СЕВЯРЫН КВЯТКОЎСКІ: Што добрага ў новай вэрсіі школьнай гісторыі Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Школьныя падручнікі па гісторыі Беларусі розных гадоў
Ілюстрацыйнае фота. Школьныя падручнікі па гісторыі Беларусі розных гадоў

Чытаю пра зьмены ў школьнай гістарычнай адукацыі ад навучальнага сэзону — 2018. Я разумею засмучэньне гісторыка Аляксея Братачкіна: «У сучасных падручніках пра падзеі 1990-х і 2000-х расказваюць наступным чынам: 1990 год, 27 ліпеня — гэта Дэклярацыя незалежнасьці, потым Белавескія пагадненьні, а наступная дата, якая там згадваецца, гэта 1994 год. Асноўны акцэнт робіцца на тое, што было пасьля 1994 году. Усе «рэфэрэндумы», «прэзыдэнцкія выбары», «Усебеларускія сходы» апісваюцца як «умацаваньне палітычнай сыстэмы».

Таксама разумею, чаму гісторыя ХХ стагодзьдзя працягвае падавацца з камуністычнага гледзішча: калі ты кіруеш дзяржавай пад савецкай сымболікай, а краіна ўтыканая ленінымі, то інакш быць ня можа. Зьмена погляду на гісторыю БССР/СССР аўтаматычна пацягне за сабою перагляд тваёй уласнай пэрсоны, тваёй палітыкі як кіраўніка дзяржавы.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў гісторык Ігар Марзалюк. Ілюстрацыйнае фота.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як пачынаецца «эра Марзалюка». 20 пытаньняў і адказаў пра падручнікі гісторыі Беларусі

Большасьць сучасных жыхароў Беларусі вывучалі гісторыю ў савецкай школе, дзе беларускую дзяржаўнасьць падавалі як штосьці падоранае бальшавікамі ў 1919 годзе. А ўсё, што было да бальшавікоў, — гэта гісторыя акупацыі. Спачатку літоўцамі, пасьля палякамі, пасьля расейскім царызмам. А перад тым была Кіеўская Русь, якая нагадвала сабой СССР, бо складалася з «саюзных» княстваў, чытай — рэспублік у савецкім значэньні слова. А Полацкае княства было адной з такіх саюзных рэспублік, а таму незалежнай дзяржавай не было. А бальшавікі далі дзяржаўнасьць. «Наце, дзеці, вам цукерку». Праўда, усе разумелі, што сапраўднай незалежнасьці ў БССР не было.

Чаму замоўчваюцца падзеі 1991–1994

У часы незалежнай Беларусі ў падручніках выразная канцэпцыя беларускай дзяржаўнасьці ня выбудавалася. Спраўдзіць маю думку вельмі лёгка. Спытайце першых сустрэтых школьнікаў пра гісторыю беларускай дзяржаўнасьці. Ці шмат хто зь іх назаве пасьлядоўнасьць Полацкае княства — ВКЛ? На БНР не разьлічваю, але хоць бы БССР у канцы ланцуга. Рэчы, якія тэарэтычна мусяць адскокваць ад зубоў. Асабліва ў краіне, дзе два зь лішкам стагодзьдзі нішчылася памяць пра колішняе палітычнае самастойнае ад Расеі жыцьцё.

Зразумела, што прыдворныя гісторыкі ня могуць кардынальна адысьці ад палітыкі манарха з чырвонай зоркай на кароне. А яшчэ манарх моцна залежыць ад суседа-манарха, імпэратара. Таму, напрыклад, паглядзець на Другую сусьветную вайну прынцыпова інакш, чым у Расеі, Лукашэнка ня можа. Прыдворныя гісторыкі гэта ведаюць. Як ведаюць, наколькі важна Лукашэнку, каб сучасная беларуская дзяржаўнасьць асацыявалася зь ім самім. Таму падзеі між 1991–1994 фактычна замоўчваюцца. Але.

Падчас публічнай дыскусіі. На фота (зьлева направа) Аляксей Ластоўскі, Іван Курыла, Валянцін Голубеў, Лукаш Адамскі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гісторыя зноў абслугоўвае палітычныя рэжымы — і ў Беларусі, і ў Расеі

Але трэба памятаць што мы жывем у краіне, дзе дагэтуль у грамадзтве вісіць пытаньне: «Які працэнт насельніцтва мае дзяржаўнасьць Беларусі як безумоўную каштоўнасьць?» Я думаю, што з кожным годам усё болей, бо натуральным чынам сыходзяць людзі, для якіх аграмадная савецкая імпэрыя была родным домам са сталіцай у Маскве.

А калі заўтра анэксія?

Тым ня менш у беларусацэнтрычных людзей ёсьць трывога: а калі заўтра анэксія, які адсотак будзе ёй супраціўляцца? Магчыма, трывогі гэтыя перабольшаныя. Але факт застаецца фактам — усё яшчэ вялікая колькасьць людзей жыве ў мінулым, дзе Беларусь была адно «рэспублікай».

Таму з дваццаці пытаньняў і адказаў гісторыка Аляксея Братачкіна (па спасылцы вышэй) я для сябе вылучыў адну прынцыпова пазытыўную рэч. У школах будзе рабіцца акцэнт на беларускай дзяржаўнасьці з тысячагадовай гісторыяй — ад Полацкага княства праз ВКЛ да нашых дзён.

Сяргей Дубавец

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускія гісторыкі страцілі місію

Так, Лукашэнка гадамі праводзіў антынацыянальную палітыку ў спадзеве стаць царом у Крамлі. Так, разварот да вонкавай беларускасьці і да беларускага дзяржаўніцтва вымушаны. Так, афіцыйныя гісторыкі абслугоўваюць патрэбы аднаго чалавека. Тым ня менш чалавекі прыходзяць і сыходзяць, а ўкаранёная ў галовы цэлай генэрацыі ідэя пра тысячагадовую гісторыю застаецца. А разам з тым зьнікае комплекс нацыянальнай непаўнавартаснасьці, які так доўга ўбіваўся ў галовы беларусам. Псыхалягічнае здароўе нацыі — гэта важна. Гэта здаровае жыцьцё ва ўсім.



Categories: Гісторыя

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: