Пётра Мурзёнак: Заходне-рутэнская цывілізацыя – частка заходняй цывілізацыі. Часопіс “Культура. Нацыя”, №20, сьнежань 2017, с. 14-24.

logo for chasopis

Вызначэньне прыналежнасьці краіны ці групы краін да той ці іншай цывілізацыі нясе ў сабе два асьпекты. Калі мець на ўвазе прыклад Беларусі, то, па-першае, такое вызначэньне, пабудаванае на глыбокім гістарычным аналізе развіцьця беларускага этнаса і нацыі, будзе спрыяць выбару далейшага натуральнага геапалітычнага руху краіны ў сусьвеце. З другога боку, тая багатая цывілізацыйная спадчына, якую мае Беларусь, дапаможа правільна зарыентавацца ў тэндэнцыях развіцьця сучасных глабальных цывілізацый\культур і гарманічна ў іх уліцца.

Існаваньне асобнай ўсходнеславянскай беларуска-ўкраінскай цывілізацыі абгрунтоўвалася намі раней. Мэтай гэтага артыкула з’яўляецца далейшае развіцьцё гэтай ідэі, вызначэньне месца беларуска-ўкраінскай цывілізацыі сярод заходніх суб-цывілізацый і адмаўленьне яе памылковага аднясеньня да еўразійскай цывілізацыі. Разам з тэрмінам беларуска-украінская цывілізацыя у артыкуле будзе выкарыстоўвацца тэрмін заходне-рутэнская цывілізацыя – тэрмін, які на нашу думку ў найбольшай ступені адпавядае як гістарычнай памяці, так і сучаснаму зьместу гэтай цывілізацыі.

 

У 13-15 ст.ст. усходнія славяне ўтварылі дзьве цывілізацыі – заходне-рутэнскую і еўразійскую

З даўняга часу, а менавіта пачынаючы з 18 стагоддзя, дзякуючы складзенай расійскімі вучонымі гістарычнай міфалогіі, якая разыйшлася па ўсяму сьвету, Беларусь як і Украіна заўжды разглядаліся і разглядаюцца часткай вялікай расійскай-еўразійскай-артадаксальнай цывілізацыі  (далей у артыкуле будзе выкарыстоўвацца тэрмін еўразійская цывілізацыя). Вучоныя з Заходняй цывілізацыі ў сваёй большасці таксама прымаюць як дадзенае такія гістарычныя расійскія міфы як:

  • трыадзінства трох усходнеславянскіх народаў – беларускага, рускага і украінскага,
  • прыналежнасьць і пераемнасьць гістарычнай спадчыны Кіеўскай Русі да Расіі,
  • славянскі характар маскоўскай\расійскай дзяржавы.

Відавочна, што гэтыя тры асноўныя міфы ніякім чынам не ўключаюць бачаньне свабодных і незалежных ад Расіі беларускага і украінскага народаў, і больш таго існаваньне ўнікальнай заходне-рутэнскай цывілізацыі, якую складалі гэтыя народы некалькі стагоддзяў раней і працягваюць складаць у наш час.

Вызначэньне формы і зьместу цывілізацыі з’яўляецца прадметам абмеркаваньня да гэтага часу. Самы просты з тэрмінаў вызначае цывілізацыю як «тып культуры і грамадства, які ўзнік у канкрэтнай краіне або рэгіёне, або ў той ці іншай эпосе». У нядаўнім аглядзе А. Targowski (2009), можна знайсці дзясятак раньніх і сучасных азначэньняў цывілізацыі. На наш погляд, беларуска-украінская цывілізацыя адпавядае па многіх прызнаках вызначэньню цывілізацыі ці суб-цывілізацыі, якая з’яўляецца часткай заходняй цывілізацыі нараўне з іншымі яе субцывілізацыямі (заходне-заходняя, заходне-лацінская, габрэйская, заходне-цэнтральная).

Падрабязныя доказы, якія падтрымліваюць ідэю аб існаваньні беларуска-украінскай цывілізацыі, вы можаце знайсці ў нядаўна апублікаваных артыкулах (П. Мурзёнак, 2013; P. Murzionak, 2015). Разьмежаваньне ўсходніх славян з утварэньнем дзвюх цывілізацый пачалося ўжо ў 9-12 ст.ст. і было вызначана рознымі фактарамі, такімі як адметнымі асаблівасьцямі іх плямёнаў, прыроднымі ўмовамі ўсходне-еўрапейскай раўніны і еўразійскага стэпу, асіміляцыяй мясцовых плямёнаў, міжусобнымі войнамі паміж землямі і княствамі, уплывам мангольскай імперыі, і з’яўленьнем Вялікага княства літоўскага, княства, якое выратавала частку ўсходніх славян, якія жылі на тэрыторыі сучасных Беларусі і Украіны, ад «еўразійскага ўплыву».

Цывілізацыйны падзел сярод усходніх славян ішоў паступова і паўстаў паміж славянамі, якія жывуць на тэрыторыі, што ў цяперашні час ёсць Украінай і Беларусьсю, і славянамі, якія мігравалі на паўночны ўсход (тэрыторыю будучай Масковіі). Адной з прычын гэтага падзела стала асіміляцыя «вялікарускіх славян» з фіна-вугорскімі народамі, якія пражывалі на Паўночным усходзе (мардва, мары, вепса, мяшчэра, мурома) (першая хваля асіміляцыі). Той факт, што першае на Паўночным усходзе княства, Суздальскае, узнікла як княства толькі ў 1157 годзе – праз два стагоддзі пасьля ўзнікненьня Кіеўскага і Полацкага княстваў, паказвае на павольную міграцыю і асіміляцыю ўсходніх славян у гэтай вобласьці з мясцовым фіна-вугорскім насельніцтвам. Магчыма, што адной з прычын такой павольнай міграцыі было паступовае феадальнае драбленьне Кіеўскай Русі.

Але з другога боку, распад Кіеўскай Русі быў і прадумовай далейшага этнанацыянальнага падзелу ўсходніх славян бо ён прывёў да развіцьця усходнеславянскіх цэнтраў са сваімі спецыфічнымі асаблівасцямі – Полацкага княства (папярэдніка будучай беларускай дзяржавы) і Валынска-Галічскага княства (папярэдніка будучай ўкраінскай дзяржавы), асобны характар ​​і незалежнасьць якіх сталі ў гэты час яшчэ мацней.

Адным з ключавых фактараў, падзяліўшых ўсходніх славян на дзьве цывілізацыі, беларуска-ўкраінскую і еўразійскую, было мангола-татарскае нашэсьце. Лінія падзелу паміж гэтымі цывілізацыямі становіцца відавочнай, калі разглядаць тэрыторыі, захопленыя мангольскай імперыяй. Калі тэрыторыя Беларусі і Украіны заставалася вольнай ад захопнікаў з Еўразійскага стэпу, бо склала асноўную частку новаўтворанай еўрапейскай краіны, ВКЛ, то Масковія была падпарадкавана мангола-татарамі і мела статус васалаў на працягу больш двух стагоддзяў, пачынаючы ад 1240 г. да 1480 г.  Падчас панаваньня Залатой Арды у 13-15 ст.ст. і пазьней, у 16-19 ст.ст., праходзіла другая хваля асіміляцыі славян Масковіі з цюркскімі народамі, што яшчэ  больш аддаліла іх ад славян Беларусі і Украіны.

Беларускія і ўкраінскія славяне захавалі сваю ідэнтычнасьць і цывілізацыю ў складзе Вялікага княства літоўскага (ВКЛ), якое фактычна аб’яднала ўсходніх славян у 13-15 ст.ст. пасля распаду Кіеўскай Русі. Такога роду аб’ядноўчая роль не магла быць выканана Масковіяй па зразумелай прычыне – бо сама была ў васальнай залежнасьці ад мангольскай Залатой Арды ў той час. ВКЛ спыніла “еўразіянізацыю” значнай часткі славян, будучых беларусаў і ўкраінцаў. Да канца 18-га стагоддзя беларусы складалі значную частку насельніцтва ВКЛ, уваходзілі ў Садружнасьць двух народаў – Рэч Паспалітую, і не належалі да Масковіі або Расійскай імперыі.

Доказы прыналежнасьці беларусаў да заходняй цывілізацыі і культуры

Вышэй была дазена кароткая характарыстыка прычын утварэньня двух цывілізацый усходнімі славянамі. Ніжэй будуць прыведзены факты, якія сведчаць аб тым, што беларуска-ўкраінская цывілізацыя мае ўсе прыкметы, па якіх яе можна адносіць да заходняй цывілізацыі.

Можна меркаваць, што беларуска-украінская цывілізацыя існуе на працягу васьмі стагоддзяў пачынаючы з 13-14 ст.ст., а еўразійская цывілізацыя толькі пачынала фармавацца ў гэты час. Такім чынам, беларуска-украінская цывілізацыя амаль на тры стагоддзі старэйшая за еўразійскую па меньшай меры па дзвюх прычынах:  1) з-за павольнай міграцыі славян у землі Паўночна-усходняга краю і будучага Маскоўскага царства, пра што сьведчыць значна пазьнейшае стварэньне Уладзіміра-Суздальскага княства (1157) ў параўнаньні з Полацкім (960) і Кіеўскім (882) княствамі; 2) статус Маскоўскай дзяржавы ў якасьці васала мангола-татараў на працягу амаль 240 гадоў.

Насельніцтва Беларусі і Украіны асімілявалася з балтамі ці сарматамі, адпаведна, стала пражывала на адной і той жа тэрыторыі, і на сёньня ў асноўным этнічна аднастайнае,  у той час як паўночна-ўсходнія славяне асіміляваліся на тэрыторыі сучаснай Расіі спачатку з фіна-вугорскімі плямёнамі (першая хваля ассіміляцыі), а пазьней з цюркскімі народамі (другая хваля ассіміляцыі), а тэрыторыя іх расьсяленьня ў выніку захопу другіх народаў павялічылася ў дзесяткі разоў. Асноўнае адрозненьне паміж насельніцтвам дзьвюх цывілізацый ў наш час можна заўважыць пры разліку адносін славян да іншых этнічных груп (30: 1 і 24: 1 для Беларусі і Украіны, адпаведна, кантрастуе з 4,8 : ​​1 для Расіі) (П. Мурзёнак, 2013, 2016).

Паводле нядаўняга даследаваньня гісторыі абмену генетычным матэрыялам між народамі сьвету розьніца паміж беларусамі і рускімі паказана і на генетычным узроўні (G. Hellenthal et al., 2014). Так, сярод 8 народаў, вылучаных ва ўсходнеерапейскую групу (беларусы, балгары, венгры, грэкі, літоўцы, румыны, рускія і чувашы), толькі найбольш усходнія групы, рускіх і чувашоў, мелі падобныя тыпы абмену генетычнага матэрыяла, якія мелі папярэднікаў, што паходзілі з двух крыніц – адна з паўднёва-усходняй Азіі, а другая адносіцца да еўрапейскай. Цікава, таксама, што ў абедзьвюх гэтых групах абмен адбыўся двойчы – адзін раз у перыяд да 500ВС, а другі раз прыпадае на час мангольcкай імперыі. Разам абодва абмены адказныя за 10% ДНК у рускіх, і прыблізна за 35% у чувашоў. Для астатніх разгледжаных краін такі абмен адбыўся аднойчы, і толькі прыблізна 2-4% ДНК мела паходжаньне з Азіі (для беларусаў – 3.6%, а асноўны матэрыял мае паўночна-еўрапейскае паходжаньне – каля 65%, і паўднёвае – каля 30%).

Геаграфічная прыналежнасьць беларусаў да Еўропы ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай не выклікае сумневу – так, усходняя мяжа Еўропы ў 17 ст. была адначасова і усходняй мяжой ВКЛ, г.зн. праходзіла паміж ВКЛ і Масковіяй. Геаграфічна Масковія была далучана да Еўропы толькі ў пачатку 19-га стагоддзя, калі межы Еўропы былі пасунуты да Уральскіх гор французскім вучоным M. Malte-Brun (W.H. Parker, 1960).

У 15-17 ст.ст. ВКЛ абараняла еўрапейскія каштоўнасьці ад еўразійскіх. Шматлікія войны, якія распачынала Масковія супраць ВКЛ пад эгідаў абароны праваслаўнага насельніцтва, не прыводзілі да посьпеху на працягу стагоддзяў. І не маглі прывесці, бо на нашу думку насельніцтва ВКЛ абараняла зусім іншыя цывілізацыйныя каштоўнасці і рэлігійная талерантнасьць была адной з іх.  З канца 15 ст., як толькі скончылася панаваньне самараспаўшайся Залатой Арды, і да сярэдзіны 17 ст., паміж ВКЛ і Масковіяй адбылося 9 буйных войнаў: 1-я маскоўска-літоўская вайна – 1492-1494, 2-я – 1500-1503, 3-я – 1507-1508, 4-я – 1512 -1522, 5-я – 1534-1537, Лівонская вайна – 1558-1583, вайна Масковіі з Рэчу Паспалітай – 1605-1618, Смаленская вайна – 1632 -1634, Паўночная вайна – 1654-1667. Такім чынам, за перыяд з 1492 па 1667 гг., г.зн. за перыяд працягласьцю 175 гадоў – 80 гадоў былі гадамі вайны, дзе беларусы непасрэдна ваявалі з маскавітамі. Ахвяраў было вельмі шмат. Толькі падчас Паўночнай вайны загінулі 1.5 мільёна беларусаў (Г. Сагановіч, 1995). Сапраўды, гэта было сутыкненьне цывілізацый.

Існуе дастаткова навуковых доказаў (Bekus, 2011; Куплевіч, 2013) для прызначэньня беларуска-ўкраінскай цывілізацыі да заходняй цывілізацыі (таксама, гл. Szporluk, 2001; Кohut, 2001). Куплевіч (2013) вылучае 15 ключавых фактараў, якія паказваюць на еўрапейскую прыроду Беларусі, у тым ліку: 1000-гадовую гісторыю Беларусі, наяўнасць еўрапейскіх цывілізацыйных працэсаў у Беларусі (Рэнесанс, Рэфармацыя, Контррэфармацыя, Брэсцкай унія, Асьветніцтва), прысутнасць еўрапейскіх інстытутаў (парламента, сойма, Магдэбургскага права, ратуш), сучасны працэс дзяржаўнага будаўніцтва, а таксама інтэграцыя беларускіх элітаў у еўрапейскія палітычныя, культурныя, эканамічныя працэсы і г.д.

Так, напрыклад, Магдэбургскае права мелі беларускія гарады ВКЛ: Бярэсце (1390), Гародня (1391), Слуцк (1441), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511), Магілёў (1577), Пінск (1581),  Нясвіж (1581), Віцебск (1597), Друя (1618), Орша (1620), і іншыя. Гэта кантрастуе з Масковіяй, дзе такога еўрапейскага інстытута не існавала.

Уплыў еўрапейскіх працэсаў рэфармацыі і контррэфармацыі на рэлігійнае жыцьцё ў ВКЛ у 16-18 ст. адлюстравана шматлікімі фактамі (А. Катлярчук, 2015). Царкоўная барацьба ў ВКЛ вылілася ў суіснаваньне праваслаўнай, каталіцкай і грэка-каталіцкай канфесій, аднак, іх уплыў сярод розных слаёў грамадства быў неаднолькавым. Так, у другой палове 18 ст. большасьць беларускага насельніцтва (каля 75%) далучылася да уніяцкай царквы, тады як значная частка беларускай эліты трымалася каталіцызма і меншая – праваслаўя.

Масковія, а пазьней Расійская імперыя пастаянна пашыралася і праводзіла каланіяльную палітыку ў адносінах да сваіх суседзяў. Каланіяльны менталітэт расійскай эліты і насельніцтва выхоўваўся як дзяржаўнай палітыкай, так і ўслаўляўся расійскімі паэтамі і пісьменьнікамі на працягу апошніх двух стагоддзяў. Да гэтага прыклаліся А. Пушкін (“Путешествие в Арзрум во время похода 1829 года”, “Кавказкий пленник”), М. Лермантаў (“Герой нашего времени”), Л. Талстой (“Вайна і Мір”), А. Салжаніцын (“Раковый корпус”), В. Распуцін (“Сибирь, Сибирь”), і шмат хто яшчэ з расійскага пісьменьніцкага ў асноўным русафільскага асяроддзя (Е. Томсан, 2009). Безумоўна, гэта не магло не сказацца на менталіцеце паняволеных народаў, і ў прыватнасьці беларускага і украінскага. Плады русіфікацыі, якая працягваецца зараз у выглядзе “рускага міра”, даволі проста заўважыць, зазірнуўшы на выкарыстаньне роднай мовы, распаўсюджаньне еўразійскай ідэі па каналах сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі і Украіне, урэшце рэшт па адкрытай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

200 год панаваньня Расіі ў Беларусі прывялі да значных зьмен у светапоглядзе беларускага народа. Параўноваючы палітычныя і эканамічныя рэформы, якія праводзіліся з 1991 г. у Латвіі і Беларусі, было адзначана (D. Meadows, 2012), што “… беларусы прынялі іншы падыход, паколькі беларускі палітычна-культурны сьветапогляд фармаваўся як гістарычна зьвязаны культурна з Расіяй, Еўразіяй і праваслаўем.”

У той жа час,

“Гэта не азначае, што беларусам не хапае цэласнай нацыянальнай ідэнтычнасьці, а толькі тое, што іх гістарычны палітыка-культурны светапогляд не лічыць гэта неабходным, ні мэтазгодным адысьці або адарвацца ад традыцыйнай культурнай сьферы Беларусі. Такім чынам, тое, што прапускаюць прыхільнікі доказаў Нацыянальнай сьвядомасьці з’яўляецца тое, што Беларусь мае сваю ўласную паслядоўную і унікальную нацыянальную ідэнтычнасьць, якая проста зьмяшчае розныя ідэі, насуперак нарматыўным вызначэньням, пабудаваных многімі дасьледчыкамі.”

 

Пагаджаючыся з апошнім меркаваньнем аўтара, мы, аднак, не думаем, што некаторыя зьмены ў светапоглядзе беларусаў, прынесеныя Расіяй, з’яўляюцца незваротнымі. Разглядаючы працэс развіцьця беларускага грамадства ў прасторы і часе, пачынаючы ад Полацкага княства (960) і да канца 18 ст., можна сьцвярджаць, што ў цывілізацыйным плане беларуска-украінскае грамадства істотна адрозніваецца (этнічна, рэлігійна, ментальна) ад еўразійскай цывілізацыі і па многіх прызнаках мусіць быць аднесена да еўрапейскай або заходняй цывілізацыі. Часовае знаходжаньне беларускага і украінскага этнасаў у складзе Расійскай імперыі апошнія два стагоддзі, і сучаснае іх змаганьне за асобнае месца ў сьвеце толькі падкрэслівае тое, што цывілізацыі, знаходзячыся ў дынамічным, цыклічным развіцьці, могуць перажываць перыяды ўзлётаў і няўдач. Аднак, улічваючы значную працягласць гістарычных цыклаў, хочацца думаць, што ў нашы дні беларуска-украінская цывілізацыя паступова выходзіць на фазу пад’ёма.

Вызначэньне месца Беларусі ў Заходняй цывілізацыі

Паводле С. Хантынгтана (1993), існуе восем цывілізацый – заходняя, праваслаўная\еўразійская\расійская, ісламская, кітайская, індыйская, японская, лацінская і краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Многія навукоўцы ў наш час прытрымліваюцца ў асноўным такой класіфікацыі цывілізацый,  а А. Targowsky ўводзіць дадаткова дзьве сучасныя развіваючыяся цывілізацыі з гібрыднай культурай – глабальная і сучасная-універсальная цывілізацыі.

Аднак, многія даследчыкі па не зусім зразумелых прычынах прызначаюць Беларусь і Украіну ў еўразійскую цывілізацыю. Так, у манаграфіі расійскіх навукоўцаў (Б. Кузік, Ю. Якавец, 2006), дзве краіны, Беларусь і Украіну можна ўбачыць на картах будучага развіцьця еўразійскай (расійскай) цывілізацыі на 2050 год; абгрунтаваньня для ўключэньня Беларусі і Украіны на гэтыя карты, паводле расійскай традыцыі, не дадзена. Пазіцыя расійскіх аўтараў зразумелая – яны прытрымліваюцца ідэяў еўразістаў мінулага і цяперашняга часу, каланіяльны характар якіх мае выразную геапалітычную афарбоўку.

Класічныя традыцыі еўразістаў, на жаль, былі безпамылкова прыняты заходнімі дасьледчыкамі. Прымаючы гістарычныя расійскія міфы за праўду, яны ідуць у іх фарватэры, будуючы на іх фундаменце тэорыі, якія не прымаюць да ўвагі існаваньне па сутнасьці трох асобных усходнеславянскіх народаў, беларускага, рускага і украінскага.  Усе гэтыя краіны, як правіла, класіфікуюцца ў адну еўразійскую цывілізацыю. Гэты погляд зьмяняецца вельмі паступова, нягледзячы на тое, што ў 20 ст. Беларусь двойчы мела шанец стаць паўнавартаснай незалежнай краінай – у абодвух выпадках пасля краху імперый – Расійскай у пачатку 20 ст., і СССР – у канцы 20 стагоддзя. І хоць першы раз гэта зрабіць у поўнай меры не ўдалося (па-ранейшаму застаючыся калоніяй Расіі), то ў другім разе гэта падаецца больш рэальнай, але не такой простай задачай. У сітуацыі з Украінай – гэта ідзе праз непасрэдную ваенную канфрантацыю з Расійскай імперыяй. Што тычыцца Беларусі, то падаецца, што яе кіраўніцтва, асабліва на працягу апошніх год, робіць вымушаныя і не зусім рашучыя крокі для таго, каб адлучыцца ад грознага суседа мірным шляхам.

Як падаецца, у большасьці выпадкаў, такое ўключэньне беларусаў і украінцаў у еўразійскую цывілізацыю праводзіцца на падставе рэлігійных адрозненьняў. Так,    A. Targowski, як і С. Хантынгтон, прызначае Беларусь і Украіну, разам з Расіяй, Балгарыяй і Малдовай, да еўразійскай цывілізацыі. Толькі невялікая частка як Беларусі, так і Украіны трапляе ў склад Заходняй цывілізацыі паводле Хантынгтона, які бачыць існаваньне менавіта такой мяжы паміж Захадам і Ўсходам на працягу 500 апошніх гадоў (цыт. па P. Eberhardt, 2016). Тым не менш, абмяркоўваючы новую канцэпцыю падзелу Еўропы паміж Лацінскай і Візантыйскай цывілізацыямі P. Eberhardt далучае да лацінскай цывілізацыі яшчэ меншыя часткі гэтых краін, чым тое, што паказана на карце Харынгтона, заўважаючы пры гэтым, што з канца 16-га і да канца 18 ст. уся Беларусь і большая частка Украіны адносіліся да Заходняй цывілізацыі, што абсалютна правільна.

У наш час такое падзяленьне Беларусі і Украіны па рэлігійнаму прынцыпу як бы загаддзя прадказвае магчымы канфлікт паміж праваслаўнымі і католікамі. Сапраўды, P. Eberhardt, не выключае магчымасці розных канфліктаў па лініі раздзела Лацінскай і Візантыйскай цывілізацыі, аднак, у той жа час ніякім чынам не каментуе вайну, якая ідзе паміж Расіяй і Украінай на тэрыторыі Данбаса.

Падаецца, што падзяленьне па рэлігіі мусіла б было праводзіцца ў гістарычным асьпекце. Тут трэба спыніцца з больш дэталёвым тлумачэньнем. Рэлігійная сітуацыя ў Беларусі і ва Украіне на працягу 10-18 стагоддзяў складывалася неадназначная. Увядзеньне князем Уладзімірам хрысьціянства ў Кіеўскай Русі, не прывяло адразу да хрысьціянізацыі ўсяго насельніцтва. Так напрыклад, калі браць ВКЛ ў канцы 14 ст., то значная частка краіны, як на тэрыторыі сучаснай Літвы, так і ў Беларусі, мела апроч праваслаўя значную долю насельніцтва, якое прытрымлівалася паганства. Сучасныя дасьледчыкі лічуць, што літоўскія князі, Гедзімін (1275-1341) і Альгерд (1295-1377), былі паганцамі (J. Muldoon, 1997). Можна думаць¸ што падуладнае ім насельніцтва знаходзілася ў такім жа стане адносна рэлігійнага вызваньня.

Пачатак існаваньня ВКЛ характарызаваўся балансаваньнем паміж рознымі канфесіямі ў адпаведнасьці з палітычнай сітуацыяй і прэферэнцыямі тагачасных элітаў. Гэта бачна па зьмене стану хрышчэньня Міндоўга, першага караля Літвы, які быў напачатку паганцам, затым стаў праваслаўным, католікам і зноў паганцам, князя Вітаўта, які тройчы прымаў хрост, католік – праваслаўны – католік, князя Ягайлы, які доўга вагаўся на кім яму жаніцца – на польскай каралеўне Ядзьвізе – і стаць католікам, ці на рускай княжне  Сафіі, дачцы князя Дзмітрыя Данскога,  і стаць праваслаўным. Ягайла выбраў Ядзвігу і каталіцызм пачаў распаўсюджвацца па ВКЛ, хаця значная частка простага насельніцтва была праваслаўнай, чаго нельга сказаць аб эліце.

Пачатак працэсаў Рэфармацыі ў Еўропе ў пачатку 16 ст. не мог закрануць і ВКЛ, вялікую еўрапейскую краіну (A. Kotliarchuk, 2015). Гэта заўважна па:

  • выданьню пратэстанцкіх кніг на беларускай мове – у 1562 годзе С. Будны выдаў у Нясвіжы лютэранскі катэхізіс, у 1580 годзе Васіль Цяпінскі – Новы Завет;
  • адкрыцьцю пратэстанцкіх прыходаў у ВКЛ (у 1600 годзе было 229 кальвінісцкіх прыходаў, 16 арыянскіх, 12 лютэранскіх);
  • утварэньню грэка-каталіцкай, уніяцкай царквы ў ВКЛ (Брэст, 1596);
  • контр-наступленьню рымска-каталіцкай царквы, што бачна па заснаваньню езуіцкіх каледжаў у беларускіх гарадах: у Полацку (1585), Нясьвіжы (1586), Воршы (1616), Гародні (1625), Мінску (1625), Віцебску (1648).

Падаецца, што недалучэньне Беларусі і Украіны да заходняй (лацінскай) цывілізацыі, абгрунтоўваецца некаторымі дасьледчыкамі ў асноўным на падставе ацэнкі распаўсюджаньня праваслаўнай рэлігіі ў гэтых краінах. Аднак, па гэтаму параметру нават у наш час існуе істотнае адрозненьне ў веравызнаньні насельніцтва краін, якія ўваходяць у беларуска-украінскую і еўразійскую цывілізацыі, нягледзячы на 200-гадовы каланіяльны перыяд, у якім знаходзіліся Беларусь і Украіна. У нядаўнім даследаваньні (N. Sahgal, A. Cooperman, 2016) паказана, што пры прыблізна аднолькавай колькасьці праваслаўнага насельніцтва, Расія і Балгарыя маюць значную долю мусульман (адносіны праваслаўных да мусульман 7:1 і 5:1, адпаведна), тады як у Беларусі і Украіне мусульмане складаюць нязначную долю насельніцтва (менш 0.1%). У той жа час у Расіі і Балгарыі амаль адсутнічаюць католікі, а ў Беларусі і Украіне адносіны праваслаўных да католікаў складпюць 6:1 і 8:1, адпаведна. Падобныя разлікі былі атрыманы і пры разліках адносін хрысціянаў да мусульманаў, у Расіі і Балгарыі – 7:1 і 5:1, у Беларусі і Украіне – 90:1 і 27:1, адпаведна (П. Мурзёнак, 2013). Больш дэталёвыя даследаваньні паказалі, што не больш 50% сучаснага беларускага насельніцтва адносіцца да праваслаўнай царквы (П. Мурзёнак, 2016).

Мы мяркуем, што цывілізацыйныя рамкі не могуць вызначацца толькі на рэлігійнай аснове. Тым больш, што роля рэлігіі ў жыцьці цывілізаваных народаў паступова зьмяншаецца. Цывілізацыя з’яўляецца інтэгральнай адзінкай, складовымі часткамі якой ёсьць этнічныя, моўныя, рэлігійныя і ментальныя прызнакі, памножаныя на гістарычныя досьвед, спадчыну і развіцьцё.

На падставе прыведзеных дадзеных, можна лічыць, што беларуска-украінская цывілізацыя існуе, адрозніваецца ад еўразійскай цывілізацыі, і можа быць класіфікавана як адна з суб-цывілізацый заходняй цывілізацыі. Паводле А. Targowskі напрыклад, у заходняй цывілізацыі ёсць заходне-заходняя, заходне-лацінская, габрэйская, і заходне-цэнтральная суб-цывілізацыі. Мы прапануем падоўжыць гэты рад яшчэ адной суб-цывілізацыяй, якую называем – заходне-рутэнская суб-цывілізацыя.

References

  1. Куплевіч В. Цывілізацыя Еўропы. Ч.5, 2013б, http://belarus.kulichki.net
  2. Мурзёнак П. Ці быў Рурык у Полацаку? Гісторыя сучаснай Беларусі і Украіны як вынік сутыкненьня ўсходнеславянскай і еўразійскай цывілізацый Часопіс “САКАВІК”, №2, чэрвень 2013, c.3-43.
  3. Мурзёнак П.   Усходнеславянская беларуска-украінская цывілізацыя. Гіпотэза і факты. Часопіс «САКАВІК», №3, верасень 2013, с. 40-61.
  4. Мурзёнак П. Шляхі да беларускай нацыі. Мінск, Кнігазбор, 2016. с. 62-87.
  5. Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654-1667. Мінск, «Навука і тэхніка», 1995.
  6. Томпсан Э. М. Песняры імперыі: Расійская літаратура і каланіялізм (пераклад з ангельскай). Мінск, Медысонт, 2009. 382 с.
  7. Bekus N.  East, West or in Between? Three post-communist concepts of the Belarusian Nation. In: The East-West discourse : symbolic geography and its consequences, by A. Maxwell. NY, Peter Lang, 2011, pp 191-211.
  8. Eberhardt P. Comparative Civilizations Review. No 75: Fall, 2016, pp.44-69.
  9. Hellenthal G., Busby G.B.J., Band G. et al. A Genetic Atlas of Human Admixture History. Science, vol. 343, 2014, 747-751.
  10. Huntington S. The clash of civilizations. Foreign Affairs, v.72, No. 3, 1993.
  11. Kuzyk B.N., Yakovets Yu.V. Civilizations: Theory, History, Dialogue and the Future, v. II, Moscow, Institute for Economic Strategies, 2006.
  12. Kohut Z. E. OP #280: The question of russo-ukranian unity and ukranian distinctiveness in early modern urkranian thought and culture. Kennan Institute Occasional Papers, 2001. http://www.wilsoncenter.org/sites/default/files/ACF2C9.pdf
  13. Kotliarchuk A.   The Orthodoxy in the grand Duchy of Lithuania and Protestants in Belarus. 2015. Available from Internet:  http://belreform.org/eng/katlarchuk_prat_i_pravasl_eng.php
  14. Meadows D. The effect of political culture on different dsides of the post soviet political and economic reforms: Comparison of the experience of Latvia and Belarus since 1991 (Doctor of Phylosophy thesis). Dalhousie, 2012. P. 577.
  15. Muldoon J. Varieties of Religion Conversion in the Middle Ages. University Press of Florida, 1977, p.140.
  16. Murzionak P. Evidence for Belarusian-Ukrainian Eastern Slavic Civilization. Comparative Civilizations Review. No 73: Fall, 2015, pp.51-76.
  17. Parker W.H. Europe: How Far?   The Geographical Journal. Vol. 126, No3, 278-297 (p. 286), 1960.
  18. Sahgal , Cooperman A. Religious Belief and National Belonging in Central and Eastern Europe. Pew Research Center, May 10, 2017, P.5.
  19. Szporluk R. The Making of Modern Ukraine: The Western Dimension.Harvard Ukrainian StudiesXXV (1/2) 2001: 57–90.
  20. Targowski A. Towards a composite definition and classification of civilization. Comparative Civilizations Review, No 60, pp79-98, 2009.

 

Piotra Murzionak: Western-Ruthen Civilization is a Part of Western Civilization

(Abstract, magazine“CULTURE, NATION”, December 2017, issue 20, p.14-24)

The author continues to provide an evidence for the existence of a distinct Belarusian-Ukrainian or Western-Ruthen civilization. Belarus and Ukraine as a sub-civilization belongs to the Western, but not to the Eurasian civilization. A number of arguments support this statement based on historical, ethnic, religion, mentality aspects, and commonality with Western civilization.



Categories: Нацыя, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: