Па слядах Беларусі: У Расіі хочуць канчаткова выкінуць нацыянальныя мовы са школьнай праграмы

Дзяржаўная дума Расіі 19 чэрвеня разгледзела і прыняла ў першым чытанні закон пра вывучэнне родных моў. Паводле гэтага закону, супраць якога прагаласавалі толькі 3 дэпутаты, бацькі змогуць «выбіраць», якую мову будуць вывучаць іх дзеці ў якасці роднай. У расійскіх рэаліях гэта азначае, што мовы карэнных народаў Расіі ў аўтаноміях перастануць вывучаць.

Расія за XVI—XX стагоддзі каланізавала абшырныя тэрыторыі ў Паволжы, на Урале, у Сібіры, на Каўказе і Далёкім Усходзе. Прыродныя багацці гэтых тэрыторый сталі асновай расійскай магутнасці. Гэта была тыповая каланізацыя: тых, што аказваў супраціўленне, вынішчалі, а рускіх масава перасялялі на занятыя тэрыторыі.

У выніку карэнныя народы апынуліся ў меншасці на сваёй зямлі. На сёння на ўсю Расію ў большасці ў сваіх аўтаноміях застаюцца толькі тувінцы, якуты, татары, чувашы, чачэнцы, асецінцы і інгушы. Акрамя таго, некалькі аўтаномій Каўказа маюць карэнную большасць, складзеную з некалькіх народаў.

Асіміляцыя нацыянальных меншасцей Расіі ў межах аўтаномій запаволілася ў ХХ ст., калі народы здабылі магчымасць вывучаць свае мовы.

Новы ж закон фактычна зробіць неабавязковым вывучэнне моў нацыянальных рэспублік. Мала таго, што прадмет «родная мова» будзе факультатывам, дык і ў пералік «родных моў», з якога можна будзе выбіраць, уваходзіць руская — мясцовыя актывісты баяцца, што татары, башкіры, удмурты, якуты і іншыя народы Расіі будуць выбіраць у якасці «роднай мовы» сваім дзецям рускую, таму што амаль увесь навучальны працэс і экзамены ў расійскай адукацыі адбываюцца на рускай мове.

У 90-я гады некаторыя рэспублікі Расіі перажывалі сапраўднае нацыянальнае адраджэнне. Напрыклад, у Татарстане яшчэ на пачатку 2000-х гадоў існавала больш за 2000 школ з выкладаннем прадметаў па-татарску.

А ў тых школах, дзе выкладанне адбывалася па-расейску, татарская мова вывучалася як абавязковы прадмет. У Казані дзейнічалі так званыя «нацыянальныя гімназіі», якія, як меркавалася, стануць асяродкам выхавання нацыянальнай эліты.

Паўнавартаснае школьнае навучанне на родных мовах было даступным таксама для башкіраў і якутаў. Алё ўсё змянілася ў 2000-х — у Расіі пры паступленні ў ВНУ ўвялі адзіны дзяржаўны экзамен (аналаг беларускага ЦТ). З-за таго, што дзяржаўны экзамен можа быць толькі на рускай мове, нацыянальныя школы, дзе выкладанне амаль усіх прадметаў было на нацыянальных мовах, фактычна апынуліся па-за законам і без патрэбы.

Сярэдніх школ з выкладаннем прадметаў на нацыянальных мовах у Расіі амаль не засталося — адзінкавыя дагэтуль працуюць у Татарстане і Якуціі, але і іх дзейнасць выклікае шмат пытанняў з боку расійскай пракуратуры.

Фота Бізнэс Online

Таксама ў Расіі захаваліся школы з так званым «нацыянальным кампанентам», дзе прадметы выкладаюць на нацыянальных мовах, праўда толькі з 1 па 4 класы. Але нават такіх школ мала, яны малалікія і знаходзяцца пераважна ў вёсцы.

Тым не менш, у некаторых рэспубліках быў прыняты закон, у адпаведнасці з якімі грамадзяне Расіі, якія навучаюцца на тэрыторыі гэтых рэгіёнаў, акрамя рускай мовы як дзяржаўнай мовы Расіі, абавязаны вывучаць таксама дзяржаўную мову рэспублікі. Напрыклад, расейцы, якія жылі ў Чувашыі ці Татарстане, былі абавязаны вывучаць чувашскую ці татарскую мову як дзяржаўную мову гэтых рэспублік.

Калі новы закон будзе прыняты канчаткова, не толькі рускія жыхары не будуць вывучаць нацыянальныя мовы. Ёсць пагроза, што ад факультатыва «Родная мова» будзе адмаўляцца і само карэннае насельніцтва нацыянальных рэспублік, альбо выбіраць у якасці «роднай мовы» расейскую (каб лепей падрыхтавацца да экзаменаў), таму што на вышэйшых узроўнях адукацыі нацыянальныя мовы не выкарыстоўваюцца.

Важны тут і псіхалагічны фактар. Калі родную мову дзіцяці апускаюць да ўзроўню факультатыва, гэта зневажае і носьбітаў гэтай мовы, і паніжае статус мовы з самога дзяцінства.

Акрамя таго, «родная мова» будзе супернічаць з іншымі факультатыўнымі дысцыплінамі, таму што колькасць гадзін на тыдзень на факультатывы абмежаваная. Цалкам імаверна, што дзеці будуць хадзіць на факультатыў па кібернетыцы ці па замежнай мове, а не на родную мову.

З чаго пачалася гісторыя гэтага закона?

20 чэрвеня 2017 года Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Рады па міжнацыянальных адносінах заявіў, што недапушчальна прымушаць людзей вучыць мову, якая не з’яўляецца для іх роднай:

— Прымушаць чалавека вучыць мову, якая для яго роднай не з’яўляецца, гэтак жа недапушчальна, як і зніжаць узровень і час выкладання рускай. Звяртаю на гэта асаблівую ўвагу кіраўнікоў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.

Пуцін адзначыў, што руская мова — мова дзяржаўных, міжнацыянальных зносін.

«Яе нічым замяніць нельга. Яна натуральны, духоўны каркас усёй нашай шматнацыянальнай краіны, яе ведаць павінен кожны. Мовы народаў Расіі — гэта неад’емная частка самабытнай культуры народаў Расіі, вывучаць гэтыя мовы — гарантаванае Канстытуцыяй права, права добраахвотнае»,

— дадаў Пуцін.

Гэта заява Пуціна і стала паваротным пунктам у гэтым пытанні. Адразу ж пасля заявы ў школах нацыянальных рэспублік пачаліся пракурорскія праверкі, урокі нацыянальных моў дэ-факта перасталі быць абавязковыя ўжо з навучальнага года — 2017/2018. Таму закон, калі ён будзе канчаткова прыняты ў падобным выглядзе, толькі зафіксуе дэ-юрэ ўжо існуючую сітуацыю. Закон толькі падводзіць заканадаўчую аснову пад прадпісанні расійскай пракуратуры, якія былі зроблены пасля заяў Пуціна.

У чым праблема?

Здаецца, словы Пуціна не скіраваны супраць нацыянальных моў і нават у іх ёсць логіка. Сапраўды, навошта прымушаць чалавека вывучаць няродную яму мову? Але праблема ў тым, што парламентарыі, якія распрацоўвалі гэты законы, нават пайшлі далей за Пуціна.

Калі Пуцін гаварыў, што не варта прымушаць школьнікаў вучыць няродныя мовы, ён гаварыў у першую чаргу пра рускіх у нацыянальных рэспубліках. Мелася на ўвазе, што рускія павінны мець права не вывучаць «родныя» нацыянальныя мовы рэспублік. Пад «роднымі мовамі» разумеліся першапачаткова нацыянальныя мовы расійскіх рэспублік.

Але ў новым законе ўсё інакш. Прадугледжваецца, што руская мова застанецца ў абавязковай частцы навучальнай праграмы, а вось родную мову будуць вывучаць зараз на факультатывах, і, больш за тое, каб гэты факультатыў быў, бацькі павінны пісаць заявы. Больш за тое, «роднай мовай» бацькі з нярускіх сем’яў змогуць выбраць і рускую. Калі ўлічыць той факт, што зараз рускую мову можна называць «роднай», то пэўная (магчыма і пераважная) частка навучэнцаў і іх бацькоў, арыентуючыся на падрыхтоўку да адзінага дзяржаўнага экзамена, аддасць перавагу вывучаць у якасці «роднай мовы» не мову сваёй нацыянальнасці, а рускую.

Атрымліваецца цікавая сітуацыя, што дзеці і бацькі могуць абіраць «родную мову», а мову экзаменаў абіраць яны не могуць — там можа быць толькі руская. Свабодны выбар «роднай мовы» можа быць толькі пры роўных і свабодных умовах, а роўныя ўмовы могуць быць толькі тады, калі на нацыянальных мовах можна будзе здаваць экзамены — а гэтага і блізка няма.

Як рэагуюць у рэспубліках?

Грамадскасць расійскіх рэспублік з насцярожанасцю ставіцца да закону, калі ён будзе канчаткова прыняты ў адпаведнай рэдакцыі. Некаторыя дзеячы нават не стрымліваюцца ў фармулёўках.

Старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Татарстана называе гэтую сітуацыю «моўным фарысействам», а асецінскі філолаг Тамерлан Камболаў увогуле кажа, што канчатковая мэта гэтага закона — знішчэнне родных моў народаў Расіі.

Адзіная рэспубліка, дзе грамадскія дзеячы маўчаць і не выказваюць сваіх думак наконт гэтага закона — Чачня. Нават чачэнскія дэпутаты Дзяржаўнай думы праігнаравалі галасаванне па гэтым законе.

У сваю чаргу ўлады некаторых расійскіх рэспублік абяцаюць, што нацыянальныя мовы абавязкова будуць выкладацца, нават калі закон будзе прыняты. У расійскіх умовах аўтарытарнай дзяржавы гэта можна без праблем зрабіць.

Актывіст чувашскай грамадскай арганізацыі «Ирĕклĕх» Дзмітрый Сцяпанаў расказаў «Нашай Ніве»: «У Чувашыі мясцовае Міністэрства адукацыі зрабіла так званае апытанне, згодна з якім пераважная большасць школьнікаў у якасці роднай мовы для вывучэння выбралі чувашскую мову — іх больш за 83%. Гэта сапраўды вельмі дзіўныя лічбы, асабліва з улікам таго, што доля карэннага насельніцтва ў Чувашыі складае каля 68%, таму такія прыгожыя лічбы кажуць хутчэй пра пазіцыю мясцовых улад, чым пра меркаванне саміх бацькоў».

Сцяпанаў упэўнены, што новы закон фактычна нічога не зменіць, бо ў мясцовых улад застанецца шмат спосабаў для маніпуляцый, і чувашская мова застанецца ў школах.

Але пытанні выклікае не толькі закон, які прыняла Дзяржаўная дума ў першым чытанні. Нават без гэтага закона сітуацыя з выкладаннем нацыянальных моў неспрыяльная — расійскія ўлады ўскладняюць выпуск падручнікаў на нацыянальных мовах, ужо 4 гады не рыхтуюцца выкладчыкі для школ з выкладаннем прадметаў на родных мовах нават у Казані. Нават калі новы закон не будзе прыняты, нацыянальныя школы канчаткова знікнуць самі па сабе праз 10—15 гадоў, бо там не будзе каму выкладаць.

Трэба адзначыць, што пераважная большасць актывістаў, якія выступаюць супраць русіфікацыі мясцовых школ, не з’яўляюцца сепаратыстамі. Яны не ставяць пад сумненне знаходжанне сваіх рэспублік у складзе Расіі, але лічаць, што русіфікацыя рэспублік толькі будзе шкодзіць шматнацыянальнай Расіі і падрываць яе еднасць.

У сваю чаргу ў Міністэрстве адукацыі Расіі іншая думка. Яны лічаць, што менавіта існаванне нацыянальных школ з’яўляецца пагрозай для Расіі, а такія школы адкрыта называюцца «падрыўнымі цэнтрамі» і рассаднікамі нацыяналізму.

Праціўнікі закона звяртаюць увагу на крывадушша, з якім расійскія ўлады заўзята дабіваюцца праў для рускіх з Украіны і Латвіі вучыцца на роднай мове, а ў дачыненні да сваіх суайчыннікаў з нацыянальных рэспублік праводзяць супрацьлеглую палітыку.

Кандыдат гістарычных навук з Татарстана Айрат Файзрахманаў мяркуе, што закон пра навучанне моў у школах — толькі частка больш сур’ёзнага пытання ўзаемаадносін рэспублік і федэральнага цэнтра: «Нацыянальная эліта і актывісты баяцца, што пасля канчатковай русіфікацыі нацыянальныя рэспублікі будзе прасцей пазбавіць тых паўнамоцтваў, якія ў іх ёсць, а потым і проста ліквідаваць. Яскравым прыкладам выступаюць Татарстан і Башкартастан. Расія мела з Татарстанам унікальны дагавор пра размежаванне паўнамоцтваў, які даваў рэспубліцы не абы-якія паўнамоцтвы», — расказаў «Нашай Ніве» Файзрахманаў.

Айрат Файзрахманаў.

Цікава, што кіраўнікоў іншых расійскіх рэспублік ужо даўно пазбавілі звання «прэзідэнт», іх пасада афіцыйна называецца «кіраўнік». Татарстан з’яўляецца выключэннем, таму, як гэта ні дзіўна, у Расіі афіцыйна 2 прэзідэнты — расійскі і татарскі. Але ў 2017 годзе Расія адмовілася працягваць з Татарстанам гэты дагавор — гэта пазбавіла Татарстан пэўных атрыбутаў самастойнасці, а пасада «прэзідэнт Татарстана» будзе ліквідавана ў 2020 годзе.

Пытанне тут не толькі ў ліквідацыі палітычных атрыбутаў самастойнасці рэспублік, але і эканамічных, кажа Файзрахманаў:

— Башкартастан, багаты на нафту, заўсёды быў рэспублікай-донаркай. Але з-за таго, што рэспубліку пазбавілі права распараджацца ўласнымі нафтавымі даходамі, яна ператварылася ў рэспубліку-«дармаеда» — Башкартастан эканамічна падпарадкавалі Маскве.

Але калі ў Татарстане, Якуціі ці Чувашыі сітуацыя з нацыянальнымі мовамі яшчэ не такая катастрафічная, у некаторых рэспубліках гэты закон можа канчаткова забіць мясцовыя мовы, а карэннае насельніцтва канчаткова русіфікаваць. Яскравым прыкладам тут з’яўляецца Удмурція, дзе доля карэннага насельніцтва не дасягае і 30%, і толькі крыху больш за палову ўдмуртаў называе ўдмурцкую мову роднай.

Удмурцкі журналіст Арцём Ёргі лічыць, што закон канчаткова русіфікуе ўдмуртаў, і патлумачыў, чаму сітуацыя з нацыянальнай мовай ва Удмурціі такая цяжкая: «Калі параўноўваць з Татарстанам ці Башкартастанам, сапраўды, мы ў горшай сітуацыі. Калі ў Татарстане ў 90-ыя гады была створана цэлая сетка навучальных устаноў з выкладаннем на татарскай мове, то ў нас была створана толькі адна нацыянальная гімназія, але нават там мы не маглі забяспечыць увесь працэс навучання на ўдмурцкай мове», — сказаў ён «Нашай Ніве».

Але чаму ўдмурты, як і іншыя фіна-ўгорскія народы Расіі, так хутка русіфікаваліся? Арцём Ёргі кажа, што адказ тут трэба шукаць ва ўмовах уваходу таго ці іншага народа ў склад Расіі:

— Калі татары сталі часткай Расіі, у іх да таго была працяглая гісторыя ўласнай дзяржаўнасці. Татары здолелі захаваць уласныя грамадскія структуры і часткова эліту, што дазволіла абараніць іх ад русіфікацыі. У фіна-ўгорскіх народаў такога, на жаль, не было.

Не варта выключаць і рэлігійны фактар. Удмурты — істотна хрысціянізаваны народ, яны прасцей русіфікуюцца, у адрозненне ад мусульман-татараў ці башкіраў.

Ну і трэці фактар — савецкая індустрыялізацыя. У савецкія гады наша сталіца Іжэўск стала буйным цэнтрам савецкага машынабудавання, адбывалася вялікая міграцыйная хваля рускага насельніцтва, і такім чынам удмурты ў Іжэўску з’яўляюцца нацыянальнай меншасцю. А вось Чувашыя, якую абмінула буйная савецкая індустрыялізацыя, здолела захаваць сваё аблічча і не русіфікавацца.

Арцём Ёргі. Фота: Мынам Удмуртие.

Што далей?

Законапраект прыняты толькі ў першым чытанні. Цяпер дакумент накіраваны на ўзгадненне ў іншыя федэральныя і мясцовыя органы. На працягу месяца яны павінны даць заключэнне і падрыхтаваць папраўкі да другога чытання Дзяржаўнай думы. Канчатковы лёс гэтага законапраекта пакуль невядомы. Улады абяцаюць, што да другога чытання ўсе пажаданні нацыянальных рэспублік улічаць. Але агульны накірунак больш-менш відавочны — расійскія ўлады варожа ставяцца да нацыянальных школ і ўспрымаюць іх як пагрозу існавання Расіі.
https://nn.by/?c=lr&i=212031



Categories: Мова

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: