“Хартыя 97”, 28 ліпеня 2018 год

У Кіеве адсвяткавалі 1030-годдзе хрышчэння Кіеўскай Русі.
Сённяшні крыжовы ход з нагоды 1030-годдзя хрышчэння Русі-Украіны дэманструе, што ўкраінскі народ аб’яднаўся, і Расея ўжо не зможа яго перамагчы.
Як паведамляе «Униан», пра гэта кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, патрыярх кіеўскі і ўсёй Русі-Украіны Філарэт сказаў у выступе пасля шэсця і малебну каля помніка святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра Вялікага.
«Сёлета мы святкуем гэты юбілей незвычайна. Шмат разоў па Уладзімірскай вуліцы праходзіў крыжовы ход, але такога крыжовага ходу Украіна яшчэ не ведала. Гэта сведчыць пра тое, што ўкраінскі народ аб’ядноўваецца – як у цэлым украінскі народ, так і ўкраінскае праваслаўе…» – адзначыў патрыярх.
«Другая выснова з гэтага крыжовага ходу такая, што Перамога наша на ўсходзе забяспечаная, таму што ўкраінскі народ ужо аб’яднаўся, а калі ўкраінскі народ аб’яднаўся, то ягоны паўночны агрэсар перамагчы ўжо не зможа», – перакананы кіраўнік УПЦ КП.
Таксама ён адзначыў прысутнасць на крыжовым ходзе прадстаўнікоў сусветнага патрыярха Варфаламея I, і паведаміў, што Варфаламей цвёрда мае намер надаць украінскай царкве томас на аўтакефалію.
«Гэта азначае не толькі тое, што ва Украіне абавязкова будзе адна ўкраінская царква, не будзе шмат украінскіх цэркваў, а будзе адна – прызнаная, якая ўвойдзе ў малітоўныя стасункі з усімі праваслаўнымі цэрквамі. Гэта наша вельмі важная перамога, таму што мы да гэтай перамогі ішлі дзесяцігоддзямі, і дзякуючы энэргіі цяперашняга нашага прэзідэнта мы маем такія вынікі», – сказаў патрыярх Філарэт.
Cёння ў Кіеве адбыўся крыжовы ход вернікаў УПЦ КП і УАПЦ з нагоды 1030-годдзя Хрышчэння Русі-Украіны. У мерапрыемстве ўдзельнічаў прэзідэнт Пётр Парашэнка разам з жонкай, чальцы ўрада, чальцы Усеўкраінскай рады цэркваў, вядомыя грамадскія дзеячы, валанцёры, прадстаўнікі культуры, навукі і адукацыі.
Пакінуць адказ