Этнацыд беларусаў: Уладзімер Мацкевіч: «Сёньня трэба, каб лідэры думкі, у тым ліку Алексіевіч, самі выходзілі на Плошчу»

Радыё Свабода

5 красавіка 2019


Уладзімер Мацкевіч, красавік 2017
Уладзімер Мацкевіч, красавік 2017

Госьць «Інтэрвію тыдня» — мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч. Ён разважае, як падзеі ў Курапатах зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі, тлумачыць, як улады імкнуцца дасягнуць поўнай пасіўнасьці і абыякавасьці грамадзтва, і паказвае, як грамадзтва можа гэтаму супрацьстаяць.​

Гэта можна лічыць выпрабаваньнем цярпімасьці, абыякавасьці беларусаў

— Зруйнаваньне крыжоў у Курапатах выклікае ў многіх людзей найперш эмацыйную рэакцыю. Але відавочна, што ўлада, ідучы на такі крок, мела перад сабой даволі практычныя, палітычныя мэты. На вашую думку, чаго дабівалася ўлада, робячы разгром у Курапатах?

— Заўсёды вельмі цяжка ўлазіць у сьвядомасьць тых, хто робіць рэчы, якія з любога гледзішча падаюцца недарэчнымі. Бо такімі дзеяньнямі ўлады, падаецца, наступілі на інтарэсы праваслаўнай, каталіцкай царквы, усіх людзей, якія гэтымі гадамі ўшаноўвалі і ўладкоўвалі Курапаты.

Нават тых людзей, якія асабліва не цікавіліся такой тэматыкай, абурылі і абудзілі гэтыя дзеяньні напярэдадні Вялікадня. Тым болей што гэтыя крыжы нікому не заміналі. Таму, напэўна, гэта можна лічыць выпрабаваньнем цярпімасьці, абыякавасьці беларусаў. Наколькі яны, абураючыся кожны паасобку, здольныя ці няздольныя аб’яднацца і рашуча адказаць на гэты вандалізм, дзеяньне, якое не падлягае ніякай маральнай ацэнцы.

Адбываецца дыскрэдытацыя праяваў любога свабоднага мысьленьня і дзеяньня. Бо ўсё гэта залічваецца ў «палітыку»

— Калі вяртацца да палітычнага аспэкту, то варта нагадаць, што мы маем перадвыбарчы год. Палітолягі лічаць, што як мінімум ад восені Аляксандар Лукашэнка дэ-факта праводзіць выбарчую кампанію. І зразумела, што рашэньне пра акцыю ў Курапатах было прынята на самым версе. Можа, улада хоча задаць пэўны тон і атмасфэру выбарчай кампаніі?

— Так, я і сам у сваіх камэнтарах казаў, што гэта зьвязана з выбарчай кампаніяй. Але ж я разглядаю гэта троху ў іншым аспэкце. На сёньня відавочна, што гэтая кампанія будзе вельмі вялай. Няма ніякага інтарэсу ў людзей да гэтай кампаніі, і таму магчыма, што людзі проста праігнаруюць гэтыя выбары. І на гэтым фоне нейкае абвастрэньне, нават узбуджэньне нэгатыўнага стаўленьня да ўладаў можа выклікаць інтарэс да гэтых выбараў. І людзі пацягнуцца, нават з пратэставымі мэтамі.

Думаю, што разьлік можа быць зроблены менавіта на гэта — хоць нейкім чынам выклікаць інтарэс. Таксама гэта можа быць зьвязана з так званымі «інтэграцыйнымі» захадамі з боку Расеі, якая імкнецца ўплываць на беларускі рэжым і можа нават высоўваць пэўны ўльтыматум.

Уладзімер Мацкевіч, здымак 2016 году
Уладзімер Мацкевіч, здымак 2016 году

— Звычайна, калі ўлада робіць нешта абуральнае для той часткі грамадзтва, якую мы называем палітычна актыўнай, нацыянальна сьвядомай, грамадзянскай супольнасьці, — то ўлада разумее, што колькасна гэтая частка даволі невялікая, і іхняе меркаваньне і абурэньне ў Фэйсбуках можна праігнараваць. Ці можна сказаць, што ў Курапатах улада пралічылася, у тым сэнсе, што яе дзеяньні могуць выклікаць хаця б кухоннае, але абурэньне больш шырокага кола беларусаў?

Старшыня КДБ Беларусі Валер Вакульчык
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Старшыня КДБ Вакульчык расказаў, як грамадзянская супольнасьць і СМІ ціснуць на судзьдзяў

​— Калі разважаць абстрактна, то гэта так і выглядае. Бо руйнаваньне крыжоў, здаецца, ня можа пакінуць абыякавымі вернікаў самых розных канфэсіяў. Але ж практыка паказвае, што можа! Бо вернікі, якія цураюцца «палітыкі», могуць сказаць — «гэта „несапраўдныя“ крыжы, гэта палітычныя сымбалі, і таму ўладзе гэта дазволена».

Адбываецца дыскрэдытацыя праяваў любога свабоднага мысьленьня і дзеяньня. Бо ўсё гэта залічваецца ў «палітыку». А ўсё, што робяць улады, — гэта нібыта «па-за палітыкай», гэта «навядзеньне парадку». І такія галасы ўжо чуваць.

Людзі, далёкія ад палітыкі, абураюцца гэтымі дзеяньнямі ўладаў — але абураюцца ціха, ня думаючы актыўна адказаць на іх. Таксама і царква. На малітве 4 красавіка было літаральна некалькі праваслаўных і каталіцкіх сьвятароў, астатнія засталіся абыякавымі.

І гэта трэба ўлічваць. Улады гэта робяць. І мы павінны лічыцца з рэчаіснасьцю, а не выдаваць свае фантазіі за веды.

Сяргей Лепін, архіўнае фота
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Д’яблы вельмі баяцца знаку Сьвятога Крыжа», — прэсавы сакратар БПЦ Сяргей Лепін

Менавіта дасягненьне поўнай пасіўнасьці і абыякавасьці грамадзтва — гэта мэта ўладаў

— Сярод шматлікіх рэакцыяў, якія можна назіраць у сацыяльных сетках, нярэдка можна сустрэць і такое: «Ад нас нічога не залежыць, мы нічога ня зробім, нічога ня зьменіцца, ад гэтага хочацца зьехаць у эміграцыю» і гэтак далей. Можа, такая рэакцыя і ёсьць мэтай дзеяньняў уладаў — каб насадзіць адчуваньне бездапаможнасьці і бессэнсоўнасьці пратэсту?

— Думаю, так. І пра гэта філёзафы, аналітыкі, разумныя людзі кажуць досыць даўно. Менавіта дасягненьне пасіўнасьці грамадзтва — гэта мэта ўладаў. Гэта мэта тых паліттэхналёгіяў трэцяга пакаленьня і той працы са сьвядомасьцю, якую праводзіць беларускі рэжым.

Я заўсёды кажу, што беларускі рэжым — гэта першая дыктатура 21-га стагодзьдзя. Ён выкарыстоўвае (не заўсёды ўсьведамляючы гэта) самыя апошнія дасягненьні грамадзкай, сацыялягічнай, антрапалягічнай думкі. Рыхтуючы сабе нязьменнасьць рэжыму на доўгія гады, ідэолягі разумеюць, што гэта магчыма толькі пры дасягненьні поўнай абыякавасьці і пасіўнасьці народу.

Усёмагутнасьць улады — гэта ня жорсткасьць паліцэйскага рэжыму. Дастаткова нават таго, што ёсьць на сёньня — калі людзі ня здольныя аб’яднацца. Гэта зьява, якая, можа, і ня мае пакуль навуковага вызначэньня. Магчыма, самая блізкая назва — «стакгольмскі сындром».

То бок — калі прычыны таго кепскага, што адбываецца, сьпісваюцца не на тых, хто робіць зло, а на ахвяраў. Маўляў, вінаватыя тыя, хто без дазволу ставіў крыжы, тыя, хто не пайшоў на перамовы з рэстаранам, тыя, хто працягвае курапацкую варту. І вось гэтае насаджэньне такіх установак у сьвядомасьць — і ёсьць кансэрвацыя гэтага рэжыму. Да таго часу, пакуль мы ня будзем кемлівымі і гуманітарна адукаванымі ў гэтай галіне — мы ня будзем разумець, чаго дамагаецца гэтая ўлада такімі, на першы погляд, бязглуздымі дзеяньнямі.

— Якой канкрэтна, на вашую думку, павінна быць рэакцыя незалежнага грамадзтва на курапацкія падзеі? Як можа выглядаць тое самае аб’яднаньне, да якога вы заклікаеце?

— Тут вельмі істотны парадак дзеяньняў. Першае, што патрэбна, — каб лідэры грамадзянскай думкі (знакамітыя пісьменьнікі, навукоўцы, спартоўцы) адразу адрэагавалі сваёй агульнай заявай. Калі рэакцыі ўладаў ня будзе — трэба, каб яны зьвярнуліся да сваіх прыхільнікаў, да тых, хто лічыць іх аўтарытэтам, па грамадзкую падтрымку свайго патрабаваньня.

Калі і на гэта ўлада не рэагуе — трэба, каб гэтыя лідэры самі выйшлі на Плошчу. Хай сабе ў колькасьці 100–200 чалавек. За імі пацягнуцца іншыя.

А сёньня што атрымліваецца? Сёньня на Плошчу заклікае Статкевіч, зь вялізарным адмоўным рэйтынгам. Вядомыя рэсурсы, якія ён можа задзейнічаць, — яны не вялікія.

Мы ўсе выказалі сваю думку, але сярод нас няма нейкай еднасьці, каб рабіць усё супольна. Таму ўлады глядзяць — ну, абурылася Сьвятлана Алексіевіч, але яна будзе сядзець у сваёй кватэры і абурацца адтуль, у інтэрвію Радыё Свабода.

Сьвятлана Алексіевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьвятлана Алексіевіч: Цяпер за ўсім стаіць цень Зяленскага

Але ж яны самі ня выйдуць на плошчу. А трэба, каб яны, лідэры думкі, самі выйшлі на Плошчу, сваім прыкладам узначалілі гэта ўсё.



Categories: Мараль

Пакінуць каментар