Збіраць пачнем зярно к зярняці
Былое ў думках ускрашаць…
Янка Купала (1913 г.)
1100 – ад пачатку існавання “Шляху з варагаў у грэкі”, асноўнага міжнароднага гандлёвага і палітычнага шляху Русі, які злучаў Паўночную Русь з Паўднёвай, Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй. Паўстаў у канцы ІХ – пачатку Х ст. Упершюню згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў”.
О, Беларусь, твой зоўны лёс – дарога.
Ты сто разоў пытаеш на вяку:
“Ці многа нас? Ці многа нас? Ці многа
Знаходзіцца на кожным бальшаку?”
(“Нас – многа!”)
1000 гадоў Тураўскаму Евангеллю, адной з найбольш ранніх кніг на беларускіх землях. У 1865 г. у адным з царкоўных дамоў у Тураве ад старажытнага рукапісу ХІ ст., знойдзенага ў кошыку для распальваня печы, заставалася 10 аркушаў…
Не татарва, не злыя феадалы,
а вышмаргі знявечанай зямлі
Айчыну цыравалі так няўдала,
што й нацыі параметры змялі.
(“Тураўскаму Евангеллю ХІ стагоддзя”)
905 – Кірылу Тураўскаму (28.04.1113 – каля 1192) – святому праваслаўнай царквы, названаму Златавустам. Стварыў прытчы, казанні, каноны, 30 спавядальных малітваў…
Цябе чакаць гатоў і тысячу гадоў
Ля курганоў зажураных…
Ад Полацка да Турава
Сумежжа правадоў.
(“Ад Полацка да Турава”)
860 – ад заснавання нямецкімі купцамі паселішча ў рыгве (вусці) Дзвіны (1158). У 1201 г. крэпасць Рыга становіцца горадам і сталіцай Лівоніі.
Жывіца капала і стыла.
Не пойдзе бервяно на дно:
на Рыгу зрушана стырно.
Бывайце, румы залатыя!
(“Стырно”)
845 гадоў Памяці пра Еўфрасінню Полацкую, святую заступніцу і асветніцу беларускай зямлі. нябесную апякунку Латгальскага краю (5.01.1104—23.05.1173). У 1893 г. прылічана да ліку святых. У 1931 г. копія Крыжа святой ігуменні (народжаная Прадславай) была ўстаноўлена ў Яўнлатгальскай царкве ў г. Абрэнэ (цяпер горад –на тэрыторыі Расіі). Сяргей Сахараў у 1938 г. выдаў у Рызе кнігу “Преподобная Евфросинія, княжна Полоцкая”.
Выстава іконаў св. Еўфрасінні з латгальскіх бажніцаў праходзіла ў Даўгаўпілсе ў 1996 г.
Мне не суджана пакахаць.
Буду веру аберагаць ад грахоў.
Цераз полымя гарадоў
Прыплыву да сваіх братоў па любоў.
(“Еўфрасіння”)
815 – ад пачатку княжання ў Кукейносе (Кокнэсэ) у 1203—1208 гг. Вячаслава-Вячкі, васала полацкага князя.
Шлях з Грэкаў у Варагі – у вірах.
А ён жа азалочваў і нявесціў.
(“Пачула Неба…” )
755 гадоў мірнай дамове князя Гердэня, якая была заключана ад імя жыхароў Полацка і Віцебска з лівонскім магістрам Конрадам (1263 г.) 680 гадоў таму, у 1338 г. быў заключаны мір між Ордэнам, Рыжскім магістратам і гарадамі Полацкам і Віцебскам.
З Хвіліны летапісы выйшлі
і абарончыя мячы,–
калі на межы лезлі выжлы
і розныя абскубачы…
(“Звеставальная Хвіліна”)
755 гадоў Памяці пра першага вялікага князя ВКЛ, першага і апошняга караля нашай дзяржавы Міндоўга (каля 1195 – 12.09.1263). Паходзіць, магчыма, з роду полацкіх князёў Ізяславічаў (Рагвалодавічаў).
Быў доўг – Міндоўг. Яго карона лечыць.
Груда Наваградка – каб векаваць.
(“Стаяць лясы…” 750-годдзю каранацыі Міндоўга)
735 гадоў ад нараджэння Давыда Гарадзенскага (каля 1283 – 1327) – дзяржаўнага дзеяча і палкаводца ВКЛ, старосты гродненскага. Перамагаў ва ўсіх бітвах з крыжакамі і загінуў ад падкупленага імі мазавецкага здрадніка.
І яго ваяцкі сцяг прыняла Каложа.
…Сёння зноў ён у гасцях.
(У змаганні ёсць працяг:
вольна жыць – прыгожа!
(“Давыд Гарадзенскі”)
525 – ад выдання Буквара ў друкарні Мамонічаў у Вільні (1593).
520 – ад надання Полацку, сталіцы першай дзяржавы на беларускай этнічнай тэрыорыі, Магдэбургскага права (4.Х.1498 ). Горад згадваецца ў 447 г., а таксама ў 862 г.
Веча гудзе. Сёння з продкамі сталі мы ў шэраг,
Дабраславеннем у сэрцайку кожным гарыш.
Полацак! Ты радаводны наш бераг,
Вечны, як наш Еўфрасінеўскі крыж!
(“Радаводны бераг”)
520 – Супрасльскаму Дабравешчанскаму манастыру, буйнаму інтэлектуальнаму цэнтру ВКЛ. Заснаваны ў 1498 г. маршалкам Аляксандрам Хадкевічам.
430 – трэцяму выданю Статута ВКЛ (1588) – зборніка законаў як сцвярджэнне дзяржаўнай самастойнасці нашай старажытнай краіны. Леў Сапега пісаў: “Не чужой якой моваю, але сваёй уласнай правы пісаныя маем”. Забаронены расійскімі ўладамі ў 1840 г. Адзначаем і 385 гадоў Памяці пра Льва Сапегу (4.04.1557 – 7.07.1633) – дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, дыпламата, канцлера і гетмана вялікалітоўскага.
Белы ліст – як лёс-планіда —
быў астуджаны.
Абакрадзеным да нітак —
па Статуце жыць!
(“А пісар земскі…” )
430 – ад пачатку кнігадрукавання ў Рызе. Першую друкарню заснаваў галандзец з Антверпена Нікалай Молін.
Парадніца? Тады ў жаронцы!
каб не было прагалаў.
З песняй-жніцай глядзіць на сонца
бог крывічоў, земгалаў…
(“Бурштын”)
400 – ад выдання 24.07.1618 г. Буквара мовы славянскай, пісаны чытанню вучыцца хто хоча ў карыснае кіраванне. “Буквар” быў выдадзены ў друкарні віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва (г. Еўе, цяпер Вэвіс у Ліетуве).
З Вільнюса глядзіць нядзеля —
Вільня срэбная.
(“Балцкая спружына”)
230 – ад нараджэння Івана Насовіча (7.10.1788 –6.08 1877) – літаратуразнаўца, мовазнаўца, лексікографа, фалькларыста, этнографа. З 1822 г. працаваў выкладчыкам у Дынабургскай гімназіі.
220 – ад нараджэння Адама Міцкевіча (24.12.1798 – 26.11.1855) – польскага паэта беларускага паходжання, публіцыста, драматурга, перакладчыка. У 1824 г. наведаў Людвіку Кастравіцкую ў Дзісне, дзе ў сядзібнай капліцы напісаў верш “Матрос”. Прафесар Калеж дэ Франс выказаўся так: “На беларускай мове, якую называюць русінскай, гавораць каля 10 мільёнаў чалавек. Гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана”.
200 – ад нараджэння Адама Кіркора (21.01.1818 – 23.11.1886) – беларускага і польскага гісторыка, археолага, этнографа, выдаўца, грамадскага дзеяча. Садзейнічаў станаўленню новай беларускай літаратуры.
195 гадоў Памяці пра Броцэ Іягана Крыстофа (12.09.1742 – 16.08.1823) – ілюстратара гісторыі старажытнай Латвіі, педагога, краязнаўца, этнографа. З 1768 г. жыў у Рызе.
195 – ад нараджэння Паўла Шпілеўскага (12.11.1823 – 29.10.1861) – мовазнаўца, краязнаўца, фалькларыста, этнографа, пісьменніка. У 1859 г. наведаў Дзісну.
Што такое даўніна?
Таямніцаў баразна.
(Юрась Пацюпа:“Відаць, толькі на Дзісеншчыне – і нідзе больш-ляжыць ключ-адгадка да таямніц беларускага этнасу”)
190 – ад нараджэння маці Яніса Райніса – Дарты Пліекшанэ з роду Грыкоўскіх ( 1828 – 18.04.1899). Пахавана на Стара-Сямёнаўскіх могілках у Віцебску.
О, ткуцца ў Янісавых соснах
і маці Дарты песні ў кроснах.
А зыкі: “Ён беларусаў хросны!” —
вятрам ніколі не суняць.
(“Нязломныя сосны Райніса”)
180 – ад нараджэння Вінцэнта Канстанціна – Кастуся Каліноўскага (2.02.1838 – 22.03.1864) – нацыянальнага героя Беларусі, аднаго з кіраўнікоў вызвольнага паўстання 1863—1864 гг., публіцыста, паэта, выдаўца, аўтара “Лістоў з-пад шыбеніцы”…
Хай не чапляецца зараза
Да нашых чыстых, мужных рук.
Таму й крычу, пакуль не ўмру:
– Ідзём, браты, да праўды разам!
(“Казанне Кастуся Каліноўскага”)
155 – ад пачатку паўстання нацыянальна-рэвалюцыйных сілаў Польшчы, Літвы і Беларусі (1863—1864 гг.). Латышскі вучоны Б. Брэжга апісвае хваляванні латгальскіх беларускіх сялянаў.
155 гадоў Памяці пра Людвіка Нарбута (26.08.1832 – 5.05.1863) – кіраўніка Лідскага паўстання. Загінуў у бітве пад Дубічамі. Героямі паўстання 1863—64 гг. застаюцца для нас і Баляслаў Колышка, Зыгмунт Серакоўскі, Валеры Урублеўскі, Рамуальд Траўгут, Зыгмунт Мінейка…
Каліноўскі блісне маланёй:
– Будуць вашы сэрцы развівацца
ў шырыню, каб у радню сабрацца, –
стануць непакорнай вышынёй.
(“У радню сабрацца”)
155 гадоў Памяці пра Генрыха Дмахоўскага (26.10.1810 – 26.05.1863) – удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху, скульптара. Рух яго змагарнага жыцця: Валынь, Галіцыя, Францыя… У ЗША стварае бюсты Д. Вашынгтона, Т. Джэферсана, Б. Франкліна, Т. Касцюшкі, Л. Кошута, а ў Вільні – мадэль помніка Барбары Радзівіл, помніка У. Сыракомлі. Падчас паўстання 1863—1864 гг. – камісар Дзісненскага павета. Трагічна загінуў у выніку здрады. Магіла паўстанца – у Докшыцкім раёне.
Трымаў Сусвет з гняздом у Забалоцці.
Скульптурай Волі уяўляў народ.
А карнікі у злосным карагодзе
шукалі, дзе жыве Іскарыёт…
(“У абдыме”. Генрыху Дмахоўскаму)
150 – ад нараджэння Ляцкага Яўгена Аляксандравіча (15.03.1868, Менск – 7.07.1942, Прага) – крытыка, гісторыка літаратуры, даследніка беларускага фальклору, этнографа. З 1922 г. жыў у Празе, выкладаў у Карлавым універсітэце, апекаваўся беларускімі студэнтамі. Пахаваны на Альшанскіх могілках недалёка ад помнікаў П. Крачэўскаму, В. Захарку, М. Забэйду..
Разводдзя падсыхала брага.
Скарыны рэха – між муроў…
Нагадавала Злата Прага
будзіцеляў-валадароў.
(“На пражскім ходніку”)
150 – Уладзіславу Вярыгу (9.06.1868—27.08.1916)—пісьменніку, этнографу, збіральніку беларускга фальклору. У 1886 г. запісваў латышскія народныя песні каля г. Люцын.
Жывіца капала і стыла,
Не пойдзе бервяно на дно:
на Рыгу зрушана стырно.
Бывайце, румы залатыя!
(“Стырно”)
150 – ад нараджэння Мікалая Багданава-Бельскага (20.12.1868—19.02.1945) – беларускага і расійскага мастака. З 1921 да 1944 гг. жыў у Латвіі.
140 – ад нараджэння Андрэя Зязюлі – Астрамовіча Аляксандра Сцяпанавіча (7.12.1878 – 17.01.1921) – паэта, фалькларыста, рэлігійнага дзеяча. Па даручэнні Народнага сакратарыята БНР арганізоўваў беларускія школы, местачковыя і павятовыя органы ўлады БНР.
Будзем памятаць мы, –
будуць помніць і нас.
(“Палетак памяці”)
135 – Янку Маўру – Івану Міхайлавічу Фёдараву (10.05.1883—3.08.1971). Нарадзіўся ў сям”і сталяра ў г. Лібава Курляндскай губерні (зараз г. Ліепая). У 1968 г. знакаміты пісьменнік атрымаў званне Заслужанага дзеяча культуры , стваральнік першай навукова-фантастычнай аповесці стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР.
135 – ад нараджэння Францішкі Аляхновіча (9.03.1883—3.03.1944)—драматурга, тэатральнага дзеяча, публіцыста, празаіка, выдаўца. Яго казка “У лясным гушчары” выходзіла асобным выданнем у Рызе (1932), выкарыстоўвалася ў пастаноўках у Дзвінску, Люцыне. Рэжысёр Язэп Камаржынскі стварыў дэкарацыі да п”есы Ф. Аляхновіча “Чорт і баба” ( 1923-24 гг.). Застрэлены спецназам у сваёй кватэры.
135 – ад нараджэння Сцяпана Некрашэвіча (8.05.1882-20.12.1937) – навукоўца, грамадскага дзеяча, першага старшыні Інстытута Беларускай Культуры, акадэміка. Ахвяра сталінскіх рэпрэсій. У 1913 г выпускнік Віленскага настаўніцкага інстытуту быў прызначаны на пасаду настаўніка у школе м. Дагоза Дзвінскага павета Віцебскай губерні.
135 – ад нараджэння Лінарда Лайцэна (15.11.1883-13.08.1938) – латышскага пісьменніка, палітыка.. У 1933 г.наведаў у Менску Янку Купалу. Перакладаў яго вершы. Артыкул “Прывітанне Янку Купалу” быў надрукаваны ў газеце “Звязда” 11.12.1935 г.
135 – ад нараджэння і 80 гадоў Памяці пра Вацлава Ластоўскага (8.11.1883-23.01.1938) – гісторыка, публіцыста, пісьменніка, літаратуразнаўцу, выдаўца, аднаго з ідэолагаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. У маладыя гады працаваў канторшчыкам на таварна-чыгуначнай станцыі ў Рызе. Пражыў там няпоўныя 5 гадоў. У 1907-м пачаў гуртаваць беларускія сілы ў горадзе, чытаць лекцыі. У 1908-м спрабуе наладзіць у Рызе кнігавыдавецкую справу. Расстраляны ў турме г. Саратава.
20.10.1920 г. Урад БНР, які ўзначальваў В. Ластоўскі, правёў у Рызе канферэнцыю беларускіх палітычных партый. З Коўна В. Ластоўскі наведаў Рыгу ў лістападзе 1926 г. па дарозе ў Менск. 9-10.04.1927 г. ён выступіў у Дзвінскай беларускай гімназіі, а 13.04. – перад беларусамі Рыгі.
Жар літар, дар пітва
з малітвы: “Мы – літва”.
Прыдзвінна я крычу:
“Ліцьвінна крывічу!”
(“Балада пра стрыжань”)
130 – Латышскаму гераічнаму эпасу “Лачплесіс”. Створаны Андрэем Пумпурам ў 1888 г.
Ачнуўся люд. Адчуў ён сэрца зрух:
– З адвагаю і вернасцю жывіце!
…Уваскрасае гераічны дух,
калі гадуе нацыю Будзіцель.
(“Будзіцель”. Андрэю Пумпуру /1841 – 1902/)
130 – Еўсцігнею Міровічу (10.08.1878 – 16.02.1952)—драматургу, тэатральнаму рэжысёру. Бацька яго Афінаген Дунаеў да пераезду ў Пецярбург жыў у Рэжыцы.
130 – Цвікевічу Аляксандру Іванавічу (22.06.1888 – 30.12.1937) – гісторыку, філосафу, публіцысту, юрысту. Займаў адказныя пасады ва ўрадзе БНР. Пасля 5 гадоў ссылкі быў паўторны арышт. Расстраляны органамі НКУС у Мінску.
“Купалу скаланула ўніз.
З “Эльбруса” збілі Галубка, Гарэцкага…
Літаратура ў нас як альпінізм,
а не цяпельца – выгадна пагрэцца.
(“Хрыбет” /Columna vertebralis/)
130 – Кузьме Цярэшчанку (кастрычнік 1888-12.03.1922) – дзеячу беларускага нацыянальнага руху, делегату Ўсебеларускага з”езду . З лета 1919 г. –дыпламатычны прадстаўнік БНР у Латвіі і Эстоніі. Выконваў абавязкі міністра унутраных спраў БНР.
130 – Міколу Дзямідаву (10.12.1888-23.05.1967) – старшыні асветнага таварыства “Беларуская Хата”, якую заснаваў у Рызе 20.12. 1924 г. Спрыяў арганізацыі беларускіх школ, таварыстваў “Рунь”, “Прасвета” і інш. У 1941-44 гг. інспектар школаў у Латвіі і Беларусі. Пасля вайны жыў у Нямеччыне. Памёр ў Чыкага.
130 – ад нараджэння Вінцэнта Гадлеўскага (16.11.1888-24.12.1942) – патрыёта, святара, сябра Рады БНР. Адным з першых пачаў весці службу ў касцёле на беларускай мове. Перакладчык Новага Запавету (1930). Пры арышце нямецкай паліцыяй святару была прапанавана служба ў Рызе. Пасля адмовы пакінуць радзіму закатаваны ў Трасцянцы.
Стаяць не помнікі – узлескі,
дзе смерць людзей парастаптала.
І там Радзіма прашаптала:
“Пралеска Памяці – Гадлеўскі”.
(“На веснаход!”)
130 – ад нараджэння Язэпа Драздовіча (13.10.1888 – 15.09.1954) – мастака, скульптара, этнографа, археолага, педагога, заснавальніка нацыянальнага гістарычнага жывапісу.
Зноў настаўлены вехі
і насычана бронь…
А “Нябесныя Бегі” —
гэта сэрца агонь…
(“Пры вярчэнні вякоў”)
125 – ад нараджэння і 80 гадоў Памяці пра Максіма Гарэцкага (18.02.1893-10.02.1938) – празаіка, літаратуразнаўца, публіцыста, фалькларыста, дзеяча беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння. У 1922 г. 4 месяцы жыў у Дзвінску, працаваў выкладчыкам на Беларускіх настаўніцкіх курсах. Там ім былі створаны 4 драматычныя абразкі. Яго кнігу “Гісторыя беларускае літаратуры” (1920) прапагандаваў у латышскім друку К. Езавітаў. Пад псеўданімам Кастусёнак рэцэнзія пра яе была надрукавана ў часопісе “Штомесячнік Міністэрства адукацыі Латвіі” (№7, 1923 г.).Напрыканцы 1923 г. сям”я Гарэцкіх з эміграцыі пераехала ў Менск.
У міжчассе, ў безнароддзе
сумна быць на эшафоце:
так далёка п”едэстал.
(“Шляхі гадоў”)
125 – ад нараджэння Язэпа Гайлевіча (26.02.1893-18.10.1971) – каталіцкага святара, педагога ў Дзвінскай беларускай гімназіі, Беларускіх настаўніцкіх курсах. Жыў у Рэжыцы (Рэзэкнэ), Бальбінове (Індры).
125 – ад нараджэння Паўліны Мядзёлка (24.09.1893-13.02.1974) – пісьменніцы, педагога, артысткі, Заслужанага дзеяча культуры Беларусі. У 1907 г вучылася на вячэрніх курсах у Рызе. З 1922 да 1925 гг. працавала выкладчыцай Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. Распрацаваная ёю пастаноўка камедыі Янкі Купалы “Паўлінка” мела неверагодны поспех па ўсёй Латвіі, і ў Райніса асабіста. З яе літаратурных дабыткаў і песня-гімн “Пад гоман вясёлы”, прысвечаны Тамашу Грыбу.
Медунічнаму Мядзелу золка.
Парадзела туманы ходзяць,
дзе ходзілі і Вы, Мядзёлка,
у ласкавай сваёй прыгодзе.
(“Нарачанскае падарожжа”)
125 – ад нараджэння Езавітава Канстанціна Барысавіча (17.11.1893, Дынабургская крэпасць – 23.05.1946, мінская турма) – паэта, публіцыста, гісторыка, энцыклапедыста, актыўнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння ў Латвіі. У 1919-20 гг. кіраўнік Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. З 1921 да 1944 гг. жыў у Рызе. Заснаваў газету “Голас Беларуса”, часопіс “Беларуская школа ў Латвіі”. Латвійскія ўлады арыштоўвалі К. Езавітава ў 1924, 1930, 1933, 1935 гг.
Сёння знойдзеным ветразем сцелецца
ваяроў-весляроў павучанне:
“Анікуды Айчына не дзенецца,
не сплыве Беларусь у маўчанне.
(“Вялікае Княства Беларусь”)
125 гадоў Памяці пра Міхала Эльвіра Андрыёлі (26.11.1837-29.08.1893) – мастака, ілюстратара.. Удзельнік паўстання 1863-1864 гг. (у аддзеле Людвіка Нарбута). Пасля арышту адпраўлены адбываць пакаранне ў Рыгу.
125 гадоў Памяці пра Ігната-Антона Храпавіцкага (31.07.1817 – 25.12.1893) – паэта, фалькларыста, перакладчыка, грамадскага дзеяча. Жыў у Дрысенскі павеце Віцебскай губерні. Выдаваў альманах “Rubon”.
Заўтра новы госць прыбудзе
на прастор крывіцкі…
…Светла веру: годна будзе
слугаваць Рубону, людзям
шляхціц Храпавіцкі.
(“У Каханавічах – свята”)
125 гадоў Памяці пра Вайніслава (Войслава) Казімера Суліму-Савіч-Заблоцкага (15.03.1850 – 3.02.1893) – беларускага і польскага пісьменніка, фалькларыста.
120 – Міколу Талерку (4./17/.12.1898 – ) – педагогу, мастаку, паэту, празаіку, фалькларысту, археолагу, філатэлісту і нумізмату, прафесійнаму фатографу.
115 – ад пачатку выдання (1903-1922) сямітомнай працы “Беларусы” Яўфімам Карскім (1.01.1861-29.04.1931) – славістам, этнографам, фалькларыстам, палеографам.
115 – ад нараджэння Наталлі Арсенневай (20.09.1903-25.07.1997) – паэтэсы, драматурга. У 1920 г. па дарозе з Дрысы ў Вільню праходзіла Краславу, Дзвінск…Партрэт аўтаркі знакамітага гімна стварыў Вячка Целеш.
Жмурыстага Жоўніна
слова адухоўлена, –
і “Магутны Божа” змог
веснавесціць наш парог
(“Прытулак бежанкі”)
115 гадоў таму ў гарбарных майстэрнях Мітавы (Елгавы), Дзвінска (Даўгаўпілса), Рыгі працаваў Змітрок Жылуновіч (23.11.1887-11.04.1937). Пазней ужо як Цішка Гартны ён сустракаўся ў Рызе з Канстанцінам Езавітавым.
Да нас вярнуўся невядомым, даўнім.
А быў аратым, першым на сяўбе…
Цераз пакуты праступала даўка
Няскораная памяць пра Цябе.
(“І прарасло імя”)
115 гадоў таму Кудрэвіч Уладзімір Мікалаевіч (25.11.1884-4.01.1957) – жывапісец-пейзажыст, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі пачаў вучобу ў Лібаўскім (Ліепая) мастацкім вучылішчы ( з 1903 па 1906 гг.).
115 – ад нараджэння Заіра Азгура (15.01.1903 – 18.02.1995) – скульптара, педагога, Героя сацыялістычнай працы, Народнага мастака СССР.
У скульптара – Постаць, у дойліда – Дом…
Служыць Беларусі натхненнне наймала.
…Калі гурбавалі ГУЛАГі кайлом,-
прад Азгурам горка ўсміхаўся Купала.
(“Незабыўнае”)
110 – ад нараджэння Ніны Ватацы (14.05.1908-3.08.1997) – бібліёграфа, літаратуразнаўцы. У 1925 г. яе сям”я пераехала з г. Вэндэн (Цэсіс) у Мінск.
Над Вамі кругі-супоні:
Архангельска, Кірава ночы…
Ля Вашага сэрцайка-поўні
ачынаўся Максім Багдановіч.
(“Старонкі жыцця”)
110 – ад нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (4.02.1808 – 21.12.1884) – празаіка, паэта, драматурга, першага класіка беларускай літаратуры.
Панясу Тваю зольную долю
у мой сонечны дзень, у прыволле,
да апошняй тапырнай травінкі, –
каб ад роднай зямлі несурочнай
не адарвацца.
(“Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”)
110 – Беларускаму аддзелу, заснаванаму пры Царкоўным (Нацыянальным) музеі, які пазней стаў называцца Музеем украінскага мастацтва ў Львове. Першы замежны беларускі нацыянальны музей узнік з нагоды прапановы Яна Луцкевіча мітрапаліту Андрэю Шэптыцкаму. Даручана было ствараць фонд львоўскаму вучонаму Іларыёну Свянціцкаму. Для музея былі закуплены старадрукі, выдадзеныя ў Вільні, Еўі, Заблудаве, Куцейне, Магілёве, Супраслі, пражскія і віленскія скарынаўскія выданні … І. Свянціцкі з паездак па Беларусі прывозіў слуцкія паясы, граматы, акты, рарытэты уніяцкай царквы…
Узнёслы горад – як мальберт…
Я, беларускасці малюск,
раскрыў Свянціцкага канверт
спасцігнуць сэнс: “Мэфэцыт Слуцк”
(“Мяне стварыў Львоў-Альбоў”)
105 – ад нараджэння Сахаравай Галіны Сяргееўны (24.11.1913 – 11.11.1940) – дачкі С.С. Сахаравай, яго памочніцы па збору фальклора. Пахавана на могілках у Люцыне (Лудза).
105 – ад нараджэння Грахоўскага Сяргея Іванавіча (24.09.1913 – 11.12.2002) – паэта, празаіка, перакладчыка. Да 10 гадоў калоніі быў асуджаны 2.10.1937 г. органамі НКУС. Пацярпеў як “член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі” і за прыдуманую ў яго адрас “антысавецкую дзейнасць”. Паўторна арыштаваны 19.05.1949 г. Аўтар трылогіі “Такія сінія снягі” і іншых твораў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за зборнік “Споведзь”.
Грахоўскі меў у тундру шлях,
дзе праз ГУЛАГ айчынны дах
не быў відзён. Ламаўся крок…
Але яснеў у вязня зрок –
і волю выраям займеў.
(“На крылах выраяў”)
100 – з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года
Бацькаўшчынаю насычаны,
ажылі і валуны…
Мы – галосныя! Мы – зычныя:
Беларускія сыны!
(“З вясны да новае вясны”)
100 – з дня абвяшчэння незалежнасці Латвійскай Рэспублікі 18. 11. 1918 г.
Хачу прыбоем наталіцца,
ступіць у райнісаўскі след.
(“Суседу-сабрысу”
100 – ад нараджэння Янкоўскага Фёдара Міхайлавіча (21.09.1918 – 13.11.1989) – ваяра, пісьменніка, мовазнаўцы, доктара філалагічных навук, прафесара, заснавальніка школы фразеалогіі.
Тут – будзіцеляў поўня,
Тут – радовішчы жыляцца.
Тут – пры дотыку промня
і Свабода раскрыліцца!
(“Прамяністыя”. Айчыннай інэлігенцыі ХХІ ст)
95 – ад пачатку выпуску “Ластаўкі” – вучнёўскага часопіса Люцынскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. У 1923—24 гг. выйшла 9 нумароў пад рэдакцыяй К. Езавітава. Укладальн ікам выдання быў Пятро Масальскі.
На Дзінабург! Рубон! На крыжакоў!..
Праз попел і пясок хачу разгону,
каб выстраіць – для выслуху – калону
з аголеных безпамяцтвам вякоў.
(“Гасцінец”)
95 – ад нараджэння Абалы Мірдзы, дачкі Эдуарда (23.02.1923 – … 2007) – доктара філалагічных навук, перакладчыцы з беларускай мовы, даследчыцы латышска-беларускіх літаратурных сувязяў, укладальніцы “Беларуска-латышскага і латышска-беларускага слоўніка”. Навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры Латвійскай АН узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй (1986). Узнагарода ад Беларусі – медаль Францыска Скарыны (2001).
95 – ад нараджэння Пярловіча Самсона Георгіевіча (13.08.1923 – 14.12.2001) – паэта, журналіста, удзельніка падпольнага наваградскага Саюза Вызвалення Беларусі (СВБ), асуджанага ў 1947 г. на 10 гадоў зняволення.
У часы нямецкай акупацыі на прымусовых работах знаходзіўся ў партовай Лібаве (Ліепая), потым у Аўстрыі.
95 гадоў Памяці пра Харлапа Яна Восіпавіча (21.08.1871 – 18.03.1923) – заснавальніка ў Латвіі Беларускага культурна-асветнага таварыства “Бацькаўшчына” 25.03.1921 г.
95 – з часу пераводу ў Рыгу ў 1923 г. Беларускіх дзяржаўных настаўніцкіх курсаў, якія дзейнічалі ў Дзвінску з 28.07.1921 г. Кіраўнікамі курсаў у розны час былі А. Родзька, М. Дзямідаў, С. Сахараў, Г. Плыгаўка, Я. Шчорс, П. Жэрдзі. Сярод навучэнцаў – У. Жылка, П. Масальскі, Э. Вайвадзіш, В. Казлоўская, П. Мірановіч, А. Салаўёў, М. Калінін, В. Вальтар, Я. Камаржынскі… З лютага па чэрвень 1922 г. на курсах у Дзвінску выкладаў Максім Гарэцкі.
95 – Люцынскай дзяржаўнай беларускай гімназіі (адкрыта 1.08.1923 г.) Люцынская прыватная беларуская гімназія заснавана 1.09.1922 г.
90 – “Беларускаму календару” С. П. Сахарава. Выданне Бел-га Прасьветнага кааператыву “Культура і праца”, 1928 г.
90 – выданню казачнай феерыі “На Полацкім замчышчы” Вольгі Сахаравай. П”еса напісана паводле матываў паэмы Янкі Купалы “Сон на кургане”.
Маладое тчэцца ранне.
Сам Купала – павяртанне
да адпомнення-змагання.
(“На Купалавым кургане”)
90 – Таварыству беларускай моладзі ў Латвіі. Створана ў 1928 г. пры ўдзеле Пятра Журкоўскага,Веры Бялінскай, Язэпа Каялы. З 1932 г. старшынём Цэнтральнага праўлення т-ва быў Пятро Масальскі.
90 – Беларускаму Народнаму Тэатру на Чырвонай Дзвіне (Сімонаўская вул. 16). Адкрыты 24.03.1928 г. пастаноўкай п”есы Янкі Купалы “Паўлінка” (рэжысёр Ян Шабэрт; ролю Паўлінкі выконвала Надзея Мікалаева, Пранцыся – Мікола Трубецкі, Альжбеты – Параскева Раманоўская).
Для нашай нацыі Купала –
скрыжальнай кронаю:
галінка кожная гучала
зязюляй роднаю.
(“Ёсць жа яшчэ ў мяне вера…”)
90 – ад нараджэння Юркі Станкевіча (18.03.1928, Вільня – 7.08.2014, Прага) – сябра Рады БНР, заснавальніка ў Празе суполкі “Пагоня”, выдаўца часопіса “Крывія”.
Вякі прасявалі мякіну-палову.
Я ў стоптаным жыцце жывы напалову:
направа, налева лажылі галовы.
Да трэці мы ў згубе, а то да паловы.
(“Крэўская муроўка”. Юрку Станкевічу)
90 гадоў Памяці пра Пётру Антонавіча Крачэўскага (7.08.1879 – 8.03.1928) – палітычнага дзеяча, гісторыка, трэцяга старшыні Рады БНР. 90 гадоў таму стварыў Беларускі загранічны архіў у Празе, дамогся стыпендыяў для беларускіх студэнтаў, выдаў альманах “Замежная Беларусь”. Пахаваны на Альшанскіх могілках .
У Празе не да сну:
зямная вось скрыгоча…
Да Стрэчання ідзе вясны прамень.
(“На радзіме Кнігі”)
85 – першаму выпуску Рыжскай д-ра Францішкі Скарыны Беларускай гімназіі Т-ва Беларускіх вучыцелёў (1932-1933 гг.) Дырэктар Родзька Аляксандр Захаравіч, яго калегі К. Езавітаў, С. Сіцько, Ф. Клагіш, П. Масальскі, Я. Шчорс, А. Кастылюк, Я. Доўгая… Пазней існавала Вячэрняя Рыжская Беларуская прыватная гімназія на вул. Вялікая Маскоўская, 173.
Палон палонкі і ярма вякі паскручваў…
Апроч Скарыны і няма, хто б сэрца мучыў…
(“Жнівень. Спас. Знічка”)
85 – Ніне Янсанэ (дзявочае прозвішча Панізьнік). Нарадзілася 21.11.1933 г. У Рызе – з 1951 г. З 1998 г. – грамадзянка Латвіі. Пераклала на беларускую мову латышскія народныя казкі, творы Яніса Райніса, Саўлцэрытэ Віесэ, Андрыса Веяна, Матыльды Езавітавай, Вілберта Краснайса, Кастусёнка (К. Езавітава), Айі Лацэ і інш. Дапамагала Мірдзе Абале ў падрыхтоўцы слоўніка. Яе пераклады друкаваліся ў штогодніку “Ветразь”, часопісе “Вожык”, газетах “Наша слова”, “Набат”…Валодае багатымі ведамі пра свой радавод, краязнаўчымі асаблівасцямі роднага Прыдзвіння.
Сястра, зажурынка мая, і мне ты кладачкі масціла.
Вясной пакормім салаўя, каб сонца па зямлі хадзіла.
(“Там сонца па зямлі хадзіла”)
85 – ад нараджэння Львовіч Майі Давыдаўны (23.04.1933 – 13.07.2015) – паэта, празаіка, перакладчыцы. Пісала на украінскай, беларускай мовах.
Майя Львовіч (19.07.2003):
А там, дзе дарога вузкая,
Беларусь – Беларуская?
80 гадоў Памяці пра Тамаша Грыба (19.03.1895 – 25.01.1938) – доктара філасофіі, палітычнага і грамадскага дзеяча, міністра унутраных спраў БНР . З 1922 г. у Празе, загадвае Беларускім замежным архівам, стварае Крывіцкае культурнае таварыства імя Ф. Скарыны
80 гадоў з дня расстрэлу Тарашкевіча Браніслава Адамавіча (20.01.1892 – 29.11.1938) – моваведа, перакладчыка, акадэміка, стваральніка першай “Беларускай граматыкі для школ”. Леанід Маракоў адзначыў, што Б. Тарашкевіч загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў.
Не гузікі, папружкі
шукаю ў тле ахвяраў, –
раструшчаныя дужкі
ягоных акуляраў.
(“Браніслаў Тарашкевіч”)
80 гадоў Памяці пра рэпрэсаванага Аркадзя Смоліча (29.09.1891 – 17.06.1938) – вучонага, аўтара падручніка “Геаграфія Беларусі”. Ён адзін з ініцыятараў стварэння БНР. Ахвяра таталітарнай сістэмы. У ліку ста з лішнім навукоўцаў, грамадска-палітычных дзеячаў і пісьмненнікаў арыштаваны 26.06.1930 г. Паўторна арыштаваны 18.06. 1937 г. Расстраляны ў Омскай турме.
80 гадоў Памяці пра Тэраўскага Уладзіміра Васільевіча (23.11.1871-10.11.1938) – кампазітара, фалькларыста, дырыжора. Расстраляны ў мінскай турме НКУС.
Быў гулагаў мацярык
зрынуты у рвы-траншэі:
рвалі там ахвяраў крык, –
бо і душы іх – мішэні.
(“На радзіме Яна Скрыгана”)
80 гадоў Памяці пра расстраляную “шпіёнку латвійскай разведкі” Шапіру Валянціну Герасімаўну, беларускую паэтэсу Валянціну Казлоўскую – Лясную Кветку (19.08.1907-31.03.1938).
Не знікла праз расстрэл той сакавіцкі.
Сышла ў зямлю суровая вясна?
…Паболее ля Кветачкі травіцкі –
Крывіцкая успыхне баразна!
(“Творца-абаронца”)
80 гадоў таму Цанава быў прызначаны наркамам унутраных спраў БССР. У дакладной запісцы Берыю паведамляў: “Цэнтральнымі фігурамі нацыяналістычнай фашысцкай арганізацыі ў Беларусі на гэты час з”яўляюцца Якуб Колас і Янка Купала”. У справе пад загалоўкам “Фашысты” былі пазначаны таксама Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў… Цанава паводле загаду Берыі быў арыштаваны і загінуў у турме. Сам былы генеральны камісар дзяржбяспекі Берыя быў абвінавачаны у арганізацыі масавых “сталінскіх рэпрэсій” і расстраляны 23.12.1953 г. Мікаян Анастас (25.11.1895 – 21.10.1978) – былы старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР сваю службовую дзейнасць пазначыў так: “Усе мы былі тады мярзотнікамі”.
80 – Вячку Целешу (нар. 25.09.1938 г.) – мастаку, педагогу, даследчыку біяграфій выдатных дзеячаў мастацтва і культуры, выдаўцу, філакартысту, краязнаўцу… 60 гадоў жыве ў Латвіі. У 1975 г. скончыў жывапісна-педагагічнае аддзяленне Латвійскай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў імя Т. Залькална. У 1988 г. паспрыяў узнікненню т-ва “Сьвітанак”. Быў дырэктарам першай беларускай школы ў Латвіі. 12.01. 1991 г. заснаваў Аб”яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”.. Яго карціны – у музеях 17 краін свету. За заслугі перад Латвіяй узнагароджаны ордэнам Трох Зорак.
Вячка! Дружа! Жменю ружаў
Пасылаю праз прасцяг.
Будзь жа дужы, як наш Сцяг.
З вераснёвых новых дзей
Маеш гонар! Маладзей!
(“На палітру Вячкі Целеша”)
75 гадоў Памяці пра Аспазію (Эльзу Розенберг) – пісьменніцу, жонку Я. Райніса. Даты яе жыцця: 16.03.1865 – 5.11.1943.
75 гадоў Памяці пра Васіля Захарку (1.04.1877-14.03.1943) – публіцыста, другога старшыні Рады БНР. Успаміны К. Езавітава “Васіль Захарка – змагар за беларускую дзяржаўнасць” друкаваліся ў газ. “Раніца” (№ 38, 1943 г.)
Асмяглай памяці каток –
тры рыскі: кожная кідок – на камяніцы…
І бел-чырвона-белы ток
між нас іскрыцца.
(“Напруга нязменнага току”)
75 гадоў таму, у верасні 1943 г. адбыліся гастролі ў Латвіі спевака з Прагі Міхася Забэйды-Суміцкага – у Рызе, Даўгаўпілсе, Краславе, Індры, Лудзэ, Зілупэ, Пасіене. Акампаніятарам была настаўніца І-й Рыжскай беларускай школы Вольга Васільеўна Бароўская, жонка У. Пігулеўскага. Даты жыцця Забэйды: 14.06.1900 – 21.12.1981 гг.
Яшчэ запяе нам Забэйда-Суміцкі!
Над матчынай квартай абсыпецца гром.
Збярэцца раса ля самотнай сунічкі,
Напоўніцца кварта жывым серабром.
(“Келіх Забэйды”)
75 гадоў таму, у 1943 г. у Латвіі налічвалася 48 601 беларусаў. Іх абарону здзяйсняў Беларускі нацыянальны камітэт; узначальваў яго К. Езавітаў, намеснікам у Рызе быў Пётра Мірановіч, у Даўгаўпілсе – Язэп Гайлевіч. Пры Цэнтральным праўленні камітэта працавала Навуковая секцыя з аддзяленнямі ў Рызе і Даўгаўпілсе. Пётра Мірановіч выконваў абавязкі і рэферэнта па справах беларускіх школаў у Генеральнай дырэкцыі адукацыі і культуры самакіравання.
75 – Валеру Дзевіскібу (25.11.1943-19.10.2001) – рыжскаму “мастаку з беларускай душой”, як яго назваў Вячка Целеш. Нарадзіўся ў Нямеччыне, куды была вывезена гітлераўскімі акупантамі яго мама. Выратавала іх ад смерці польская сям”я. У 1979 г. акварэльныя працы жыхара Рыгі былі на Восеньскай выставе юрмальскіх мастакоў. У 1980 г. – на Латвійскай экспазіцыі Усесаюзнай мастацкай выставы ў Маскве. Разам з В. Целешам быў удзельнікам рэспубліканскай выставы ў Мінску, прысвечанай 500-годдзю Міколы Гусоўскага (1980). Першая персанальная выстава В. Дзевіскібы адбылася ў Зялёнай зале Малой гільдыі 13.12.1990 г. Другая – таксама дзякуючы старанням В. Целеша – у Доме работнікаў мастацтваў 10.01.1991 г. Былі высока ацэнены партрэты Міколы Гусоўскага, Францішка Багушэвіча, Міхала Клеафаса Агінскага, Кастуся Каліноўскага, Францішкі Скарыны, Максіма Багдановіча…Для ўстаноўкі помніка на магіле Валеры пад Гомелем (з Рыгі пераехаў у Новую Мільчу) на адрас яго жонкі былі высланы грашовыя сродкі – наўзамен атрыманых імі на памяць карцін мастака В. Дзевіскібы.
75 гадоў ад пачатку Асвейскай трагедыі. 15.02.1943 г. у прамежку Асвея – Дрыса – Себеж – Расоны пачалася карная антыпартызанская аперацыя пад назвай “Зімнія чары”. Кіраваў знішчэннем вёсак і людзей обергрупэнфюрэр Ф. Эккельн. Тое, што было з ацалелымі сведкамі, напісана ў кнігах С. Панізьніка: “Пасля вогненных вёсак…”, “Браніслава”, “Освейская трагедия: Книга народной памяти”.
Чую з веснавога голля –
б”ецца сэрцаў метраном.
…Ну а Памяць, Праўда, Воля
паглынаюцца ў разлом…
(“Рэквіем па ахвярах Асвейскай трагедыі»)
60 гадоў Памяці пра Уладзіміра Пігулеўскага (10.03.1889 – 17.06.1958) -пісььменніка, перакладчыка. Удзельнічаў у рабоце Беларускай нацыянальна-палітычнай канферэнцыі ў Рызе (1920). Там жа ўзначальваў Кансулат пры Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. З 1922 г. – на сталым жыхарстве ў Латвіі. У 1924 г. абраны ў Сейм. Працаваў выкладчыкам Дзвінскай і дырэктарам Люцынскай беларускіх гімназій. У 1927 г. прызначаны кіраўніком Упраўлення беларускіх школаў пры Міністжрстве асветы Латвіі. Ссылку пасля арышту адбываў у Ліепайскім лагеры. У 1940-41 гг. быў інспектарам Міністэрства асветы Савецкай Латвіі. Друкавацца пачаў у Люцыне (1924). У 1949 г. пераклаў на латышскую мову “Паўлінку” Янкі Купалы.
60 – ад нараджэння Леаніда Маракова (15.04.1958 – 17.12.2016) – гісторыка, пісьменніка, журналіста, даследчыка гісторыі сталінскіх рэпрэсій. Аднавіў біяграфіі больш як 20 тысяч грамадскіх і культурных дзеячаў (у тым ліку і былых жыхароў Латвіі).
Імёны катаў акаяных на свет выводзіць Леанід.
Боль Беларусі – акіянны, але пад намі ёсць граніт.
І змог ён, змог сарваць супоні са схронаў: з намі праўды ніць!
…Яго напорыстай пагоні цяпер нікому не спыніць.
(“Вершнік”)
60 гадоў з часу рэабілітацыі 27.02.1958 г паэта, крытыка, перакладчыка, рэжысёра Юркі Гаўрука (6.05.1905 – 18.02.1979). Быў арыштаваны 8.02. 1935 г. і асуджаны за “антысавецкую агітацыю”. Больш за 20 гадоў працаваў у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Аўтар першай на Беларусі анталогіі паэтычных перакладаў “Кветкі з чужых палёў” (1928).
Каралішчавічы – у лагодзе.
Яшчэ моцны быў поціск рук.
Ён пайшоў…Але зноў – пры нагодзе –
так сібірна гучыць: “Гаўрук…”
(“Сын Урагану”)
50 гадоў ад пачатку акупацыі Чэхаславакіі . Аперацыя “Дунай” па ўводу савецкіх войскаў і войскаў краінаў Варшаўскай дамовы пачалася 21. 08. 1968 г. Вывад войскаў праходзіў да 1991 г.
А на здані, што прыджгалі,
млувілі: — Ня спудзімся!
Сто гадоў мы вас чакалі,
дзвесце – не забудземся.
(“Мілавіца над Лабаю”)
45 гадоў ад выхаду кнігі Алеся Звонака “Неспакойныя сэрцы” з літаратурнымі партрэтамі, згадкамі пра Купалу, Коласа, Чарота, Гурло, Александровіча, Дудара, Броўку, Галубка… Многія з герояў яго кнігі пацярпелі ад інквізітараў за так званую нацдэмаўшчыну. Сам Пётр Барысавіч Звонак (14.02.1907 – 2.02.1996) – паэт, драматург, перакладчык, тэатразнаўца правёў пад арыштам у 1936 г. 12 месяцаў. 10 гадоў адбываў пакараннне за прыдуманую яму правіну ў лагерах на Магадане і 10 гадоў на залатаносных прыісках Поўначы.
Калі ж раструшчым той арэх,
дзе спіць непрабачальны грэх
Масквы, Крамля, Правадыра?
…У страху ломкая кара.
Для кары знойдзецца прарэх.
“На крылах выраю”)
40 гадоў Памяці пра Вінцука Адважнага – псеўданім Германовіча Язэпа Станіслававіча (4.03.1890 – 26.12. 1978) – паэта, празаіка, перакладчыка, рэлігійнага дзеяча.
Словы паэтаў гучалі з-за кратаў,
з вежы прарока, з ГУЛАГаўскіх ссылак…
Сёння усіх нас чакае э р а т а —
час выпраўлення гаротных памылак.
(“Errata”)
30 – Латвійскаму таварыству беларускай культуры “Сьвітанак”. Заснаванае 27.11.1988 г. У кастрычніку 1988 г. на Устаноўчым сходзе Народнага фронту Латвіі пісьменнікам Янісам Петэрсам была выказана падтрымка беларусам у стварэнні нацыянальных культурна-асветных арганізацый.
Прытуліцца змаглі, ўкараніцца, –
вольнай Латвіі цешаць агні.
Узышла над “Сьвітанкам” дзянніца –
абярэга спрадвечнай радні.
(“Аuseklis /дзянніца/ над Рыгай”)
30 гадоў ад пачатку экалагічнай экспедыцыі “Мір планеце, здароўе і моц зямлі!” (17.05.—30.05. 1988). Ініцыятар правядзення пісьменнік Васіль Якавенка. Вучоныя, літаратары Беларусі, Латвіі, Расіі прайшлі ад вытока Зах. Дзвіны да вусця Даўгавы, даследуючы стан экалогіі, помнікаў гісторыі і культуры…Латвію прадстаўлялі Айя Лацэ, Артурс Сніпс, Эгілс Зірніс, Юрас Кунас. Падарожнікі наведалі Андрыянопаль, Веліж, Віцебск, Полацак, Дрысу (Верхнядзвінск), пад Бігосавам этнаграфічны музей “На Шляху з Грэкаў у Варагі”, Друю, Краславу, Даўгаўпілс, Крустпілс…Акцыя творцаў розных нацыянальнасцяў у абарону сваёй зямлі, яе скарбаў, культурнага асяроддзя ў басейне Дзвіны-Даўгавы прайшла паспяхова.
І па Юрмале не стыне бясследдзе…
Мама сыну варажыла: –Прыедзе!
(“Мама сыну варажыла”)
25 гадоў таму была прынята ў Саюз беларускіх пісьменнікаў Аўгіння Кавалюк (13.03.1934—2.11.2007)—паэтэса, перакладчыца, педагог. 28 гадоў творчага жыцця аддала Латвіі. У яе творчай спадчыне пераклады вершаў Мірдзы Кемпэ, Іманта Зіедоніса, Ояра Вацыетыса, Руты Вэнты, Зіеданіса Пурвса…З 1987 г. жыла ў С.Пецярбургу.
25 гадоў таму ў Даўгаўпілсе адбыўся Устаноўчы сход таварыства “Латвія – Беларусь”. Арганізацыю ўзначаліла Інара Муканэ.
25 гадоў Памяці пра Надзею Мікалаеву-Комісар (17.09.1907—6.10.1993) – першую выканаўцу ролю Паўлінкі ў камедыі Янкі Купалы.
25 –таварыству імя Ф. Скарыны “Прамень” у Рызе і культурна-асветнаму аб”яднанню “Уздым” у Даўгаўпілсе.
20 гадоў таму была закладзена ў Рызе Беларуская школа ў складзе 5 класаў. Арганізатар і першы дырэктар яе Вячаслаў Целеш. Зараз дырэктарам Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы працуе Іванэ Ганна Уладзіславаўна, узнагароджаная ў 2017 г. медалём Францыска Скарыны.
Сябры! Суседзі! Свэйкі, сваякі!
Нас лучаць хвалі Даўгавы-ракі,
а вашы сэрцы – долі маякі!
(“Беларусам Латвіі”)
20 гадоў таму Прэзідэнт Латвійскай дзяржавы Г. Улманіс падпісаў пастанову аб узнагароджанні вышэйшай дзяржаўнай адзнакай – ордэнам Трох Зорак групы людзей, у тым ліку і беларускіх пісьменнікаў Васіля Сёмухі і Сяргея Панізьніка. Рыгор Барадулін (дзякуючы старанням Мірдзы Абалы) таксама атрымаў званне Афіцэра ордэна (4 ступені) за асаблівыя заслугі перад Латвіяй. Народны паэт прызнаваўся: “Мне Латвія асабліва дарагая і блізкая, бо мой дзед Андрэй Галвіньш, механік млыноў, трапіў у Полацак з Рыгі”. Рыгор Іванавіч пераклаў “Вей ветрык” Я. Райніса, супрацоўнічаў з паэтамі В. Ліўзэмніекам, Я. Сірмбардзісам, Е. Стулпанам…
Няма для дружбы прышлых!
Жыццё вяло свой рэй,–
бо Грышка быў як шышка,
Андрэй за ўсіх мудрэй.
(“Стырно і млён”)
15 гадоў таму выдадзена кніга, якая выяўляла мацярык беларускай духоўнасці ў суседняй краіне – “Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі” (Мінск, “Беларускі кнігазбор”. 2003 г. Укладанне і прадмовы Сяргея Панізьніка. Рэдактар Міхась Скобла. Пазней з”явіліся “кнігазбораўскія” “Выбраныя творы” Віктара Вальтара ( 2009 г.), Вольгі і Сяргея Сахаравых (2015 г.), Пятра Сакола і Валянціны Казлоўскай ( 2016 г.),”Крывіцкія руны-2: Беларускі культурны мацярык у Латвіі” (2017 г.) Укладанне, прадмовы, каментары Міхася Казлоўскага пры супрацы з Сяргеем Панізьнікам.
Міхась жыве пад звонам. Не з роду асначоў,
а кніжным плытагонам ён славіць крывічоў.
Шчаслівей, Маладзечна, ў абдоймах Міхася.
Хай стане Кнігай Вечнай і Беларусь уся!
(!Веставы”. Міхасю Казлоўскаму)
Да выяўленых памятных датаў далучыў радкі сваіх вершаў Сяргей Панізьнік.
Siargei Paniznik: Calendar for 2018 with the verses of the author
(magazine “CULTURE, NATION”, March 2018, issue 21, p.56-78, www.sakavik.net )
No doubt, the issue is quite interesting in the calendar-2018 by Siargei Paniznik. This time, our famous poet prepared unusual Belarusian calendar where the events reflected therein, accompanied by verses of our famous poet.
Пакінуць адказ