Вяртальны шлях Скарыны
Шлях нашых продкаў – над ноччу маёй вартоўнай.
Слухаю вейкамі, вуснамі. Час пазнаю навобмацак…
Прага раскошная ўчора збірала гатоўна
дзіўнага госця ў дарогу далёкую – ў Полацак.
Дбайна рыпелі вазы, ўгінаючы землі Еўропы.
І падпадалі пад колы вячэрнія цені і золакі.
Хутка я з Прагі вярнуся дадому таропка
з кладам, каштоўней купецкага срэбра і золата.
Кнігі пачнуць перапісваць, а дзесьці – панішчаць.
Мяне ўзнагародзяць чужыя, ганьбіць пачнуць – суродзічы.
На Старамесцкія шпілі мой Ветах стагоддзі наніжа:
з герба на неба крывіцкае сонца выводзячы.
Сціхла рыпенне. Не чуюцца шоргаты кніжак.
З ночы вартоўнай ціхутка вярнуся да хаты я.
Вільню і Полацак бачу з-пад промняў увішных…
Бібліі шлях – даўні шлях нашых продкаў нагадвае.
1995
…………………………………………………………………………………….
Павучанні Палачаніна
Не многым учителем бывати,
но более умети язык свой справовати…
Францыск Скарына
Мая парада, светлыя сябры, –
лагодным словам смела прычасціцца.
Бо сам я мітусіўся да пары,
скакаў, як тая – восенню – сініца.
Прыходзіць разуменне спакваля.
Мне сорамна было між добрых людцаў
да мовы акалелай прыгарнуца,
сказаць, хто – я і – дзе мая зямля…
Таму і зычу шчыра, дружбакі,
жывыя струны абуджаць у сэрцы, –
бо на яго наматваць давядзецца
балюча-ачарсцвелыя вякі.
А гэтая работа, знаю сам,
не да спадобы розным маралістам…
…Яшчэ і сёння ў Менску многа свісту.
Я ж зычу Волю чыстым галасам.
З нас кожны несмяротны толькі тым,
што ёсць Айчына – мацярык для Ведаў.
Прыслухайцеся вы да запаветаў,
дзе кожны кліч належыць маладым.
І хай адчуе
Бацькаўшчына
ўздым !
1989, 2017
……………………………………………………………………………
Маё развітанне з Прагаю
Як маці ўсіх добрых размоў —
зрудзелая кніга… Скарына,
дазволь мне вярнуцца дамоў
і за Цябе, і за сына.
Ты ж зелле нясі каралю,
гаючымі травамі ўвіты…
…Ля Полацка – кім? – у зямлю
калісь быў штыкетнік убіты.
Даў водмаладзь. Да бальшакоў
як волаты дрэвы ступілі.
…Пытаю праз далеч вякоў:
“Завошта цябе не ўзлюбілі?”
Выгнаннік. На роднай зямлі
ты меў толькі краты і путы…
Без Бацькаўшчыны, без сям’і
стаяў перад чарай атруты.
А можа і выпіў…( Кароль
падпіша паперы на спаткі!) …
Ад Прагі да Полацка – золь.
Праз восень ляту без аглядкі.
А мы вось, як Ты, ці любі…
Пад роднымі зорамі, небам
любоў стала пылам, ці хлебам,
а можа атрутай – і пі!
Ад Прагі да полацкіх вех
у чэшска-гусіцкай трывозе
на бераг прыдзвінскі прыбег.
Ты ж – тут!
Нам цяпер – па дарозе!
Прага – Уручча. 1973-1995
…………………………………………………………………………………
Наўздагон Сымону Буднаму
“Катэхізіс” Сымона Буднага – кніга кароткіх
пытанняў і адказаў – была выдадзена 10 чэрвеня 1562 г.
у Нясвіжы віленскімі шрыфтамі Ф. Скарыны
– Не знік ты, Беларус?
– Іду, збіраю сілы
дарогай, дзе стаяць Дубок, Бяроза, Клён.
– Што хочацца сказаць?
– Пра што маўчаць магілы:
злучыць сваё імя з мільёнамі імён.
– Чым дзейсны, Беларус?
– Яшчэ ідзе стварэнне…
Здымаю абручы з грудзей і галавы.
– Ішоў ва ўслугачы?
– …Ламалася цярпенне;
ў каго расла любоў – выглядваюць з травы.
– Прызнаны, Беларус?
– Прайшоў вякоў напасці.
Перажываў і ўзлёт…
– Быў летаргічны сон?
– Прымаў крывіч, ліцьвін Нябеснае Прычасце.
Вунь помнікі стаяць: Дубок, Бяроза, Клён.
– Прыціх Народны Фронт?
– Яшчэ ідзе Пагоня –
будзіць нямы палон і страты ўсе вярнуць.
– І Мову абдымаць?
– Мы ўсім суседзям – роўня.
Хай зычны Радавод і дзеці берагуць.
– Няўжо той Беларус: няўклюда-недарэка
дзяржаўны небасхіл узвысіць з-пад званіц?
– Скарына праз вякі з Варагаў вёў да Грэкаў!
Мы стрэлы палачан прытулім да байніц.
Дубок, Бяроза, Клён – Скарыны легіён.
1.12.1989, 20.07. 2017
……………………………………………………………………….
Малітва Скарыны
Во гэтаксама, як дзічына:
на дальні выбегла лужок,
а прызнае сваё лаўжо;
як птушачка: з-пад аблачыны
палі, разлогі аглядае,
а ведае сваё гняздо
ў траве высокай і густой;
як рыба: ў касяку гуляе;
плыве да берага чужога,
а чуе схоўныя віры;
як пчолы: ў полі да пары,
а ворага ля іх парога,
вулей баронячы, зваююць, –
таксама й людзі: да зямлі,
дзе ўзгадаваныя былі,
дзе Бог ім сэрцы акрыліў, –
любоў вялікую мілуюць.
6.11.2009
……………………………………………………………………………….
На ўзвышша Роду
Шумяць вякі зялёна,
Бо глыбока
Карэняцца Скарынавы сляды.
Рыгор Барадулін
Калі ў Дзвіну плыў з ручая,
было мне вузка…
І вось я з “Бібліяй…”. Чыя?
Чытаю: “… руска”.
Скарына працу падарыў
не жніўню – Спасу.
Адратаваў, а не скарыў
зямлі акрасу.
Ці з веры рускае мой хрост,
ці з веры рымскай, –
на доўгія вякі быў пост
краіне крыўскай.
Ліцьвінам быў я, быў рабом
расейскай сілы…
Мне б сёння вольнасць піць нагбом!
Ды – Божа мілы –
яшчэ не выпрастаў хрыбет…
А стаў я гонкі,
калі Скарыны запавет
збіў лёд палонкі.
Палон палонкі, біч ярма
вякі паскручваў…
Апроч Скарыны і няма,
хто б сэрца мучыў
і выпраўляў знямелы лёс
на ўзвышша Роду, –
каб смела беларускасць нёс,
жыў не ў дагоду…
– Ахвярты Спас! Апостал быў?
“ – Да Влтавы збочыў…”
А ў Палату глядзіць не Дзіў, –
Скарыны вочы.
З іх Знічка рысу правяла:
слязу – у жнівень…
І ўжо паболела святла
на нашай ніве!
——————————————————–
Спас – эпітэт ва ўслаўленні Ісуса Хрыста. 6(19) жніўня ў народзе адзначаюць Праабражэнне Ісуса.
Яблычны Спас – дзень дабраслаўлення пладоў.
Дзіў – у далёкіх продкаў бажаство неба, бацька багоў і людзей, кіраўнік Сусвету і стваральнік маланак.
……………………………………………………………………………………………………………………..
Пажытак
Усялякае Слова, Богам натхнёнае, – карысна!
Яно вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае!
Францыск Скарына
(Паводле прадмовы да “Псалтыра”)
Пайду, падумаю… Паеду…
На час няўродны адлучуся.
Хай Беларусь –
Каханка-Веда –
паверыць, што і я вучуся
у Празе, Кракаве, у Львове…
Радню шукаю ля Таронта…+)
Крутыя ў нас шляхі любові,
ліхія думаў гарызонты.
Была спагада да Майсея:
маца, разлом вады, скрыжалі…
Пажытак свой мы паважалі.
А сталі з кнігамі вітрыны
падкрылкамі для Беларусі?
Пайду, падумаю… Вярнуся,
адкрыю Біблію Скарыны.
Пакуль у Слова не ўвапруся, –
не нажыву сваёй Краіны.
————————————————————–
Сям”я Георгія Яна Скарыны знаходзілася ў Мексіцы, Стэнлі (Станіслава) Скарыны – у Канадзе.
18.02.2006, 16.12.2015, 2017
………………………………………………………………………………………………………………
Першаптах
Прысвячаецца 505-годдзю Францішка Скарыны
Уздымаюцца кнігаў крылы:
на стагоддзі у кніг размах.
Светлы вырай пачаў Скарына –
дальназорны наш Першаптах.
З кнігай роднаю падрастаў я
і тэўтону казаў: “ – Не руш
ты ахоўніцу небакраю
і збіральніцу нашых душ!”
З кнігай знішчыць нас не ўдалося.
Веру кожнаму ў ёй радку
пра крывіцкае ускалоссе
на Скарынаўскім мацерыку.
Птах вярнуўся. У ціхай стоме
на гучальнай стаіць вярсце.
З мудрай кнігай у родным доме
юны родзіч яго расце.
1995
……………………………………………………………………………………..
Роднаму Полацку
Францішака, Скарыніна сына з Полацка,
у лекарскіх навуках доктара, прамаўленне
Калі у далёкіх краях на мяне заяўлялі правы,
Паўтараў, што са слаўнага Полацка родам.
Генадзь Бураўкін, “Скарына”
Бераг нямеў.
Пад пяском зараслі пласкадонкі.
І перакулены
вежы, званіцы, крыжы…
Полацак!
Ты крутабокі і звонкі:
кроны святыя свае ўскалышы!
На крыжака
прабіраўся ты воўчаю сцежкай,
зьлюбамі-шлюбамі
весніў прыдзвінскі прастор…
Полацак!
І каб нашчадкаў усцешыць, –
ордам жахлівым даваў ты адпор.
Веча гудзе.
Адраджаецца Полацка вера.
Славу тваю
я вяду ў далячынь і на ўзвыш.
Полацак!
Дужай дзяржаўнасці бераг,
помны як наш Еўфрасінеўскі Крыж!
…………………………………………………………………………………..
Францыску Скарыну прысвячаецца
Павяленнем, працаю і выкладам…
Каб мы… усялякага труда і скарбу
для паспалітага дабра і для айчыны не шкадавалі…
Эгрэгіус Ф. Скарына
Слаўлю, гордыя словы
незгасальны ваш лад!
Наглуміліся з мовы
каля тронаў, палат, –
а яе не скарылі,
бо на вуснах цвіла
і нашчадкаў Скарыны
у паход павяла.
Ні пагрозных указаў,
ні завейных магіл,
ні пякучай абразы,
ні бяздомнай тугі
не збаяліся словы, –
бо з аховай жылі…
А знішчальнікі мовы
палыном параслі.
З намі гордыя словы
назаўжды, назусім.
І Скарыны
прадмовы –
перад светам усім!
————————————————
Эгрэгіус ( egregius ) на лаціне – шаноўны, слаўны
………………………………………………………………………………………………………
Siargei Paniznik: To Skaryna’s anniversary
(“CULTURE. NATION”, September 2017, issue 19, p.38-51; www.sakavik.net)
To the 500th anniversary of publishing of the first Belarusian books by famous Enlightener, S. Paniznik provided original images of Skaryna’ portraits, images made in the department of Belarusian early prints, created in Lviv by Ilarion Svjancicky, and a few well-groomed poems about Skaryna.
Categories: Літаратура
Пакінуць адказ