Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага  

 

За якія ідэaлы змагаўся нацыянальны герой.

Літоўскія дасьледнікі ідэнтыфікавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага. Іх зьбіраюцца перапахаваць на віленскіх могілках Росы.

Свабода тлумачыць, хто такі Кастусь Каліноўскі і якое дачыненьне ён мае да Беларусі.

Хто такі Кастусь Каліноўскі?

Кастусь Каліноўскі — адзін зь лідэраў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў, які стаў нацыянальным героем беларусаў, літоўцаў і палякаў.

Нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Горадзенскага павету (цяпер у Падляскім ваяводзтве Польшчы) у сям’і Сымона, безьзямельнага горадзенскага шляхціча, уладальніка невялікай ткацкай мануфактуры, і Вэранікі, якая памерла, калі сыну было 5 гадоў.

У 1847–1852 гадох вучыўся ў Сьвіслацкай павятовай вучэльні. Вялікі ўплыў на К. Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар, які вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце і дасьледаваў на даручэньне Віленскай археалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.

У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступеньню кандыдата права. У часе вучобы браў удзел у дзейнасьці нелегальных студэнцкіх гурткоў.

У 1862 годзе Каліноўскі ўвайшоў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК) — цэнтральнага органу падрыхтоўкі паўстаньня ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім, праз некалькі месяцаў узначаліў яго. Аднак старшынстваваў у віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве пасьля пачатку паўстаньня, спужаўшыся перарастаньня выступленьняў у сялянскую вайну, варшаўскі цэнтар дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на Горадзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводзтва.

У студзені 1864 году Каліноўскага схапілі царскія жандары ў Вільні. Царскі ваенна-палявы суд прыгаварыў К. Каліноўскага да расстрэлу. Аднак прызначаны для задушэньня паўстаньня расейскі гэнэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў выказаўся за павешаньне. Каліноўскага павесілі 22 сакавіка 1864 году Лукіскім пляцы ў Вільні.

Пяць малавядомых фактаў пра Кастуся Каліноўскага

За што і з кім змагаліся каліноўцы?

Паўстаньне 1863-1864 гадоў ставіла за мэту:

Аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах да яе першага падзелу ў 1772 годзе. Усяго было тры падзелы, падчас якіх тэрыторыю Рэчы Паспалітай падзялілі між сабой Расея, Прусія і Аўстрыя.

Што да аднаўленьня Рэчы Паспалітай, тут паўстанцы падзяліліся на дзьве плыні: «белых» і «чырвоных». «Белыя» прадстаўлялі сярэдніх і буйных землеўладальнікаў і буйную буржуазію, «чырвоныя» — безьзямельную і малазямельную шляхту, рамесьнікаў, сялян. Каліноўскі кіраваў «чырвонымі» ў Часовым правінцыйным урадзе Літвы і Беларусі.

«Чырвоныя» выступалі за агульнанацыянальнае ўзброенае паўстаньне супраць царызму.

«Белыя» разьлічвалі дасягнуць сваёй мэты шляхам мірных рэлігійна-палітычных маніфэстацыяў у касьцёлах і перамоваў з урадам пры дыпляматычнай падтрымцы заходніх дзяржаваў.

Паўстаньню 1863-1864 гадоў папярэднічалі:

1861 год — скасаваньне прыгону ў Расейскай імпэрыі. Прыгонныя сяляне сталі «часоваабавязанымі» — зямля заставалася ва ўласнасьці абшарнікаў, яны перадавалі зямлю сялянам за працоўную (паншчына) і грашовую павіннасьці. Цягам 49 гадоў сяляне не маглі адмовіцца ад надзелаў і мусілі выконваць павіннасьці. Пры гэтым сяляне атрымалі грамадзянскія правы.

1862 год — сялянскія паўстаньні ў Беларусі. Паводле няпоўных зьвестак, у Беларусі было зафіксавана больш за 150 сялянскіх выступаў. Хваляваньні душылі прысланыя расейскімі ўладамі казакі на просьбу мясцовых абшарнікаў.

Ці паўстаньне Каліноўскага было беларускім?

Паўстаньне 1863-64 гадоў на беларускіх землях пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага не кіравалася з Польшчы, усе лідэры паўстаньня былі беларусамі, выступалі за аднаўленьне шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай.

Кастусь Каліноўскі пісаў «Лісты з-пад шыбеніцы» па-беларуску (лацінкай), а баявыя дзеяньні паўстаньня адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе пасьля яго задушэньня пачаліся рэпрэсіі, якіх не было ў Польшчы.

Нават савецкая гістарыяграфія прызнавала Каліноўскага беларускім героем, у яго гонар назвалі вуліцу ў Менску, паставілі бюст у Сьвіслачы.

Каліноўскі — агульнабеларускі нацыянальны герой

Кастусь Каліноўскі — ці не адзіны беларускі гістарычны дзяяч, які не выклікаў ніякага расколу ў грамадзтве, у палітычнай клясе. Яго прызнавалі і нацыяналісты, і камуністы.

Каліноўскі быў у пантэоне беларускіх нацыянальных герояў у савецкія часы. Гэта фактычна адзіны дарэвалюцыйны гістарычны пэрсанаж, які тады адназначна трактаваўся са знакам плюс — як лідэр сялянскага паўстаньня.

«Сацыялягічныя апытаньні паказвалі, што сярод беларускіх гістарычных дзеячоў большасьць беларусаў называла прозьвішчы Каліноўскага і Машэрава. Фактычна сёньня толькі гэтыя пэрсанажы застаюцца ў гістарычнай памяці, масавай сьвядомасьці грамадзтва», — піша палітоляг Валер Карбалевіч.

Як знайшлі парэшткі Каліноўскага?

У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні выявілі парэшткі 17 паўстанцаў. У Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, таму дасьледнікі не маглі доўгі час вызначыць яго парэшткі праз генэтычную экспэртызу.

Парэшткі Каліноўскага ідэнтыфікавалі літоўскія дасьледнікі ў сакавіку 2019 году мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.

Цяпер усе парэшткі знаходзяцца на факультэце мэдыцыны Віленскага ўнівэрсытэту. Пазьней іх перададуць дзяржаўнай камісіі і перапахаваюць у капліцы на віленскіх могілках Росы. Пахаваньне адбудзецца, калі ў капліцы завершыцца рэстаўрацыя.

Як беларускія ўлады ставяцца да Каліноўскага?

Беларускі бок не прымаў удзел у ідэнтыфікацыі парэшткаў Каліноўскага. У Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, таму літоўскія дасьледнікі цягам двух гадоў не маглі вызначыць яго парэшткі праз генэтычную экспэртызу.

Паскорыць ідэнтыфікацыю магло параўнаньне ДНК парэшткаў Кастуся і Віктара Каліноўскіх. Аднак магілу брата Кастуся Віктара ў Сьвіслачы дагэтуль не лякалізавалі.



Categories: Асьвета, Гісторыя

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: