20 фактаў пра Антона Луцкевіча, стваральніка БНР і прыхільніка Леніна

РС


Антон Луцкевіч
Антон Луцкевіч

29 студзеня спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэньня аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэньня і беларускай дзяржаўнасьці Антона Луцкевіча.

Антон Луцкевіч — беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, мовазнаўца, выдавец. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газэт «Наша Доля» і «Наша Ніва», адзін з выдаўцоў газэты «Гоман». Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.

Родавы герб Луцкевічаў
Родавы герб Луцкевічаў

Ініцыятар і аўтар праекту Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай.

З кастрычніка 1918 году старшыня Народнага сакратарыяту БНР, зь лістапада — старшыня Рады народных міністраў (прэм’ер-міністар) і міністар замежных спраў. У сьнежні 1919 — лютым 1920 году старшыня Рады міністраў Найвышэйшай Рады БНР.

Дзяяч Заходняй Беларусі. Рэдактар адноўленай «Нашай Нівы», старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту, выкладчык Віленскай беларускай гімназіі.

29 студзеня гэтаму незвычайнаму чалавеку — 135 гадоў.

Антон Луцкевіч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Правілы жыцьця Антона Луцкевіча

1. Радаваўся, што з пачаткам Першай усясьветнай вайны зьнікла гарэлка

«Праз вайну счэзла адна бяда: страшэнная ўласьць гарэлкі. Гарэлкі няма, — і калі дзе-нідзе людзі, ласыя да гэтай атруты, гоняць яе з палітуры ці дэнатурату, дык гэта невялікі страх. Горшы страх, што з канцом вайны можа йзноў вярнуцца п’янства, што народ, прывучаны да яго праз сотні гадоў, мо йшчэ не здалее забыцца аб гарэлцы, ня знойдзе, якой уцехай замяніць гэтую „весялуху“, што за момант вясельля губіла часта-часта ўсё жыцьцё чалавека» (Чародная задача // Наша Ніва. 1915. 6 лютага).

2. Лічыў прозу Максіма Гарэцкага цяжкой для чытаньня

Максім Гарэцкі
Максім Гарэцкі

«…колькі слоў аб мове Гарэцкага. Мова яго — бясспорна жывая, багатая і абразовая, — але мамэнтамі яна здаецца цяжкой: як быццам самы працэс чытаньня адцягвае ўвагу ад зьместу чытанага.

Гэная цяжкаватасьць вынікае, трэба думаць, з таго, што Гарэцкі /…/ ужывае — мо і несьвядома — вельмі многа правінцыялізмаў /…/»

(А. Л. «Дзьве душы» М. Гарэцкага / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).

3. Паблажліва ставіўся да твораў беларускіх пісьменьнікаў першай паловы ХІХ стагодзьдзя

Выкладчыкі і слухачы Беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні ў 1916 г. Сядзяць Іван Луцкевіч, Баляслаў Пачобка (кіраўнік курсаў), Антон Луцкевіч
Выкладчыкі і слухачы Беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні ў 1916 г. Сядзяць Іван Луцкевіч, Баляслаў Пачобка (кіраўнік курсаў), Антон Луцкевіч

​«Якімі беднымі па зьместу прадстаўляюцца цяпер першыя творы беларускіх адраджэнцаў пачатку ХІХ сталецьця! І якая ж бедная форма іх твораў — твораў Баршчэўскіх, Рыпінскіх, Чачотаў! Хаця ўсе яны ўглядаліся на нашу народную паэзію як на ўзор, але ніхто зь іх не зраўняўся з народнымі песьнямі ні па сіле, ні па шчырасьці пачуцьця і настрою. І не відаць у іх творчае іскры, а толькі малавартая „работа“. Першым пісьменьнікам, які заслугуе на імя паэты-мастака, быў Дунін-Марцінкевіч…» (На новых шляхох / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).

Уладзімер Самойла і Антон Луцкевіч. 1930-я гг.
Уладзімер Самойла і Антон Луцкевіч. 1930-я гг.

4. На пачатку 20-х гг. дзівіўся, чаму ніводзін навуковец не напісаў гісторыю беларускага мастацтва

«Беларусы маюць ужо высока разьвітую гісторыю (Доўнар-Запольскі /…/), філялёгію (акадэмік Карскі), этнаграфію (Федароўскі, Раманаў, Нікіфароўскі). Цэлы сьцяг навуковых прац дае нам магчымасьць прасачыць нашу палітычную гісторыю, пазнаёміцца з нашай старой літаратурай, з гісторыяй разьвіцьця нашае мовы, з народным творствам.

Але, каб прадставіць сабе поўны абраз нашае старое культуры, не хватае аднаго: няма ў нас яшчэ акуратна распрацаванай гісторыі таго, у чым найбольш ярка, бо беспасрэдна выяўляецца душа народу, — гісторыі беларускага мастацтва. Ажно дзіўна робіцца: чаму ніхто з вучоных /…/ не задаўся ідэяй даць гісторыю нашага мастацтва…» (Ант. Навіна. Адраджэньне беларускага мастацтва // Наша Думка. 1921. 18 сакавіка).

Уладзімер Самойла, Францішак Аляхновіч, Антон Луцкевіч. 1930-я гг.
Уладзімер Самойла, Францішак Аляхновіч, Антон Луцкевіч. 1930-я гг.

5. Быў абураны, што мэр Вільні не дазволіў беларускай інтэлігенцыі выступіць на адкрыцьці помніка Манюшку

«…ўдзячная памяць аб Манюшцы ў беларускім грамадзянстве не запрапала: беларусы места Вільні /…/ 19 верасьня грамадой зьявіліся на адкрыцьцё памятніка. Былі тут прадстаўнікі беларускага тэатру, культурных устаноў, беларускае гімназіі. Найстарэйшаму працаўніку беларускае сцэны, грам. Аляхновічу, было даручана ў прамове выразіць глыбокую пашану беларусаў для творца першае беларускае опэры. Аднак апошняга зрабіць не ўдалося: прэзыдэнт места Вільні, пан Банькоўскі, ня даў беларусам голасу… Зьмяніліся часы, зьмяніліся людзі…» (Ант. Навіна. Песьняру зямлі нашай // Беларускі Звон. 1922. 29 верасьня).

6. Хваліў дэбютны зборнік Уладзімера Дубоўкі за аптымізм і жыцьцярадаснасьць

Уладзімер Дубоўка
Уладзімер Дубоўка

«Сярод беларускіх лірычных паэтаў устанавіўся звычай заўсёды браць дужа сумны, тужлівы, безнадзейны тон. Гэта сталася як быццам традыцыяй.

/…/ Тым вялікшую ўвагу зварочвае на сябе кожын твор, у якім чуецца новы, сьвежы павеў, новыя тоны. Не стагнаць нам трэба, не пяяць аб нашай бядзе і горы, а будзіць сілу жыцьцёвую, шукаць у жыцьці якраз таго, што ў нас адбіраецца. Нельга жыць аднабока, вечна ў адным настроі. Жыцьцё гэтага не цярпіць, яно лішне мнагаграннае, лішне багатае на фарбы і тоны, каб задаволівацца вечна шэрым, бязрадасным.

Невялічкі зборнік вершаў „Строма“ Ўладзімера Дубоўкі якраз зрывае сувязь з традыцыйным стагнаньнем. /…/ Столькі тут размаху, столькі моцы і веры ў сваю сілу і сілу народную!» (Ант. Навіна. «Строма» — Уладзімер Дубоўка // Наша Будучына. 1923. 14 лютага). «Уладзімер Дубоўка радыкальна разарваў сувязь з традыцыйным стагнаньнем» (На новых шляхох / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).

7. Захапляўся творамі Якуба Коласа, бо знаходзіў у іх імпрэсіяністычныя ноткі

Мікола Пашкевіч. Якуб Колас за рабочым сталом («Чырвоная Беларусь», 1932)
Мікола Пашкевіч. Якуб Колас за рабочым сталом («Чырвоная Беларусь», 1932)

«Успомнім перадваенную коласаўскую музу. Гэта — адбіцьцё душы беларускага сялянства, толькі адбіцьцё, як у павелічаючым люстры. І рытміка, і форма вершаваньня — у поўнай меры адпавядаюць гэтаму зьместу.

А заглянем да апошняга зборніку Коласа „Водгульле“ (Менск, 1922 г.), перачытаем яго найнавейшыя, апошнія вершы, і шчырае зьдзіўленьне абхопіць душу: ад сялянскае лірыкі Колас дайшоў да настрояў сучаснага нэрвовага, зь незвычайна зложанай псыхічнай арганізацыяй, „цывілізаванага“ эўрапейца. /…/ Яму ў начной цішы звоняць нейкія дзіўныя песьні шкляныя шыбіны ў вокнах — песьні чыста імпрэсіяністычнага характару /…/ ад народнага пясьнярства Колас даходзіць да імпрэсіянізму» (На новых шляхох / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).

8. У 20-я гг. лічыў, што Янка Купала, у адрозьненьне ад Якуба Коласа, нічым новым ня радуе і творча спыніўся

Янка Купала
Янка Купала

«…Купала як быццам ужо дайшоў да найвышэйшага пункту сваей творчай сілы і стуль горда паглядае на сьвет, задзіўляючы магутнасьцяй свайго таленту, але не даючы ўжо нічога неспадзяванага, а рэчы роўнае цаны /…/.

У творчасьці Коласа ўсё яшчэ зьяўляюцца рэчы, якія паказуюць, што ўзыходжаньне ўверх у яго не спынілася»

(Сымон Музыка / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).

9. Называў першага рэдактара «Нашай Долі» Яна Тукеркеса злодзеем і авантурыстам, зь якім немагчыма было рабіць супольную справу

Першы нумар газэты «Наша Доля»
Першы нумар газэты «Наша Доля»

«…яго ўласныя фінансавыя справы ў сувязі зь ведзеным ім спосабам жыцьця пачалі блытацца, дык ён ужо ня толькі не ўкладаў нічога ў газэту (якая далей выходзіла за грошы майго брата, прадаўшага з гэтай мэтай калекцыю сваіх ордэнаў), але, наадварот, рабіў спробы сёе-тое цягнуць з газэты на сваю карысьць /…/ між намі і Тукеркесам адносіны так папсаваліся, што далейшае вядзеньне газэты пад яго фірмай аказалася немагчымым, тым болей, што павыкрываліся і былі разьдзьмуханы палякамі нейкія цёмныя справы зь яго прошлага…» (Да гісторыі «Нашае Долі» і «Нашае Нівы». Паведамленьні А. Шлюбскаму // Полымя. 1927. № 3).

«Верхняя палата» «Нашай нівы»: Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў
«Верхняя палата» «Нашай нівы»: Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў

10. Пісаў, што творы Талстога падрыхтавалі расейскае грамадзтва, каб зрынуць стары лад

Антон Луцкевіч
Антон Луцкевіч

«Як гэта ні дзіўна, але ягоныя творы — з сваёй ідэяй аб „непраціўленьні злу“ — ня менш прыгатавалі псыхалёгію расейскага грамадзянства да рэвалюцыі, чым у Францыі — творы Русо. Бо Талстой на вялізарную вышыню падняў чалавека наагул, бо ў душах людзей, у іх сьвядомасьці разьбіў путы, якімі самадзяржаўная ўлада была скавала душы і волю мільёнаў людзей.

І вось, вызваліўшыся духова, народныя масы старое Расеі пад гукі рэвалюцыйнае песьні выходзілі безаружныя пад кулі царскіх наймітаў…» (Істота літаратуры і яе грамадзкае значэньне / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).

11. Захапляўся Леніным

«Памёр Ленін… Памёр „вялікі экспэрымэнтатар“, памёр чалавек, які адважыўся павясьці народныя масы бязьмежнае Расеі найпрасьцейшай і найкарацейшай дарогай да сацыяльнае рэвалюцыі. /…/ У бясспыннай, цяжкай, напружанай барацьбе клаў Ленін фундамэнты пад сваю будоўлю. У працягу шасьцёх гадоў гэты бясспрэчна геніяльны чалавек ня раз памыляўся. Але кожын раз, як бачыў свае абмылкі, меў адвагу сільных людзей прызнацца да іх і шукаць новых дарог» (Вялікі Экспэрымэнтатар / Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленьне. 2009).

12. Называў Сталіна ценем правакатара Азэфа

«…пасьля сьмерці Леніна — пачынаюць адбывацца нейкія дзіўныя праявы. Адзін за адным усе старыя супрацоўнікі Леніна абвяшчаюцца… „контррэвалюцыянэрамі“, „адступнікамі“, „здраднікамі“ /…/ І ў рэзультаце на чале ўсяго дзяржаўнага жыцьця СССР бачым аднаго-адзінага Сталіна як бясспрэчнага дыктатара, „чырвонага Мусаліні“. /…/

Ён з поўнай сьвядомасьцяй стараецца выклікаць у СССР, і так перажываючым цяжкі эканамічны крызіс, стан бясспыннае ўнутранае грамадзянскае вайны /…/ Ці не залішне ўжо многа выбуховага матэрыялу прыгатаўляе гэтак Сталін /…/ ці не паўстае ў вачох працоўных масаў СССР і старых рэвалюцыйных дзеячоў колішняе царскае Расеі цень самае агіднае постаці з жыцьця рэвалюцыйнага падпольля — постаці сучаснага Юды — Азэфа?» (Цень Азэфа / Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленьне. 2009).

13. Даводзіў, што «Мужыцкая праўда» — не газэта

«Мужыцкая праўда»
«Мужыцкая праўда»

​«Цяпер, калі большасьць нумароў „Мужыцкае Праўды“ ўжо апублікавана ў друку (гл. „Полымя“ № 1, 1926 г., Менск), мы можам увачавідкі пераканацца, што газэтай „Мужыцкая Праўда“ не была. Гэта быў папросту цыкль адозваў пад адным агульным загалоўкам, зьмешчаным зьверху дробным друкам, з чарговымі нумарамі /…/. Кожны нумар зьмяшчаў у сабе толькі адну адозву і — нічога болей. Выходзілі яны непэрыядычна і наагул з газэтай ня мелі нічога супольнага /…/

Разумеем, што для некаторых беларускіх дзеячоў, далёкіх ад навуковае працы і навуковага падыходу да вывучэньня нашай мінуўшчыны, вельмі прывабнай магла быць думка пашырыць у масах перакананьне, што беларусы ўжо 70 гадоў назад мелі сваю прэсу… На жаль, пагляд на „Мужыцкую Праўду“ як на газэту далёкі ад аб’ектыўнае праўды…» (Праўда аб «Мужыцкай Праўдзе» / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).

14. Параўноўваў паэзію Максіма Багдановіча з музыкай паўтонаў

Сяргей Вакар. Помнік Максіму Багдановічу
Сяргей Вакар. Помнік Максіму Багдановічу

​«Паўтоны ў фарбах, у гуках, у перажываньнях — вось асноўная рыса творчасьці Максіма Багдановіча. У гэтым ён ня мае падобных сабе. Ён стаіць здалёк ад усіх другіх нашых песьняроў. Ён наскрозь індывідуальны, новы, беспадобны. Яго ролю ў беларускай паэзіі можна прыраўнаваць да ролі таго, хто ўвёў у музыку паўтоны, хто на іх збудаваў новую гармонію» (Максім Багдановіч: У дзясятыя ўгодкі сьмерці / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).

15. Не прыняў экспэрымэнтальнай паэзіі Язэпа Пушчы, а да графаманства Анатоля Вольнага ставіўся больш ляяльна

Язэп Пушча. 1923 год
Язэп Пушча. 1923 год

«…нягледзячы на заяву Пушчы аб тым, што ягоная душа „ня любіць фальшы камэртонаў“, іменна нечым „робленым“ веець ад ягоных вершаў. Мала ў іх і „мэлёдыі“, і „сугучнасьці“. А часта ўжываны Пушчай /…/ трыялет — чужы нашай народнай паэзіі і дагэтуль мала карыстаны нашымі карыфэямі літаратуры, — толькі ўзмацняе ўражаньне „робленасьці“ вершаў Пушчы. /…/

Шмат цікавейшы — Анатоль Вольны, які ў сваім зборнічку пад загалоўкам „Чарнакудрая радасьць“ — зьмяшчае на першым месцы свайго „Кастуся Каліноўскага“. /…/ аўтар у даволі прыгожых вершах дае цікаўнае прадстаўленьне духовае істоты Каліноўскага, безумоўна праўдзівае па сутнасьці, хоць і высказанае чужой Каліноўскаму, сучаснай нам рэвалюцыйнай фразэалёгіяй» (А.Н. З усходніх загонаў (Літаратурны агляд) / Беларускі каляндар на 1929 г.).

Удзельнікі Беларускай канфэрэнцыі ў Вільні. 25–27 студзеня 1918 году. Антон Луцкевіч сядзіць у першым шэрагу пяты справа
Удзельнікі Беларускай канфэрэнцыі ў Вільні. 25–27 студзеня 1918 году. Антон Луцкевіч сядзіць у першым шэрагу пяты справа

16. Абураўся, што беларускія школьнікі вымушаны вывучаць творы Генрыка Сянкевіча

«Паспрабуйце прыпомніць уплыў на вас у маладыя гады нашы, прыкладам, герояў Бічэр-Стоў („Хата дзядзькі Тамаша“) або д’Амічыса („Сэрца“). Прыпомніце, /…/ як магутна будзіў у вас жаданьне вызваліць Чалавека з рабства Спартак у [аднайменным рамане Джаваньёлі]. А ці ёсьць гэтыя кніжкі ў афіцыяльных праграмах школьнае лектуры? Здаецца, што не…

Затое ў гэных праграмах на першым месцы стаіць трылёгія Гэнрыка Сянькевіча, прапітаная наскрозь нянавісьцяй і пагардай пана да мужыка, паляка — да казака. Затое знойдзеце там „Сям’ю Паланэцкіх“ таго ж аўтара — з апатэозам гэшэфтсмахерства і клясавага самагубства. І шмат, шмат знойдзеце тамака падобнага, што рэзка пярэчыць усім натуральным парываньням моладзі да высокіх людзкіх ідэалаў, асабліва моладзі беларускай — дзяцей працоўных сялян і работнікаў» (А.Н. Крыху аб праграме лектуры // Сям’я і Школа. 1929, № 2).

17. Радаваўся стварэньню савецкай Беларусі

Маніфэст Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі
Маніфэст Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі

​У дзёньніку за 17.01.19 г. запісаў: «Наше утро» надрукавала першыя два прыказы галавы савецкага ўраду Беларусі Жылуновіча… Аб Жылуновічы (Цішка Гартны), сколькі яго знаю, можна сказаць, што ён перш беларус, а пасьля бальшавік, але наагул чалавек «маленький». Усё ж гэта наша вялікая пабеда…»

А 26.01.19 г. адзначыў: «Ідэя Беларускай рэспублікі, як бачым, можа сьвяткаваць поўную пабеду. Аб ёй гавораць, за яе бяруцца бароцца тыя, хто яшчэ ўчора бароўся проці яе. І тыя ж бальшавікі, каторыя разганялі ўсебеларускі зьезд у сьнежні 1917 году, аб’явілі незалежную савецкую Беларусь у фэдэрацыі з Расеяй, а да ўраду яе ўвялі Жылуновіча, Дылу, Фальскага, Чарвякова, і іншых праўдзівых беларусаў, часьцю ўчасьнікаў таго ж разагнанага кангрэсу» (Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленьне. 2009).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Давайце замуцім краіну». Альтэрнатыўная гісторыя БНР у коміксах

18. Лічыў, што ня трэба баяцца захопніцкіх памкненьняў бальшавікоў

«…бальшавікі пераконаны, што яны гэтак узмацоўваюць панаваньне бальшавіцкай ідэі. Але яны шмат памыляюцца: бальшавізм, пасоўваючыся на Захад, шмат мяняе свае формы і перажывае глыбокую эвалюцыю. І далейшае пашырэньне бальшавізму суліць не пабеду сусьветнага пралетарыяту, а аслабленьне напружаньня барацьбы» (Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленьне. 2009).

19. Дыктатараў, якія зьнішчалі інтэлектуальную эліту, параўноўваў з царом Ірадам

«Лёгка зразумець, што дыктатары ўсіх трох памянёных дзяржаў напружваюць свае сілы на тое, каб ня даць іншым адзінкам, асабліва ж вышэйшым за іх інтэлектуальна, стацца грознымі канкурэнтамі на „ўладу над душамі і мысьлямі“ народу. А як на апошняе можа пасягаць толькі запраўды ж выдатны інтэлект, дык сучасныя дыктатары стараюцца не дапусьціць да вывышэньня сільных адзінак наогул, ня даць пашырацца іх папулярнасьці, аўтарытэту, пашане ў масах.

Клясычным узорам такога забясьпечваньня ад канкурэнтаў ёсьць спосаб, якога ў далёкай мінуўшчыне ўжыў цар Ірад… Вось жа і Мусаліні, і Гітлер, і Сталін вядуць сыстэматычную /…/ працу над нішчэньнем інтэлігенцыі…» (Барацьба з інтэлектам / Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленьне. 2009).

Магіла братоў Луцкевічаў на могілках Росы
Магіла братоў Луцкевічаў на могілках Росы

20. Баяўся, каб Беларусь не праглынуў нацыяналізм

«Усё шырэй і шырэй разрастаецца страшэнная хвароба — нацыяналізм. Яна не абмінае ніводнага народу і ўсюды зьвівае сабе гняздо… Нацыяналізм перакінуўся і ў нашу старонку… „Край зь пяцьцю нацыямі“ толькі тады можа разьвівацца і багацець, калі кожная нацыя будзе поруч з другімі працаваць дзеля яго карысьці. Калі ж заместа гэтага ўсе мы будзем між сабой змагацца, калі свае творчаскія сілы змарнуем на сваркі і грызьню /…/ дык не падзякуюць нам нашы дзеці і ўнукі, жывучы ў такой жа цемнаце і беднасьці, як мы самі» (а-н-а. Змаганьне з хваробай // Наша Ніва. 1913. 1 сакавіка).

Мэмарыяльны знак у гонар баратоў Луцкевічаў у парку Янкі Купалы ў Менску
Мэмарыяльны знак у гонар баратоў Луцкевічаў у парку Янкі Купалы ў Менску


Categories: Асобы, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: