Пасьля цяжкай працяглай працы выйшаў з друку першы беларускі пераклад славутага рамана “Віленскі покер” Рычарда Гавяліса. Антысавецкі дэтэктыў, эратычны трылер ды разам даведнік па аўтэнтычнай Вільні, раней перакладзены на чатыры мовы, нарэшце выданы па-беларуску ў выдавецтве “Логвінаў”.
Раман, пісаны ў часы брэжнеўскага “застою”, упершыню быў выданы ў 1989 годзе, разышоўшыся накладам 50 тыс., стаў бэстсэлерам і хутка быў бясспрэчна прызнаны новай клясыкай. Другое выданьне выйшла ўжо ў 1990 годзе накладам у 120 тыс. Летась выйшла пятае літоўскае выданьне.
Калі кніга зьявілася, савецкія пісьменьнікі моцна пазайздросьцілі Гавялісу — кожны з іх, маўляў, мог бы напісаць гэткую кнігу. Але ж кожны баяўся, будучы “пад каўпаком” КГБ. Гавяліс — ня член саюзу пісьменьнікаў, былы фізык, ня маючы чаго страціць, дазволіў сабе свабоду пісаць “у шуфлядку”, затое без аглядкі на надзеі выданьня, на цэнзуру ды самацэнзуру. Калі кніга выйшла другім выданьнем, у інтэрвію Гавяліс казаў, што гэткага рамана больш ніколі не напіша — “здароўе не дазваляе”.
Крымінальны сюжэт — гібель джазавага піяніста й матэматыка ў дзіўнай дарожнай аварыі — прэцызна ўпісаны ў савецкую рэчаіснасьць з яе стукачамі, службовымі раманамі, КГБістамі, нелегальнымі канцэртамі, радыёкропкамі, лютым сэксам, крамай кружэлак на галоўным прашпэкце, танным алькаголем, помнікамі Леніну й свабодай паленьня паўсюды. Дэтэктыўнае дасьледаваньне грае ў рамане ролю й рухавіка сюжэту, і — у той жа час — інструмэнта дэканструкцыі савецкай рэчаіснасьці. Дасягнуўшы канца кнігі, чытач прымушаны чытаць яе зноў, каб раскрыць забойцу ў коле дысыдэнтаў, палкоўніцкіх дачок, былых лягернікаў, мінакоў, тутэйшых, трамбаністаў, палякаў, дарожных рабочых, наркаманаў. І гэтак слой за слоем, як цяпер праходзяць гульні кшталту Automata.
Ня менш рэалістычная й дакумэнтальная сама структура “Віленскага покеру”. Раман будуецца з чатырох частак, кожную з каторых распавядае адзін з трох з паловай асноўных герояў. Кожны па свойму яны бачаць сусьвет у самым літаральным сэнсе выразу. Даты, людзі ды падзеі складаюцца ў адно несупадзеньне за другім у тэксьце, аўтар каторага ня мае боскага кантролю над сюжэтам. Праўда, як пісаў пазьней Гавяліс, асноўваючыся на прынцыпах тапалёгіі, не бывае такой або гэткай, але і такой, і гэткай, і яшчэ іншай адначасова.
У адрозьненьне ад большасьці літоўскіх унутраных шэдэўраў, непразрыстых па-за Літвой, “Віленскі покер” мае шчасьлівы глябальны лёс: кніга была імгненна перакладзена латыскай, потым неўзабаве выйшлі два ангельскія выданьні, а таксама францускае ды македонскае. Посьпех замежных выданьняў можна вытлумачыць наватарскай тэхнікай раману. Ён узброены дасягненьнямі францускага “новага рамана”, “магічнага рэалізму”, “пост-мадэрнізму з чалавечым тварам”. У сэнсе тэхнікі для літоўскіх чытачоў раман аперадзіў “Невыносную лёгкасьць быцьця” Кундэры, нелінейныя эксперыменты Павіча й цэлую чараду расейскіх кнігаў, накіраваных апісаць складаны вопыт 1970-х.
За посьпехам “Покера” выйшлі “Віленскі джаз” і “Мэмуары маладога чалавека”, склаўшыяся ў так званую “Віленскую трылёгію”.
Нарэшце цяпер “Покер” выдаецца беларускай. Сучаснае выданьне — гэта не проста першы усходне-славянскі пераклад, але зьвяртаньне кнігі да дому, бо напісаная віленскай мовай аб віленскіх справах яна нарэшце перакладзена на віленскую, менавіта на беларускую віленскую.
Брыдзячыся савецкасьцю, героі Гавяліса размаўляюць мовай вуліц, рэальным вульгарным прастамоўем, якім дасканала фармулююць і сваю філязофію, і прызнаньні ў каханьні, як і ў нянавісьці, свае хлусьню, тэхніку сэксу й джазу ды паэзію, калі яна прыходзіць ім да галавы. У рамане дзейнічаюць: расейцы, літоўцы, палякі, габрэі, беларусы — ён накіраваны сабраць усё тое, з чаго складаецца Вільня. Беларускі пераклад сочыць задачам арыгіналу — ён дае сучасную беларускую Вільню, такую, якую бы Гавяліс пісаў, калі б быў беларусам (а хто, як не беларус мусіў бы напісаць галоўны віленскі раман?). Перакладчыца, віленчанка Паўліна Вітушчанка, знайшла адвагу лякалізаваць тэкст, перарабіць яго ў свой, тутэйшы, даць сапраўдныя беларускія назвы вуліцаў, рэчаў і пачуцьцяў.
Акрамя самога перакладу, быў здейсьнены шэраг спэцыяльных крокаў, каб ператварыць беларускі тэкст ў нешта шматслойнае: напрыклад, для праўдападобнага адлюстраваньня часткі раману, распаведзенай ад імя “тутэйшай”, была дасланая экспедыцыя ў беларускія вёскі на Беласточчыне, дзе людзі аднойчы таксама прачнуліся па той бок мяжы, і дзе пагэтуль сяляне у Рудаках ходзяць паглядзець у “лярнетку”, што дзееца ў іх былой вёсцы па-за кардонам. (Менавіта так, як у рамане.)
Для рэканструкцыі савецкай мовы як стылістычнага прыёму групай дасьледчыкаў у скафандрах быў пабудаваны цэлы спалучальны слоўнік паводле выступаў беларускіх пісьменнікаў, шальмаваўшых Пастарнака з усімі патрэбнымі абаротамі кшталту “паводзіны, не сумяшчальныя са званнем” ды “выключэнне з ліку членаў”, і г.д.
Сучасны стан кнігі (у вачах літоўскай аўдыторыі) нетрывіяльны: для 20-30-гадовых гэта сьвежая, шакуючая, траўматычная, таксычная аповесьць. Для 40-50-гадовых — драйвовы спрадарожнік у жыцьцё, для 60-гадовых — безумоўная клясыка, канон новай літоўскай літаратуры. Прычынай таму — асноўная тэма раману, Вільня.
З моманту зьяўленьня “Покер” аднадушна абвяшчаецца адной з галоўных кнігаў пра Вільню. “Віленскі покер” зьяўляецца літоўскім “Улісам”. Дэфініцыя мае сэнс, калі ўсьведамляць, што “Уліс” тут адзначае не канкрэтны раман Джойса, а тып тэксту, нейкі відавочны жанр буйнай гарадзкой аповесьці, абавязкова ўключаючай у сабе: раку, новыя тэхнічныя прыёмы пісаньня і, галоўнае, усю гарадзкую тапаніміку, падрабязныя маршруты з сапраўднымі назвамі вуліц, прашпектаў, завулкаў, пляцаў, кантораў, узвышшаў, бараў, гатэляў, помнікаў і г.д. Менавіта гэткую кнігу быў квапіўся скласьці Андрэй Белы аб Пецярбургу, і роўна так напісаныя: першая частка “Ўдалага ваякі Швейка”, “Мадэль для зборкі” Картасара, “Адам Буэнасайрэс” Леапольда Марэшаля ды “Бэрлін Аляксандарпляц” Дёбліна. Але большасьць вялікіх гарадоў яшчэ чакае свайго раману.
Вокладку беларускага выданьня “Віленскага покеру” аформіў знакаміты пецярбурскі кніжны графік Грыгорый Кацнэльсон. Падчас працы над ёй было зроблена каля 30 графічных ды жывапісных працаў, якія можна будзе ўбачыць у Менску на мастацкай выставе падчас прэзэнтацыі ў кастрычніку ў рамках сусьветнага прэзэнтацыйнага турнэ.
Кнігу можн набыць у кнігарні “Логвінаў” (Менск, Незалежнасьці 37а) або ў інтэрнэт-краме: bookstore.lohvinau.by
FAQ:
Падзеі раману пачынаюцца 8 кастрычніка. Чаму менавіта гэтая дата?
Гэта дзень нараджэньня Рычарда Гавяліса.
Ці быў Гавяліс беларусам? Ці ёсьць пра беларусаў у кнізе?
Харошы чалавек, але ж не беларус. У першую чаргу віленчук, што значна больш істотна. Не ўзгадаць беларусаў, канешне, ня мог: адна з часткаў раману распавядаецца менавіта ад імя тутэйшай.
Адна –– гэта з чатырох? Ня так ужо й шмат… Навошта ўвогуле беларусам чытаць гэтую кнігу?
“Віленскі покер” можна лічыць падрабязным падручнікам паводзін у таталітарным грамадзтве (і гэткай была аўтарская інтэнцыя). Раман фіксуе лёгка пазнавальны савецкі быт, і сочыць за рознымі сцэнарыямі выжываньня інтэлігэнта ва ўмовах стылістычнага гвалту. Іншая справа, што Гавяліс не ідэалізуе ніводнага з выйсьцяў, які знаходзяць героі.
Пра што гэта ідэя з прастамоўем? Ці перакладчыца ня ведае нарматыўнай беларускай мовы?
У сучасным беларускім кантэксьце адхіленьні ад нарматыўнага моўнага стандарту часта ўспрымаюцца даволі варожа –– што крыху дзіўна, улічваючы, што таго адзіннага стандарту, з якім усе былі б згодныя, не існуе. У выпадку “Віленскага покеру” гэта проста было самым лягічным рашэньнем –– для беларускай культуры Вільня анягож не чужая, які быў бы сэнс яе такой адлюстроўваць?
__________________________________________________________________________________
Раней публікаваны адцінак раману на старонцы выдавецтва “Логвінаў”
https://lohvinau.by/18-рычард-гавяліс-віленскі-покер-адц/
Артыкул пра Рычарда Гавяліса ў Вікіпедыі
https://be-tarask.m.wikipedia.org/wiki/Рычардас_Гавяліс
Пра кнігу на старонцы “Радыё Свабода”
https://www.svaboda.org/a/29451701.html
Аўтар візуальных матэрыялаў – Грыгорый Кацнэльсон.
https://gph.is/2xSGXij
https://gph.is/2O1ha1s
Categories: Культура
Пакінуць адказ