Валянціна Шаўчэнка: Нататкі з Бацькаўшчыны. Часопіс “Культура. Нацыя”, “19, верасень 2017, с. 18-23.

logo for chasopis

 

Валянціна Шаўчэнка: Нататкі з Бацькаўшчыны

Адразу хачу папярэдзіць дарагога чытача, які, спадзяюся, дачытае гэтыя  нататкі да канца, што яны адлюстроўваюць мае эмацыйныя ўражаньні ад таго, што адбылося ў гэтым ліпені ў Беларусі, і не маюць ніякіх прэтэнзій на глыбокі аналіз ці на аб”ектыўнасць.  Трымаючы гэта ў думках – пачынаем.

2017 год для нас быў адметным, таму што мы з маім мужам Юркам былі абраныя прадстаўляць Згуртаваньне Беларусаў Канады на Сёмым з’ездзе беларусаў сьвету. Адразу ўзгадала  Міколу і Марыю Ганько, іх расказы пра Першы зьезд.  Я адчувала адказнасьць і крыху хвалявалася, таму сваю прамову падрахтавала яшчэ  ў Таронта. Пісала шчыра пра тое, што мяне турбуе і хвалюе, пра тое, якой мне бачыцца сітуацыя ў Беларусі, як наша арганізацыя ставіцца да таго, што адбываецца на радзіме. Пісала пра “Яваровых людзей”, бо вельмі хацелася, каб імя і гісторыя нашага  гурта прагучалі менавіта дома. Карацей – падрыхтавалася!

Дзень 15-га ліпеня пачынаўся выдатна – не вельмі гарачае надвор’е, дзьме лёгкі ветры, цудоўны настрой. Пад’ехалі да месца правядзеньня зьезду і адразу сустрэліся з Паўлам Севярынцам. Ён мяне пазнаў, ад яго шчырай усьмешкі на душы пацяплела, адчулі сябе сярод сваіх.

Падыходзім да будынку – на дзьвярах стаяць даволі суровыя мужчыны, усё сур’ёзна;  зарэгістраваліся і атрымалі цудоўныя падарункі, вакол шмат людзей, амаль што ўсе размаўляюць па-беларуску, абдымаюцца, прадаюцца кнігі, сувеніры, вышыванкі, яшчэ нешта.

У вочы кідаецца тое, што частка людзей нібыта прыехалі сюды з мінулага – за 20 гадоў у Канадзе я ўжо і забыла пра існваньне тыпажа  райкомаўскіх працаўнікоў. Быццам бы і не старыя людзі, але ж такое адчуваньне, што яны ўсе гэтыя гады праляжалі недзе ў валізках з нафталінам, потым іх дасталі, трохі абтраслі і яны прыехалі на сустрэчу. Падаецца, што з 21-га стагодддзя  мяне адкінулі ў канец 20-га. Потым высьветлілася, што гэта былі дэлегацыі з былых савецкіх рэспублік, але ж мне здаецца , што слова “былых”  тут не працуе.

У натоўпе заўважаю Ніну Шыдлоўскую і Алену Макоўскую – дарагія мае, як жа я сумавала па вас! Хутка абдымаемся, я разумею, што дзяўчатам трэба працаваць і зараз не час для размоваў, адпускаю. Гледзячы на Ніну,  у галаву прыходзяць радкі, напісаныя Юркам на юбілей нашай старэйшай дачкі: “В твоей фигурке воробьиной я узнаю черты орла”. Колькі мужнасьці у гэтай маленькай жанчыны, колькі сілы!

У зале ўжо поўна людзей. Насупраць трыбуны стаіць нейкі малады чалавек. Займаю  тры крэслы ў другім радзе, і прашу прыгледзіць за нашымі рэчамі, калі ён не збіраецца адыходзіць. Ён чамусьці здзіўляецца, але ж пагаджаецца. Перад пачаткам заходжу ў залю зноў і тут высьвятляецца, што мы сядзім як раз за афіцыйнымі асобамі на чале з міністрам  замежных  спраў і гэты малады чалавек быў з іх групы. Вось нечаканка дык нечаканка. Ну нічога, пасядзім, нават цікава.

Далей падзеі неяк зьмяшаліся.

Адно з самых цікавых  назіраньняў – абвяшчаюць гімн, усе ўстаюць і я з жахам разумею, што прыйдзецца стаяць пад чужы, зусім не мой гімн, не маёй Беларусі. Пачынаецца музыка, але ж гэта не гімн, гэта нешта іншае! Афіцыйныя асобы стаяць і, як мне здаецца, не ведаюць, што рабіць – сесьці ужо нельга, стаяць неяк дзіўна. Я пачынаю ўсьміхацца і глядзець навокал – усе стаяць, як быццам так і трэба, глядзяць чамусьці ў пол. Не, вось яшчэ адна жанчына азіраецца па баках –  сустрэліся вачыма, усьміхнуліся адна адной. Потым пазнаёміліся і доўга сьмяяліся над гэтым – гэта была Аксана Клоб, галоўны рэдактар адной з найлепшых беларускіх газет “Новы Час”.  Яна і сказала, што гучала музыка з Полацкага сшытку.

У  выступах дэлегатаў  словы аб  супрацоўніцтве з дзяржавай паўтараюцца зноў і зноў. Гэта зьдзіўляе, таму што яны ідуць не толькі ад афіцыйных асоб, але ж ад дэлегатаў з’езду. Асабліва зьдзівіў выступ Сакратара інфармацыі БНР Алеся Чайчыца    –   ні слова пра палітычнае становішча ў сучаснай Беларусі,   больш разважаньні  пра супрацоўніцтва з дзяржавай. Пачынаю разумець, што мая падрыхтаваная прамова не ўпісываецца ў агульны настрой.

Атрымліваю ліст ад  брата Сьвятаслава Логіна, што ён затрыманы на  ўездзе ў Беларусь у памежным пункце пропуску “Новая Гута”. Вырашаю, што скажу аб гэтым з трыбуны. У час прамовы зьвяртаюся менавіта да Макея. Ён чырванее, нешта піша.

Прашу, каб у залю пазвалі Ніну Шыдлоўскую. І зноў зьвяртаюся да Макея:

Самае галоўнае цяпер для мяне — гэта тое, што ўсе ўдзельнікі справы «Белага легіёну» ўжо на волі. І ў гэтым вялікая заслуга старшыні Рады Згуртаваньня Ніны Шыдлоўскай. Патрыёт — не злачынца. Ніна, дзякуй вялікі за тое, што тыя мужчыны, якімі мусіць ганарыцца кожная краіна, цяпер могуць абняць сваіх жонак, матуль і дзяцей». Чую воплескі  –  толькі дзеля  гэтага  варта было прыехаць, каб пабачыць, як Макей слухае гэтыя апладысменты!  Нічога, хай слухае далей:

На жаль, як нам бачыцца з замежжа, не назіраецца ніякага руху ў бок дэмакратыі, не існуе механізму дэмакратычнай зьмены ўлады і пераемнасці палітычнай эліты. Стан беларускай мовы, якая мусіць быць дзяржаўнай у поўным сэнсе гэтага слова, вельмі сумны”. 

Мая заява  аб тым, што ва ўмовах, пакуль у Беларусі не пачнуцца дэмакратычныя трансфармацыі і становішча беларускай мовы не палепшыцца, канадскія суайчыннікі не бачаць магчымым супрацоўніцтва з афіцыйнымі беларускімі ўладамі,  падштурхнула Макея зноў узяць мікрафон і яшчэ раз зьвярнуцца да ўсіх, але ж гэта ўжо нічога не мяняла.

Суровыя мужчыны, якія ахоўваюць з’езд – прадстаўнікі так званага Белага Легіёну. Падыходзяць да мяне, абдымаюць, дзякуюць за выступ. Падыходзяць  іх  жонкі і родныя, таксама абдымаюць, кажуць цудоўныя словы. Успамінаюць наш пікет у падтрымку патрыётаў, які мы зарганізавалі ў Таронта за некалькі тыдняў да прыезду ў  Беларусь, кажуць, як ім гэта важна – менавіта такія вось акцыі салідарнасці.

Падыходзіць Алесь Лагвінец, мы знаёмімся, ён кажа, што ў захапленьні ад маёй прамовы. Шчыра не магу зразумець, чаму такая рэакцыя на самыя простыя рэчы. Насустрач ідзе Станіслаў Шушкевіч, падыходзіць, працягвае руку. Я пытаю, ці можна зрабіць здымак разам з ім.  Адказвае, што для яго гэта гонар. Адчуваю сабе неяк няёмка, таму што не лічу, што заслугоўваю такіх да сябе адносін.

Зьдзівіла пытаньне, ці не баюся я  публічна агучваць сваю палітычную пазіцыю, ці не страшна мне. Не, не страшна і не баюся. Некаторыя людзі казалі, што для іх мае словы былі як глыток чыстага паветра. Вось тады я зразумела, што мела на ўвазе тая жынчына, якая на мае словы аб тым, што ў Беларусі цяжка дыхаць ад бруднага паветра ціха адказала – у Беларусі  проста цяжка дыхаць …

На вуліцы падыходзяць журналісты розных сродкаў інфармацыі  Ад хваляваньня не заўважаю, як даю некалькі інтэрвью. Запомнілася адно – беларускаму тэлебачаньню. Разумею, што тое, што кажу, ніколі не пакажуць па дзяржаўным каналах, але ж усё роўна кажу тое, што думаю, можа ў архівах застанецца. Праз некалькі хвілін прыпыняемся. Аб чым мы размаўлялі без камеры пісаць не буду, бо людзям яшчэ жыць і працаваць.

У другой палове дня ўразілі выступы Андрэя Стрыжака і Паўла Севярынца – урэшче пачула словы, якія супадаюць з маім бачаньнем сітуацыі ў Беларусі. Гэтыя хлопцы спакойна і ўпэўнена робяць сваю справу, і гэта дае надзею на зьмены.

На жаль, яскравы  выступ доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Лыча быў прыпынены вядучым з нагоды парушэньня рэгламенту. Мне здаецца, што ён мусіў выступаць столькі, колькі пажадае, тым больш, што людзі прасілі яго прадоўжыць. Яле гэты прыгожы сталы чалавек сьціпла адзначыў, што паважае рэгламент, і сыйшоў з трыбуны. Вельмі шкада, не кожны дзень можна пачуць такія думкі і развагі.

Раздаецца тэлефонны званок з пытаньнем, як зьвязацца з Уладыкам, бо яму  дазволілі  ўезд  у Беларусь. Перамога!

Увечары – адно з галоўных адкрыцьцёў з’езда  – група “Рэлікт”. Калі яны сьпявалі “Ой рана на Івана” – душа адлятала ў нябёсы! Даўно ўжо не чула такіх прафесійных выканаўцаў, голас саліста ахутвае сваім тэмбрам. Сьпяваць пасьля іх мне было цяжка, але ж пасьля пачула ад гэтых хлопцаў такія цудоўныя словы – дзякуй ім!

Атрымліваю віншавальныя лісты з  Канады і Амерыкі з нагоды нашага удзелу ў з’ездзе.  Лічу,  што Згуртаваньне  баларусаў Канады прагучала даволі гучна менавітаў ў Беларусі, ганаруся тым, што наша пазіцыя атрымала такую ўвагу.  На жаль, ніводнага слова падтрымкі ад старшыні ЗБК.

Раніцай наступнага дня спазняемся, прыязджаем а адзінаццатай гадзіне. Ужо не пасьпяваем паслухаць і падтрымаць  Вольгу Іпатаву. Але ж сустракаемся з С. Шушкевічам, ён дарыць мне сваю кнігу з цудоўнымі словамі падзякі. Высьвятляецца, што я нічога не ведаю аб тым, што пішуць газеты аб маім выступе, трэба будзе пачытаць і паглядзець, калі будзе час.

Сустракаемся з Вячаславам Сіўчыкам, ён прапануе падтрымаць  распрацаваныя ім, Паўлам Севярынцам і Алесем Лагвінцом папраўкі  ў выніковую рэзалюцыю з’езду. Я згодна з усімі папраўкамі, яны тычацца прысутнасьці замежных войскаў на тэрыторыі Беларусі, палітычных вязьняў і дэмакратычных выбараў. Гучаць яны даволі жорстка, але ж абсалютна правільна.

І вось – тое, дзеля чаго мы сабраліся – прыняцьце выніковай рэзалюцыі. Зьезд   галасуе за тое, каб больш нікому слова для абмяркаваньня не давалі.  Зачытваюцца ўсе папраўкі, мне яны не падаюцца такімі ўжо значнымі, але ж усе яны прымаюцца. Я чакаю, калі агучаць папраўку групы Сіўчыка. Нечакана вядучы кажа, што іх папраўка не можы быць агучанай, таму што падавалася з парушэньнем рэгламенту. Сіўчык спрабуе ўзяць слова, але ж усе гэтыя людзі з мінулага пачынаюць крычаць, каб слова яму не давалі, давайце далей, трэба сьпяшацца, так ніколі не скончым, не трэба ўцягвацца ў палітыку, і гэтак далей. Сіўчык настойвае, вядучы яго прыпыняе. Я разумею, што трэба штосьці рабіць і пачынаю гучна патрабаваць, каб яму далі слова. Голас у мяне, дзякуй Богу, моцны, мяне падтрымліваюць Юрка і яшчэ  чалавек дзесяць  у зале. Мы – у другім радзе, нас бачна і добра чутна. Кажу, што маю права ведаць, аб чым папраўка.

Пытаю, ці вядучы не даверае з’езду, хай з’езд вырашыць, ці даваць слова Сіўчыку. Вядучы громка кажа, што я замінаю працы з’езду. Нічога, на  некаторых паседжаньнях  Галоўнай Управы ЗБК  і не такое было, здолеем і гэта. Адказваю, што гэта ён замінае, значна прасьцей даць слова, чым спрачацца, і прашу ставіць пытаньне на галасаваньне. У выніку з’езд галасуе за тое, каб Сіўчыку далі слова. Пасьля яго выступу я прапаную ставіць папраўку на галасаваньне. Два з трох пунктаў праходзяць у выніковую рэзалюцыю, хлопцы з гэтым  пагаджаюцца, і вось як яны гучаць: 

Мы выступаем за дэмакратычныя свабодныя выбары і адмову ад пераследу па палітычных матывах.

Яшчэ адна перамога! Трэба было бачыць твары прадстаўнікоў пра-дзяржаўных  арганізацый былых савецкіх рэспублік.  А тут яшчэ Юрка, у час выбараў у Вялікую Раду, голасна спытаў у чалавека з медалем Герой Расіі – ад каго абіраюць  прадстаўніка Крыма –  ад Расіі ці ад Украіны. Было  адчуваньне, што калі б маглі, то пабілі б.

Вечарам другога дня – банкет. Мы, задаволеныя вынікамі з’езду, нейкім чынам апынуліся ў групе  “радыкалаў” і цудоўна правялі вечар, сьпявалі беларускія песьні і пад іх жа танчылі, пазнаёміліся бліжэй з цудоўнай моладьдзю і на развітаньне прасьпявалі  “Магутны Божа”.  Гімн ліўся у вячэрнім паветры Мінска, побач стаялі маладыя дзяўчаты і хлопцы – надзея новай Беларусі, і здавалася, што гэты вечар ніколі не скончыцца. Жыве Беларусь!!!

  1. P. S. Дзівіла мама, якая заўсёды ўстрымлівалася ад палітычных каментарыяў. На развітаньне яна сказала, што ганарыцца сваёй дачкой і крэпка абняла. Як жа я цябе люблю, мая матуля.
  2. P. S. S. Калі ад’язджалі і праходзілі ў аэрапорце праз зялены карыдор, мы былі адзіныя, каго затрымалі і ператрэслі ўсе рэчы, пералічылі ўсе грошы, нават праверылі ці належаць нам нашыя лекі. Дасюль не ведаю, ці гэта было выпадкова, ці не.

 

 

Valiantsina Shauchenka: My Impressions on Homeland (7th Congress of Belarusians in Minsk, July 15-16, 2017)

(“CULTURE.NATION”, September 2017, issue 19, pp.18-27; www.sakavik.net)

The 7th Congress of Belarusians of the World was attended by Valentina and Yuri Shauchenka, two delegates from the Belarusian-Canadian Alliance. The magazine publishes the article, written on our request by Valentina Shauchenka, as well as her interview given to “Radio Ratsyia” about her emotions and impressions of the Congress.



Categories: Культура, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: