Эдуард Пальчыс пра гранты, геяў, палітычную мярцьвячыну і татальную беларусізацыю.

 ВІДЭА

Каб ён прысутнічаў на зацьвярджэньні ІІІ Устаўной граматы, гісторыя Беларусі магла б пайсьці ў іншым кірунку. Ён называе сябе адзіным палітычным блогерам Беларусі. І дадае: толькі таму, што іншых няма.

Ён па пяць разоў на год адмаўляе хэдхантэрам зь вядомых кампаній і жыве з жонкай на 300 даляраў у месяц — столькі застаецца пасьля сплаты падаткаў з краўдфандынгу і арэнды кватэры.

Джон Сыльвэр раскрыў сваё сапраўдане імя ў 2015-м, калі яго затрымала спачатку беларускае КДБ, а пасьля расейскія спэцслужбы — за ананімную антыкрамлёўскую публіцыстыку на сайце 1863x.com.

Эдуард Пальчыс зазнаў тры месяцы ў турмах Бранску і Смаленску, экстрадыцыю ў Беларусь і суд. У 2017-2018 ягонае імя гучала ў сувязі з абаронай Курапатаў і масавым сьвяткаваньнем канцэрту #БНР100.

Расейская прэса называе яго «бацькавым нацыстам», а беларускія апазыцыйныя палітыкі хацелі б бачыць яго сваім піяршчыкам.

Эдуард Пальчыс даў вялікае інтэрвію Радыё Свабодзе. Ніжэй тэзы, поўная гутарка — у відэа.

«У Расеі размаўляў бы па-беларуску, але ў Беларусі эфэктыўней па-расейску»

Тыя, каго хвалюе, што Эдуард Пальчыс не размаўляе па-беларуску, — прадстаўнікі «жорсткага фэйсбучнага гета», лічыць блогер.

Ён працягвае пераконваць, што калі 80% беларусаў гавораць па-расейску і ў іх ёсьць моўны бар’ер, то ідэі нацыянальнай асьветы і гісторыі павінны для іх быць даступныя па-расейску.

У той жа час Пальчыс заявіў, што выступае за адзіную дзяржаўную мову — беларускую, і прадэманстраваў выдатнае валоданьне ёю.

«Я б марыў, як многія, у Брусэль, Вашынгтон, але, на жаль, не наскроб грантаў яшчэ»

Нядаўна блогер з жонкай быў у Польшчы. Ён прызнаўся, што наведаў гэтую краіну першы раз.

Эдуард лічыць, што для разваг на геапалітычныя тэмы і аналітычных параўнаньняў Беларусі зь іншымі краінамі хапае інтэрнэту, а таксама размоваў з тымі, хто часта выяжджае за мяжу па палітычных справах.

Топ-3 гарадоў, дзе можна прасякнуцца духам беларушчыны

На думку, Эдуарда Пальчыса, гэта

  1. Ліда
  2. Ліда
  3. Ліда

Дзесьці пасьля ідуць Горадня, Нясьвіж і Полацак.

«Пуцін і заходнія левалібэралы — праява аднаго і таго ж»

Эдуард Пальчыс, блог якога прасякнуты антыкрамлёўскай рыторыкай, неаднаразова рабіў нападкі на заходніх левалібэралаў, якіх, у сваю чаргу, крытыкуе Пуцін. Мы папрасілі блогера патлумачыць. Як ён гэта зрабіў, глядзіце ў відэа.

«Саюз мужчыны і жанчыны — гэта норма, тое, як гэта павінна быць»

Эдуард Пальчыс па сутнасьці згодны з заявай МУС пра ЛГБТ. Але лічыць, што дзяржаўныя органы не павінны ўмешвацца ў тэму хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Для гэтага ёсьць царква.

«Калі нагуляюцца з гомасэксуальнымі меншасьцямі, будуць абараняць правы робатаў»

Трэнд на прасоўваньне левалібэральнага лобі існуе ўжо 60-70 гадоў, лічыць Пальчыс. Усё пачалося з таго, што група інтэлектуалаў-мысьляроў вырашыла абараняць правы пралетарыяту, што прывяло да спробаў стварыць камунізм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЛГБТК-актывістка Віка Біран пра «любімага» міністра, сэкс і апазыцыю

Пасьля таго, як у заходніх краінах усталяваўся капіталізм, нашчадкі гэтых інтэлектуалаў знайшлі іншыя прыгнечаныя групы — мігрантаў, сэксуальныя меншасьці і гэтай далей. Пальчыс кажа, што паступова такія ідэі сталі пранікаць у журналістыку, кінэматограф, ва ўнівэрсытэты.

«За сьмяротнае пакараньне»

Тыя, да каго ня можа быць літасьці, паводле Эдуарда Пальчыса, — Гітлер, Сталін, Гіркін ды іншыя ваенныя злачынцы.

«Курапаты — усё кепска»

Сытуацыю трэба было вырашаць у 2012 годзе, кажа Пальчыс. Цяпер пачалі байкатаваць, ня ведаючы, супраць каго змагаемся. Плюс — праблема разлажэньня палітычных сілаў і партый. Нават «Малады Фронт» зьмізарнеў да 6 чалавек.

«Апазыцыі трэба не аб’ядноўвацца, а разьядноўвацца»

А яшчэ адкідаць усё мёртвае — падыходы, ідэі і кадры, якія застаюцца з 90-х і нулявых гадоў. Адзіная ідэя апазыцыі — выйсьці на Плошчу, сабраць там 100 тысяч — больш не працуе, лічыць Пальчыс.

Далей блогер патлумачыў, за што ня любіць «Гавары праўду», і пералічыў беларускіх апазыцыйных палітыкаў, каму, на яго думку, варта ісьці на наступныя прэзыдэнцкія выбары, і каму ня варта.

«Пра стварэньне нашай уласнай партыі Матолька мне не казаў»

Эдуард Пальчыс аспрэчыў чуткі пра тое, што фронтмэны арганізацыі сьвяткаваньня канцэрту да 100-годзьдзя БНР плянуюць ісьці ў палітыку. Але дадаў, што гатовы далучыцца да каманды «нармальнага кандыдата».

«Бацькавы нацысты»

У расейскіх мэдыя Пальчыса залічваюць да «бацькавых нацыстаў», а таксама называюць «убийцей русского мира» і «шчырым русафобам».

Аўтар блогу 1863x Эдуард Пальчыс, архіўнае фота

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Блог 1863x заявіў, што прыдумаў апублікаваныя каналам «Незыгарь» чуткі пра Макея і Пазьняка

Блогер лічыць, што гэта вынік зьмяненьня падыходу Крамля, які цяпер лічыць Лукашэнку не хаўрусьнікам і сябрам, а хітрым маніпулятарам, які смокча рэсурсы Расеі. Ці гатовы і на якіх умовах Пальчыс пагадзіцца на ролю афіцыйнага ідэоляга, глядзіце ў відэавэрсіі інтэрвію.

«Каб нармальна жыць, мне патрэбна 700-800 даляраў»

Эдуард Пальчыс разам з жонкай жывуць на сродкі, якія зьбіраюць праз краўдфандынг. Гэта каля 500 даляраў штомесяц мінус 38% падаткаў. Блогер лічыць, што для жыцьця ягонай сям’і гэтага недастаткова, але апраўдвае гэта агульнай культурай ахвяраваньняў на палітычную дзейнасьць.

«У нас настолькі глыбокі савок, што лічыцца нармальным пісаць пра мяне: „Вось ён зьбірае грошы, замест таго, каб займацца беларушчынай”».



Categories: Мараль

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: