Алена Літвінава: Уладзімер Брыль, без віны расстраляны. Гісторыя жыцьця і сьмерці брата пісьменьніка ў дакумэнтах

15 студзеня 2018 года  “РС”


Мэмарыял «Быкаўнянскія магілы» пад Кіевам

Мэмарыял «Быкаўнянскія магілы» пад Кіевам

Уладзімер Брыль, брат беларускага пісьменьніка Янкі Брыля, быў беспадстаўна расстраляны ў 1938-м ля Кіева, а праз 20 гадоў рэабілітаваны. Ягонае прозьвішча — сярод ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Быкаўнянскім мэмарыяле. Карэспандэнтка Свабоды знайшла ягоныя дакумэнты ў Цэнтральным архіве грамадзкіх аб’яднаньняў Украіны (Кіеў).

Пад вялікі тэрор у 1937-1938 і 1941 гадах трапілі больш як 2 тысячы беларусаў, якія з розных прычын пераехалі жыць на тэрыторыю Ўкраіны.

Справа Ўладзімера Брыля — брата пісьменьніка Янкі Брыля

Справа Ўладзімера Брыля — брата пісьменьніка Янкі Брыля

Сярод іх і брат беларускага пісьменьніка Янкі Брыля Ўладзімер. Ён быў затрыманы 27 сьнежня 1937 году ў Вялікапалавецкім раёне (цяпер Сквірскі раён Кіеўскай вобласьці) праз падазрэньне ў падрыўной дзейнасьці ў зьнішчэньні заводнай жывёлы, а расстраляны 5 кастрычніка 1938 году ў Кіеве паводле рашэньня «тройкі» як «нямецкі агент».

Дзянікінец і чырвонаармеец

Уладзімер Брыль нарадзіўся ў 1899 годзе у вёсцы Загор’е Наваградзкага павету Менскай губэрні. Навучаўся спачатку ў Мірскай вучэльні, а потым у гімназіі ў Адэсе, дзе бацька працаваў чыгуначнікам. Па заканчэньні гімназіі брат беларускага пісьменьніка паступіў у Адэскі сельскагаспадарчы інстытут.

Уладзімер Брыль напісаў заяву сьледчаму праз тры месяцы пасьля арышту

Уладзімер Брыль напісаў заяву сьледчаму праз тры месяцы пасьля арышту

«У дні лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцыі я быў у Адэсе, удзелу ў баях ня браў. У пэрыяд грамадзянскай вайны я пад уплывам рэакцыйна настроеных студэнтаў, як Ягораў Усевалад, Лазараў і іншых, пайшоў у Белую армію. Празь пяць месяцаў я вырашыў зьмяніць сваю лінію паводзінаў і 8 верасьня 1919 году пакінуў Белую армію», — паведамляў сьледчаму пра сваё жыцьцё Ўладзімер Брыль.

Пасьля службы ў войску Дзянікіна і да прыходу Чырвонай арміі працаваў у шпіталі ў Адэсе. Вясной 1920 году Ўладзімер Брыль пайшоў у чырвонаармейцы — паступіў у штаб 45-й дывізіі пісарам. Але праз паўгода разам з двума сваімі саслужыўцамі дэзэртыраваў на тэрыторыю, падкантрольную Белай арміі.

Пазьней Уладзімер Брыль працаваў ва Ўкраіне паводле спэцыяльнасьці — заатэхнікам у жывёлагадоўлі. Сям’я ж Брылёў у 1922 годзе вярнулася ў Наваградзкі раён, які тады тэрытарыяльна належаў Польшчы.

Адметна, што ў анкеце, запоўненай сьледчым НКВД Сагалаевым, адзначаецца вайсковая служба Уладзімера Брыля толькі ў Белай арміі. Апроч таго, у некалькіх розных дакумэнтах паведамляецца супярэчлівая інфармацыя пра ягоную адукацыю: у адных — незакончаная вышэйшая, у іншых — вышэйшая.

Анкета арыштаванага Ўладзімера Брыля

Анкета арыштаванага Ўладзімера Брыля

Сам сябе абвінаваціў

Уладзімер Брыль быў арыштаваны адначасова з вэтэрынарным урачом Леанідам Клісенкам, зь якім разам працаваў у Рудзянскім племянным саўгасе. Адразу на іх была адкрытая супольная крымінальная справа аб «шкодніцкай падрыўной працы, накіраванай на зьнішчэньне жывёлы».

Але ў сваёй заяве сьледчаму, якую Ўладзімер Брыль напісаў уласнай рукой толькі праз тры месяцы зьняволеньня, ён прызнаецца ў тым, што быў завэрбаваны «нямецкім агентам».

Сваім вярбоўшчыкам ён назваў намесьніка дырэктара саўгасу Аляксея Бермана, які, паводле яго, быў нямецкім падданым. І менавіта празь яго Ўладзімер Брыль нібыта перадаваў нямецкай выведцы зьвесткі аб стане жывёлагадоўлі ў саўгасе, прадукцыйнасьці працы і заробках працоўных.

Менавіта на такіх уласных прызнаньнях Уладзімера Брыля і грунтуецца ўсё абвінавачаньне НКВД. Пры гэтым сьледзтва так і не прыцягнула да адказнасьці ні вышэй згаданага вэтэрынара Клісенку, ні «вярбоўшчыка» Бермана. Клісенку нават не дапытвалі падчас арышту і празь некалькі месяцаў пасьля правядзеньня вочнай стаўкі з Уладзімерам Брылём быў вызвалены без абвінавачаньня.

У верасьні 1938 году Уладзімеру Брылю выставілі абвінавачаньне. Справу разглядала «асобая тройка»

У верасьні 1938 году Уладзімеру Брылю выставілі абвінавачаньне. Справу разглядала «асобая тройка»

Зьвяртае ўвагу і той факт, што ў справе адсутнічаюць рэчавыя доказы, а ў дакумэнтах указваецца, што падчас ператрусу ва Ўладзімера Брыля «нічога ня знойдзена».

Акты пра выкананьне прысуду да найвышэйшай меры пакараньня

Акты пра выкананьне прысуду да найвышэйшай меры пакараньня

Шлях да рэабілітацыі

Праз тры гады пасьля сьмерці Ёсіфа Сталіна жонка Ўладзімера Брыля Надзея зьвярнулася з заявай да генэральнага пракурора СССР Рамана Рудэнкі з просьбай высьветліць лёс мужа, перагледзець справу і рэабілітаваць яго. Сям’я доўгі час нават ня ведала, што Ўладзімера Брыля ўжо няма ў жывых.

«У 1937 годзе майго мужа Брыля Ўладзімера Антонавіча арыштавалі як „ворага народу“. Адбылася цяжкая як для яго, так і для ягонай сям’і, памылка. Я абсалютна ўпэўненая ў сумленнасьці майго мужа як чалавека і грамадзяніна нашай Савецкай Радзімы, і таму зьвяртаюся да вас з пераканаўчай просьбай паведаміць, дзе мой муж і што зь ім цяпер, перагледзець справу мужа і цалкам яго рэабілітаваць», — напісала Надзея Брыль.

Зварот Надзеі Брыль да генэральнага пракурора СССР, датаваны 4 траўня 1956 году

Зварот Надзеі Брыль да генэральнага пракурора СССР, датаваны 4 траўня 1956 году

У сваім лісьце яна пералічыла ўсіх сваякоў Уладзімера Брыля. Асабліва яна зьвярнула ўвагу на ягонага брата Янку Брыля, паведаміўшы, што той зьяўляецца беларускім пісьменьнікам, ляўрэатам Сталінскай прэміі і былым партызанам.

На падставе гэтага ліста Сьледчае ўпраўленьне КДБ пры Савеце Міністраў УССР пачало праверку. На допыт выклікалі 10 былых калег Уладзімера Брыля, у тым ліку і Леаніда Клісенку. Аляксея Бермана зноў не знайшлі. Усе яны найлепшым чынам характарызавалі Уладзімера Брыля — як аўтарытэтнага спэцыяліста, які нічога антысавецкага не рабіў.

Менавіта на допыце ў 1956 годзе Леанід Клісенка расказаў пра вочную стаўку з Уладзімерам Брылём. Гэтая інфармацыя ў матэрыялах справы 1937-1938 гадоў адсутнічала.

Стэнаграма допыту Леаніда Клісенкі ў 1956 годзе

Стэнаграма допыту Леаніда Клісенкі ў 1956 годзе

«На пытаньне сьледчага, ці сапраўды я расказваў антысавецкія анекдоты, Брыль адказаў станоўча. На гэтым вочная стаўка завяршылася. Калі ж мяне і Брыля вывелі ў калідор, я з абурэньнем запытаў яго, навошта ён на мяне ўзьвёў паклёп, Брыль адказаў: „Калі б цябе так зьбівалі, як мяне, то ты яшчэ ня тое б сказаў“. Прыкладна праз два месяцы мяне вызвалілі з турмы, заявіўшы, што арыштавалі памылкова», — распавёў Леанід Клісенка.

Да праверачнай справы таксама далучылі некалькі выпісак з прыказаў Камісарыяту харчовай прамысловасьці СССР пра адзнакі Ўладзімера Брыля за «дасягеньні высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі».

Уладзімера Брыля ў ліпені 1935 году прэміявалі за добрую працу двухмесячным акладам

Уладзімера Брыля ў ліпені 1935 году прэміявалі за добрую працу двухмесячным акладам

Па выніках праверкі прыйшлі да высновы, што сьледзтва ў 1937-1938 гадах нічым не пацьвердзіла шпіёнскую і падрыўную дзейнасьць Уладзімера Брыля. Справу накіравалі на разгляд вайсковаму пракурору Кіеўскай акругі, які пастанавіў: прысуд «тройкі» адмяніць, а справу закрыць праз адсутнасьць складу злачынства. Але сьледчага Сагалаева, які праводзіў працэсуальныя дзеяньні ў дачыненьні Ўладзімера Брыля, таксама ніхто не шукаў і не караў.

Рэзалюцыя вайсковага пракурора Кіева пра закрыцьцё справы Уладзімера Брыля

Рэзалюцыя вайсковага пракурора Кіева пра закрыцьцё справы Уладзімера Брыля

«Адчуваю цяжкае зьдзіўленьне»

Новым штуршком у жаданьні сям’і разабрацца ў справе Ўладзімера Брыля сталі вынікі эксгумацыі пахаваньняў у Быкаўнянскім лесе пад Кіевам. Менавіта сюды, як у Курапаты пад Менскам, у гады вялікага тэрору звозілі ўсіх расстраляных у Кіеве. Сярод прадметаў, знойдзеных у чэрвені 1989 году ў часе раскопак на пахаваньні, адшукалі муштук, на якім было выгравіравана прозьвішча, імя і імя па бацьку брата Янкі Брыля з указаньнем даты нараджэньня.

З гэтай нагоды Янка Брыль зьвярнуўся да кіраўніка КДБ УССР Мікалая Галушкі дзеля азнаямленьня з матэрыяламі справы. На ягоную просьбу, улічваючы ўзрост (яму тады ішоў 73-і год) справу накіравалі ў КДБ Беларусі, і ўжо ў Менску беларускі пісьменьнік знаёміўся з матэрыяламі. Але дазвол на азнаямленьне з актам пра выкананьне прысуду, з пратаколам пасяджэньня «тройкі» і з высновамі па выніках праверкі справы ў 1956 годзе ён атрымаў толькі пасьля паўторнага звароту.

Янка Брыль просіць кіраўніка КДБ Украіны разабрацца з дэталямі справы свайго брата

Янка Брыль просіць кіраўніка КДБ Украіны разабрацца з дэталямі справы свайго брата

Да апошніх сваіх дзён Янка Брыль чакаў дапамогі ад КДБ Украіны і спрабаваў разабрацца з супярэчлівымі фактамі, якія сталі падставай для абвінавачаньня ягонага брата ў «шкодніцкай падрыўной дзейнасьці».

«Я яшчэ раз прачытаў справу майго брата Брыля Ўладзімера Антонавіча. Як і пры першым прачытаньні, так і цяпер, але зь яшчэ большай сілай адчуў цяжкае неўразуменьне, якім дазвольце падзяліцца з вамі і папрасіць вас дапамагчы разабрацца», — пісаў Мікалаю Галушку Янка Брыль. Найперш яго цікавіў такі розны падыход у дачыненьні да ягонага брата і вэтэрынарнага лекара Леаніда Клісенкі, які празь некалькі месяцаў быў вызвалены з фармулёўкай «арыштаваны памылкова».

Адказ КДБ Украіны Янку Брылю на паўторны зварот для атрыманьня дадатковых дакумэнтаў са справы брата

Адказ КДБ Украіны Янку Брылю на паўторны зварот для атрыманьня дадатковых дакумэнтаў са справы брата

Гісторыю свайго брата Янка Брыль прыгадаў у сваёй кнізе «Пішу як жыву».

Мэмарыял «Быкаўнянскія магілы» пад Кіевам

Мэмарыял «Быкаўнянскія магілы» пад Кіевам

У красавіку 1994 году на месцы пахаваньняў ахвяраў рэпрэсій у Быкаўнянскім лесе адкрылі мэмарыял. На гэты момант гісторыкі ўстанавілі прозьвішчы 14 191 грамадзяніна з імаверна 100 тысяч пахаваных на гэтым месцы. Сярод увекавечаных на мэмарыяле — і імя Ўладзімера Брыля.

Імя Уладзімера Брыля ўвекавечанае ў сьпісе сталінскіх ахвяраў у Быкаўні

Імя Уладзімера Брыля ўвекавечанае ў сьпісе сталінскіх ахвяраў у Быкаўні

Дырэкцыя нацыянальнага гісторыка-мэмарыяльнага запаведніку «Быкаўнянскія магілы» дазволіла Радыё Свабода азнаёміцца са справай беларуса Ўладзімера Брыля.



Categories: Мараль

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: