Пасьля дамовы Шарэцкага з Лукашэнкам Карпенка сказаў: «Гэта — канец»

Радыё Свабода


Генадзь Карпенка ў часе сэсіі Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня
Генадзь Карпенка ў часе сэсіі Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня

Эпізоды жыцьця і сьмерці палітыка і навукоўцы Генадзя Карпенкі (1950-1999).

6 красавіка спаўняецца 20 гадоў зь дня сьмерці Генадзя Карпенкі, дэпутата і члена Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, намесьніка старшыні Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня, старшыні Маладэчанскага гарвыканкаму (1991-1994), члена-карэспандэнта АН Беларусі.

Пра Генадзя Карпенку ўзгадвае ягоны паплечнік Валер Костка.

Сьцісла:

  • Мэр Маладэчна Карпенка стварыў 10 000 працоўных месцаў
  • Пасяджэньні гарвыканкаму вяліся па-беларуску
  • У Маладэчне няма ніводнай «камуністычнай» вуліцы, але ёсьць камень з Салаўкоў
  • На выбарах 1994 года Карпенку не зарэгістравалі, і ён папрасіў сваю каманду працаваць на Пазьняка
  • Пасьля рэфэрэндуму 1995 году больш як тыдзень над будынкам гарвыканкаму лунаў бел-чырвона-белы сьцяг
  • Пасьля інсульту Генадзь Карпенка суткі праляжаў у шпіталі без мэдычнай дапамогі

«Будзеш прыкрываць мяне са сьпіны»

Валер Костка
Валер Костка

У 1988 я пераехаў у Маладэчна, працаваў старэйшым опэрам у палку ўрадавай сувязі, а Карпенка працаваў дырэктарам заводу, але тады мы знаёмыя былі слаба. На выбарах у 1990-м быў кандыдатам у Менскі абласны савет, і мая акруга ўваходзіла ў акругу па выбарах у Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, куды балятаваўся Генадзь Карпенка. Тады мы ўжо разам праводзілі сустрэчы з выбаршчыкамі, у Маладэчне. Я стаў дэпутатам абласнога, ён – Вярхоўнага Савета. Калі ж у 1991 годзе, калі Беларусь дамаглася незалежнасьці, я пачаў выпрацоўваць прапановы па рэфармаваньні КДБ, па ператварэньні яго з сыстэмы палітычнага вышуку ў спэцслужбу, якая б займалася зьнешняй выведкай, контрвыведкай, антытэрорам – тым, што забясьпечвае існаваньне дзяржавы. З маімі прапановамі не пагаджаўся старшыня КДБ Шыркоўскі, які баяўся, што пры рэфармаваньні будзе прызначаны іншы кіраўнік. У верасьні 1992-га мы прынялі прысягу на вернасьць Беларусі на плошчы – потым усіх афіцэраў звольнілі.

У верасьні 1992-га мы прынялі прысягу на вернасьць Беларусі на плошчы – потым усіх афіцэраў звольнілі.

А 1993 я быў вымушаны напісаць рапарт, напісаў, што КДБ не падлягае рэфармаваньню, працягвае займацца палітычным вышукам, з КДБ звальняюць нацыянальна сьвядомых афіцэраў, і папрасіў мяне звольніць. Хацелі звольніць па службовай неадпаведнасьці, але не было такіх падстаў. І тады Карпенка прапанаваў мне ісьці працаваць да яго – кіраўніком спраў Маладачанскага гарвыканкаму, дзе ён быў старшынём. Як ён выказаўся – «Будзеш прыкрываць мяне са сьпіны». З таго часу мы працавалі разам.

Кіраўнік справаў – гэта чалавек, у якога знаходзіцца гербавая пячатка і празь якога праходзяць паперы і фінансавая дакумэнтацыя. І я стараўся страхаваць Карпенку, каб не было ніякіх «падстаў» і правакацыяў. Сам жа Карпенка быў вельмі сумленным і маральным чалавекам. Ён, я ведаў, ніколі не ўдарыць цябе нажом у сьпіну. Ён мог непрыемныя нейкія рэчы ў вочы табе сказаць, але каб за сьпінай – не. І ў гэтым сэнсе ён быў падобны на Пазьняка. Яны абодва падобныя ў сэнсе сумленнасьці. Яны рэзкія бывалі, але мараль і сумленьне для іх заўсёды былі на першым пляне.

«А тут – прыйшоў дэмакрат і пачаў зьмены»

Карпенка быў вельмі камунікабельны чалавек і мог знайсьці агульную мову нават з тымі, хто адмоўна да яго ставіўся. З тымі ж камуністамі. Хаця камуністы і вэтэраны ня надта добра ўспрынялі ягоны прыход на пасаду мэра Маладзечна (раней тую пасаду займаў Стахоўскі, былы першы сакратар), а тут прыйшоў дэмакрат і пачаў зьмены. Я і цяпер чую добрыя словы пра Карпенку ад тых, хто зь ім працаваў, таму што на працу ішлі як на сьвята, зь ім было лёгка працаваць і заўсёды быў нейкі вынік. І што галоўнае – людзі бачылі зьмены да лепшага ў Маладэчне. Карпенка вельмі шмат зрабіў, у тым ліку і тое, што не было зроблена ні ў якім іншым горадзе Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы пакінулі Савецкі завулак, каб паказаць, што ён вядзе ў тупік» — Як Маладэчна перастаў быць савецкім горадам

Было праведзена перайменаваньне вуліц. Маладэчна – адзіны горад у Беларусі, дзе няма ніводнай «савецкай», «камуністычнай», ці «ленінскай» вуліцы. Была створаная тапанімічная камісія з удзелам Генадзя Каханоўскага і Мікола Ермаловіча, падключылі АН. Вярнулі гістарычныя назвы, перайменавалі. Праспэкт Леніна стаў Вялікім гасьцінцам, і гэтак далей. Па ініцыятыве настаўніка Лявона Цімохіна і дырэктара заводу жалеза-бэтонных вырабаў Міколы Івашкевіча з Салаўкоў прывезьлі камень і паставілі ў цэнтры горада насупраць Леніна – помнік называўся «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі».

«Ніякай гвалтоўнай беларусізацыі ў пачатку 90-х не было»

Між іншым, вось кажуць некаторыя пра нібыта «гвалтоўную беларусізацыю» у пачатку 90-х. Нічога падобнага, ніякай «гвалтоўнай беларусізацыі» не было. У Маладэчне мы спакойна пачалі праводзіць выканкамы толькі на беларускай мове, пратаколы ўсе былі толькі на беларускай мове.

Генадзь Карпенка
Генадзь Карпенка

Карпенка сабраў чыноўнікаў выканкаму і вельмі проста патлумачыў: «Шаноўныя, ёсьць Канстытуцыя, ёсьць закон, беларуская мова – дзяржаўная. Мы павінны ёй карыстацца. Хто ня ведае мовы – арганізоўваем курсы, у працоўны час, бясплатна, вывучайце мову». І тыя, хто ня ведаў, вывучылі і перайшлі спакойна на беларускую мову. Наш выканкам быў адзіны ў Менскай вобласьці, які здаваў пратаколы ад пачатку да канца толькі на беларускай мове. Усё, паўтараю, адбылося вельмі проста: за паў гады мы перавялі выканкам на беларускую мову. І ніякага гвалту не было.

«У Маладэчне стварылі 10 000 працоўных месцаў»

Перайменаваньне вуліц у Маладэчне, пра якое часта ўзгадваюць – гэта толькі маленькая частка зробленага. Пачаў Карпенка з эканомікі. Калі разваліўся СССР, у Маладэчне было пяць заводаў так званага саюзнага падпарадкаваньня, і ўсе гэтыя заводы спыніліся. 10 000 працоўных апынуліся на вуліцы. І трэба было вырашаць гэтую праблему. І што зрабіў Карпенка? Правёў сумеснае паседжаньне выканкаму і гарсавету, прынялі рашэньне правесьці хуткае афармленьне рэгістрацыі малых і сярэдніх прадпрыемстваў, стварэньне працоўных месцаў за кошт стварэньня малога бізнэсу. На год вызвалілі ўсіх, хто пайшоў у малы і сярэдні бізнэс, ад мясцовых падаткаў. Далі вялікія ільготы. Ніякай карупцыі не было.

Маладэчна
Маладэчна

Да нас пацягнуліся нават зь Менску, такія як «Дайнова», «Сантас», «Рамас», буйны бізнэс пачаў рэгістравацца ў Маладэчне. І што атрымалася ў выніку? Мы стварылі тысячу малых прадпрыемстваў і 10 000 працоўных месцаў. І праз год гэты мала і сярэдні бізнэс перакрыў у тры разы даходную частку бюджэту горада. А тады было так, што пры перавыкананьні бюджэту сродкі заставаліся ў распараджэньні гарадзкіх уладаў. І ў нас былі грошы з запасе. Было цяжка з жыльлём для мэдыкаў і пэдагогаў – ім пабудавалі дзевяціпавярховы дом. Асобны дом пабудавалі для вэтэранаў вайны. Заасфальтавалі вуліцы, пабудавалі стадыён. Шмат грошай было ўкладзена ў культурныя і спартовыя мерапрыемствы. Многія памятаюць тэатральны фэстываль «Маладэчанская сакавіца», фэстываль беларускай песьні і паэзіі, які быў фактычна супрацьвагай віцебскаму прарасейскаму «Славянскаму базару».

«Маладэчна восем дзён пратрымаўся пад бел-чырвона-белым сьцягам»

Дарэчы, апошні горад, які трымаўся восем дзён пад бел-чырвона-белым сьцягам пасьля рэфэрэндуму 1995 – быў Маладэчна. Уначы вешаем сьцяг – у абед здымаюць, вешаюць чырвона-зялёны, зноў вешаем бел-чырвона-белы. Усе гарады Беларусі ўжо пад зялёна-чырвонымі сьцягамі была, а мы – пад бел-чырвона-белым стаялі. І гэта – дух Карпенкі! Мэр, які ў той час ужо быў, пасьля Карпенкі, нават загадаў газазваркай зрэзаць пажарную лесьвіцу, каб нельга было залезьці на дах і павесіць бел-чырвона-белы сьцяг.

«Альянс Пазьняка і Карпенкі быў бы магутным тандэмам»

На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 (іх толькі адносна можна назваць свабоднымі, таму што на іх, я перакананы, быў расейскі сцэнар) Карпенка, канешне, крыху быў не гатовы з камандай, але фігурай быў моцнай і ён пайшоў на гэтыя выбары, на збор подпісаў. Мы сабралі больш за патрэбныя 100 000 подпісаў, але іх проста падрэзалі – ад 116 тысяч зрэзалі да 98 тысячаў, і Карпенку не прапусьцілі. Плюс, Карпенка сабраў неабходныя 70 подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета, але Шушкевіч даў каманду сваім дэпутатам, сацыял-дэмакратам, адклікаць свае галасы, хаця гэта законам не прадугледжана (Шушкевіч абвяргае, што меў дачыненьне да адкліканьня галасоў – рэд.). Такім чынам, Карпенка ня быў зарэгістраваны.

​Фактычна, на тых выбарах два моцных прэтэндэнта ішло – Пазьняк і Карпенка. І яны паміж сабой у нейкім сэнсе канкурэнтамі былі, да пэўнага моманту. А мы лічылі, што трэба даваць шлях і аднаму, і другому. І таму наша каманда (я ўзначальваў штаб) зьбірала подпісы за Карпенку, але і дапамагалі Пазьняку па Маладэчне. Карпенка на гэта крыху балюча адрэагаваў, таму што, зразумела, канкурэнтная барацьба. Але калі Карпенку зьнялі з выбараў, ён мяне выклікаў і сказаў: усю каманду, усе сілы, усе намаганьні – на падтрымку Пазьняка! І мы падтрымалі, працавалі натхнёна і моцна. У выніку, у Маладэчне Пазьняк выйшаў на першую пазыцыю (такое было яшчэ ў яго на радзіме ў Іўе і ў Смаргоні). Пазьняк атрымаў у два разы болей галасоў, чым Кебіч, і ў тры разы болей, чым Лукашэнка.

Каля мікрафона № 2 дэпутат Генадзь Карпенка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як Карпенку выключылі з барацьбы

Тут ужо Карпенка ня быў канкурэнтам у барацьбе і падтрымліваў Пазьняка. Я і яму сам казаў – «Генадзь, акрамя Пазьняка, няма нікога, з кім бы ты мог нейкі тандэм ствараць».

Ці быў магчымы альянс Пазьняка і Карпенкі страчаным шанцам для Беларусі? Напэўна, так. Але тут нічога ня зробіш, бо сьвядомасьць грамадзян не была гатовая ісьці наперад, і будаваць нешта новае. Лягчэй і прасьцей было вярнуцца ў старыя часы, дзе каўбаса 2.20 і гарэлка 2.87, і ніякай галаўной болі, дзяржава дасьць заробак, дзяржава дасьць пэнсію. Вось і атрымалі.

Пазьняк і Карпенка – як карані і крона

Безумоўна, гэта быў бы мацнейшы тандэм і карысны для Беларусі, таму што Карпенка быў практык – ён з нуля ставіў завод, ён быў мэрам горада, 100-тысячнага, і гэты горад «загучаў». Карпенка быў доктарам навук і членам-карэспандэнтам АН, у спорце – судзьдзём рэспубліканскай катэгорыі па футболе, меў добрыя адносіны з інтэлігенцыяй творчай і навуковай. Пазьняк – гэта моцная фігура беларускага Адраджэньня. Гэта духоўнае напаўненьне, вяртаньне да мовы, да гісторыі, да культуры, да сваіх каранёў. Карпенка – матэрыяльнае пераўтварэньне. Пазьняк і Карпенка – як карані і крона.

Што зробіш – гісторыю не перапішаш і не пераробіш. Але ёсьць над чым задумацца, і ёсьць нагода падумаць, што трэба працягваць рабіць тое, што яны пачыналі, але што ім не дазволілі давесьці да канца. Пазьняк і Карпенка бачылі пэрспэктыву Беларусі – а народ вырашыў, што не, будзем блукаць, па багне хадзіць. І зараз жывем па прынцыпе «дзень прастаяць ды ноч пратрымацца».

«Подпісы за імпічмэнт Лукашэнкі сабралі ў пяці экзэмплярах»

Увосень 1996, калі Карпенка быў намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, была распачатая працэдура імпічмэнту Лукашэнкі. Патрабавалася сабраць дэпутацкія подпісы, і Карпенка ўзяўся за гэтую справу Належная колькасьць подпісаў (больш за 70) была сабраная. Прычым, у пяці экзэмплярах. Адзін зь іх Карпенка аддаў мне – «Калі ніводзін з іншых чатырох не патрапіць у Канстытуцыйны Суд, ты хоць жыцьцём, хоць сьмерцю павінен даставіць іх у Канстытуцыйны Суд». Яны, дарэчы, у мяне захаваліся, гэта гістарычны рарытэт. Там ёсьць і подпіс Навасяда, і іншых, якія потым пад ціскам адклікалі свае подпісы. Карпенка ўсё зрабіў, што было трэба.

А правал імпічмэнту адбыўся, бо спачатку зашантажавалі Ціхіню, а потым зламалі Шарэцкага. Ціхіня, Сілязьнёў, Строеў і Чарнамырдзін з Лукашэнкам «закатавалі» да 5 гадзінаў раніцы Шарэцкага. І Шарэцкі пайшоў на гэтую змову. І калі Карпенка даведаўся, што Шарэцкі падпісаў пагадненьне з Лукашэнкам, ён сказаў – «Усё, гэта канец». Шарэцкі не ўсьведамляў, што ніякіх дамоўленасьцяў Лукашэнка ня будзе выконваць. Прычына была ў тым, што такая выпадковая асоба, як Шарэцкі, стаў дэпутатам і тым больш старшынём Вярхоўнага Савета.

«Лічу, што ціск у 300 і інсульт былі справакаваныя»

Скажу гэтак пра сьмерць Карпенкі. Прычынай сьмерці быў інсульт. Але прычыны інсульту да гэтага часу ніхто ня ўскрыў, ніхто ня вызначыў. Тое, што інсульт быў невыпадковы, у мяне няма сумневу. 30 сакавіка разам зь ягоным родным братам Аляксандрам мы ўтрох сустракаліся, Карпенка быў у добрым стане здароўя, выгляд меў бадзёры, ніякай напругі.

Генадзь Карпенка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мог стаць найлепшым прэзыдэнтам Беларусі, але раптоўна памёр

Тады, у 1999 годзе, ён не ўвязаўся ў альтэрнатыўную выбарчую кампанію, хаця ў мяне была думка, што яму б варта было ўвязацца, але ён сказаў – «Не, Валера, гэта правакацыя, мы ня будзем удзельнічаць у правакацыі Ганчара з гэтымі «выбарамі», мы будзем рыхтавацца да выбараў 2001 года». Словам, нармальна ён выглядаў, ніякіх пытаньняў. А потым, пасьля абеду, у яго была сустрэча, пра якую я, дарэчы, ня ведаў. І тыя людзі, якія там знаходзіліся, тры чалавекі… Там ёсьць шмат пытаньняў, але зараз пра гэта сэнсу няма размаўляць, бо ні пракуратура, ні сьледзтва гэтым займацца ня будуць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генадзь Карпенка

Магу сказаць, што такога ціску ў Карпенкі – 300 – ніколі ў жыцьці не было. У яго і 200 не было. 160, 180 – часам падымалася. А тут раптам – стукнула 300, і шматлікія парывы гэтых сасудаў. Я лічу, што гэта было справакавана. Карпенку адразу адвезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі, і суткі ён ляжаў там без дапамогі! Гэта мяне насьцярожвае. Бо ёсьць рэчывы, якім трэба 24 гадзіны, каб яны расклаліся ды зьніклі з арганізму, і потым іх немагчыма выявіць аналізам. Яму не адразу пачалі аказваць дапамогу ў 9-м шпіталі, а суткі вытрымалі ў шпіталі хуткай дапамогі – без дапамогі. І яшчэ. З жанчынай, журналісткай, зь якой сустракаўся Карпенка, ён пазнаёміўся выпадкова, гэта была другая сустрэча, а потым ад яе – ніякіх артыкулаў, інтэрвію. Яна апошняя бачыла ў нармальным стане Карпенку. Інсульт ня быў натуральным, гэта было справакавана. Усё гэта можна даказаць, але не пры гэтых уладах, не цяпер.

Магіла Генадзя Карпенкі.
Магіла Генадзя Карпенкі.

І яшчэ. У Эўропе зьбіраліся кіраўнікі дзяржаў і міністры замежных спраў, і ад Беларусі замест Лукашэнкі запрасілі Карпенку, а таксама і Латыпава, які быў міністрам замежных спраў. Таму тут ёсьць пытаньні. Але як і гвалтоўныя зьнікненьні Захаранкі, Гагчара, Красоўскага, Завадскага, ды й Анатоля Майсені – ніхто не расьследаваў, усё замоўчваецца і прыхоўваецца.



Categories: Асобы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: