На гэтым тыдні адбылася ўнікальная знаходка — выяўлена надмагільная пліта аднаго з самых загадкавых, яркіх і творча-нечаканых беларускіх пісьменьнікаў Яна Баршчэўскага.

Ва Ўкраіне знайшлі надмагільную пліту беларускага пісьменьніка Яна Баршчэўскага. ФОТА
Ягоныя творы натхнялі Янку Купалу і Якуба Коласа, Уладзімера Дубоўку і Ўладзімера Караткевіча. Паводле ягонага «Шляхціца Завальні» рэжысэры здымалі і рабілі арыгінальныя экспэрымэнтальныя пастаноўкі. Свабода сабрала цікавыя факты пра гэтага незвычайнага творцу.
1. Яго натхнялі на стварэньне арыгінальных фантастычных гісторый Гогаль і Шаўчэнка
Калі Ян Баршчэўскі жыў у Пецярбургу, то сустракаўся з Тарасам Шаўчэнкам, даваў чытаць свае творы, напісаныя ў стылі клясыцызму.
Кабзар крытыкаваў падобную творчасьць і раіў зьвярнуць увагу на багаты беларускі фальклёр, натхняцца менавіта ім.
Акрамя таго, Ян Баршчэўскі быў вялікім прыхільнікам фантасмагарычнай прозы раньняга Мікалая Гогаля, а таму вырашыў аб’яднаць сваё захапленьне беларускімі паданьнямі зь містычнасьцю аўтара «Вія». Але, у адрозьненьне ад Гогаля, у Баршчэўскага было меней гумару, а болей сурʼёзных разваг пра лёс роднага краю, пра тое, як яго акупавалі розныя дʼяблы і шатаны.
2. У артыста Аўсяньнікава пачалося другое творчае жыцьцё дзякуючы Баршчэўскаму
На пачатку 2000-х гадоў рэжысэр Уладзімер Савіцкі паставіў на Малой сцэне Купалаўскага тэатру «Беларусь у фантастычных апавяданьнях» Яна Баршчэўскага. Савіцкі вырашыў зрабіць монаспэктакль і запрасіў у яго Генадзя Аўсяньнікава. На той час новых яркіх галоўных творча-нечаканых роляў у артыста не было. Але ён не адразу згадзіўся. Аўсяньнікаў не іграў монаспэктаклі і вельмі хваляваўся; ня верыў, што атрымаецца. Тым ня менш рэжысэр здолеў яго ўгаварыць.
Публіка ўбачыла новага Аўсяньнікава, які зь лёгкасьцю пераўвасабляўся і ў галоўнага героя, шляхціца Завальню, і ў інфэрнальную Белую сароку, і ў іншых шатаноў. Артыст чарговы раз даказаў, што можа іграць ня толькі гумарыстычна-сялянскіх тыпаў, але і ствараць складаныя, незвычайныя вобразы. Спэктакль быў адным з самых папулярных на той час у Купалаўскім тэатры.
3. Баршчэўскі — адзін з улюбёных пісьменьнікаў сёньняшніх старшаклясьнікаў
Па словах выкладчыкаў беларускай літаратуры, калі праходзяць творы Яна Баршчэўскага з вучнямі старшых клясаў (8-9-ыя), то вочы ў іх загараюцца. Містычныя гісторыі пра тое, як слабыя людзі прадаюць душы дʼяблу і тое, якія іх за гэта чакаюць пакуты, аказаліся вельмі блізкія і цікавыя падлеткам. Асабліва ім падабаецца, што фантастыка ў Баршчэўскага цесна зьнітаваная з рэальнасьцю і што сытуацыі, у якія трапляюць пэрсанажы (адсутнасьць каханьня, непаразуменьні зь блізкімі, мара багата жыць), вельмі блізкія падлеткам. Некаторыя са школьнікаў нават пачалі пісаць свае аправяданьні ў стылі «Шляхціца Завальні».
4. Адчуваў сябе вінаватым, калі ў сваіх лістах ня мог нічога вясёлага напісаць сваёй каханай
«Правініўся, ня выканаў волю Пані, не напісаў ёй нічога вясёлага, а толькі тое, што ня раз было паўторана вусна, што ня раз выклікала сьлёзы ў мяне на вачах і пра што мне забаронена гаварыць. Мая Пані, нічога мне цяпер жартоўнага, нічога вясёлага не прыходзіць у галаву…»
5. Наракаў на свайго кватэрнага гаспадара, які краў у яго творчую адзіноту
«О, як я задаволены, калі знайду час, каб пабыць аднаму ды, будучы вольным ад маіх абавязкаў, заняцца кніжкаю альбо пяром. /…/ Мой гаспадар — немец руплівы, добры лекар, маючы вялікія прэтэнзіі да філязофіі, узброіўшыся аргумэнтамі, вечарамі нападае на мяне і часта вольны час, што такі рэдкі ў мяне, гвалтам выдзірае».
6. Ягоныя ўлюбёныя часопісы былі прыродазнаўчыя
«…Гэтыя часопісы мне падабаюцца больш, чым якія іншыя, што выходзяць у сталіцы [Пецярбургу. — В. Дэ Эм]. Зьмешчаны тут расьліны самыя звычайныя; яны, пэўна, растуць і на руднянскіх палях. Іхныя малюнкі вельмі натуральныя, з апісаньнем, дзеля чаго кожная кветка можа быць ужыта ды якая карысьць ад яе…»
7. Быў вялікім прыхільнікам паэзіі Адама Міцкевіча
«Дасылаю… адзін асобнік „Пецярбургскага альманаха“, выдадзенага ксяндзамі-піярамі. Шмат у ім добрых вершаў, але мне найбольш падабаецца Міцкевіча „Роздум у восеньскую ноч“. Тут відаць, наколькі паэтычнымі здольнасьцямі ён перасягнуў іншых».
8. Любіў чытаць на прыродзе грэцкіх паэтаў у арыгінале
«…У вольныя ад працы дні, ці то дзеля адпачынку, ці то дзеля баўленьня часу, калі сонца схіліцца да вечара, я бяру з сабою якога-небудзь грэцкага паэта і накіроўваюся за горад. Прыемная самота з кніжкай! Прыемна таксама, перапыніўшы чытаньне, акунуцца ў роздум…»
9. Наракаў, што жыхары Пецярбургу бязглузда марнуюць час
«Цяперашнія доўгія восеньскія вечары праводзяцца за вістам альбо пры жартах з тэатральных вадэвіляў ці пры апавяданьні сьмешных показак, якімі поўняцца літаратурныя газэты. Тут нікому ня прыйдзе ў галаву, што час дарагі. Кожны прыдумляе спосабы, як хутчэй пражыць дзень, не разумеючы таго, што дзень мінулы ня вернецца… Вось густ публікі! Вось агульная асьвечанасьць сталіцы!»
10. У горадзе яго засмучала жалезная агароджа ў садзе
«…Тут, у сталічным горадзе, травень ад кастрычніка адрозьніваецца толькі тэмпэратураю паветра ды яркасьцю сонца; крык і гоман люду аднолькавы ў любую пару году; грукат экіпажаў не сьціхае ні ўдзень, ні ўночы. Рэдка дзе ўбачыш дрэвы, ды і тыя ў аточаным жалезнымі кратамі садзе. Тут жалезная агароджа скоўвае думкі і размовы людзкія, празь яе гаворка халодная, ляканічная і часта перапыняецца доўгім маўчаньнем…»
11. Не любіў гуляць у карты
«…Усеагульныя і самыя прыемныя забавы тут — віст і бастон. Што да мяне, непрыяцеля картаў, дык ня маю ахвоты нават і глядзець на такія забавы…»
12. Сьвяткаваньне Новага году выклікалі ў яго сумныя думкі
«Калі стары год заканчваецца, а новы пачынаецца, людзі танцуюць, радуюцца, нібыта да іх зь неба прыляцеў анёл. Я ж, наадварот, паглыбляўся ў змрочныя думкі… заўсёды будзе панаваць тут глухая, халодная і невыносная зіма…»
13. Пры выхадзе ягонага часопіса «Незабудка» засмучаўся працай наборшчыкаў і карэктараў-немцаў
«…Наборшчыкі-немцы ня ведаюць аніводнага слова па-польску, дык ад гэтага шмат памылак… А ў асобных канцавых творах прапушчаныя радкі. Гэта прыкрая памылка, ды што рабіць: віна карэктара…»
14. Найбольш любіў у Пецярбургу змрочныя ветраныя дні, якія абуджалі ў ім фантазіі пра дэманаў і шатаноў
«Цяпер у Пецярбургу сама той час, які найбольш мне падабаецца: дні цёмныя, вятры выюць каля муроў, хвалі вырываюцца з каналаў, гарматы страляюць, палохаючы гараджан, а я, седзячы за столікам у чатырох сьценах, мрою пра здані, чараўніц і шатаноў. Словам, каб хто зазірнуў у маю галаву, дык убачыў там страшэнныя жахі».
15. Ягоны выгляд і артыстычная натура захаплялі ксяндзоў
Ксёндз Ігнат Главіньскі пісаў: «Ягоны твар, загарэлы, не кабінэтны, гаворыць, што гэта — чалавек дзеяньня, не спэкуляцыі… Беларусь ён ведае дасканала, бо разоў трыццаць абышоў усю яе пешшу … усюды ён там жаданы, усюды яго міла прымаюць, бо як бард таго краю апавядае няспынна — показкі, аповесьці сыпле, як з рукава. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданьняў, амаль нічога свайго не дадае, а ўсё — ягоная ўласнасьць… Словам, вялікі скарб атрымае наша літаратура…»
16. Многіх крытыкаў-палякаў раздражнялі ягоныя гісторыі пра шляхціца Завальню
Паводле дасьледчыка Міколы Хаўстовіча, «ідэйная канцэпцыя кнігі Яна Баршчэўскага ўжо тады выклікала пэўнае непрыняцьце асобнымі па-прапольску настроенымі публіцыстамі. Напрыклад, Вінцэнт Пракаповіч рашуча запярэчыў аўтару:
«Баршчэўскі… частуе нас апавяданьнямі, якія маюць выразна іншы характар, чым народны. Гэта яго ўласныя творы, што зьяўляецца перш-наперш сьвятатацтвам, бо народныя паданьні — нешта сьвятое, пакінутае нам мінуўшчынаю, а яны, паўтару, — непрыемная неспадзяванка чытачу, якога адштурхоўвае ад іх адсутнасьць мастацкасьці…»
17. Пасьля сьмерці ягонае імя на нейкі час было забыта
«Пасьля сьмерці паэта доўгі час ягонае імя амаль ня згадваецца ў літаратуразнаўчых працах, а ягоная літаратурная спадчына не перавыдаецца. І толькі ў другім дзесяцігодзьдзі ХХ стагодзьдзя Рамуальд Зямкевіч надрукаваў беларускамоўныя вершы Я. Баршчэўскага…
Празь некалькі год Янка Станкевіч ды Язэп Лёсік пераклалі і выдалі шэраг аповесьцяў з „Шляхціца Завальні“, Максім Гарэцкі і Ўладзіслаў Дзяржынскі ўключалі творы Я. Баршчэўскага ў свае хрэстаматыі».
18. У сваёй працы імкнуўся да аўтэнтычнасьці і ніколі не займаўся перайманьнем замежных формаў
«Я не пераймаю формаў, якія любілі пісьменьнікі ангельскія, нямецкія або францускія: лічу, што чужаземнае ня будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самой прыроды. Сірата штодзённа наракае на сваю нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трываць на гэтым сьвеце, і яго скаргі на працягу ўсяго жыцьця зьліваюцца ў адну аповесьць, хоць ён і ня думаў сёньня пра тое, што будзе апавядаць заўтра».
19. Непрыхільна ставіўся да сучаснай яму крытыкі
«…На зямлі, пакрытай безьліччу расьлін і жывёлаў, я чытаў аб міласэрнасьці і волі Творцы. Гэтая кніга прыроды вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуцьцям лепей, чым сёньняшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцьці і розныя здольнасьці, дадзеныя чалавеку ад Бога, хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру».
20. Дасьледчыкі творчасьці Яна Баршчэўскага ня ведаюць дакладна даты ягонага нараджэньня
Паводле Міколы Хаўстовіча: «Нягледзячы на шматлікія намаганьні дасьледчыкаў, год нараджэньня Яна Баршчэўскага з поўнай дакладнасьцю высьветліць пакуль што не ўдалося. Адны зь іх называюць 1790-ы, другія — 1794-ы, трэція — 1796-ы і 1797-ы гады. Аўтар гэтых радкоў на падставе знойдзеных дакумэнтаў падаў у друку яшчэ адну дату — 16 сьнежня 1799 году. Але, як пераканаўча давёў Генадзь Кісялёў, гаворка ў тых дакумэнтах ішла пра іншага Яна Баршчэўскага… Такім чынам, пытаньне пра год нараджэньня пісьменьніка застаецца адкрытым».
На знойдзенай ва Ўкраіне надмагільнай пліце напісана, што Баршчэўскі жыў 70 гадоў, а памёр у 1851 годзе. Такім чынам, зьявіўся яшчэ адзін магчымы варыянт году нараджэньня — 1781-ы.
Categories: Асьвета, Літаратура
Пакінуць адказ