Лукашэнка дае Маскве асымэтрычны адказ і адрынае закіды ў нацыяналізьме


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Сьцісла:

  • Кіраўнік Беларусі ўключаецца ў палеміку з Расеяй.
  • Лукашэнка адрынае абвінавачаньні ў нацыяналізьме.
  • Менск прапануе свой варыянт пераходу на адзіную валюту.
  • Арыгінальнае тлумачэньне расейскага ціску.
  • Лукашэнка выкарыстоўвае канфлікт з Расеяй, каб апраўдаць нязьменнасьць сваёй улады.
Аляксандар Лукашэнка падчас вучэньняў «Захад-2017», ілюстрацыйнае фота
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы ваюем з Украінай ці Расея?» — Лукашэнка «разабраўся», хто запраўляе ўкраінскія танкі і пастаўляе зброю ў Беларусь

Хуткі адказ

Заявы Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе 10 студзеня, прысьвечанай беларуска-расейскім дачыненьням, выклікалі хуткі і жорсткі адказ з боку Расеі. На гэтую тэму з крытычнай ацэнкай афіцыйнага Менску выказаліся афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава, прэмʼер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў, першы віцэ-прэмʼер Антон Сілуанаў, міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, амбасадар у Беларусі Міхаіл Бабіч. Два расейскія фэдэральныя тэлеканалы «Россия 1» і НТВ залпам стрэлілі па афіцыйным Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пра што сьведчыць залп расейскіх фэдэральных тэлеканалаў у бок Беларусі

Доўга чакаць адказу не давялося. Працяглы час вытрымліваць і запасіць абурэньне — ня ў стылі Лукашэнкі. Выкарыстаўшы нагоду сьвяткаваньня 100-годзьдзя беларускай дыпляматычнай службы (дарэчы, даволі штучнае сьвята), 18 лістапада ён запрасіў былых міністраў замежных спраў Беларусі, каб у іх прысутнасьці даць адказ Маскве.

З выказваньняў Лукашэнкі, паводле БелТА, высьветлілася, што Расеі не падабаецца замежная палітыка Беларусі.

«У апошні час (вы, напэўна, чуеце) і мяне, і асабліва Ўладземіра Ўладзімеравіча (міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея. — Заўв. БЕЛТА) абвінавачваюць ня ў тым курсе, які мы праводзім у зьнешняй палітыцы. Нашы браты расіяне гавораць, што мы ўжо занадта празаходнія», — заявіў Лукашэнка.

Гэта важна, бо пакуль на афіцыйным узроўні Расея анідзе, ані разу не папікала Менск за празаходнюю палітыку.

Лукашэнка адрынае абвінавачаньні ў нацыяналізьме

Лукашэнку моцна абурае, што расейскія мэдыі абвінавачваюць беларусаў у нацыяналізьме. Гэта вельмі балючае месца ў сьвядомасьці беларускага лідэра. Чвэрць стагодзьдзя ён вядзе барацьбу зь беларускімі нацыяналістамі, здаецца, усіх перамог, усіх пераканаў, што нацыяналізму ў Беларусі няма і быць ня можа. Тры публіцысты агенцтва Regnum, якія пісалі пра беларускі нацыяналізм і патураньне яму з боку ўладаў, 14 месяцаў адседзелі за кратамі.

Праблема ў тым, што беларускі нацыяналізм можа быць толькі антырасейскім. І гэта разбурае ўвесь афіцыйны ідэалягічны канструкт, паводле якога «беларусы — гэта рускія са знакам якасьці», а «Магілёў — расейскі горад». Таму Лукашэнка даручыў правесьці адмысловае расьсьледаваньне бойкі ў мэтро, каб пераканаць Маскву, што гэта фэйк. І на гэтым тле ўсе заклікі апазыцыі фарміраваць беларускую ідэнтычнасьць як абарону ад «русского мира» пакуль ня маюць ніякага водгуку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта канфлікт двух беларусаў». Лукашэнка пракамэнтаваў выгнаньне казака зь менскага мэтро

Пра адзіную валюту

Фактычна Аляксандар Лукашэнка адказаў Сяргею Лаўрову пра пераход на адзіную валюту.

Сяргей Лаўроў, 14 студзеня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пастка Лаўрова. Расея хоча пазбавіць Беларусь сваёй валюты

Кіраўнік Беларусі працягвае ранейшую лінію. Маўляў, мы і ня супраць. Але… І вось тут пачынаецца гульня з элемэнтамі дэмагогіі. Лукашэнка кажа: «Мы ня супраць агульнай валюты, але гэта павінна быць агульная валюта, а не валюта Цэнтрабанку Расеі. Павінен быць эмісійны цэнтар, створаны на роўных умовах».

Усім зразумела, што Масква на гэта ня пойдзе, што гэта такая відавочная адмазка, каб адбіцца ад расейскіх прапановаў.

Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка «ня супраць» агульнай валюты з Расеяй, але не расейскага рубля, а «як эўра»

Чаму Расея цісьне

Нарэшце Лукашэнка прыдумаў, як патлумачыць гэты жорсткі ціск з боку Расеі. І вылучыў два тлумачэньні. Па-першае: «Камусьці не падабаецца курс, які Беларусь праводзіць. Нават ня зьнешнепалітычны. А тая эканоміка, якую мы будуем, той сацыяльны ўклад, які мы ствараем на прынцыпах перш за ўсё справядлівасьці. Гэты тэзіс я 20 зь лішнім гадоў прапаведую. Аказваецца, ён сёньня ў Расеі вельмі запатрабаваны».

Гэта ўжо апэляцыя да расейскага грамадзтва, з надзеяй здабыць яго падтрымку. Справа ў тым, што пэнсійная рэформа ў Расеі, якая выклікала масавае незадавальненьне, актуалізавала пытаньне пра несправядлівую прыватызацыю. І Лукашэнка спрабуе гуляць на гэтым, выклікаць сымпатыю да Беларусі, дзе захавалася дзяржаўная ўласнасьць.

Другі тэзіс. Лукашэнка кажа: «Там зьявіліся… Ці не зьявіліся, а і былыя кіраўнікі, якія даўно працуюць, яны занялі пэўную пазыцыю ціску нават на ўласна прэзыдэнта Пуціна».

То бок ёсьць добры цар Пуцін — і дрэнныя баяры, які зьбіваюць яго з панталыку. І мудры Лукашэнка абараняе нягеглага Пуціна ад ягоных жа злых баяраў. У мінулым Лукашэнка шмат разоў выкрываў падступных алігархаў, якія нібыта дыктуюць палітыку Крамля. Усё вельмі наіўна, але нічога лепшага беларускі кіраўнік не прыдумаў.

Падтрымлівайце мяне

Лукашэнка ня быў бы сам сабою, каб тут жа не экстрапаляваў гэты беларуска-расейскі канфлікт на сытуацыю ўнутры Беларусі. Вось гэты цудоўны пасаж:

«Усе хочуць пагрэць рукі на Ўкраіне. І пажар, які там палае сёньня (ён невядома чым скончыцца), не павінен перакінуцца на Беларусь. Таму нам трэба тысячу разоў быць асьцярожнымі, акуратнымі і ні ў якім разе не дапусьціць унутранай дэстабілізацыі ў краіне. Падобна да таго, што пераважная большасьць нашага насельніцтва і нават пераважная большасьць нашай так званай апазыцыі разумеюць, што гэта можа скончыцца вельмі дрэнна».

Перакладаю на зразумелую мову. Ва ўмовах напружаных адносін з Расеяй барані божа замахвацца на маю ўладу, разгойдваць лодку. Калі ня хочаце, каб было так, як ва Ўкраіне, падтрымлівайце мяне падчас дзьвюх выбарчых кампаній.

Хто пра што, а Лукашэнка — найперш пра ўладу.



Categories: Зьнешнія адносіны

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: