Пётра Мурзёнак: 19–ты нумар часопіса “Культура. Нацыя”, верасень 2017
Прадмова рэдактара
Дарагія чытачы!
Сёлетні год адметны для Беларусі 500-гадовым юбілеем кнігадруку – Францыск Скарына ў 1517 годзе ў Празе упершыню выдаў кнігу на старабеларускай мове. Дзевятнадцаты нумар часопіса прысвечаецца гэтай адметнай для беларускай нацыі даце. У нумар уключаны матэрыялы, якія непасрэдна адносяцца да вельмі важнага юбілею ў гісторыі Беларусі, так і іншыя традыцыйныя для часопіса артыкулы.
Непасрэдна скарынаўскай тэматыцы прысвечана эсэ рэдактара часопіса Пётры Мурзёнка “Францішак Скарына – чалавек Беларусі еўрапейскай”, а таксама вершы і фотаздымкі, дасланыя сп. Сяргеем Панізьнікам у азначэньне слаўнага юбілею.
19-ты нумар часопіса па традыцыі ўключае “Стратэгію развіцьця беларускай нацыі” і пачынаецца з яе. “Стратэгія” паступова дапаўняецца на прапановы беларусаў. Мы запрашаем чытачоў дасылаць свае водгукі і прапановы па паляпшэньню зьместу «Стратэгіі» на адрас: chasopis.sakavik@hotmail.com. Рэдакцыя часопіса просіць арганізацыі, якія ў асноўным згодны з палажэньнямі Стратэгіі, далучацца да выкананьня яе задач. На гэты раз мы атрымалі некалькі водгукаў ад дэлегатаў 7-га з’езда беларусаў сьвету, арганізаванага Згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” (Мінск, 15-16 ліпеня 2017 года). На 7-м з’ездзе, на якім прысутнічалі 228 дэлегатаў, уключаючы 115 дэлегатаў з 20 замежных краін, быў распаўсюджаны тэкст “Стратэгіі”. У выніковай агульнай рэзалюцыі з’езд заклікае беларускія ўлады “ўлічыць усё вышэйсказанае (падрабязьней глядзіце агульную рэзалюцыю з’езда) пры распрацоўцы дзяржаўнай Стратэгіі нацыянальнага развіцьця і ўмацаваньня незалежнасці ў варунках змененых геапалітычных выклікаў”. Іншыя матэрыялы з’езда можна прачытаць на сайце: www.zbsb.org
Рэдакцыя падае як кароткую інфармацыю аб 7-м з’ездзе беларусаў сьвету, так і поўны тэкст агульнай рэзалюцыі. У 7-м з’ездзе прынялі ўдзел Валянціна і Юрась Шаўчэнкі, два дэлегаты ад Згуртаваньня беларусаў Канады. У нумары зьмешчаны нататкі аб з’ездзе, напісаныя на просьбу рэдакцыі Валянцінай Шаўчэнка, а таксама яе інтэрв’ю, дадзенае для “Радыё Рацыя” аб яе эмоцыях і ўражаньнях аб з’ездзе.
Часопіс друкуе экспрэс-інтэрв’ю, узяты падчас 7-га з’езда сп. Валянцінай Шаўчэнка у Аксаны Колб, рэдактара газеты “Новы час”.
У раздзеле “Паэзія” зьмешчаны вершы Сяргея Панізьніка і Святланы Кабанавай.
Сп. Алег Рудакоў, нястомны і даўні кіраўнік беларускай суполкі ў Іркуцку, даслаў нам інфармацыю-аб’яву аб святкаваньні беларускіх “Дажынак”, там, далёка ў Расіі, і кароткі артыкул журналіста Ольги Липчинской аб тым, як гэта сьвята праходзіла.
Рэдакцыя вырашыла падаць гэтыя матэрыялы ў 19-м нумары – дзе б ні жылі беларусы сярод іх заўжды знойдуцца людзі, якія далёка ад радзімы кропля за кропляй падтрымліваюць дух беларускага народа.
У канцы часопіса зьмешчаны календар важнейшых дат гэтага года.
Прыемнага чытаньня.
Рэдактар часопіса,
Пётра Мурзёнак
Categories: Слова рэдактара
Пакінуць адказ