючы праграму “Для веруючых і няверуючых” пасьля таго, як дырэктар дапускаў мне і іншым чытаць біблійныя казаньні. Я ўспрыняў гэтую магчымасьць як дар, дадзены мне самім жа Богам.
Колькі гадоў Вашы радыёказанні перадаваліся праз першы беларускі радыё канал?
Калі я не памыляюся, мае беларускія біблійныя казаньні чуліся кожную суботу ў праграме “Для веруючых і няверуючых” з 1990 да 1994-га году.
Як сталася так, што Вы сталі супрацоўнічаць з Васілём Сёмухай дзеля перакладу Бібліі на беларускую мову?
Аднаго дня (не памятаю дакладна самога ж году, але напэўна калісьці к канцу 1980-ых гадоў) пазваніў мне Уладыка Мікалай, мітрапаліт і сьвятар мясцовай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, і паведаміў, што атрымаў ад знакамітага перакладчыка клясічнай літаратуры, Васіля Сёмухі, зь Менску машынапісны асобнік ягонага перакладу Новага Запавету і Кнігі псальмаў. Мікалай растлумачыў мне, што спадар Сёмуха шукае супрацоўнікаў, каб зрабіць макет беларускага Новага Запавету з псальмамі. Уладык Мікалай дадаў, што ён занадта заняты сваёю працай у сувязі з БАПЦ і ў яго проста не хапае часу, каб гэтай працай займацца. Тут жа ён задаў мне пытаньне: Юрка, ці ня мог бы ты гэтым займацца? Я пагадзіўся пад’ехаць да беларускага будынку ў Тароньце, дзе знаходзіцца БАПЦ і заля Згуртаваньня беларусы Канады, і пераглядзець тэкст. Паехаў і пабачыўся з Уладыкам ды пераглядзеў тэкст і сказаў яму, што я гатовы набіраць гэты тэкст, укласьці ў фармат кнігі і адпраўляць спадару Сёмуху тэксты асобных кнігаў Бібліі для праверкі. Я ўжо меў свой першы кампутар фірмы Макінтош і вучыўся, як карыстацца ім. Пачаў набіраць тэкст і рабіць макет зь яго. Як Уладыка Мікалай, так і я чытаў тэкст і мы давалі спадару Сёмуху свае прапановы, як з нашага пункту гледжаньня трэба тое ці сёе мяняць. Некаторыя прапановы ён прымаў, іншыя пакідаў у тым выглядзе, у якім ўпершюню перадаваў нам. Новы Запавет з псальмамі выйшаў у 1995 годзе з удзелам Арганізацыі беларусаў сусьвету “Бацькаўшчына”. За гэты час спадар Сёмуха ўжо сам карысаўся кампутарам і ён ужо пераклаў ды набраў тэкст Старога Запавету. Я гэта атрымаў на мяккіх кампутарных дысках ад Уладыкі Мікалая і гэтым разам мне ня трэба было набіраць кожную літару, а толькі ўстаўляць тэкст у макет. Гэта ўсё трывала прыблізна 10 гадоў. Калі нарэшце макет цэлага Старога Запавету быў закончаны, я адправіў файлы спадару Сёмуху, а ён паведаміў мне, што трэба было крыху перарабіць файлы, бо мае файлы пайшлі да яго ў фармаце, зробленым на кампутары Макінтош. Там яны пакуль карысталіся кампутарамі паводле фірмы АйБіЭм (IBM). Перарабілі і цэлая Біблія была выдадзеная ў 2002 годзе.
З якой мовы рабіўся пераклад Бібліі тады?
Мне было сказана, што спадар Сёмуха атрымаў даручэньне ад Праваслаўнай Царквы ў Беларусі перакласьці стараславянскі тэкст Бібліі на сучасную беларускую мову. Ён зрабіў пераклад Дабравесьця паводле Мацьвея і здаў камісіі Праваслаўнай Царквы, якая займалася пераглядам, але іхнія папраўкі зусім не спадабаліся спадару Сёмуху, бо чальцы камісіі перамянялі і выбіралі словы бліжэйшыя да расейскай мовы. З гэтым напэўна спадар Сёмуха не згаджаўся, таму і шукаў новых супрацоўнікаў і спонсараў. Праўда, спадар Сёмуха добра ведае нямецкую мову і ён, як я разумею, глядзеў у пераклад Бібліі, зроблены Лютэрам. Таксама ён глядзеў у іншыя славянскія мовы. Павінен сказаць, што шмат з таго, што я, ведаючы ангельскія пераклады, прапаноўваў яму, ён прымаў і укладваў у свой пераклад. Уладыка Мікалай таксама прапаноўваў нямала перамен, але як я разумею, большай часткі зь іх спадар Сёмуха не прыймаў.
Ці Вы памятаеце якім тыражом была выдадзена Біблія, перакладзеная Васілем Сёмухам, і ці Вы атрымлівалі якія-небудзь водгукі пра яе?
Тыраж выданьня Новага Запавету з псальмамі быў 5.700 асобнікаў. Тыраж поўнай Бібліі – 10.000 асобнікаў. Што тычыцца рэакцыі ад людзей, я толькі магу сказаць, што беларусы, якія любяць беларускую мову і хочуць ёю карыстацца, былі вельмі задаволены тым, што нарэшце зьявіўся пераклад поўнай Бібліі на сучасную беларускую мову. Многія казалі мне, што гэта іх моцна цешыць. І нават сёньня сьвядомыя беларусы, якія чуюць чытаньне Бібліі на сучаснай беларускай мове, выказваюць сваю задаволенасьць тым, што знайшліся людзі, якія паклапаціліся працай, каб выдаць беларускі пераклад Бібліі. І я цешуся з таго, што магу чытаць Гасподняе слова на маёй першай матчынай мове. Я лічу, што, прыняўшы ўдзел у гэтай справе, я часу не змарнаваў, бо няма нічога мілейшага за тое, каб чуць Гасподнія словы на матчынай мове.
Чаму на Ваш погляд так мала людзей ў Беларусі ўжываюць беларускую мову і чаму Вы лічыце, што царква павінна рабіць нешта каб папулізаваць родную мову? Ці гэта не нацыялізм, які прыводзіць да негатыўных вынікаў?
Чаму мала людзей ў Беларусі не карыстаюцца беларускай мовай? Таму, што ў большасьці выпадкаў у школе іх вучылі і яшчэ вучаць, карыстаючыся расейскай мовай. Шмат залежыць ад таго, на якой мове чалавек чуе школьныя лекцыі. Да таго ж, на якой мове людзі ў тваім атачэньні размаўляюць, на той жа і сам будзеш ты. Гэта таксама ідзе ад бацькоў. Калі бацькі размаўляюць у хаце па-расейску, то тое самае будзе паўтараць іхняе дзіця. Я лічу, што кіраўніцтва краіны Беларусі, асабліва ў аддзеле адукацыі, вырашае і выдзяляе, на якой мове будзе гаварыць насельніцтва. Я за тое, каб у беларускіх школах настаўнікі і настаўніцы выкладалі лекцыі па-беларуску, бо Беларусь – гэта калыска беларускай мовы. Беларусы маюць сваю дзяржаўнасьць і яна, як краіна і як народ, адрозьніваецца ад іншых народаў. Нават расейскамоўныя беларусы лічаць, што яны і іхні народ адрозьніваецца ад іншых і працягваюць называць сябе беларусамі. Чаму ж не адрозьнівацца ад іншых народаў моваю? Для мяне гэта нешта нарматыўнае. Праўда, застаўляць чалавека, які ня ведае беларускай мовы, ня трэба, але чым больш школьнікі будуць размаўляць зь першых класаў і далей, тым больш стануць і іншыя ў краіне. Паскорыць штучнымі тэмпамі гэты працэс ня трэба, але мала-памалу гэтую сітуацыю можна зьмяніць.
Ці царква павінна папулізаваць беларускую мову? Я таго погляду, што можна было б падахвочваць напрыклад сьпевакоў і хоры выконваць песьні ў цэрквах і на беларускай мове, даваць людзям магчымасьць выступаць зь беларускімі духоўнымі паэмамі і нават даваць тым, хто гатовы і здольны, прапаведаваць па-беларуску. Ізноў паўтараю, застаўляць ніхто ня можа і не павінен. У царкоўным служэньні мы славім Бога і гэта павінна займаць першае месца ў выказваньнях і казаньнях. Нам трэба заклікаць людзей да Бога, да Хрыста і хаджэньня ўсьлед за Ім. У гэтай справе, ці будзем мы рабіць гэта па-расейску або па-беларуску, гэта другараднае пытаньне, бо мы беларусы разумеем абедзьве мовы.
Ці гэта вядзе да нацыяналізму і адмоўных вынікаў? Усё залежыць ад таго, у якім духу мы гэта робім. Застаўляць нікога мы ня можам. Трэба даваць людзям свабоду карыстацца тою моваю, на якой ім хочацца гаварыць. Як хто хоча выказвацца і на якой мове – калі ласка! Але нічога дрэннага я ня бачу ў тым, што мне (і, думаецца, многім іншым у Беларусі) прыемна гаварыць зь людзьмі па-беларуску, чытаць беларускую Біблію і нават прапаведаваць па-беларуску, бо мая першая мова была і застаецца – беларуская. Яна мая матчына мова і я хачу чытаць Слова Божае і маліцца на ёй. Мне здаецца, што ёсьць нямала беларусаў, якія праяўляюць падобнае жаданьне.
Як і колькі Вы чытаеце Біблію?
Штодня, калі гэта магчыма. Хоць кароткі ўрывак, а іншым разам – доўгія ўрыўкі. Ва ўсім гэтым, каб пачуць голас і словы Госпада і паводле прачытанага і пачутага жыць.
Ці Ваша жонка і дзеці таксама любяць і чытаюць Біблію?
Так, жонка чытае для сябе і я чытаю для сябе. Але мы таксама разам чытаем Біблію і молімся. Нашыя сыны зь сем’ямі чытаюць Біблію, найчасьцей пасьля вячэры, як мы рабілі, калі хлопцы яшчэ жылі з намі.
Ці чыталі (чытаеце) Вы Біблію разам з дзяцьмі і унукамі?
Нашыя сыны жанатыя і ўжо маюць свае сем’і, але мы зь імі і іхнімі жонкамі прыйшлі да высновы, што кожны раз, калі мы усе разам зьбіраемся на сьвяты, напрыклад, або каб адсьвяткаваць дзень народзінаў, перад разьвітаньнем хтосьці з нас будзе мець на ўвазе асобнае месца зь Бібліі, якое ён або яна прачытае голасна і памоліцца за ўсіх нас. Так ужо робім некалькі год запар. І таксама бываюць тыя моманты, калі мы з унукамі і ўнучкамі сядзім ды чытаем зь Бібліі і зь імі молімся.
Што Вы можаце пажадаць чытачам нашага часопіса?
Зычу ўсім пазнаць Бога і Хрыста праз рэгулярнае чытаньне Бібліі. Гэта дае сапраўдны кірунак для жыцьця, паказвае нам, да чаго імкнуцца і чым займацца, маючы на ўвазе Гасподнюю волю для нас. Апостал Павал напісаў маладому супрацоўніку Цімафею: “Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрываньня, для выпраўленьня, для выхаваньня ў праведнасьці, каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны”. Госпадзе Божа, дапамажы кожнаму з нас зьвяртаць сур’ёзную ўвагу на Тваё Слова, чытаць яго і жыць згодна з Тваёй воляй для нас, што мы бачым на старонках Твайго сьвятога Слова.
Interview with Yu. Rapetski
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, June 2017, issue 18, pp.94-103)
The magazine “Culture, Nation” publishes the full text of the interview with Yu Rapetski which he gave to the magazine “The Source of Life/Krynitsa Zyccja” where it will be published in an abbreviated form.
Пакінуць адказ