Беларускі архіяпіскап: Адсутнасьць у Беларусі аўтакефаліі парушае апостальскія каноны


Першагерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, архіяпіскап Сьвятаслаў Логін.
Першагерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, архіяпіскап Сьвятаслаў Логін.

Кіраўнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, архіяпіскапСьвятаслаў Логін на просьбу Радыё Свабода камэнтуе рашэньне Канстантынопальскага патрыярха надаць Украінскай Праваслаўнай царкве аўтакефалію.

Мэта БАПЦ  легалізацыя ў Беларусі

— Як Беларуская Аўтакефальная Праваслаўнай царква ацэньвае рашэньне Канстантынопальскага патрыярхату надаць Украінскай Праваслаўнай царкве статус аўтакефальнай?

— Мы, вядома, падтрымліваем гэтае рашэньне. Наша мэта — таксама легалізавацца ў Беларусі і афіцыйна атрымаць статус аўтакефаліі. Гістарычна мы маем шматвяковую праваслаўную традыцыю. У мінулым стагодзьдзі наша царква рабіла рэальныя крокі для таго, каб атрымаць аўтакефалію і каб яе прызналі.

Украінская царква нам родная і блізкая, таму што ў мінулым мы мелі адзіную мітраполію — царква ў Беларусі пачыналася з Кіеўскай мітраполіі. Пазьней гэта была Кіева-Літоўская мітраполія з цэнтрам у Наваградку — яна была зьнішчана Маскоўскай царквой. І да сёньня Масква робіць усё, каб Украінская і Беларуская цэрквы аўтакефаліі не атрымалі.​

Становішча цэркваў ва Ўкраіне і Беларусі цяпер вельмі адрозьніваецца. Украінская царква ішла да аўтакефаліі амаль 30 апошніх гадоў. Там адраджаліся храмы, парафіі, япархіі і незалежная царкоўная сьвядомасьць. Прыклад Украіны паказвае, што і Беларусь павінна імкнуцца да духоўнай незалежнасьці ад Масквы.

Патрыярх Маскоўскі Кірыл і Патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей, 31 жніўня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рашэньне аб аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве пацьверджанае

— Калі паглядзець на сытуацыю, якая пануе цяпер у беларускім праваслаўі, і паслухаць прадстаўнікоў Беларускага экзархату, дык акажацца, што ў Беларусі аўтакефаліі ніхто ня хоча, вернікі нават ня ведаюць, што гэта такое. Што, на вашу думку, павінна адбыцца, каб беларускае праваслаўе пажадала мець аўтакефальны статус?

— Па-першае, усё залежыць ад людзей — гэта значыць, павінна быць жаданьне вернікаў. Па-другое, павінна быць жаданьне ўладаў. Каб дзяржава была духоўна незалежнай, павінна быць незалежнасьць царквы, таму дзяржава ў гэтай незалежнасьці павінна быць зацікаўленая.

Каб гэтага захацела ўлада, магчыма, патрэбна, каб яна зьмянілася. Пры цяперашняй уладзе працэсы легалізацыі беларускай царквы ў Беларусі, яе далейшы рост і атрыманьне аўтакефаліі наўрад ці магчымыя. Цяперашнія ўлады і эканамічна, і палітычна, і духоўна падпарадкаваныя Маскве.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Павел

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

БПЦ выступіла супраць «агрэсіўнага ўмяшаньня» Канстантынопалю ва ўнутраныя справы РПЦ ва Ўкраіне

Магчыма ўлады нейкія думкі і жаданьні ў бок духоўнай незалежнасьці і маюць, але рэальных крокаў і плянаў дзеяньня ня маюць.

Таму мы можам толькі маліцца за тое, каб беларускае Праваслаўе жыло, і наша дзяржава жыла. Без незалежнай царквы можна зь цягам часу страціць і дзяржаву.

«Адсутнасьць у Беларусі незалежнай царквы парушае 34-ы апостальскі канон»

— Ці паўплывае наданьне аўтакефаліі Ўкраінскай Праваслаўнай царкве на лёс БАПЦ, напрыклад, на ваш кананічны статус? Ці можаце вы мець кантакты з гэтай новай царквой?

— Вядома, гэта паўплывае і на нашу царкву. Я думаю, будзе больш прызнаньня ў сьвеце, бо калі прызнаюць украінскую царкву, то наступныя крокі павінны быць і адносна беларускай царквы.

Гэта дае нам прыклад і паказвае, што сытуацыя разьвіваецца паводле канонаў. Каноны, як вядома, вымагаюць для асобнага праваслаўнага народу асобнай царквы. Гэта 34-е апостальскае правіла. А каноны не абмяркоўваюцца, а выконваюцца.

Царква ў Беларусі старэйшая за Маскоўскую царкву, за РПЦ. Спачатку былі хрышчаныя Кіеў, Полацк. У нас былі ўжо свае храмы пабудаваныя, і толькі потым узьнікла Масква

Тое, што Беларусь, як праваслаўная дзяржава, ня мае свайго незалежнага першагерарха — гэта парушэньне канонаў і парушэньне гістарычнасьці нашай беларускай царквы.

Царква ў Беларусі старэйшая за Маскоўскую царкву, за РПЦ. Спачатку былі хрышчаныя Кіеў, Полацк. У нас былі ўжо свае храмы пабудаваныя, і толькі потым узьнікла Масква, якая некананічна падпарадкавала сабе Кіева-Літоўскую мітраполію, у тым ліку Беларусь.

Пра гэта было сказана і ў томасе Канстантынопальскага патрыярха 1924 году, калі ён надаваў аўтакефалію Праваслаўнай царкве ў Польшчы. А праваслаўная царква ў Польшчы — гэта была царква заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх зямель.

Ужо тады гаварылася, што Кіева-Літоўская мітраполія была некананічна далучана да Масквы. У томасе было сказана: «Праваслаўная мітраполія ў Кіеве і Літве…»

Такім чынам мы маем усе кананічныя падставы для таго, каб царква ў Беларусі мела незалежнасьць і права абвяшчаць аўтакефалію.

Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін у штаб-кватэры Радыё Свабода ў Празе.
Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін у штаб-кватэры Радыё Свабода ў Празе.

Хачу таксама сказаць, што ў апошнія гады ў Беларусі цяга да аўтакефаліі памалу праяўляецца. Як сьвятары, так і вернікі Беларускага экзархату такую цягу да незалежнасьці маюць.

Кажуць, што патрыярх Кірыл Гундзяеў напісаў, каб наступныя 50 гадоў у Маскоўскі патрыярхат з такой просьбай не зьвярталіся

Успомнім, як некалькі гадоў таму праходзіў сход Менскай япархіі, дзе сьвятары аднагалосна прагаласавалі за наданьне Экзархату права аўтаноміі — так, як гэта было ва Ўкраіне і ў прыбалтыйскіх дзяржавах.

Але, на жаль, калі гэтая просьба была накіраваная ў Маскву, там яе адкінулі. Кажуць, што патрыярх Кірыл Гундзяеў напісаў, каб наступныя 50 гадоў у Маскоўскі патрыярхат з такой просьбай не зьвярталіся. Так што памкненьне ёсьць. Гэта нават адбылося пры мітрапаліце Паўле, які быў прызначаны экзархам з Масквы.

Я думаю, што і цяперашні прэзыдэнт разумее, што поўная ўлада можа быць толькі тады, калі будзе незалежнасьць ня толькі палітычная, але і духоўная.

У каго Беларусь павінна прасіць аўтакефалію — у Масквы, Кіева ці Канстантынопаля

— Некалі Беларусь была часткай Кіеўскай мітраполіі. Няважна, дзе быў яе цэнтар — спачатку гэта быў Кіеў, пасьля Наваградак, яшчэ пазьней Вільня. Нядаўна пратаярэй Сяргей Лепін зрабіў заяву, што, маўляў, для нас царква-маці — гэта Маскоўскі патрыярхат, а Канстантынопальскі патрыярхат для нас бабуля. Як гэта выглядае з пункту гледжаньня царкоўных канонаў? А ці ня будзе так, што пасьля атрыманьня аўтакефаліі Ўкраінскай царквой для сёньняшняй Беларусі царквой-маці акажацца Кіеўская мітраполія ў статусе патрыярхату? Іншымі словамі, у каго гіпатэтычна павінна прасіць аўтакефалію Беларуская Праваслаўнай царква — у Кіева ці Канстантынопаля?

— Зразумела, што ў Масквы мы ня маем права прасіць ні аўтакефалію, ні нават аўтаномію. Маскоўская мітраполія некалі аддзялілася ад агульнай Кіеўскай мітраполіі сама. Прасіць у яе дазволу было б незаконна.

Таму мы можам прасіць аўтакефалію толькі ад Кіева або ад Канстантынопаля.

Калі Кіеўскай мітраполіі будзе нададзена права аўтакефаліі з указаньнем тэрыторыі, то, зразумела, што Беларусь туды ня ўвойдзе, бо мае асобную дзяржаву і асобную гісторыю мітраполіі ў Беларусі.

Такім чынам, аўтакефалію Беларусі ў выпадку такой патрэбы павінен надаваць толькі Канстантынопальскі патрыярхат.

Пётар Парашэнка і Ўсяленскі патрыярх Барталамей падчас сустрэчы. Стамбул, Турэччына. 9 красавіка 2018 году

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскі дэпутат пра аўтакефалію: Сьвяты Дух дыхае там, дзе хоча, а ня толькі там, дзе дазваляе Масква

Існуе паняцьце кананічнай тэрыторыі, якая падзеленая паміж патрыярхатамі і памеснымі цэрквамі. Дык вось тэрыторыя Маскоўскай царквы ахоплівае толькі тыя межы, у якіх яна была на час стварэньня ў Маскве Канстантынопальскай царквой патрыярхату — гэта значыць у 1589 годзе. Тады ні Беларусь, ні Ўкраіна, ні Прыбалтыка і ні Смаленская япархія у кананічную тэрыторыю Маскоўскай царквы не ўваходзілі.

Беларусь і Ўкраіна як былі пад уладай Канстантынопальcкай царквы, так яны там і засталіся

Таму Канстантынопаль заўсёды падкрэсьлівае, што яго кананічная тэрыторыя распаўсюджваецца на землі былой Кіева-Літоўскай мітраполіі. Гэта значыць, што Беларусь і Ўкраіна як былі пад уладай Канстантынопальcкай царквы, так яны, на думку Канстантынопальскага патрыярха і ўсіх іншых усходніх патрыярхаў і старажытных цэркваў (у тым ліку Кіпрскай), там і засталіся.

Так што нам трэба будзе прасіць аўтакефалію ў Канстантынопальскага патрыярхату, як наша царква ўжо прасіла падчас вайны. Тады, як вядома, быў накіраваны ліст з просьбай пра прызнаньне аўтакефаліі. Таксама і ў міжваенным часе, у 1927 годзе, калі быў накіраваны зварот аб аўтакефаліі. Але тады, з увагі на савецкія рэпрэсіі і ваенны час, прызнаньне нашай царквы не адбылося.

Сувязь БАПЦ зь Беларусьсю

— Ці ёсьць сёньня ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы сувязь зь Беларусьсю? Ці ёсьць ў Беларусі вернікі вашай царквы, які іх юрыдычны статус? Вядома, што калісьці былі спробы заснаваць парафіі, але ўлады іх жорстка спынілі.

— Паколькі нашы парафіі не рэгіструюць юрыдычна, то мы заснавалі так званыя рэлігійныя грамады. Яны ня маюць храмаў, таму мы іх так называем. Іх няшмат — дзейнічаюць тры грамады і яшчэ некалькі суполак. Маем пяць сьвятароў, маем дыяканаў, чытальнікаў, адбываюцца службы.

Найбольшая з усіх грамада Эўфрасіньні Полацкай дзейнічае ў Менску. У Менску набажэнствы адбываюцца штотыдзень, ідзе катэхізацыя.

Нашы сьвятары маюць багаслоўскую адукацыю, некаторыя зьяўляюцца выпускнікамі Валынскай праваслаўнай духоўнай акадэміі ва Ўкраіне, некаторыя цяпер там вучацца завочна. Вернікі, што займаюцца катэхізацыяй, навучаліся на тэалягічным факультэце БДУ.

Хросны ход Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, архіўнае фота

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Крокі да аўтакефаліі. Паменшыцца ці паглыбіцца царкоўны раскол ва Ўкраіне?

Нашы сьвятары стараюцца адгукацца на прапановы людзей ўзяць удзел у тых або іншых мерапрыемствах. Напрыклад, гэтым летам наш сьвятар езьдзіў у Катынь на Смаленшчыну служыць паніхіду або два нашы сьвятары служылі паніхіды і асьвячалі магілы паўстанцаў на Лідчыне.

Таксама цяпер мы шмат займаемся перакладам богаслужбовых кніг і выстаўляем гэтыя пераклады на сайце БАПЦ. У Таронта і Нью-Ёрку ўжо ўсе службы вядуцца па беларуску, у тым ліку ўсяночная.

Мы маем таксама прыхільнікаў у Беларусі, якія не аб’яднаныя ў грамады і ня маюць сваіх сьвятароў. Мы дазваляем ім хадзіць на споведзь і на прычасьце да праваслаўных сьвятароў любых юрысдыкцый. Але сьвятары павінны быць афіцыйна прынятыя ў склад нашага кліру.

Становішча БАПЦ у эміграцыі

— Як БАПЦ трымаецца ў эміграцыі?

— За мяжой у нас тры паўнавартасныя парафіі ў ЗША, адна ў Канадзе, тры ў Аўстраліі і яшчэ адна грамада ў Ангельшчыне, дзе цяпер няма сьвятара. Мы стараемся зьберагчы тое, што нам нашы бацькі і дзяды на эміграцыі пакінулі.

Раней парафіяў БАПЦ было шмат, але некаторыя, напрыклад, эўрапейскія былі зачыненыя па меры перасяленьня беларусаў за акіян. Гэтак у 1984 годзе была зачынена парафія ў Бэльгіі, бо ня стала вернікаў. Таксама і адна з парафіяў у Нью-Джэрзі.

Сяргей Абламейка

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кананізацыя Сямашкі. Скон народу…

Цяпер мы стараемся захаваць парафіі там, дзе ёсьць беларусы. Найбольшая наша пляцоўка — гэта катэдра Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. У кожнай з названых мной парафій ідуць рэгулярныя набажэнствы, але, на жаль, ня ўсюды там ёсьць беларускія сьвятары.

Яшчэ нядаўна ў нас было два япіскапы, але адзін адышоў ад царквы, таму я застаўся адзін. Але думаю, што неўзабаве нам спатрэбіцца яшчэ адзін япіскап, асабліва, калі ў Беларусі будзе колькасны рост нашых вернікаў.

— А яшчэ ж у эміграцыі ёсьць праваслаўныя беларускія парафіі, які знаходзяцца ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату.

— Так, яшчэ засталіся некаторыя парафіі, якія падпарадкоўваюцца Канстантынопальскаму патрыярху. Яны ніколі ня мелі свайго япіскапа і не маглі арганізавацца ў царкву. Іх засталося дзьве-тры, але яны паступова перастаюць быць беларускімі. Скажам, у Таронта, у Нью-Ёрку, у Ангельшчыне яны перасталі быць беларускімі.

Найбольшая з такіх беларускіх парафій, якія яшчэ дзейнічаюць, знаходзіцца ў Чыкага — парафія Сьвятога Юрыя.

Беларускай Праваслаўнай царквы не існуе — гэта дзяржаўная назва

— Ці ёсьць у саборах сьвятых БАПЦ і Беларускага экзархату РПЦ (ці Беларускай Праваслаўнай царквы, як яго яшчэ называюць) агульныя сьвятыя для абедзьвюх цэркваў?

— Вядома, усе старыя сьвятыя агульныя, пачынаючы з Кіеўскай, а пасьля з Кіева-Літоўская мітраполіі. Таксама сярод новамучанікаў, кананізаваных Беларускім экзархатам, ёсьць мучанікі, якія былі ў БАПЦ — гэта некаторыя сьвятары.

На жаль, яны не кананізавалі япіскапаў Мэльхісэдэка Паеўскага, Філарэта Раменскага і Мікалая Шамяцілу. Яны кананізавалі мазырскага япіскапа Яана Пашына, які нібыта пазьней перайшоў у Маскоўскі патрыярхат.

Калі вы паглядзіце афіцыйны пералік праваслаўных цэркваў, дык убачыце, што Беларускай Праваслаўнай царквы не існуе. Ёсьць толькі РПЦ

Таксама Масква даказвае, што і тры згаданыя мной япіскапы пазьней адышлі ад БАПЦ і вярнуліся ў РПЦ, але тое, што яны ня былі кананізаваныя, сьведчыць, што гэтыя ўладыкі БАПЦ не пакідалі.

Таксама хачу сказаць, што Беларускаму экзархату дадзена права называцца Беларускай Праваслаўнай Царквой не царкоўнымі ўладамі ў Маскве, але беларускай дзяржавай. Экзархат быў зарэгістраваны як Беларуская праваслаўная царква.

А вось ва Ўкраіне Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага Патрыярхату права так называцца атрымала з Масквы яшчэ ў 1990 годзе.

Калі вы паглядзіце афіцыйны пералік праваслаўных цэркваў, дык убачыце, што Беларускай Праваслаўнай царквы не існуе. Ёсьць толькі РПЦ.

Магчыма, з боку беларускай дзяржавы гэта быў правільны крок, скіраваны ў будучыню. Але пакуль што такой царквы няма — мы маем Экзархат РПЦ.



Categories: Рэлігія

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: