Сяргей Абламейка: Ці сапраўды Скарына хацеў атруціць Лютэра

9 сьнежня 2017 года, Радыё “Свабода”


У 30-я гады ХІХ стагодзьдзя аўстрыйскі лінгвіст славенскага паходжаньня Баўтарамей Капітар напісаў зь Вены некалькі лістоў свайму прыяцелю, аднаму са славутых братоў Грым — Якубу, які тады жыў у Гётынгене. Капітар настойліва прасіў сябра даведацца ў сваіх знаёмых зь Вітэнбэргу, ці не пабываў там у пачатку XVI стагодзьдзя беларускі першадрукар Францішак Скарына.

Баўтарамей КапітарЯкуб ГрымФранцішак Скарына — што агульнага можа быць паміж гэтымі людзьмі? Аказваецца, такі агульны назоўнік у іх ёсьць — гэта гісторыя жыцьця і дзейнасьці заснавальніка нямецкай Рэфармацыі Марціна Лютэра.

Пра што пісаў Капітар

Грым Капітару не дапамог, але той у 1839 годзе ўсё роўна зьмясьціў ў сваім навуковым зборніку артыкул пад сэнсацыйнай назвай «Гістарычнае пытаньне пра доктара мэдычнага факультэта Прагі Францішка Скарыну, які інтрыгаваў супраць доктара Марціна Лютэра».

Люкас Кранах-старэйшы. Партрэт Марціна Лютэра.

Люкас Кранах-старэйшы. Партрэт Марціна Лютэра.

У артыкуле сьцьвярджалася, што ў 1525 годзе ў тагачасную сталіцу нямецкай Рэфармацыі — Вітэнбэрг, прыяжджаў для сустрэчы зь Лютэрам «doctor Fransiscus polonus» (доктар Францішак паляк).

Капітар пісаў, што доктар Францішак спачатку сустрэўся з найбліжэйшым паплечнікам і сябрам Лютэра Філіпам Мэлянхтонам, на якога зрабіў вялікае ўражаньне сваёй вучонасьцю. Захоплены Мэлянхтон запрасіў доктара Францішка дадому на абед, куды прыйшоў і Марцін Лютэр. Падчас абеду, які зацягнуўся да позьняга вечара, прыежджы доктар зрабіў моцнае ўражаньне і на Лютэра.

Люкас Кранах-старэйшы. Партрэт Філіпа Мэлянхтона.

Люкас Кранах-старэйшы. Партрэт Філіпа Мэлянхтона.

Лідэр Рэфармацыі не вагаючыся запрасіў Францішка на заўтра да сябе на сьняданак для гульні ў шахматы.

«Аднак, калі Лютэр павячэраў і амаль апоўначы вярнуўся дадому, — пісаў далей Капітар, — яму ў галаву прыйшла думка пра папярэджаньне сяброў, зробленае чатыры гады таму, каб ён баяўся нейкага польскага доктара Францішка, найхітрэйшага прайдоху, якога біскупы падгаварылі за дзьве тысячы залатых зжыць Лютэра са сьвету».

Заснавальнік Рэфармацыі, нібыта, так напалохаўся, што ўцёк у горад Торгаў, адкуль напісаў ліст у магістрат Вітэнбэргу з просьбай схапіць паляка і падвергнуць яго катаваньням. Аднак, паводле Капітара, д’ябальскімі сіламі доктар Францішак зачараваў членаў магістрату і тыя яго адпусьцілі.

У канцы артыкулу сьцьвярджалася, што палякам Францішкам, які прыяжджаў у Вітэнбэрг, быў Францішак Скарына — паводле Капітара,

«грэка-католік, які, сам перакладаючы Біблію з Вульгаты, быў праціўнікам Лютэра, які перакладаў з арыгіналу».

Застаецца, пісаў Капітар, адшукаць у архівах Вітэнбэргу хаця б нейкую згадку пра Скарыну, і факт яго прыезду ў Вітэнбэр будзе канчаткова даказаны. Аднак такіх дакумэнтаў ніхто дагэтуль не знайшоў.

Ці быў Скарына ў Вітэнбэргу

Гіпотэза пра сустрэчу Скарыны зь Лютэрам дала падставы многім навукоўцам у ХІХ стагодзьдзі пісаць пра Скарыну як пра пратэстанта, хаця сам Капітар называў Скарыну уніятам.

Пасьля публікацыі аўстрыйскага славіста ў навуковых колах пачалі спрачацца, ці сапраўды Скарына мог пабываць у 1525 годзе ў Вітэнбэргу. Большасьць навукоўцаў сьцьвярджала, што ня мог, бо якраз у 1525 годзе ён быў заняты ў Вільні друкаваньнем «Апостала».

Вэрсію Капітара пра сустрэчу Скарыны і Лютэра ў 1525 годзе канчаткова пахаваў расейскі гісторык Яўген Неміроўскі. У тэксьце Капітара ён зьвярнуў увагу на кароткую згадку пра нямецкага гісторыка XVII стагодзьдзя і біёграфа Лютэра Фэйта Людвіга фон Зэкендорфа, які «прытрымліваўся іншай думкі пра гэты інцыдэнт».

Гістарычны цэнтар Вітэнбэргу.

Гістарычны цэнтар Вітэнбэргу.

У біяграфіі Лютэра Зэкендорф пісаў, што

«Лютэру самому даводзілася апасацца атруты, якой яго спрабаваў атруціць адзін габрэйскі лекар з Польшчы; яму заплацілі за гэта 2000 дукатаў. Габрэй прыехаў у Вітэнбэрг і меў бы посьпех у сваім намеры, каб ня добры сябар Лютэра, які папярэдзіў яго».

Далей Зэкендорф пісаў, што зламысьніка схапілі, але Лютэр яму дараваў і адпусьціў. Усё гэта адбывалася ў 1525 годзе, імя «габрэйскага лекара» (у лацінскім арыгінале пададзенага як «доктар мэдыцыны») Зэкендорф не назваў.

Неміроўскі зьвярнуў увагу на тое, што пра доктара Францішка як пра сябра некалькі разоў вельмі цёпла згадваў у сваіх лістах сам Лютэр. Гэты Францішак, пісаў Неміроўскі, калі меркаваць па лістах Лютэра, знаходзіўся ў Вітэнбэргу прынамсі з 21 сьнежня 1524 году па 15 верасьня 1525 году. 17 верасьня 1525 году Лютэр ужо пісаў ліст з гораду Торгаў. У паказальніку імёнаў да акадэмічнага выданьня твораў Лютэра 1978 году каля імені Franzuskus, Dr. напісана «польскі габрэй у Вітэнбэргу».

Яўген Неміроўскі зрабіў выснову, што кім бы ня быў гэты польскі доктар Францішак, у азначаны пэрыяд 1524-1525 гадоў беларускага першадрукара Францішка Скарыны ў Вітэнбэргу не было — у гэты час ён знаходзіўся ў Вільні і займаўся друкаваньнем і распаўсюджваньнем свайго «Апостала». Згадваецца Скарына ў віленскіх дакумэнтах яшчэ і ў сакавіку 1526 году як прысутны пры зацьвярджэньні аднаго з юрыдычных актаў.

Тым ня менш, знайшоўся ў гэтай сытуацыі і яшчэ адзін аспэкт.

Два візыты, два Францішкі

У другой палове ХХ стагодьдзя магчымасьцю сустрэчы Скарыны зь Лютэрам зацікавіўся беларускі эміграцыйны гісторык Сымон Брага (Вітаўт Тумаш).

Капітар у сваім артыкуле, як памятаем, не падаў дакладнай крыніцы інфармацыі пра сустрэчу ў Вітэнбэргу. Але Сымон Брага адшукаў у некалькіх раньніх біяграфіях Лютэра згадку пра прыезд польскага доктара Францішка ў Вітэнбэрг.

Паводле Брагі, гэты сюжэт сустракаецца там у розных вэрсіях. Адны называлі госьця з Польшчы доктарам мэдыцыны, іншыя астраномам, матэматыкам і т. д. Паводле адной зь біяграфій, вучоны чалавек прыяжджаў у Вітэнбэрг да Лютэра з намерам арганізаваць там друк Бібліі на нейкай чужой мове.

Паводле Сымона Брагі, Скарына як грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага, з увагі на тагачасную пэрсанальную Унію ВКЛ і Польшчы, быў адначасова і падданым польскага караля Жыгімонта І Старога (ён жа Вялікі князь Літоўскі). Таму ў Нямеччыне Скарыну маглі назваць палякам.

Вывучыўшы старыя нямецкія хронікі і сьведчаньні самога Лютэра, Сымон Брага заўважыў, што дактароў з Польшчы, якія прыяжджалі да Лютэра было найменш два — адзін наведаў Вітэнбэрг у 1525 годзе, а другі, паводле словаў самога Лютэра, на 7-8 гадоў пазьней — у 1532-33 гадах.

Працоўны пакой Лютэра ў Вітэнбэргу.

Працоўны пакой Лютэра ў Вітэнбэргу.

Брага зьвярнуў увагу, што пачатак 30-х гадоў XVI стагодзьдзя — гэта той час, калі Скарына дакладна быў у Кракаве і Познані — вельмі недалёкіх ад Вітэнбэргу гарадоў. Таксама ён мог быць і яшчэ ў адным блізкім да Вітэнбэргу горадзе — Уроцлаве. Брага знайшоў сьведчаньне яшчэ аднаго блізкага сябра і паплечніка Лютэра — Ёгана Матэзіюса, які пісаў, што доктар чужынец прыехаў у Вітэнбэрг з Уроцлава.

Менавіта там у ХІХ стагодзьдзі былі знойдзеныя ў пераплётах кніг сярэдзіны XVI стагодзьдзя старонкі з праскай Бібліі Скарыны, і дагэтуль невядома, як яны туды трапілі. Мясцовы пераплётчык выкарыстоўваў іх для рамонту вокладак пашкоджаных кніг.

Выказвалася меркаваньне, што ня сшытыя ў пераплёты друкаваныя аркушы Скарыны маглі быць канфіскаваныя каталіцкімі ўладамі падчас падарожжа першадрукара з Прагі ў Вільню ў 1520 годзе.

У Польшчы такое ўжо здаралася, у прыватнасьці, там у 1491 годзе былі канфіскаваныя і зьнішчаныя царкоўнаславянскія кнігі Швайпальта Фіёля. Але цяпер, як бачым, час і прычыны зьяўленьня непераплеценых аркушаў Скарыны ва Ўроцлаве могуць быць і іншыя.

Новы выдавецкі праект ці заканчэньне старога

Вядома, што ў 1530 годзе Скарына нечакана зьехаў з Каралеўца (Кёнігсбэрга), дзе працаваў лекарам у прускага герцага Альбрэхта, і без дазволу ўладара Прусіі забраў з сабой ягонага друкара. Герцаг пакрыўдзіўся і напісаў скаргу на Скарыну віленскаму ваяводу Гаштольду.

Люкас Кранах-старэйшы. Партрэт прускага герцага Альбрэхта.

Люкас Кранах-старэйшы. Партрэт прускага герцага Альбрэхта.

Усе гэтыя акалічнасьці далі падставу Сымону Брагу сьцьвярджаць, што гісторыкі дачасна абверглі магчымасьць сустрэчы Скарыны зь Лютэрам у Вітэнбэргу на той падставе, што беларускі першадрукар быў ў 1525 годзе заняты друкаваньнем «Апостала» ў Вільні.

Паводле Брагі, сустрэча магла адбыцца ў 1532-33 гадах, і для такой высновы ёсьць важкія дакумэнтальныя падставы.

Скарына — платны забойца?

Ці мог Скарына быць агентам Каталіцкай царквы, які за плату зьбіраўся атруціць Марціна Лютэра? Практычна, няма шанцаў. Усё, што мы ведаем пра першадрукара, а таксама тэксты ягоных прадмоваў да кніг Бібліі, сьведчаць, што ён быў глыбока веруючым, прыстойным чалавекам, апантаным сваёй асьветніцкай і выдавецкай справай.

Ён сапраўды мог зьбірацца працягнуць друкаваньне беларускага перакладу Бібліі ў пачатку 30-х гадоў, для чаго езьдзіў да Лютэра па дапамогу ў арганізацыі такога выданьня. Сувязі Скарыны з памяркоўным дзеячамі чэскай Рэфармацыі — вядомыя. Зрэшты, мог Скарына пабываць у Вітэнбэргу і зь іншымі, невядомымі нам мэтамі.

Дакумэнтальных архіўных зьвестак пра ўсё гэта няма. Трэба весьці дадатковыя пошукі ў нямецкіх архівах і старых хроніках.

У чым нельга сумнявацца, дык гэта ў тым, што калі б сустрэча ў Вітэнбэргу адбылася, Францішак Скарына сапраўды мог бы ўразіць сваёй вучонасьцю і Марціна Лютэра, і Філіпа Мэлянхтона.



Categories: Асобы, Рэлігія

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

w

Connecting to %s

%d bloggers like this: