Паэзія: Вершы Сяргея Панізьніка. Часопіс “Культура. Нацыя”, красавік 2019, №23, с. 57-69.

logo for chasopis

 

 

ANAMNESIS VITAE

(Пасля прачытання кнігі Алеся Адамовіча “Vixi” –“Пражыта”)

Перакуліцца дзень, пойдзе стоць галавою —
шарай рошчынай стане ў заснежжы грудоў…
Адчуваю, што так можа быць і са мною,
хоць я кінуцца ўслед свайму дню не гатоў.

Бачыў чорны тунель, дзе круціла і гнула:
толькі сілаю волі спыніцца я мог…
Але колькі ўжо струнаў навекі паснула,–
і трымае мяне толькі праведны Бог.

Хай жа доўжыцца дзень. На лагоныя хвілі
буду траціць я справы і помыслы ўсе,–
каб і з тымі людзьмі, што мяне не ўзлюбілі,
мог сугучна служыць першароднай красе.

Перакуліцца дзень. І за крок да сутоння
развітаюся стогнам  апошняй струны…
А складаю свой верш вось цяпер, яшчэ сёння,–
каб жыццё святкаваць ад вясны да вясны.
——————————————————-
Anamnesis vitae – прыпамінак жыцця (лац.)

1994, 2019

 

 

 

А ДЗЕ ЗВАНАР ДЗЯРЖАВЫ?

Кажу:–Ў папсу не лезь!
Цалуйся не з пачварай.
Ты ўвесь – туману ўзвесь:
нібы пад Ніягарай…
Твой фон – адна лухта,
экран нясе абразу…
Паэзіі бяда:
шлеш у дагоду фразу,
ліслівасці ўпрытык
ты крэмзаеш эпітэт…
Гляджу: стаіць індык,
саплёю апавіты.
Такі пявун – гулец.
Не Жрэц ён ля агнішча.
І твой “прадукт”, жылец,
наступнікі засвішчуць.
Чакай жа Суд за звіх
радкоў сваіх іржавых…
Брахунчык чуць прыціх.
А дзе Званар Дзяржавы?

Няма даты

 

ВЫЯВЫ ЯНА ГУШЧЫ

Мой суайчыннік, у пальшчызне знаны,

З душой быў збеларушчанай да дна:

Струменілася там Dzisna і Дзісна,

Шугала Lodz узнёсла-апантана.

Гранёны келіх церпкага віна

Зрасходаваны – кроплямі – на раны.

 

Складае крылы Век Перапалоху.

Выгнанцы, паязджанне, вам – куцця!

Успомніце з гасціннага жыцця

І тое Загасцінне на разлогу,

Дзе на гарышчы чулае дзіця

Мацеем Бурачком здалося Богу.

 

У чорных рамках – вобразы-выявы.

У светлых рамках Яна – Каляда,

Дзвіны непераводная вада

І краявіды: згусны і бялявы,

Дзе шлях з гасціны – збочыста-кулявы,

Шлях да ojczyzny – годная хада!

1997

————————————————–
Ян Гушча (12.12.1917 – 26.06.1986) – польскі пісьменнік, перакладчык, выдавец і прапагандыст беларускай літаратуры. Нарадзіўся ў фальварку Задвор”е каля Цвеціна, маленства прайшло ў Загасцінні на Дзісеншчыне (сучасны Мёрскі р-н).

 

І МЫ – РАДЗІМЫ КАЛАСЫ

Нясліся зыкі песень здольных…
…І радасць біла ў песнях вольных.
Якуб Колас “Новая зямля”

–Эх! Сухапутныя вы людзі!–
Казаў нам колас у арудзе.–
Свой ураджай вы  — у засек.
Калгасізацыя як здзек:
–Дзяліцца!—Прагне. – Зерне ў трум!

А продкі ладзілі свой рум:
–Работа – гнаць плыты – не тлум!

–О не! – узбантавала Клець.–
Узбагачацца трэба ўмець.
Чытайце “Новую зямлю”!
Паэт не ў труме, не ў арудзе
Трымаў Любоў, а нёс у людзі.

І ўзбагаціліся ў натхненні
Адроджаныя пакаленні.
Таму ад родненькай расы
І вы – Радзімы каласы!
10.03.2015
КЛЮЧ-ТАЯМНІЦА

“Адкрытаму архіву” тэледаследчыка Алеся Матафонава

Быў народ наш амаль ананімны: то Крывіч, то Ліцьвін, то Русін
ускладаў апраметныя гімны на маўчанне  магільных лазін.

Беларусу сінонімы: Нейкі, Апраметны, Няведама чый,
Безназоўны… Такім на павекі – камяні, галавешкі, карчы.

Ананімак шалёнае ткацтва ад Нацдэма пакінула шлак.
Мала –люду ў народ увабрацца, трэба з пырскаў сабрацца ў кулак.

Мы – схаваныя. У безнадзеі стог загадкава-цёмнай душы.
Ананімныя ёсць іудзеі? Анемічныя ёсць латышы?

На крутыя, бліскучыя німбы глянь, азнана-асмелены Зьніч!
Я пачую, як нашы Алімпы пераводзяць мычанне ва ўсхліпы,
безназоўнае  р э х а  – у Кліч.

Кліч “Адкрыйся, Сезам!” не ў архіве. Скача конь крывіча, а на грыве
беларусіцца кліч-таямніца… За чупрыну б вякоў учапіцца!
——————————————————————————–
Тэлеперадача “Адкрыты архіў” была распачатая ў 2004 г. рэжысёрам А. Матафонавым і гісторыкам В. Скалабанам. Яе называлі інтэлектуальнай вітрынай Беларускага тэлебачання.
20.02.2004

ПАД ШЧЫТОЎКУ !

Прапоўз па землях зрушны ледавік.
Прайшоў па крушнях рупны чалавек.
Града. Лагчыны з пацеркамі рэк.
Мур і курган. Алтар і Божы лік.
Быў замак на дзядзінцы – як замок
на браме незалежнага жытла.
Калі ж у вежах продкаў гул замоўк,–
паменела ў Наваградка святла.

У праслах сценаў – пустазельны здзек.
Упёрся ў сэрцы новы ледавік.
Наваградак іскрынкай з-пад павек
наноў гартае ўласны чарнавік.
Праходцы, творцы! Пад Штытоўку – ўсе! —
страсаць навіслы адзічэлы чмур.
І з россыпу паўстануць у красе
лік Божы і алтар, курган і мур.

—————————————————————————
Мураваная вежа Шчытоўка сыграла вялікую ролю ў абароне Наваградскага замку – як надзейны шчыт сярэдневечнага гораду.

Няма даты

 

АЙЧЫННАЕ ПОЛЕ

Ад імя кампазітара Зміцера Яўтуховіча

–Звініць ля парога вішнёвае голле.
Трапечыцца рэха ў струне баразны…
Заве і з Нью-Ёрка
бацькоўскае поле
мяне – у абдымкі вясны.

Гаркоты-самоты ўсё болей і болей.
Дзе мой мацярык, з калыханкаю дом?
Хачу прызямліцца,
бацькоўскае поле,
уткнуцца ў твой бераг крылом.

Жыву за мяжою Радзімы. Раздолле!
Ды ў цёплым гняздзечку няма салаўя.
Шырэй акіяна
бацькоўскае поле —
вяртальная песня мая.

—————————————————-
Зміцера называюць эстрадным кампазітарам, шоўмэнам, а 1990-е гады—эпохай Яўтуховіча. Ім створаны песні на словы Леаніда Пранчака, Уладзіміра Някляева, Алеся Бадака, Віктара  Шніпа. На мае словы Зміцер напісаў песні
“Эмігранты з Беларусі”, “Спадарыня Юля”,  прысвечаная маме Данчыка Юліі Андрусышын.

9.06.2004

 

СЛАІСТЫ ШЛЕМ АЛЕСЯ РЫБАКА

Люты… Сустрэчы позныя.
А чуюся я зухавата:
“Дарогі бываюць розныя”
і “Сёння прыедзе тата”…
Загінуў ён пад прыгнётам.
…“Калгасная праўда” – хісткая.
Саюз Баявых Патрыётаў
слязой Рыбака паблісквае.

Будзь, шлеманос, карэктарам
пасляграмнічнай жытухі:
вунь – Кругор”е для крэктаў,
Койданава – для аддухі.
Помні, што й мы – чачэрскія,
роздумныя, ды не чэрствыя…
Годаў, дзе слодыч і горыч,
знойдзеш, Алесь Пятровіч!

—————————————————-
Аляксандр Пятровіч Рыбак (7.11.1934 – 7.05.2017) – нарадзіўся ў Дзяржынскім р-не, дзе падчас вайны загінулі  яго бацькі. Пасля вучобы працаваў у газеце “Калгасная праўда” (1959—1962), карэктарам  дакументаў у Вярхоўным Савеце СССР (Масква, 1966—1972).  Выдадзены кнігі:  “Дарогі бываюць розныя” (1972), “Сёння прыедзе тата” (1976)…

Датай заснавання Койданава лічыцца 1146 год. Упаміналася  паселішча і пад назвай Крутагор”е. Ад 1932 г. – Дзяржынск.

Саюз Баявых Патрыётаў – так называў Алесь Саюз беларускіх пісьменнікаў.  У жніўні 1986 г. разам з Міхасём Башлаковым мы дапамагалі збіраць чарнобыльскі ўраджай наўкруг  Чачэрску.

16.08.2007 (Пасля Грамніцаў, пад Маладзік)

 

ВЫСЬ  НАЦЫІ — МОВА

О, “Тыдзень Роднай Мовы”
Айчыне як прычасце.
Мы Слоўнік адмысловы
не разарвем на часці.
Наш Мацярык спрадвечны
на Бацькаўшчыне відзен,
бо кожны тыдзень – свечны,
біблейны кожны тыдзень.
Так прамаўлялі продкі:
–Бяз  Мовы дзень кароткі!
–На тым хамут гуляе,
хто гонару не мае…
–Табе ня ў стыд, што дадзена,
а ў стыд, што з поля скрадзена…
Кліч рваў і небакрай:
–Для вольных толькі воля!
Усім багатым – рай!
х  х  х
А “Тыдню Роднай Мовы”
кліч “—На дабрыдзень!” – ловы:
салдаціку, міністру, таксісту, журналісту
і ўсім, хто зняў аковы,
чаўпню паклаў у сховы,–
р а д н ю с е н ь к і м і  быць
і нам, як альпіністам,
Высь Нацыі любіць !

 

А Я РЫФМУЮ…

Прадзецца нітка – яе прыдзецца

Сабой звязаць, каб не парваць.

Вякі сівеюць і не крыўдзяцца,

Што нам за стол іх не пазваць,

Не пахваліць іх тымі кніжкамі,

З якіх пратопаў наш народ…

А мы жыццё сваё кілішкамі

Сплаўляем часта прама  ў рот.
І не закусваючы блёсткамі,

Хістаючыся ад слаты

Праходзім продкавымі вёрстамі –

Стаць на парозе нематы.
Вунь колькі ніцяў абарвалася,

Вузлоў ад уніяў сабралася…

А я рыфмую: “Спадабалася!”,

Калі паслухаў горкі твор…

Ай!
“Загарэўся панаў двор.
Йдзіце, мальцы, гасіці,
Рэшатам ваду насіці.
А ў рэшаце вады нет,–
А ў мальчыкаў праўды нет.
Ой!

А ў кубачку вада ёсьць,–
А ў дзевачак праўда ёсць!
……………………………………………..
*З песні, запісанай  у 1968 г.ад Вольгі Грэцкай у м. Лявонпаль Мёрскага р-на Віцебскай вобл.

25.05.2013

СВЕТАЧ-ПОЛЫМЯ ДУШЫ

(…) І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч (…)

Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя (…)

Янка Купала “Спадчына”. 1918

Агледзіны.. І зноў пытаюся:
– А я за Спадчыну трымаюся?
Слугой Купалы ці з”яўляюся,
каб скарб душы яго не збрыў?
(Пазнаў жа сам Паэт абрыў…)

Таму дні, ночанькі глытаючы, –
хачу даведацца: каго
я высвечу з прытульнай далечы?
Свайго суседа, ці яго –

мільённалікага і сціплага,
каму адно імя – Народ?
О, чую, як гадзіннік цікае,
ў якога бесперапынны ход.

Не будзе на мяне з папрокамі
глядзець падрослае дзіця.
Я ведаю, якімі крокамі
мне весці лінію жыцця, –

каб увабраць святло Нязводнае,
быць светач-полымем, дыхнуць
на прываротнае, звыроднае –
з Купалам  р о д н а е  вярнуць,

і ўсё, што зрынута, што знішчана
беспамяцтва густым гальнём,
што пад скарэжанымі днішчамі
асушана счужэлым днём…
х  х  х
З Купалам быць– не жыць адключаным
ад родных нетраў, каранёў.
Мы пры стырне жыцця – уключыны,
натхненнем класіка далучаны

ад Вязынкі з іскрой раскручанай
аж да Скарынаўскіх агнёў.

1996; 12.08.2012; 2017

 

 

ПАЖАДА ЖЫВОЙ ВАДЫ

Просіць Ранак: – Я не кволы,
а ўсё ж дайце мне варголы!
Не да Скіпетра, да Кварты
кліча мяне дзень упарты.
Зьвякнула аб стол Піяла:
– Муза додніцай пяяла
пра любоў…                                                                                                                   Каханьне – смага?
Чару чараў дасьць адвага!
Конаўка аж зазьвінела:
– Дзе варголы? Я – зьінела…
З Кубачка – ну хоць глыток.
зацурчыць вясны выток!
Уськіпеў тут Збан: – Дзе Чаша?
Піць нагбом – спатоля наша.
Ну а мой арыенцір –
Адухоўлены Пацір,
каб узьняць Прычасьце Веры!
О, ніхто  ня зрыне дзьверы
і батыевы манголы
не пасьмеюць піць варголы;
ненасытны фараон
возьме кроплю – фары вон!
З Гладышом пачну абрад:
– Я – на выбары! Ва Ўрад!
Дзынкнула цярпеньня Шклянка:
– Мне варголы – не гулянка…
Шар Зямны ў нас не дзюравы:
ёсьць гарбата, сырадой…
І Дзвіна з Жывой вадой!
Не Гаршок пусты, іржавы, –
Коўш узвысіць стан Дзяржавы:
ёсьць у нас жыцьця настой
для Купелі залатой!
——————————————
Варголы – вар голы: кіпень.

Яблычны Спас, 2017 года

 

Siargei Paniznik: Poems

(magazine “CULTURE. NATION”, April 2019, issue 23, p. 5769,  www.sakavik.net)

 

A set of previous and latest poems by famous Belarusian poet Siargei Paniznik.

 

 



Categories: Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: