Не хачу быць дома эмігрантам!
Гаспадыня тут я, а ня госьць.
Гаварыць на дзікім эсперанта,
калі мова матчыная ёсьць?!»
Ларыса Геніюш
Калі задумваюся аб перажытым часе, аглядваюся на свой жыццёвы шлях, мне не цяжка заўважыць, што вялікае месца на гэтым шляху займае эміграцыя. Напісанае ніжэй – гэта толькі суб’ектыўныя меркаванні і жаданне асэнсаваць рэальнасць перажытага. Мы прайшлі шмат: пачыналі жыць у адной краіне, якая знікла, не здольная вытрымаць вырашэння надзённых пытанняў; потым з’явілася іншая, якая не здолела ўтрымаць нас і мы апынуліся далёка за акіянам, у эміграцыі. Кажучы «мы», я маю на ўвазе сваю жонку Ўладзю, двух – ужо сёння дарослых – дзяцей: Рамана і Паўлінку, і самаго сябе. Да гэтага дадам жывы, дваццацігадовы вопыт пражывання ў Канадзе.
* * *
Менск у канцы дзевяностых гадоў – сумны, напружаны, быццам абмінулы святлом, горад. У той час мы рамантычна меркавалі пра тое, што ў іншым свеце пануе сапраўднае і квяцістае жыццё: адзін аднаму ўсміхаюццца людзі, добрасумленна і старанна працуюць, а пасля працы ў прыгожых і хуткіх аўто едуць у шматлюдныя кавярні ці бары, дзе слухаюць музыку і п’юць чырвонае віно. Ды толькі мы, быццам богам пакінутыя жыхары гэтага горада, не ў стане радавацца і спадзявацца, верыць і любіць; жыццё – быццам хуткі і няспынны цягнік, а мы толькі стаім на прыпынку і назіраем; а наш горад, нібыта аголены электрычны дрот, падаваўся жорсткім і небяспечным. Сапраўды, час быў цяжкі і ашалелы. А мы імкнуліся адчуваць сябе ўпэўнена і надзейна… Нібы рыбы, шукалі месца – там, дзе глыбей.
Пад час «перабудовы» жалезныя дзверы, якія давалі магчымасць выехаць у іншы свет, трохі прыадчыніліся. З’явілася шмат раней недаступнай інфармацыі. Мы па- новаму ўбачылі слаўную і трагічную гісторыю свайго краю, адчулі кранальнае гучанне роднай мовы, зразумелі, што беларусы заслугоўваюць болей, чым толькі быць часткай «савецкага» мінулага. Хваля беларускага Адраджэння выбухнула ўпэўнена, гучна і яскрава. Людзі адчулі патрэбу ведаць сваю мову, гісторыю, культуру. Гэта было так важка і моцна. У мяне ні пра якую эміграцыю нават думкі не было. Час быў складаны, але цікавы. Але ў гэты ж самы час, людзі сталі па-троху перабірацца туды, дзе жыццё падавалася больш надзейным і камфортным. Адна з краін, якая была ў спісе «прывабных», была Канада. Там апынуліся мае добрыя інстытуцкія сябры. Яны дасылалі лісты і фота, па якіх магчыма было зразумець, што ў Канадзе ёсць дастаткова магчымасцяў палепшыць умовы свайго існавання.
Штуршком узнікнення думак аб эміграцыі, стаў вынік ганебнага рэферэндуму 1994 года. Падагнаныя да Дому Ўраду пад’ёмныя краны спрытна сцягнулі герб “Пагоню” з фасада будынка, дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг быў «па-бандыцку» разарваны на кавалкі, і стала канчаткова зразумела, што плыня лёсу панесла нас не туды. Надзеі на лепшае, здавалася, не было.
Але выйсце знайшлося. У гэты ж час з’явіўся шанец падаць дакументы на эміграцыю ў Канаду. Я запоўніў анкету і ў кароткі тэрмін атрымаў станоўчы адказ; потым мы прайшлі інтэрв’ю ў канадыйскай амбасадзе ў Маскве, атрымалі візы. Збіраліся хутка, але яснага разумення, што мы збіраемся ў эміграцыю, тады яшчэ не было, таму што жылі мы ў звыклай будзёнасці і да апошняга моманту не ведалі, што станецца з намі далей і чым усё скончыцца. Але лёс не падмануў, не пажартаваў, – і мы паляцелі ў Канаду! Нашыя сябры гасцінна дапамаглі нам уладкавацца на новым месцы.
А першае адчуванне эміграцыі. Якое яно?
Гэта сакавік 1997 гада… Мы выйшлі з самалёта… Шэрае імглістае манрэальскае неба, без уселякіх адрозненняў ад беларускага; прыпарошаны снегам асфальт, па якім ад самалёта да аэравакзала коціцца пасажырскі аўтобус. Вакол незнаёмыя людзі. Ўладзя і Рома побач. Шэсць чамаданаў трымаем перад сабой – гэта ўвесь наш скарб. На душы адчуванне спакою і, – тады яшчэ новае і нязвыклае – пачуццё ўпэўненасці і раўнавагі.
***
Гісторыя беларускай эміграцыі даволі доўгая.
Эмігрантамі былі знакаміты доктар Францішак Скарына, які часта мяняў сваё месца жыхарства, а жаданне знайсці сваё месца ў тагачаснай Еўропе, не пакідала яго да апошніх гадоў жыцця. Застаецца загадкай, чаму знаходзячыся зусім побач ад родных мясцін, ён ніколі туды не вяртаўся, нават на кароткі тэрмін. Перамяшчэнне беларусаў па тагачаснай Еўропе было больш вольным, чым у час нашага ад’езду. Беларускімі эмігрантамі былі знакамітыя Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, Напалеон Орда, Ігнат Дамейка і мноства іншых, раскіданых па ўсім свеце, а прычынай эміграцыі на той час была акупацыя Беларусі імперскай Расіяй.
Марк Шагал ніколі не вярнуўся ў родны Віцебск.
Кажуць, што беларуская эміграцыя налічвае некалькі хваляў. Сотні маладых людзей мелі магчымасць свабодна перамяшчацца і жыць у Еўропе ў часы Вялікага Княства Літоўскага; тысячы ехалі ў Амерыку ў пачатку 20-га стагоддзя; потым, падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі. Шматлікая колькасць эмігрантаў з’ехала пасля другой сусветнай вайны. Наступны этап – пачатак і сярэдзіна «дзевяностых». Але вось і сёння, сустракаючыся з беларусамі ў Таронта і Атаве, бачу новыя твары, новыя сем’і. Працэс міграцыі працягваецца і жыццё рупліва стварае нябачныя і таямнічыя людзкія хвалі. Можа ад таго, што любы рух – гэта ўмова жыцця. Прычыны і матывацыя для эміграцыі ў розныя часы адрозніваліся, але галоўныя з іх – уцёкі ад перыядычных войн, палітычныя несупадзенні, эканамічныя катаклізмы.
У шэраг эмігрантаў, якім выпала карта збірацца ў дарогу, магу прылічыць і сябе. Але пражыўшы больш за двадцаць гадоў за межамі Айчыны, на пытанне: «А ці варта было з’язджаць», магу адказаць іншым пытаннем: “А ці годна пражыта жыццё?” Бо станоўчы і сумленны адказ на другое пытанне прыводзіць да пазытыўнага адказу на першае.
«Якая розніца дзе стаць самім сабой?» Бясспрэчнае жаданне знайсці самаго сябе, адчуць сябе шчаслівым, бачыць сваю сям’ю ў спакоі, будзе яшчэ доўга прыцягваць вялікую колькасць людзей сваёй мудрагелістай галаваломкай, разгадка на які патрабуе адважнасці і дбайнасці, каб рухацца па рацэ лёсу, і рух гэты адметна спрыяе жыццю…
***
Канада – краіна эмігрантаў. А мы – не першыя беларусы, якія апынуліся ў краіне кляновага ліста і белай сасны, у прыгожым краі тысячы вазёр і халоднай няўмольнай зімы.
Канада мае квоту на прыём эмігрантаў і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, прымае людзей з усяго свету, якія заахвочана імкнуцца паправіць свае жыццёвыя абставіны, рэалізаваць прафесійны патэнцыял, знайсці прыстойнае і сталае месца жыхарства для сябе і сваіх сем’яў. Перавага аддаецца людзям з вышэйшай адукацыяй, «маладым» (тым каму яшчэ няма сарака гадоў) і здольным, сем’ям з дзецьмі.
Але канчатковае рашэнне аб эміграцыі чалавек прымае сам. Ды і не ад добрага жыцця зрываецца ён з родных месцаў. Дзе вы бачылі сёння, каб у эміграцыю адпраўляліся немцы, французы, італьянцы, нарвежцы ці датчане?
У Канадзе, ў адрозненні ад Заходняй Еўропы, усе жыхары – эмігранты. Тут табе ніхто не нагадае, што ты эмігрант, ніхто не папракне: «Чаго вы сюды прыехалі?» Ніхто не прабурчыць : «Вось тут панаехалі». Бо кожны жыхар краіны мае сваю гісторыю эміграцыі: гісторыю сваіх быцькоў, дзядоў, прадзедаў і так далей па нітцы часу. Кожны ведае, што хтосьці з яго продкаў прыехаў сюды – і ўжо не так істотна, калі. Статус эмігранта застаеца з кожным назаўсёды і таму ставіць усіх людзей, што пражываюць у Канадзе, у аднолькавыя ўмовы.
***
Што сёння дадае імкнення людзям пераехаць на сталае жыццё ў Канаду?
Галоўнае – гэта высокі ўзровень цывілізаванага жыцця; добрая сацыяльная дапамога – тут не застанешся галодным, пакінутым, абражаным; прысутнасць «здаровага» сэнсу ў пабудове грамадскіх і чалавечых адносін. «Не рабі тое, што б ты не жадаў, каб рабілі табе» – адзін з крэдаў канадыйскага сацыяльнага жыцця. Адчуванне годнасці да сябе, як асобы, і адметная павага да іншых – гэта норма ў чалавечых адносінах. У Канадзе ёсць усе ўмовы, каб старанна і сумленна працаваць, не азмрочана жыць, выхоўваць дзяцей, пачуваць сябе свабодным і неадрынутым. Калі мы прыехалі, было дзіўна бачыць, як мноства сацыяльных механізмаў працуюць тут не «на словах», а на справах. Неўладкаваныя яшчэ сем’і атрымліваюць грашовую дапамогу, субсідыі на жыллё, карткі на харчаванне. А яшчэ, Канада – гэта парадак, памяркоўнасць, дабразычлівасць; аднолькавая патрабавальнасць да ўсіх, хто тут жыве; нізкі адсотак крыміналу, сваявольнічання чыноўнікаў, карупцыі; адсутнасць унутраных і знешніх ворагаў; разумнае стаўленне да экалогіі і найпрыгажэйшая прырода.
Але эмігрант – гэта чалавек, які, перш за ўсё, спадзяецца на самаго сябе. Таму ўвесь канадыйскі лад жыцця пабудаваны на спрытнасці, прадпрымальніцтве і на жаданні працаваць тых, хто тут жыве. Для гэтага ёсць шмат магчымасцяў. Думаю, што дзякуючы здольнасцям і працавітасці эмігрантаў, Канада, як краіна, і адбылася. У Галіфаксе нават ёсць помнік эмігранту. Чалавек з валізкай хутка бяжыць, каб паспець на карабель. Большасць эмігрантаў, да з’яўлення самалётаў, прыплывалі на караблях менавіта ў Галіфакс.
Ёсць некалькі дакладных ўмоў, якія дазваляюць лепей і хутчэй адаптавацца эмігранту ў незнаёмай яшчэ краіне. Першая, і бадай галоўная, – гэта мова (ангельская ці французкая). Чым лепей мова, тым больш магчымасцяў камунікаваць, шукаць працу, адчуваць сябе часткай грамадства.
На другое месца мушу паставіць прафесію, набор прафесійных якасцяў, ці «скілс», як тут кажуць, і жаданне працаваць . За пражытыя ў Канадзе гады, я заўважыў, што правіла: «жадаеш працаваць – будзеш працаваць», выконваецца дакладна. Вядома, патрэбен час на адаптацыю, на навучэнне мовы, але ў рэшце рэшт незразумелы на першы погляд пазл складаецца станоўча.
Трэцяя ўмова – гэта пазітыўна і “з надзеяй” успрымаць рэальнасць шматграннага жыцця, быць запатрабаваным, знаходзіць сваё месца, самаго сябе, шукаць падтрымкі ў людзей, якія могуць дапамагчы, не заставацца ў роспачы і адзіноце, старацца пераадоліць «чорную паласу», бо «белая» тут абавязкова прыходзіць. Нажаль, адзінота і расчараванне – гэта хваробы, якія разбураюць усе спадзяванні, мары і надзеі. Пазбягаць негатыву – такая магчымасць тут ёсць! І ставіць для сябе «высокія» і «шырокія» мэты і мары. Мары рэалізуюцца, – таму ўсё абавязкова атрымаецца. Эміграцыя – гэта як скачок з парашутам, трэба падрыхтавацца і быць гатовым.
За выключэннем некалькіх дзесяткаў людей, якія, расчараваўшыся ці не вытрымаўшы адзіноты, вярнуліся назад, вялікая колькась нашых суайчыннікаў застаюцца задаволенымі і шчаслівымі. Вельмі важна зразумець і ўліцца ва ўжо пабудаваны лад жыцця, зразумець і прыняць існуючыя правілы, і тады ўсё атрымаецца.
У Канадзе ў нас нарадзілася дачка Паўлінка. Дзевятнаццаць год праляцела жвава і напоўнена. А я яшчэ дакладна памятаю тое вераснёўскае ранне, пусты хайвэй, цяжарная Ўладзя і я едзем у шпіталь… Аднапакаёвая палата… Малады доктар – такі малады, што нават пачынаю сумнявацца, чым ён можа дапамагчы. Але жыццё ўпэўнена робіць сваю справу… Лёгка падлічыць, што ў палаце нас чацвёра: Уладзя, доктар, медсястра і я… Але праз некалькі хвілін нас ужо пяцёра! Доктар працуе прафесійна і ўпэўнена… «Жадаеш паўдзельнічаць? Рэж, вось тут! » – кажа ён мне і дае ў рукі ножніцы. Я рэжу цвёрдую і тугую пупавіну маёй дачкі… Анёлы спяваюць гімн жыццю: мажорнаму і хвалюючаму, а я трымаю на руках дачку. «Імя ўжо ёсць?» – пытаецца доктар. «Паўлінка!» – адказваю я.
Такім, мне падаецца, павінна быць жыццё: добраўпарадкаваным і шчаслівым, шматгранным і задавальняючым. У Канадзе мы знайшлі сапраўдную энергетыку дабразычлівасці і памяркоўнасці, зразумелі значэнне слова «свабода» – гэта калі большасць тваіх дзеянняў залежыць ад цябе самаго. Мы адчулі дух цывілізаванага жыцця. Здаецца, што дзяржава і грамадства – на адным баку. Абодва бакі спрачаюцца, не пагаджаюцца, абмяркоўваюць прынцыповыя пытанні… Дэбаты даюць магчымасць рабіць менш памылак. Дзяржава і грамадства роўныя ў сваіх абавязках і патрабаваннях; законы працуюць аднолькава для ўсіх, у тым ліку законы маральныя. Правілы паводзін добра ўсталяваліся, а людзі, выконваючы гэтыя правілы, маюць дастаткова асабістай прасторы, каб адчуваць сябе камфортна і шчасліва. Таму, «Welcome to Canada!»
***
Філасофія канадыйскага грамадства – гэта сучаснае ўвасабленне філасофіі эпікурэйства. Эпікур – старажытна-грэчаскі філосаф, які лічыў, што атрыманне задавальнення ад жыцця – галоўная мэта самаго жыцця. Эпікур казаў, што без натхнёнасці і лёгкасці ўспрымання жыццёвых акалічнасцяў, жыццё не мае ніякага сэнсу. Кажуць, дэвізам школы, заснаванай Эпікурам было выслоўе: «Госць, табе тут будзе добра. Вышэйшая карысць – задавальненне». Ну ці не пра Канаду гэта цытата?
Выраз “Have а fan!” (май задавальненне) можна часта пачуць ад канадыйцаў, якія спрабуюць падбадзёрыць адзін аднаго, якім бы тыпам дзейнасці яны не займаліся: гулялі ў хакей, вучыліся ў школе, працавалі. Здаецца, што ўсё падпарадкоўваецца прынцыпу задаволенасці і пазытыву. Пазытыў і жыццёвая натхнёнасць мясцовых жыхароў – гэта тое, што захапляе і дадае жаданне рабіць так, як гэта робяць іншыя, падбадзёрваючы сябе фразай: “Жадаеш быць шчаслівым – будзь ім! Усе праблемы – часовасць!”
Канада ў шмат чым “сацыялістычная” краіна. Кажучы “сацыялістычная”, я маю на ўвазе той “сацыялізм”, які так старанна жадалі пабудаваць нашыя бацькі, “сацыялізм”, які я памятаў з часоў майго дзяцінства. Было нечаканым пабачыць, што Канада прасунулася ў гэтым накірунку значна далей – не кажучы пафасных слоў і не ставячы недасяжных мэтаў. Элементам сацыялістычнага грамадства ў Канадзе, з’яўляецца бясплатнае медыцынскае абслугоўванне – адначасова якаснае і пры гэтым жорсткае, бо сур’ёзнасць лячэння залежыць ад сур’ёзнасці хваробы. Я чуў шмат нараканняў на сыстэму аховы здароў’я, бо дактары не будуць звяртаць увагу на дробязі, калі ты можаш сам пра сябе паклапаціцца. Таму вялікая частка грамадства імкнецца падтрымліваць добры стан свайго здароў’я; займаюцца спортам і вядуць актыўны стыль жыцця.
Канада – законапаслухмяная краіна. Людзі без прымусу выконваюць законы, правілы і абавязкі, ды стараюцца іх не парушаць. Канадыйцы ўвогуле вядуць сябе прадказальна і міралюбіва. Тут высокі ўзровень адукацыі, культуры і працавітасці людзей. Праца даволі інтэнсіўная, патрабуе сумленнасці, дакладнасці і руплівасці. Быць сапраўдным «профі» заахвочваецца і вітаецца. Пры гэтым не важна ці ты доктар, адвакат, экскаватаршчык, ці праграміст. Узроўні заробкаў розныя, але кожны мае шанец актыўна працаваць і пры гэтым жыць прыстойна. Што большасць і робіць.
Канада – гэта свабода, а свабода – гэта адказнасць. Добразычлівасць, унутраная культура, павага да сябе, узаемная павага да іншых – гэта тыя якасці, якія адчуваюцца і падабаюцца з гадамі пражывання ў Канадзе. З часам узнікла сталая звычка весці сябе так, як робяць іншыя: заставацца спакойным, разважлівым, мужным, гатовым прыйсці на дапамогу. Я бачу шмат высакароднасці і адкрытасці ў паводзінах канадыйцаў і гэта заслугоўвае вялікай павагі. Ніхто абразліва не скажа, што ты нешта зрабіў “не так”, але ты зразумееш, бо падкажуць тактоўна, з павагай, каб ты заўважыў памылку сам. Таму з гадамі выпрацоўваецца звычка: перад тым, як нешта зрабіць, падумай пра іншых. Гэта правіла паводзін, якое ніхто нікому не тлумачыць, але выконваецца натуральна.
У першы год нашага жыцця ў Канадзе, адной снежаньскай раніцай (выпаў першы снег) на падмерзлай і слізкай дарозе, мы пацярпелі аварыю. Людзі беглі нас ратаваць, давалі свае тэлефоны, шчыра жадалі дапамагчы. Гэта было так нечакана і кранальна. Рому дапамаглі выйсці з машыны, агледзілі, ці не атрымаў ён вялікіх пашкоджанняў, і кожны стараўся нешта зрабіць. Усё абыйшлося, а шчыры чалавечы парыў запомніўся на ўсё жыццё.
А колькі беларускіх дзяцей прынялі канадыйскія сем’і пасля Чарнобыля. Колькі цеплыні і шчодрасці падарылі простыя канадыйскія людзі – не самыя заможныя і багатыя, каб падтрымаць Беларусь у яе бядзе. Гэты парыў самаахвярнасці ў жаданні дапамагчы, падзяліцца тым, што маеш, вельмі моцна ўражвае, робіцца прыкладам, годным пераймання і цяпер ужо не здзіўляе.
Напачатку 2000-х, я працаваў у маленькай прыватнай камп’ютарнай кампаніі, ў Атаве. Аднойчы “бос” кампаніі запрасіў сваіх супрацоўнікаў да сябе ў хату. Вечарынка ўдалася, іграла музыка і настрой у гасцей быў добры. Напрыканцы вечара Дэвід – так звалі боса, сутыкнуўшыся са мной у калідоры, сказаў: “Ведаеш, а ты другі ў свеце беларус, якога я бачыў. Раней я і не ведаў, што ёсць такая краіна, Беларусь”. Дэвід распавёў мне, што два гады запар праз дзейнасць канадыйскага чарнобыльскага фонду да яго прыяджаў беларускі хлопчык Алекс – так ён яго назваў, з Гомеля, з дзіцячага дома. Хлопчык лёгка адаптаваўся і хоць спачатку зусім не размаўляў па-ангельску, добра пасябраваў з яго сынам. “Пайшлі нешта табе пакажу,” – сказаў Дэвід. Ён завёў мяне ў кабінет і дастаў нераспачатую бутэльку «Белавежскай» гарэлкі. “Берагу, як сувенір!” – дадаў Дэвід і расказаў пра тое, што калі яны ездзілі ў Злучаныя Штаты да сяброў, яны пазнаёміліся з амерыканкай, якая, ў якасці камплімента, заўважыла, які ў яго прыгожы сын-бландын з блакітнымі вачыма – сапраўднае ўвасабленне Канады. Такімі яна ўяўляля сабе канадыйцаў. “Які сын-бландын?” – здзівіўся Дэвід, а жанчына паказала на Алекса. Дэвід не стаў яе пераконваць, бо яго сапраўдны сын быў чарнявым. “А дзе цяпер Алекс?” – запытаўся я. “З’ехаў у Беларусь… А я шкадую, што не хапіла часу, каб аформіць дакументы і ўсынавіць яго, – сказаў ён са шкадаваннем. – Шмат хто так зрабіў.” Алекса ён ніколі болей не бачыў і дзе Алекс цяпер, не ведаў.
Канада – міралюбівая краіна. Канада ніколі не распачынала ніякіх войн. Апошняя вайна вялася на яе тэрыторыі ў 1812-1814 гадах, калі Злучаныя Штаты пажадалі пашырыць свае тэрыторыі за кошт канадыйскіх. Вайна скончылася паразай амерыканцаў і з тых часоў ніякія вайсковыя канфлікты на тэрыторыі Канады не адбываліся. Таму можна сказаць, што канадыйская міралюбнасць выспявала стагоддзямі і вынікі гэтага працэсу мы бычым сёння. Канада, нягледзячы на тое, што падтрымлівае розныя вайсковыя блокі, застаецца стрымліваючым фактарам у сусветнай палітыцы.
Гісторыю пра перамогу 1812 года мне расказалі Холіс і Кейт – нашыя знаёмыя канадыйцы. Яны вельмі ганарыліся гэтай перамогай. Холіс – трымаў музычную студыю, а Кейт – прафесійны фатограф. Продкі яе прыехалі з Ірландыі ў 18- стагоддзі. Калі яны прыходзілі да нас у госці, дык заўсёды цешылі нас народнымі фальклорнымі ірландскімі песнямі: аб бядотным і цяжкім лёсе, аб гаротнай і пакутлівай працы, пра любоў і не любоў. “Зусім, як у беларусаў,” – думаў я, калі слухаў іх песні… Жыццё нашых продкаў, было зусім іншым: больш жорсткім і суровым.
Рэлігійнасць у Канадзе – асабістая справа і выбар кожнага. Рэлігійнасць, як і прыватнае жыццё, не абмяркоўваецца і не навязваецца; тут няма ўсеагульнай рэлігійнай палітыкі. Ёсць шмат пратэстанцкіх, каталіцкіх, праваслаўных, масульманскіх цэркваў. Усё гэта існуе пад блакітнымі нябёсамі жыцця, мірна і безканфліктна. Канада – мульцікультурны кангламерат розных канфесій і розных культур.
У Канадзе – як і ў Беларусі – дзве дзяржаўныя мовы, якія існуюць і развіваюцца, падтрымліваюцца дзяржавай, нягледзячы на тое, што ангельская з’яўляецца дамінантнай. Але няма ніякага параўнання з моўнай палітыкай у Беларусі, дзе носьбіты адной мовы падаўляюць іншую моўную прастору. У Канадзе пра моўную “дэскрымінацыю” нават не магчыма падумаць.
Яшчэ адна крыніца, каб зразумець і больш даведацца пра канадыйцаў – літаратура, яна адлюстроўвае душу і дух нацыі. І таму, калі хочацца знайсці нешта асабліва канадыйскае, я пачынаю чытаць апавяданні Эліс Манро. Правінцыяльныя ( маецца на ўвазе правінцыя Антарыо – тут жывуць героі Манро) гісторыі аб чалавечых адносінах і пачуццях. Героі Манро – звычайныя і прыемныя людзі, якіх магчыма спаткаць на вуліцы; мы таксама жывем у правінцыі Антарыо, таму, магчыма, яшчэ лепей можам зразумець герояў Манро. Цяпер канадыйка Манро – нобелеўскі літаратурны лаурэат (2013 год). А беларуска Святлана Аляксіевіч атрымала нобелеўскую прэмію на два гады пазней за Манро (2015). І ў гэтым Беларусь і Канада апынуліся побач.
Пасля дваццаці год пражывання ў Канадзе стала зразумелым, што сталіца Канады, горад Атава, стала родным домам. “Менск і Атаву яд’наю стала, арол і рэверс адной манеты. Ю.Ш.” У летнія вечаровыя дні тут прыемна пасядзець ля рэчкі, пакупацца, сустрэць заход сонца, адчуць рамантызм і прыгажосць канадыйскай прыроды. Атрымліваць задавальненне – гэта тое, што патрабуецца ў жыцці, павольна ласкаючыся свежым паветрам і пяшчотным сонцам, якія, здаецца, узаемна радуюцца нашай распаволенасці і добраму настрою. Тут шмат такіх вечароў, калі, адкінуўшы мітусню і трывогі будзёнасці, мажліва пагрузіцца ў медытацыйную лагоднасць наваколля, адчуць яго імкненне зрабіць цябе больш шчаслівым. А Эпікур, зразумела, меў рацыю, навучыўшы нас, што шчасце — гэта адсутнасць пакут і турбот.
***
Апынуўшыся у Канадзе, я стаў сапраўдным беларусам.
Беларуская мова – нечакана, нават для мяне самаго – быццам прачнулася ў маёй свядомасці, ажыла і я зрабіўся беларускамоўным. Магчыма прычына была ў вялікай адлегласці ад моцнай рускай культуры, якая – як ні старайся – на жаль, дамінуе ў сёняшняй Беларусі, паглынаючы ўсе сферы чалавечага жыцця. Раней да беларускай мовы я адносіўся з пяшчотай і павагай, але, як большасць беларусаў, не стараўся ставіць заслону рускамоўнасці. Апынуўшыся па-за межамі татальнай рускай прасторы, запісаная на генетычным узроўні беларуская мова хутка ажыла, адрадзілася, а трыгер беларускай свядомасці ўпэўнена спрацаваў.
Лічу, што беларусы здольныя знайсці шлях адраджэння мовы, і гэты пераход мог бы адбыцца спакойна і бяз болю, толькі б была магчымасць адчыніць беларускія школы, вярнуць мову “медыям” і падтрымаць тых, хто выкарыстоўвае мову. “Даволі вярэдзіць раны! І без таго заўважаю — глядзяць, як на эмігранта, на мяне, калі размаўляю,” – пісаў паэт Леанід Дранько Майсюк пра сёняшні стан беларускай мовы. Было б неабходна ўвесці на Беларусі сапраўднае двухмоўе. І тут канадыйскі вопыт суіснавання моў мог бы быць карысным. Напрыклад, каб атрымаць сур’ёзную пасаду ў дзяржаўнай установе ў Канадзе, патрабуецца пацверджанае сэртыфікатам веданне двух моў. Таму вялікая колькасць канадыйцаў зацікаўлена ў веданні двух дзяржаўных моў. Яны імкнуцца аддаць дзяцей у школу з паглыбленым вывучаннем двух моў; прайсці дадатковыя моўныя курсы; палепшыць узровень ангельскай ці французкай самастойна.
Ды яшчэ да моўнага пытання дадам тое, што беларусы маюць ужо вопыт нацыянальнага Адраджэння, якое пачыналася ў 90-я гады дваццатага стагоддзя. Гэта быў актыўны і палкі працэсс, беларусы пачалі ўжываць сваю мову ўпэўнена і смела. Шчыры парыў беларускасці 90-х гадоў быў сапраўдным цудам, які ў хуткім часе спыніўся па волі імперскай настальгічнай палітыкі, а перспектывы беларускага Адраджэння прыпыніліся. Лічу, што адным з накірункам дзейнасці сёняшней беларускай эміграцыі з’яўляецца захаванне беларускаскай мовы і культуры ў замежжы.
Калі мы апынуліся за межамі Беларусі, цікавасць да Беларусі не страцілася, а наадварот, павялічылася. Гэта супярэчнасць тлумачыцца проста, бо нават жывучы на адлегласці ў тысячы кіламетраў, беларуская прастора духоўна прыцягвае да сябе, рашуча не адпускае, і быццам сама стараецца не страціць усталяваную сувязь. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што Беларусь сёння патрэбна нам самім настолькі ж, як і мы самі патрэбны Беларусі. Узаемная прыцягальнасць і архітыпічная сувязь – усе гэта, здаецца мне ўжо не знікне, бо створана на працягу сотняў гадоў пакаленнямі продкаў, а механіка памяці, запісаная нібыта на флэшку, захоўвае гэтую сувязь.
У Канадзе выпала магчымасць пабудаваць сваю, толькі табе зразумелую беларускую прастору. Мы нараджаемся, а жыццё, быццам прысвойвае нам асабісты ідэнтыфікатар, які за гады дзяцінства і юнацтва, нібы геном ДНК, робіць нас прадстаўнікамі той зямлі, дзе мы нарадзіліся. У маім выпадку – я стаў беларусам, і мая беларускасць застанецца са мной назаўсёды. Дзе б я не жыў.
Беларусь застаецца неабходнай і прыцягальная сферай, якая вабіць сваёй роднасцю і нязломленасцю, сваім духам і чысцінёй. З Канады Беларусь бачыцца такой, якой яна павінна быць. Яна быццам чакае ўвагі і твайго ўдзелу, спрыту, твайго жадання дапамагчы і падзяліцца тым, што ты ведаеш аб гэтым свеце. Таму эміграцыю лічу сваім асабістым шляхам, ці падарожжам новага адкрыцця краіны, у якой я нарадзіўся, якая адпусціла мяне, каб даць магчымасць знайсці нешта новае і якаснае, добрае і сапраўднае, а потым падзяліцца тым, што знойдзена ў дарозе. Лічу, што шлях гэты мае сэнс і таму варты таго, каб па ім ісці.
І на гэтым шляху ты не адзін… Бо знаходзіш яшчэ безліч такіх самых беларускіх “рамантыкаў”, “добраахвотнікаў”, якіх таксама ў свой час паклікала дарога. Ты разумееш іх, яны разумеюць цябе. Разам прыемна і лягчэй пераадольваць цяжкасці і складанасці. У Канадзе мець шматлікіх беларускіх сяброў – гэта выратаванне і падтрымка. Мы прыехалі, калі ў Атаве жылі мае інстытутскія сябры. Падтрымка іх заўсёды была значнай і бескарыснай. Потым прыехалі яшчэ сябры, якіх я ведаў з юнацтва. З таго часу мы не губляем адзін аднаго, а толькі падтрымліваем усталяваныя сувязі. Відавочна, што тут нам пашанцавала, бо кола сяброў, якія выраслі з табой у Беларусі – гэта надзейная падтрымка і дапамога.
Часта збіраючыся на беларускія святы, праводзячы час з беларускімі сябрамі, раптоўна ўзнікае адчуванне Радзімы. Канада быццам знікае, ты чуеш родную мову, слухаеш беларускія песні, і рэальнасць хутка набывае беларускія рысы, ператвараецца ў больш роднае і знаёмае. Твой беларускі дух быццам пералятае ў прасторы, і ты апынаешся ў месцы твайго дзяцінства, на Радзіме.
Можа гэта і быў сэнс эміграцыі – адшукаць беларускае асяродзе вартае тваіх мараў і разумення. Нажаль, па іроніі лёсу – гэта асяродзе аказалася далёка за межамі Беларусі. Але беларускае месца сёння ёсць: жыве і працуе, а ты дакладна ведаеш і з лёгкім сэрцам адчуваеш, што меў рацыю, калі выбраў шлях, які выдалася прайсці.
***
Калі аглянуцца назад і вярнуцца ў час збораў у Канаду, то можна сказаць, што мы нічога пра Канаду ня ведалі. Цяпер ведаем больш. Канада – гэта энергетыка пазытыву, упэўненасць мясцовых жыхароў, прыгажосць навакольнай прыроды, магчымасць адчуць шчаслівыя моманты свайго асабістага жыцця і зразумець, што нашае падарожжа ў Канаду было не дарэмным. Зараз толькі хочацца выказаць удзячнасць лёсу, за той цвярозы вопыт і бясцэнныя ўрокі, якія навучылі нас стаць лепшымі, моцнымі духам.
“Live is good” – нібы мантру часта паўтараюць канадыйцы. Цяпер мы таксама робім гэта, бо навакольны свет, сапраўды, прыгожы і дасканалы, – толькі трэба знайсці сваё месца, а па вялікім рахунку, знайсці саміх сябе і быць патрэбнымі гэтаму свету. Таму з надзеяй і аптымізмам глядзім у будучыню, у якой адлегласць – толькі частка рэальнасці, якую трэба пераадолець.
Жыццё наша працягваецца ў акрыленых думках і будзёных турботах, у прыкметных пульсацыях натхнення і хвілінах трывогі. Такое яно – жыццё. Маятнік лёсу адлічвае свае рухі ўпэўнена і незваротна. Жыццё – гэта толькі шлях, які пракладзены тонкімі сіламі існуючага. Мы ж у плынях адвечнага, быццам па нястомных хвалях, рухаемся, каб знайсці нешта сапраўднае і светлае, каб гэты свет зрабіць больш дасканалым і шчаслівым, і нашая эміграцыя – частка гэтага руху.
Атава, жнівень 2018
Yuri Shametska: Emigration or movement that promotes life
(magazine “CULTURE, NATION”, November 2018, issue 22, p.38-50, www.sakavik.net )
Essay of Yuri Shametska devoted to arguments about the Belarusian emigration in modern times. The author concludes that emigration in the period of globalization is the movement of people to a better life. The author shares his thoughts about the reasons of his family migration, asks “And was it worth to go?”, talks about the high level of civic life in Canada, about his responsibilities and relationship with the “indigenous” Canadians, of his close connection with homeland and his Belaruskasc.
Categories: Мараль, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ