“Хартыя 97”, 28 ліпеня 2018 года

Зварот да беларускасці прыводзіць да самаразвіцця і самаўдасканалення.
У Беларусі другі раз праходзіць моладзевы летнік для тых, хто цікавіцца беларускай культурай і гісторыяй і хоча перадаць свае веды іншым. Пра ўдзельнікаў летніку піша Нямецкая хваля.
Блізу 20 маладых людзей з розных рэгіёнаў Беларусі ўдзельнічаюць у летніку, арганізаваным “Арт-сядзібай” у вёсцы Падневічы Валожынскага раёна Менскай вобласці. Яны не толькі атрымліваюць новыя веды з гісторыі і культуры тытульнай нацыі, але і знаходзяць навыкі, неабходныя для папулярызацыі беларускасці сярод іншых суграмадзянаў. У некаторых удзельнікаў летніку ёсць свае цікавыя гісторыі таго, як яны самі сталі свядомымі беларусамі. Гэтымі гісторыямі яны падзяліліся з DW.
Алесь хацеў быць падобным на менчукоў
Алесь Снег з Бабруйска. Хлопец апавядае, што ў яго ёсць сябар, які ўвесь час ездзіў у Менск і пасля вяртання казаў, што ў Менску размаўляюць па-беларуску, што там слухаюць беларускамоўную рок-музыку, напрыклад гурт NRM, што ў сталіцы праводзіцца шмат мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё беларускай мовы і культуры.
“Мне як чалавеку, які жыве ў адносна маленькім у параўнанні з Менскам горадзе, хацелася быць падобным на сталічнага чалавека. Таму я запампоўваў беларускую музыку, тую ж NRM, потым сам ездзіў у Менск, атрымліваў там велізарнае задавальненне, паколькі ён быў нефармальным горадам, гэта было ў 2004–2005 гадах”, – успамінае Алесь. 2006 год, паводле ягоных словаў, стаў пераломным у палітычным плане, паколькі людзі ўсё больш даведваліся і разумелі, што ёсць гістарычны бел-чырвона-белы сцяг, герб “Пагоня”.
Тады ўпершыню ў родным горадзе Алеся прайшоў фестываль “Рок за баброў”. “У мяне на заплечніку быў невялікі бел-чырвона-белы сцяжок, да мяне падышлі маладыя людзі, яны размаўлялі са мной па-беларуску, і я ўбачыў прыклад, на каго хочацца быць падобным, – гэта беларускамоўная моладзь, якая не паліць у пад’ездах або займаецца яшчэ чымсьці непатрэбны, а робіць нешта карыснае для Беларусі”, – тлумачыць суразмоўца.
І дадае, што сёння ўсё больш людзей у краіне станоўча ўспрымаюць той факт, што нехта размаўляе па-беларуску: па дарозе ў летнік у маршрутным таксі да хлопцаў звярнуліся маладыя жанчыны, якія таксама сталі размаўляць па-беларуску.
“З жонкай дома мы размаўляем выключна на роднай мове”
“Гэта дзіўна, бо раней я такога не назіраў, раней беларуская мова асацыявалася толькі з Беларускім народным фронтам (БНФ, палітычная партыя. – Рэд.), з вёскай. І вось прыклад нашага летніку: сюды прыехалі людзі, некаторыя з іх размаўляюць па-расейску, але ў мяне ёсць упэўненасць, што яны без усялякага прымусу да канца знаходжання тут ужо загавораць па-беларуску”, – усміхаецца Алесь Снег.
Ён прызнаецца, што калі збіраецца ўся сям’я – мама і тата, бацькі не размаўляюць на беларускай мове, хоць і не маюць нічога супраць. “А вось з жонкай дома мы размаўляем выключна на роднай мове, не пераходзім на расейскую, і нават калі даводзіцца сварыцца, то робіцца гэта толькі па-беларуску”, – выдае таямніцу хлопец.
Нават вяселле Алеся праходзіла выключна згодна з беларускімі традыцыям. “Усе госці былі ў шоку, але ён быў прыемным. У канцы дня ўжо практычна ўсе размаўлялі па-беларуску. Галоўнае – ісці ў гэтым плане наперад, і самае прыемнае, што вакол сталі з’яўляцца людзі, якія лёгка пераходзяць на беларускую мову. Гэта толькі здаецца, што яе мала хто ведае, мала разумее. На самай справе гэта не так”, – упэўнены малады чалавек.
Тату з Касцюшкам і Багдановічам
Дар’і Андронавай 21 год, яна прыехала з Віцебска. Дзяўчына расказвае, што яе сям’я не беларускамоўная, а яна сама, пакуль не пайшла ў школу, не ведала ніводнага слова па-беларуску. «Першае слова, якое я вывучыла, было “лыжка” (ложка), і я ўсім хадзіла і гаварыла, якое гэта цудоўнае беларускае слова», – кажа дзяўчына.
А цалкам на беларускую мову яна перайшла гады два таму: “Раней у адной кампаніі размаўляла па-расейску, у іншай па-беларуску, але потым пастанавіла, што прыйшоў час вызначыцца і перайсці толькі на беларускую мову. Тым больш што я працую ў сферы культуры, з дзецьмі, у мяне свой беларускамоўны дзіцячы тэатр, і дзецям гэта вельмі падабаецца”.
Дзяўчына прызнаецца, што з непрыманнем беларускай мовы сутыкаецца менавіта ў сваёй сям’і – яе сябры ведалі пра яе імкненні і разумелі, што гэта некалі адбудзецца, але ў сям’і Дашы гэта будзе прыняць цяжка. Паводле ейных словаў, у расейскамоўным асяроддзі жыць не цяжка.
“Ёсць комплексы ў першыя месяцы, калі яшчэ не вельмі добра ведаеш беларускую мову, а потым узнікаюць моманты, калі трэба перакладаць, калі хтосьці не разумее па-беларуску. Але для мяне гэта не праблема, нават калі я езджу ў Расею, я без праблемаў магу незразумелыя рэчы перакласці і на расейскую, і на ангельскую мову, так што гэта не самае складанае”, – адзначае Даша.
А ўвогуле, разважае яна, каб быць сапраўдным беларусам, не абавязкова размаўляць выключна па-беларуску. “Галоўнае нешта рабіць карыснае для сваёй краіны. Калі чалавек прыходзіць да беларускай мовы, то гэта вельмі важна, але калі ён не мяркуе гэта асабліва важным, то я не стала б на гэтым зацыклівацца, хоць галоўнае, каб мова жыла і захоўваўся, асабліва ў дзяцей”, – кажа дзяўчына.
Увагу вабяць два вялікія арнаментаваныя тату на руках Дар’і. “Гэта паэт Максім Багдановіч і палкаводзец Тадэвуш Касцюшка. Без гэтых людзей немагчыма ўявіць сабе беларускую культуру і гісторыю. Гэта была мая свядомая пастанова. А ўвогуле, пераход на беларускую мову, зварот да беларускасці дапамаглі мне пераадолець нейкія страхі, комплексы і сумневы, далі штуршок да майго самаразвіцця і самаўдасканалення. Таму я тут”, – сказала на заканчэнне Дар’я Андронава.
Categories: Мова, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ