
Сяргей Лазніца атрымаў прыз за найлепшую рэжысуру.
Украінскі рэжысёр беларускага паходжання Сяргей Лазніца здабыў узнагароду на Канскім кінафестывалі.
Лазніца атрымаў прыз за найлепшую рэжысуру ў рамках конкурсу «Асаблівы погляд». Яго фільм «Данбас» адкрываў праграму.
Сяргей Лазніца – рэжысёр такіх фільмаў, як «Шчасце маё», «У тумане» і «Рахманая».
Ён нарадзіўся ў 1964 годзе ў Баранавічах. У 1987 годзе скончыў Кіеўскі палітэх, абараніў дыплом па спецыяльнасці інжынер-матэматык. У 1997 годзе скончыў расейскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі з адзнакай. У 2001 годзе эміграваў у Нямеччыну.
Як паведамляе «Радио Свобода», Cергей Лазніца выступіў са словамі падтрымкі ў адрас свайго калегі Алега Сянцова, які абвясціў бестэрміновую галадоўку ў расейскай калоніі.
«З велізарным болем і з велізарным захапленнем я заяўляю сваю салідарнасць з Алегам Сянцовым, з усімі рэжысёрамі у розных частках свету, якія змагаюцца за свабоду, за гонар і, у канчатковым выніку, за чалавечнасць. Як бы ні стараліся жорсткія і дэспатычныя рэжымы пераследаваць нас, затыкаць нам рот і прымушаць нас падпарадкоўвацца іх правілам, мастацтва кіно застанецца вольным. Рэжысёры працягнуць ламаць каноны і выходзіць за рамкі – у пошуках ведаў і праўды. Год за годам Канскі фестываль даводзіць гэта», – заявіў Сяргей Лазніца, выступаючы на цырымоніі ўручэння яму прыза за найлепшую рэжысуру пры закрыцці праграмы «Асаблівы погляд» (Un Certain Regard) Канскага кінафестывалю 2018 года.
Categories: Культура
Пакінуць адказ