Пётра Мурзёнак: Яшчэ жыве беларуская вёска. Пра кнігі Язэпа Квача – як вяртаньне на радзіму. Часопіс “Культура. Нацыя”, №20, сьнежань 2017, с. 51-55.

 

logo for chasopis

Вясной 2016 года атрымаў прыемную нечаканку – ліст з Жукоўшчыны ад сп. Язэпа Квача. Жукоўшчына – гэта вёска зусім блізкая ад Сямёнавіч, ад вёскі ў якой стаіць да гэтага часу хата майго прадзеда і ў якой летнім сезонам жыве мая цёця, Тамара Мурзёнак. Так атрымалася, што сп. Квач апякуецца старымі людзьмі, якія яшчэ засталіся ў паступова знікаючых вёсках Падзісеньня. Як піша сп. Квач у сваім пісьме  “па Пастаўскі бок ракі ад Васілін да Полава – ніводнай жывой душы”.

Вось праз цёцю Тамару мы і пазнаёміліся са сп. Квачом – інжынерам, настаўнікам, сацыяльным работнікам, бацькам траіх дзяцей і шчырым беларусам. Пішу шчырым, бо гэта адчуваньне узнікла з яго пісем, і яно яшчэ больш узмацнілася, калі даведаўся гэтай восеньню, што сп. Язэп Квач піша кнігі. Яго кнігі пра малую радзіму, малую, але любімую частку нашай цудоўнай і прыгожай Беларусі.

Той хто жыў у вёсцы добра ведае, што напісаць тры, хаця б і невялікія па размеру кнігі за апошнія два гады, гэта сапраўдны грамадзянскі подзьвіг. Хатнія клопаты, праца, ды колькі яшчэ розных спраў перарабляюць людзі, што жывуць у вёсцы.  12 лістапада 2017 года атрымаў ад сп. Квача ліст, дзе ён піша “Выбачаюся, што так доўга не адказваў. Не паверыце, але ад вясны амаль не падыходзіў да кампутара”.

Усе тры кнігі рознага жанру – гэта і прыпеўкі, сабраныя ў навакольных вёсках, гэта і ўспаміны са свайго дзяцінства і жывапіс аб людзях, якія яго акружаюць, і нарэшце, гэта яго вершы – і зноў жа гэта вершы аб сваіх блізкіх, родных і добра знаёмых вяскоўцах.

Цікава, што аўтар у кнізе “Падзісненскія прыпеўкі” разам з тэкстам прыпевак падае зьвесткі аб іх выканаўцах, а іх 22 чалавекі – гэта і адрас, і адукацыя, прафесія, нацыянальнасьць, і інфармацыя ад каго выканаўцы перанялі гэтыя прыпеўкі. З 22 выканаўцаў – 21 беларус\ка і 1 паляк.

Хачу тут прывесьці адзін прыклад, прыпеўкі Антаніны Брэскай (1920 г.н.) з Алашак. Выбар паў на яе, бо вельмі ўжо знаёмае прозьвішча і магчыма далёкая радня. Цёця Поля, родная сястра майго дзеда Сільвестра Мурзёнка, была замужам за Брэскім з Алашак і там пражыла ўсё жыцьцё. Прыпеўка падаецца так, як запісана ў кнізе сп. Я. Квача.

 

Антаніна Брэская

Ой, відаць, ой, відаць,

Як Алашкі ідуць гуляць.

Усе белыя румяныя

Усім вам панараўныя!

Люблю Колю, люблю Ваню

Люблю іх я абаіх.

Люблю Колю за гармошку,

А Валодзя мой жаніх!

Музыканціка любіла

Ды ня выйшла за яго.

Ні хваціла капіталу

У папашы маяго!

Цераз рэчку быструю

Я масточык выстраю.

Хадзі мілы, хадзі мой,

Хадзі летам і зімой!

Я із міленькім стаяла

Сярод беленькіх бяроз.

Абніла пацалавала

Давіла яго да слёз!

Я на ганачку стаяла

Слёзы коцюцца

Усе дзеўкі ідуць замуж

І мне хочыцца!

Я рассыпала гарошык

Па гарошынцы.

Вот пайшлі ўжо плясаць

Мае ножанькі!

Міша мой, Міша мой,

А я Мішава.

Міша кофтачку купіў,

А я вышыла!

Скачуць хлопцы і дзіўчаты,

Кажды хочыць што бы свята.

А пасага ні мала –

Дзве каровы, тры вала!

Мне чужых пасаг не трэба –

Ёсць у мяне кусок хлеба.

А да хлеба кусок сала,

Каб душа мая плісала!

Прыпеўкі, вусная творчасьць народа, якая перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне, утварае своеасаблівы мясцовы каларыт, што ўліваецца ў такое ёмкае паняцьце як беларуская ідэнтычнасьць. Можна быць крытычным, што  беларуская мова ў прыпеўках не дасканалая, і што некаторыя прыпеўкі ўтрымліваюць куплеты і па-беларуску, і па-руску, але так ёсьць як ёсьць. Гэта ўсё наша роднае, у частушках чуецца адкрытая беларуская душа. І дзякуй сп. Квачу за яго запісы.

У тым жа 2016 годзе выданы і зборнік вершаў “Я вас люблю”, які выйшаў пад псеўдамінам Язэп Братка. Шчырыя вершы напісаны ў асноўным на мясцовым матэрыяле, пра родных і любімых блізкіх, пра людзей, якія акружаюць аўтара, ці жылі ў гэтай мясцовасьці калісьці, напрыклад, пра Язэпа Драздовіча.

Вельмі цікавай для мяне падалася кніга “Квачы Квачамі”. У ёй шмат успамінаў з дзяцінства і юнацтва, расказы пра сваіх сяброў. У кнізе ёсць цікавыя раздзелы, такія як “Роды і мянушкі”, апісаньне вясельля, Купальля, вясковых танцаў, сялянскага быту. Асобнай часткай ідуць “Персаналіі”, якая прысьвечана канкрэтным асобам з мінулага, у прыватнасьці з міжваеннага часу, часу рэпрэсій і перасьледу. З асобнай любоўю аўтар піша пра сваіх родных, з сямейства Квачоў. У кнізе зьмешчаны і верш-прысвячэньне сямейству Квачоў.

Квачам

Хай кажуць, што ўсяк кулік балота сваё хваліць,

Я згодзен, з тым спрачацца не хачу.

Але, як не хваліць, што маці з малаком сваім нам далі,

Я пра свае Квачы сказаць хачу.

Пра вёску, дзе ўзрастаў ты чалавекам,

Дзе зведваў свет і страты пачуццё,

Пра дух змагарны нашае грамады,

Пра тую, што нас вывела ў жыццё.

Для нас “што Квач?” – зусім то не абраза,

Між прозвішчаў другіх – ярчэйшы след.

Яно для нас нароўні слоў высокіх.

Такіх, як бы Радзіма, маці, хлеб.

Каб заслужыць пахвал “Квачы Квачамі,”

З нас кожны пяўся ва ўсім лепшым стаць:

У рабоце, у вучобе, між людзямі,

І мы імкнуліся дэвіз свой апраўдаць.

Браты, сябры, знаёмыя, суседзі,

Прабачце, што вас мусіў пакідаць.

Такіх надзейных, дружных, шчырых,

Гатовых у бядзе мне спачуваць.

І сёння я даю наказ грунтоўны

Квачоўскім самавітым “уцекачам”:

Удзячны будзьце вы зямлі, што ўзгадавала,

У свеце між людзей нясіце славу вы Квачам!

Пачата 2 студзеня 2016 г.

Закончана 11 лютага 2016 г

Трэба адзначыць, што ўсе тры кнігі сп. Я. Квача, апублікаваны пры падтрымцы Глыбоцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Гэта вельмі добры знак, што ў беларускай глубінцы яшчэ ёсьць людзі, якія гавораць і думаюць па-беларуску, і гэтым самым пакідаюць надзею, што беларускасьць будзе існаваць не толькі на вёсцы, а і ва ўсім беларускім краю.

Часопіс “Культура. Нацыя” падае ў гэтым нумары прадмовы Язэпа Квача да трох яго кніг, а таксама зьмяшчае тэксты саміх кніг на сайце  www.sakavik.net   у раздзеле «Літаратура».



Categories: Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

w

Connecting to %s

%d bloggers like this: