Бела і Русь – як дзьве часткі сусьвету –
Белаю часткай – даўно ты з радзімай,
Русьсю – ты з Кіевам мудрым адзіная.
Ўжо ж закрасуеш!?
Дзе ты? Дзе ты?
І
Жыцьця сутарэньні, сумненьні, надзеі …
Спрабую убачыць яе ў вымярэньні
касмічным,
бо цесна ў зямельнай завеі –
хіба ў сусьвеце ляжыць вызваленьне.
Іграю на клавішах, музыкай, рытмам
і словы кладуцца па запаветах.
Са мной спалагоднеў бы Гандзі спрытны,
з якім вандраваў бы узімку і летам,
Шукаючы існасць, шукаючы розум,
які б меў магчымасць балансаваньня
між пахам і праўдай шыповых розаў,
між мараў юнацтва, што прагне каханьня.
Сумневу не чую, хоць маю што страціць,
ў рамантыцы подыхаў,
вартасьці сёньня,
ў запозненых прыгадах, сказаных маці,
вяртаючы думкі мае на прадоньне.
Да тых каранёў, дзе кранальная вечнасць,
дзе поўнай душою бы піў асалоду,
туды, дзе душа хоча чуцца бяспечнай,
адкуль уцякае бо крыецца лёдам.
ІІ.
Душа у камфорце і сёньня ёй добра
ў краіне далёкай, незразумелай,
а ў краі да сконца страчаным мною –
душа у спакоі, светлым і белым.
Вярнуцца туды? –
ў кожны момант я ў краі!
Хто не паверыць?
ля рэчкі Дзісенкі,
шчыра я з горыччу часта блукаю
ад часу калі быў шчасьлівым-маленькім …
Душа спачывае у продкавым доме,
дзе посьцілкаў, грушаў пах мне знаёмы,
дзе шэпчуць пра блізкае родныя сьцены,
пра моц і пра дух на даўнейшай сцэне.
ІІІ.
О мілы народ мой! Цябе так люблю я!
Ну й што, што ў далёкай застаўся вандроўцы.
Душою з табою, нас толькі разлучыць
прырода, з адвечным адмоўным прыбоем.
Любоў мая моцніцца пэўнай надзеяй,
што некалі збудзецца! Збудзецца, пэўна ж!
Гены трывалыя – іх праз стагоддзі
не збілі з дарогі ідэі някрэўных.
Штучнае брацтва? З карысцю? Навошта?
Каб жа ішло ад душэўнага сэрца.
Сквапнасць бязмерная прагне зняволіць
тое,
што мусіла б марыць аб волі.
Цяжка ўзляцець застрашанай з часам,
неасвятлёнай і замбаванай –
Бела Русь можа сілы набрацца
толькі ў заможнай спадчыне-пані!
ІУ.
Бела Русь выжывае ў паэмах!
бо найчысьцейшай яна ёсць на сьвеце,
для сваіх дзетак, што родзяцца ўзімку,
і для дзяцей, што з’яўляюцца ў леце.
Край ўзбагачаецца дзецьмі надзеі.
Хай ім пашчасьціць спадарыць у краі,
дзе не няволяць,
дзе жыта родзіць,
дзе салаўёў песьні цешуць у маі.
А у сьвядомых – дзе б ні былі бы
Русь паўстае са стагоддзяў без хібаў
з часткаю Белай, з ёй назаўсёды,
Русь – гэта Кіеў, з Масквой – няма згоды.
У.
Бог не памочнік – ў ім мала надзеі,
ад Бібліі тэкстаў сівеюць раны.
Над Бела Русьсю лютуюць завеі,
чужынцамі спадчына наша схавана.
То не спадзейся, браце, не можна,
на сілы чараў, інных народаў –
крокамі сьціплымі, асьцярожна
ад злых імперый к нормам прыроды.
Край абароніць няхай ад спакусы
на танную манну і абяцанкі
мудрасць людская, што ў беларусаў –
дужэй яна злосці,
мацнейшая танкаў.
УІ.
Думы аддумаліся – марыць можна,
ад злосці, ад леннасці і ад адчаю,
апошняе ж крыкам крычыць аж тошна –
ня бачыцца выйсця сёньня для краю.
На выгляд – дык быццам збалансавана
пад пільным паглядам строгага бацькі;
пакуль Бела Русь – з беларускім панам,
было б горш і з тым, які “ганьбіць” маці.
Дратуюцца злом адраджэньня карэньні,
на нашу зямлю падсяліўся д’ябал,
на дачах гатуюць грыбы і варэньне,
свядомасці дух ля дарогі абапал.
Паглядваеш ты то на ўсход, то на захад,
на собскую Русь і на Русь “не ў законе” –
пасьвечанай быць пад царкоўным дахам
ці брацтва знайсці ў еўрапейскім вагоне?
Яшчэ не падняла сьцяг нацыі мілы,
ня мкнешся наўпрост да каштоўнасцяў сьвету,
сьціпла мацнеюць у роднай сілы,
каб існаваць, не згубіць прыкметаў.
Як утрымацца Бела Русьсю
і не з’яднацца з краінай ілжывай?
Белаю птушкай узняцца у высі
з вольным жыцьцём, адметным, праўдзівым!
УІІ.
Жыцьця сутарэньні, сумненьні, надзеі …
Вякамі ад Полацка доўжыцца дзея.
Жыве Бела Русь у касьмічнай прасторы,
З “Пагоняй”, не з Богам, аб справе гаворыць.
Палёт той духоўны – ў ім спадчыны сіла,
ўзгадуе яна для краіны усходы.
Чакае адно – з зямлі голас народу –
“што глеба гатова і час ёй спрыяе,
што з пакаяньнем маўкліва чакае,
каб спадчына Белую Русь
навякі ў БЕЛАРУСЬ
асьвяціла”.
УІІІ.
У космасе сьпеюць чароўныя сілы,
Злучаюцца ў лепшае для чалавецтва,
Прысьпешваюць час,
каб сьвет падзівіла
абраная жыць,
прыпыніўшы вечнасць.
29 кастрычніка 2017 – 10 жніўня 2018 года, Аттава
Categories: Літаратура
Пакінуць адказ