«Закон Гука» зрабілі песьняю верш Ластоўскага

Менскі рок-гурт ушанаваў памяць Вацлава Ластоўскага песьняй на ягоны верш «Пішы».

Вацлаў Ластоўскі пасьпеў зрабіць надзвычай шмат. Ён аўтар важных працаў – «Кароткая гісторыя Беларусі», «Расійска-крыўскага (беларускі) слоўніка» і «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі», першай беларускай фантастычнай аповесьці «Лябірынты» ды інш, піша tuzinfm.by.

Яму прысьвячаў вершы Янка Купала, а яго пісьменьніцкі талент адзначаў Максім Багдановіч, які пісаў, што кожную ягоную рэч можна лічыць за ўзор пісьменства. Ластоўскі адстойваў права беларусаў на стварэньне самастойнай дзяржавы, у БНР ён ачольваў кабінэт міністраў.

У савецкай Беларусі ён кіраваў Беларускім дзяржаўным музэем, сакратаром Акадэміі Навук, зладзіў экспэдыцыю, дзякуючы якой быў знойдзены Крыж Ефрасіньні Полацкай. Багата пераклаў на беларускую мову, у тым ліку творы Кіплінга, Ажэшкі, Андэрсана. На ўзьлёце ягоная творчая і навуковая дзейнасьць была абарваная. Яго арыштавалі ў 1930 годзе, трымалі ў турмах Менску і Масквы, выслалі на 5 год у Саратаў, дзе арыштавалі паўторна і расстралялі. Налета 23 студзеня будзе 80 год з даты сьмерці Власта, як яго звалі сучасьнікі.

ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ

Менскі рок-гурт «Закон Гука» ушанаваў памяць Ластоўскага песьняй на ягоны верш «Пішы». «На жаль, у школе не расказваюць гісторыі рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў. І мы вельмі мала ведаем пра той час і тых асобаў. Але тым больш каштоўныя яны і іх спадчына для нас цяпер, у час, калі ідзе актыўнае фармаваньне нацыі», – кажа вакаліст каманды Лёкса Кузьмін. Ён кажа, што верш «Пішы» уразіў сваёй энэргетыкай і сучасным гучаньнем. Музыкі стараліся максымальна раскрыць зьмест твора і дапоўніць яго музыкай, каб музычны і паэтычны складнік гучалі разам, як адзінае.

ГУРТ «ЗАКОН ГУКА»

«Мы прадстаўляем сваё бачаньне верша “Пішы”. Гэта трагічная перамога над страхам. Страхам быць непачутым, страхам таго, што думкі ня будуць напісаныя, а тое што напісана – ніколі ня будзе прачытана і не кране сэрца. Цяпер гэтага страху няма, бо ёсьць песьня. Ведаем, што рукапісы не гараць, але ў сучасных умовах гэтага недастаткова. Трэба каб словы сьпяваліся, толькі тады можна быць пачутым», – кажуць музыкі з «Закону Гука».

Песьня «Пішы» завяршае праект «(Не)расстраляная паэзія», які ініцыяваў сёлета партал TuzinFM. У яго межах прайшлі лекцыі, прысьвечаныя расстраляным у 1937 годзе паэтам, а беларускія музыкі стварылі песьні на іх вершы. Першы тур у сэзоне 2017/2018 складаўся з гэтых кампазыцый. Акром 12 песень, якія сталі асноваю праекту, у музычным дадатку таксама былі прэзэнтаваныя песьні «Восень» на словы Цішкі Гартнага ад праекту N.O.I.R./Stern, «Вятры» на словы Сяргея Астрэйкі гурту Zanzibar, «У гэту ноч» на словы Сяргея Фаміна ад гурту Whiskey Way і гэты твор гурту «Закон Гука» на словы Вацлава Ластоўскага.

Канчатковы плэй-ліст праекту «(Не)расстраляная паэзія» цяпер выглядае такім чынам

TuzinFM спадзяецца, што і надалей творы рэпрэсаваных саветамі беларускіх пісьменьнікаў будуць натхняць сёньняшніх музыкаў на напісаньне новых песень.

Закон Гука – Пішы (музыка гурта, словы Вацлава Ластоўскага).

Пiшы,

пра болесьцi

жыцьця свайго

пішы,

пра глум i зьдзек —

ярэмнае мадзеньне,

пра трутны хлеб,

пра слоў каменьнi…

пішы…

Пішы,

Як брат няволiць брата,

Пішы,

як раб багомiць ката,

пра стогн душы

Ня словамi,

ня чорнаю сьлязой

а нэрвамi, крывёй,

узрыгамi душы

Сябе распнi

на крыжу мук,

надзеi спапялi,

ачысьцi сэрца

у агнi

цярпеньня,

усiх багоў i стодаў,

акром мiласьцi к народу,

ты пакрышы, ты пакрышы!

журбой сiротнаю,

сардэчнаю тугой,

мiлуючай душой,

зямлi апарамi

i чарамi

мiнуўшчыны

свой твор вяршы,

сьлязьмi душы,

сьлязьмі душы

пішы,

пішы,

пiшы!

(1926)



Categories: Культура, Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: