Пётра Мурзёнак: Куды завялі цябе – беларус? Часопіс “Культура. Нацыя”, красавік 2019, №23, с. 12-23.

 

logo for chasopis

 

 

Пасля афганскай аванцюры, развалу КПСС і СССР, лёс падарыў Беларусі ў 1990 годзе яшчэ адзін шанс адбудаваць незалежную, самастойную і суверэнную краіну. Фармальна так выглядае. Аднак, па сутнасці, як і іншыя малыя і сярэднія пост-савецкія рэспублікі, Беларусь знаходзіцца пад прэсам – зараз, як і ў часы СССР, яна ўваходзіць у сферу надзвычайна блізкіх геапалітычных інтарэсаў Расіі, як і некаторыя усходне- і цэнтральна-еўрапейскія дзяржавы, якія яшчэ нядаўна былі ў арганізацыі Варшаўскага дагавора. І хаця тэрыторыя і людскі патэнцыял Расійскай імперыі ў выглядзе СССР значна зменшыліся, але небяспека эканамічнага і палітычнага ціску з боку Расіі і падпарадкаваньня нядаўніх “брацкіх” савецкіх рэспублік аж да страты іх незалежнасці і суверэнітэта хвалюе нацыянальныя эліты не толькі ў Беларусі. Можна нават казаць, што на сёняшні дзень палітыка і паводзіны Расіі ў некаторых рэгіёнах Беларусі (Віцебск, Магілёў) нават пераважаюць па свайму уплыву магчымасці і жаданні беларускіх эліт, як кіруючай, так і нацыянальна-свядомай, што тычыцца пабудовы нацыянальнай дзяржавы.

Ніхто не возмецца абсалютна адкінуць страхі і гарантаваць немагчымасць расійскай ваеннай інвазіі у Беларусь, як гэта здарылася з Украінай. Беларусь у першы раз была захоплена Расійскай імперыяй пры падзеле Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст.  Варта нагадаць, што пасля гэтага Расія “прырастала” ў 19-м стагоддзі – Каўказам (1859-1878) і Сярэдняй Азіяй (1854-1885), у 20-м стагоддзі – тэрыторыяй Заходняй Беларусі і Украіны і краінамі Прыбалтыкі (1939-1940), пасля 2-й сусветнай вайны краінамі Усходняй Еўропы, і нядаўна Паўднёвай Асеціяй (Грузія, 2008) і Крымам (Украіна, 2014). Такая агрэсіўная прырода Расійскай дзяржавы.

Добравядомы лідэр ЛДПР, сп. Жырыноўскі,  яшчэ нядаўна заклікаў, каб рускі салдат памыў ногі ў Індыйскім акіяне. Не дзіўна, што 70% палякаў нават у 1994 годзе, ужо пасля развалу Берлінскай сцяны, баяліся ваеннай пагрозы з боку Расіі, і толькі ўступленьне Польшчы ў НАТО ў сакавіку 1999 года крыху супакоіла польскую грамадскасць. Аднак, расійская агрэсія супраць Украіны зноў аднавіла гэтыя страхі, як у Польшчы, так і ў краінах Прыбалтыкі. Змешчаныя ў гэтыя краінах у 2018 годзе нешматлікія узброеныя сілы НАТО не змяншаюць напругу у гэтым рэгіёне. Такія ж страхі ёсць і ў часткі насельніцтва Беларусі.

Усё ж, у наш час пагроза для беларускай нацыі наўрад ці ляжыць у непасрэднай ваеннай агрэсіі. Супраць магчымага ваеннага захопу Беларусі Расіяй, нягледзячы на тое, што яны саюзнікі па Саюзнай дзяржаве і ОДКБ, як бы сведчаць наступныя факты:

  • Беларусь з’яўляецца дзейным сябрам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый;
  • непарушнасць дзяржаўных граніц у Еўропе пацверджана ў Заключным Акце аб Бяспецы і Супрацоўніцтву ў Еўропе (Хельсінкі, 1975);
  • Беларусі дадзены гарантыі бяспекі Расіяй, Вялікабрытаніяй і ЗША ў сувязі з Дамовай аб нераспаўсюджваньні ядзернага ўзбраення і дадатковым мемарандумам, падпісаным 5 снежня 1994 года.

Аднак, саліднасць указаных арганізацый і прынятых пастаноў не гарантуе бяспеку для Беларусі. Такі ж мемарандум, напрыклад,  быў падпісаны з Украінай, аднак, гэта не спыніла Расію ад захопу украінскай тэрыторыі, а Вялікабрытанія і ЗША не выканалі сваіх гарантыйных абавязацельстваў. У сувязі з гэтым мемарандумам нельга ўспрымаць як жарт прапанову Прэзідэнта Пуціна ў 2005 годзе аб далучэньні Беларусі да Расіі шасцю губернямі. Дарэчы, урад Беларусі на той час ніяк афіцыйна не адрэагаваў на гэта. Тым не менш, малаверагодна чакаць паўтарэньня расійскай ваеннай агрэсіі гібрыднага тыпу (“зялёныя чалавечкі”), якая адбылася ва Украіне.  Так думаецца таму, што вядучыя заходнія краіны здолелі з дапамогай санкцый стрымаць агрэсара, па крайней меры на нейкі час.

Відавочна, што лёс беларускай нацыі будзе шмат у чым залежыць ад эканамічных і палітычных рычагоў з боку Расіі, скіраваных на тое каб паступова падпарадкаваць і інтэграваць Беларусь у свой склад шляхам “мяккай каланізацыі”, знішчыўшы ідэалагічна і культуральна беларускі этнас. Рэакцыя нацыянальна-свядомых сіл на такую расійскую палітыку прадказальная – яны будуць супраціўляцца ўсімі даступнымі сродкамі. А вось як будзе рэагаваць правячая эліта дакладна невядома. Хаця менавіта ад дзеяньняў дзяржавы, і асабліва Прэзідэнта Лукашэнкі, можа адкрыцца як адмоўны, так і станоўчы сцэнар для будучыні беларускай дзяржавы.

Чаго толькі варта адна яго заява ад 15 лютага 2019 года падчас сустрэчы з Пуціным у Сочы: маўляў, яны ўдвух з Пуціным гатовы яднацца, аднак, ці гатовы расіяне і беларусы да гэтага? Далучэнне беларускай тэрыторыі да Расіі, пры адпаведнай згодзе Лукашэнкі на поўную страту беларускага суверэнітэту і незалежнасці, цалкам магчымае, бо ў Расіі, паводле Канстытуцыі, няма права нацый і народаў на самавызначэньне. Таму Беларусь у найлепшым варыянце магла б атрымаць статус аўтаномнай нацыянальнай рэспублікі РФ. Гэта быў бы найлепшы варыянт для Лукашэнкі – змог бы зберагчы на нейкі час уладу на “беларускай” тэрыторыі. Можна думаць, што па прычыне многанацыянальнасці Расіі для Беларусі будзе немагчымым патрабаваць спецыяльны аўтаномны статус іншага узроўню ад таго што маюць расійскія аўтаномныя нацыянальныя рэспублікі.

Калі казаць пра сёняшні дзень, то ў складзе Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, Беларусь мае дзяржаўны статус. Ці зможа яна зберагаць яго ў Саюзнай дзяржаве і як доўга? На самай справе, да гэтага часу не вызначаны палітычна-юрыдычны статус Саюзнай дзяржавы. Што гэта – федэрацыя, канфедэрацыя? Намеры аб стварэньні агульных наддзяржаўных органаў прапісаны, аднак, абодва бакі не спяшаюцца іх рэалізоўваць. З другога боку, вы не знойдзеце і ніякіх сігналаў падтрымкі ў будаўніцтве і ўмацаваньні нацыянальных дзяржаў у пост-савецкіх рэспубліках, у прыватнасці Беларусі і Украіны, як з боку дзейнай расійскай улады, так і з боку абсалютнай большасці расійскіх лібералаў-дэмакратаў. Гэта ж невыпадкова, што ва Указе Прэзідэнта РФ, Пуціна (№495 ад 24.08.2018) аб прызначэньні ў Беларусь паслом сп. М. Бабіча назва краіны даецца ў старым напісаньні – “ … в Республике Белоруссия”, а трэба “Рэспубліка Беларусь”. Не спяшаюцца ісці на цесную інтэграцыю і ў Беларусі, як Лукашэнка, нягледзячы на яго дзіўную рыторыку, так і яго бліжэйшае акружэньне.

Так выглядае, што палітычнае рашэнне аб з’яданьні Беларусі і Расіі зараз адкрыта не стаіць на павестцы дня, што падмацоўваецца і заявамі на высокім узроўні з абодвух бакоў. Таму, можа быць другі, немілітарны і больш спакойны варыянт – “мяккай каланізацыі”, які па ўсёй верагоднасці будзе імкнуцца праводзіць Расія. Відавочна, што нацыянальная палітыка ў самой Расіі мяняецца. Яшчэ зусім нядаўна, 19 снежня 2012 года Пуцін падпісаў Указ «О стратегии государственной национальной политики Российской Федерации на период до 2025 года», дзе канстатуецца, што ў РФ выкарыстоўваецца 277 моў і дыялектаў, у дзяржаўнай сыстэме адукацыі выкарыстоўваецца 89 моў, з іх – 30 у якасці моў навучаньня, 59 – у якасці вучэбнага прадмета. Аднак, ужо ў 2018 годзе ім было заяўлена, што бацькі не мусяць прымушаць сваіх дзяцей вывучаць родную мову ў аўтаномных нацыянальных рэспубліках. Гэта выклікала шэраг пратэстаў у Татарыі, Мардовіі, Бураціі. Сітуацыя, вельмі падобная на беларускую, дзе выбар мовы навучаньня добраахвотны (беларуская або руская мова), што пры пануючым выкарыстаньні рускай мовы непазбежна вядзе да знішчэння мовы каранной нацыі і паступовай асіміляцыі самой нацыі у рускі мір. Пра нацыяналізм беларусаў у такім фармаце гаварыць не прыйдзецца. Прыкладам таму з’яўляецца знікненьне яшчэ ў 11-12 ст. такіх плямёнаў і народаў як мяшчэра, мурома, меря, склаўшых аснову вялікарускага этнаса, і змяншэнне ў Расіі колькасці людзей іншых нацыянальнасцяў у наш час – у параўнаньні з даваенным часам колькасць мардвінаў, карэлаў, вепсаў, іжорцаў зменшылася у некалькі разоў. Гэта ж будзе чакаць пасля паглынаньня і беларусаў, справа толькі часу.

Іншая справа, што зараз у Расіі ратуюць за моцную цэнтралізаваную “дзяржаву Пуціна” (Суркоў, 2019) http://www.ng.ru/ideas/2019-02-11/5_7503_surkov.html і адпаведна можна чакаць замену федэральнага устройства і ўвядзеньне губерняў. У Расіі ўжо скасаваны дзве ці тры нацыянальныя вобласці. Да таго ж уведзены 8 федэральных акругаў і 11 эканамічных раёнаў, якія нівеліруюць нацыянальную прыналежнасць насельніцтва у гэтых адміністратыўных падзелах. Але ці пагодзяцца Татарстан і яшчэ 20 аўтаномных нацыянальных рэспублік Расійскай Федэрацыі, у якіх пражывае больш за 20 мільёнаў чалавек, ператварыцца ў губернатарствы?

Калі ўзгадаць прыклад Чачні, дзе калабарацыйны мір быў дасягнуты праз гібель соцен тысяч дарослых і дзяцей, і рэальную сітуацыю сёння на Каўказе, то здавалася б, што такое рашэньне пакуль малаверагоднае, але … магчымае. У такім выпадку, Беларусь не будзе мець нават статус аўтаномнай рэспублікі і будзе існаваць у складзе Расіі ў найгоршым выглядзе – шасцю беларускімі губернямі. Асаблівасці многанацыянальнага складу Расійскай Федэрацыі сведчаць таксама супраць магчымасці стварэньня панславянскай дзяржавы з удзелам Украіны, Беларусі – такая ідэя раней абмяркоўвалася, але зараз, здаецца, не актуальная, больш тэарэтычная, па прычыне расійска-украінскай вайны.

На жаль, знешняя пагроза нацыянальным інтарэсам Беларусі ідзе як і раней з Усходу, а не з Захаду. Стратэгічная задача для беларускай нацыі гэта выскачыць з пад-уплыву і абдымкаў еўразійскай Расіі  і як мінімум дабіцца у першую чаргу нейтральнага існаваньня беларускай дзяржавы ў асяроддзі еўрапейскіх краін. У апошнія гады кіраўніцтва Расіі сфармулявала стратэгію на зберажэньне так званага “русского мира”. У выніку – чалавецтва паўстала перад пагрозай новай вайны і падзелу свету. Здаецца, што сучасная стратэгія Расіі ідзе далей чым рэалізацыя ідэй панславізма і еўразізма, і скіравана на аднаўленьне і прызнаньне уплывовага сусветнага цэнтру са сталіцай у Маскве. Далучэньне да Расіі аднаго-двух дадатковых суб’ектаў істотна не паўплывае на “нацыянальную расійскую палітру”. Аднак, далучэньне ці ўключэньне Беларусі ці Украіны ў склад Расіі надоўга будзе азначаць страту гэтымі нацыямі шанса развівацца самастойна ў свабодным свеце.

Калі ў Расіі не адбудзецца адкат ад імперскага мышленьня і ідэі ўзнаўленьня былой гегемоніі ў сьвеце, то яна, як пераемніца духоўнай спадчыны Расійскай імперыі і СССР, пацягне Беларусь на дно як “Цітанік”. Калі судзіць па нядаўняму артыкулу Суркова адказ ад ідэі цэнтралізаванай “дзяржавы Пуціна” малаверагодны. Усё ж падаецца, што беларусы не адносяцца да таго “глыбіннага народа”, на які спадзяецца указаны аўтар-еўразіст пры будаўніцтве новай канструкцыі Расіі.

Кіраўніцтва Расіі працягвае гнуць сваю лінію, скіраваную на падрыў суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. 2 верасня 2017 года прэм’ер РФ Д. Мядзведзеў на паседжаньні ўрада Расіі абмяркоўваў прапанову падпісаць Пагадненьне паміж Расіяй і Беларуссю аб расійскай авіяцыйнай базе на беларускай тэрыторыі, якое “будзе садзейнічаць арганізацыі сумеснай аховы знешняй мяжы саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь і доўгатэрмінова замацуе расійскую вайсковую прысутнасць у рэгіёне». Праўда, на фоне шматлікіх эканамічных войн (малочных, цэментных, нафтавых) паміж Беларусьсю і Расіяй у 2017-2018 годзе такая неабходнасць у ваеннай базе адпала з прычыны «немэтазгоднасці». Аднак, дадайце, у 2017 годзе расійскія і беларускія войскі правялі вайсовыя вучэньні «Захад» на тэрыторыі Беларусі, у 2019 годзе у Беларусі плануюцца вучэньні войск ОДКБ. Абвастрэньне халоднай вайны і сбліжэньне да вайны гарачай адбываецца паміж Расіяй і ЗША, Расіяй і НАТА, а Беларусь не толькі знаходзіцца на гэтай мяжы, а і з’ўляецца непасрэдным ваенным і палітычным саюзнікам Расіі.  З гэтага вынікае непасрэдная ваенная пагроза нашай краіне ў выпадку сутыкненьня сіл, уключаных у канфлікт. У дадатак, у Беларусі напладзіліся шматлікія пра-расійскія арганізацыі (больш за сотню), якія змогуць адыграць пры неабходнасці роль 5-й калоны. Казакі, якіх ніколі не было заўважна на беларускай тэрыторыі цягам вякоў (хіба што падчас набегаў), ужо пайшлі ў прэзідэнты краіны (М. Улаховіч, выбары-2015).

Ёсьць шмат фактаў, якія сьведчаць аб тым, што ідэалагічная вайна супраць беларускага нацыяналізму з боку Расіі вядзецца даўно, і на жаль, міжволі ці нават пры магчымай падтрымцы з боку беларускай улады. Імкненьне беларускага народа да свабоды і незалежнасьці знаходзяцца пад атакай ідэй аб адзінстве трох усходнеславянскіх народаў, на дапамогу прыходзіць несастарэлая, прыхаваная савецка-камуністычная ідэалогія, а таксама гераічнае змаганьне народаў СССР супраць фашысцкай агрэсіі падчас ІІ-й сусьветнай вайны. Прыгадаем толькі нядаўнія  факты:

– журналісты “Нашай Нівы” паказалі  2017 годзе, што беларускія дзеці з Віцебскага рэгіёна накіроўваюцца ў ваеньна-патрыятычныя лагеры Расіі, дзе яны “выхоўваюцца” пад кіраўніцтвам людзей з нацыстскімі паглядамі;

– сп. Гіркін, чалавек, які ўзначальваў захоп г. Славянска ў 2014 годзе падчас вайны ў Данбасе, стварыў арганізацыю, якая імкнецца да аб’яднаньня Беларусі і Украіны з Расіяй;

– расійская прапаганда праз тэлебачаньне і радыё на шматлікіх каналах безальтэрнатыўна замбіруе насельніцтва Беларусі (“Крым – наш”, фашысты-бандэраўцы кіруюць у Кіеве, абвінавачваньні ў мяккай беларусізацыі, і г.д.);

–  расійскія цэнтры навукі і культуры адкрыты ў Мінску і ў Брэсьце, хутка будзе адкрыты ў Гомелі, а затым у астатніх абласных цэнтрах.

Навідавоку няспынны паток у Беларусь высокіх гасцей з Масквы. Так, у маі-чэрвені 2016 года Мінск наведалі: С. Лаўроў, міністр замежных спраў РФ, 16.05.2016, “аб сумесным супрацьстаяньні пашырэньню НАТО на ўсход»; У. Пуцін, 8.06.2016, “абмеркаваньне ўзгодненай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве”; В. Матвіенка, спікер Дзяржсавета РФ, 8.06.2016, “з ідэяй адзінай візы для Саюзнай дзяржавы”; С. Нарышкін, спікер Дзярждумы РФ, 10.06.2016, 50-я сэсія Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі: “Наше взаимодействие представляет бесценный опыт, является живым примером как для евразийской экономической интеграции, так и для других новых международных площадок”).

Тут трэба заўважыць, што ў ельцынскія часы, калі Лукашэнка разыгрываў расійскую карту, ён шмат ездзіў па Расіі – зараз жа сітуацыя зьмянілася на процілеглую. У снежні 2018 года у Брэсце на паседжаньні Саюзнай дзяржавы сп. Д. Мядзьведзеў фактычна запатрабаваў паглыбіць інтэграцыю паводле дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы Беларусь-Расія, уключна з увядзеньнем адзінай валюты, адзінай таможні, суда, падліковай палаты і г.д. 25 снежня 2018 сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, дзе праходзіла абмеркаваньне умоў паставак нафты ў Беларусь, закончылася дамоўленасцю аб стварэнні працоўнай групы для распрацоўкі пытаньняў далейшай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Паўторная спроба Лукашэнкі вытаргаваць нафтавыя прэферэнцыі з Пуціным 29 снежня 2018 года не прывяла да посьпеху. У той жа час, на пачатку 2019 года прадстаўнік Расіі ў Саюзнай дзяржаве сп. Рапота заявіў, што расійская працоўная група ўжо працуе над 15 рознымі праектамі па далейшай магчымай інтэграцыі дзвюх краін (у красавіку гэтыя расійскія прапановы ўжо былі перададзены беларускаму боку, які здаецца не спяшаецца з аналагічнай працай). У лютым 2019 года, Лукашэнка і Пуцін зноў сустракаюцца, цяпер ужо на перамовы запрашаліся міністры адукацыі, культуры і спорту, што таксама сведчыць аб магчымых планах «мяккага» паглынання Беларусі Расіяй.

Відавочна, што сцэнару “мяккай каланізацыі” спрыяе, вольна ці нявольна,  і курс на яднаньне з Расіяй, узяты Лукашэнкам на самым пачатку яго абраньня прэзідэнтам, курс, які абцяжарвае развіцьцё краіны. І не толькі таму, што Беларусь прывязана да расійскіх прыродных рэсурсаў і яе эканомікі – многія краіны знаходзяцца ў падобным узаемазалежным стане, напрыклад, Канада і ЗША, дзе эканамічныя і палітычныя стасункі цывілізаваныя і раўнапраўныя. Справа ў тым, што Лукашэнка, забаўляючы вярхушку Расіі, выціснуў з краіны амаль усе свядомыя беларускія сілы, па крайней меры, задавіў актыўнасць нацыянальна-свядомай эліты, якая яшчэ спрабуе штосці здзейсніць. Відавочна, ён перастараўся, бо ў значнай ступені спаліў масты для магчымага адступленьня і выкарыстаньня “беларускай” карты. Хаця па-сапраўднаму гэта было варта пачынаць рабіць яшчэ 25 год таму назад. Па звестках Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі на пачатку 2019 года беларускай мовай дома карыстаецца не болей 3% насельніцтва. Непрыймальным з’яўляецца стан грамадзянскай супольнасці, якая з самага пачатку кіраваньня Лукашэнкі з 1994 года пачала прыціскацца ў Беларусі – прыцясненні прэсы, палітычных рухаў, незалежных грамадскіх арганізацый, наяўнасць палітзняволеных. Цікава, што сітуацыя ў Расіі зараз па многіх аспектах нагадвае Беларусь.

Калі казаць пра іншыя унутраныя неспрыяльныя фактары, то трэба адзначыць, што залежнасць эканомікі Беларусі ад Расіі вельмі высокая – каля 50% беларускага экспарту і імпарту завязана на Расію (каля 90% экспартуемага мяса і малака ідзе ў Расію, каля 95% паставак нафты ў Беларусь ідзе з Расіі). Тое балансаваньне, паміж эканамічнымі прэферэнцыямі, якія імкнецца дасягнуць Лукашэнка ад Расіі, і той вымушанай палітычнай аплатай за іх, вельмі небяспечнае. У інтэрв’ю, які даў “Нашай Ніве” былы беларускі дысідэнд М. Кукабака (25.04.2014), выказана думка што тое, што робіць Лукашэнка з’яўляецца найлепшым у абароне суверэнітэта Беларусі пакуль у Расіі кіруе Пуцін. Магчыма, што многія людзі падзяляюць яго думку і прызнаюць існаваньне “феномена Лукашэнкі”. Але беларускаму кіраўніцтву ў цяперашняй сітуацыі трэба быць больш рашучым, калі яно сапраўды імкнецца зберагчы суверэнітэт і незалежнасць краіны.  Спробы шукаць альтэрнатыўныя падыходы, да прыкладу, праз сумесныя праекты Украіны, Беларусі і Літвы, як гэта абмяркоўвалася міністрамі замежных спраў гэтых краін (14.08.2015), выглядаюць не зусім пераканаўчымі. У той жа час, увядзеньне Беларусьсю 5-дзённага, а затым 30-дзённага бязвізавага ўезду у краіну (2017-2018), было добрай дэманстрацыяй правядзеньня суверэннай палітыкі без аглядкі  на Расію.

На старонках “Нашай Нівы” (9.06.2016) прачытаў меркаваньне аб тым, што “Расейцы — гэта нашыя суседзі, руская мова — гэта таксама наша мова, як бы хто ні рабіў выгляд, што яна нам ёсьць чужой. …  Расейцы — культурна не чужыя людзі сучаснаму беларусу. ” Сказана добра ў тым сэнсе, што расейцы і іх мова не чужыя – але ж і не родныя. Расія – блізкая геаграфічна (суседзі), але не блізкая па сваёй ментальнасьці. Мы – не “рускія са знакам якасьці”, як кажа А. Лукашэнка, а проста мы розныя, і шляхі ў нас мусяць быць рознымі, а сябраваць трэба з усімі суседзямі. Гэта рознасьць дае падставы народу Беларусі на асобнае існаваньне, без каланіяльнай залежнасьці і прымусу з боку еўразійскай цывілізацыі. Частка нашай агульнай ўсходнеславянскай цывілізацыі, Украіна, спрабуе сёньня праз вайну вырвацца з палітычнага, эканамічнага і духоўнага уплыву з боку еўразійскай Расіі.  Беларусь, маючы з Украінай вельмі падобны лёс, будзе імкнуцца ці імкнецца абараніцца ад паглынаньня “рускім мірам” і не мае іншага выйсьця як шукаць свой шлях.

Напрасна кіраўнік Беларусі цешыцца, што амаль усе беларусы размаўляюць па руску і таму не варта баяцца расійскай агрэсіі, як гэта адбываецца ў адносінах да Украіны. Але ж менавіта рускамоўнасць і была адным з матываў агрэсіі на Украіне. Як толькі Беларусь павернецца тварам да роднай мовы, гэты расійскі «хай» без сумненьня адразу ўзнікне. Відавочна, што небяспека для ўсходнеславянскай цывілізацыі і для беларускай і украінскай нацый сёння ідзе з Расіі. Аб тым, што такая пагроза рэальная, сьведчыць наша гісторыя – толькі за 13 год вайны з Масковіяй (1654-1667) загінула каля 1.4 млн беларусаў з агульнай колькасці жыхароў у 2.9 млн; у 30-40-я гады 20 ст. знішчана большая частка беларускай эліты. Ці можна перакрыць страты ў мінулым горам і стратамі 2-й сусветнай вайны, якія ў асноўным помняць у Беларус, бо гэтая памяць ўзведзена  на ўзровень дзяржаўнай прапаганды? Справа не ў супрацьпастаўленьні беларускага і украінскага народаў, і народаў РФ, а ў тым, каб яны мелі магчымасць жыць у свабодных краінах і паважалі выбар сваіх суседзяў. Відаць планы ў кіраўніка Беларусі не скіраваны на нацыянальнае будаўніцтва – хацелася б, каб за нешматлікімі станоўчымі фразамі аб беларускай мове і нацыі была не толькі вымушаная рыторыка, але і рэальныя дзеяньні. Пакуль што, Беларусь будуе рускамоўную цывільную дзяржаву, а сваім падпісаньнем дамовы аб Еўразійскім Саюзе лезе ў пашчу дракону, якому патрэбны новыя і новыя ахвяры.

Як выстаяць Беларусі ва ўмовах расійскага прэсу ды яшчэ зберагчы і адбудаваць нацыянальную краіну? Прыклад Украіны сведчыць, што для гэтага патрэбна мабілізацыя ўсіх унутраных сіл нацыі. Каб падпарадкаваць Украіну, краіну па маштабах не маленькую, Расія пачала ваенную агрэсію і анэксавала Крым (сакавік 2014) і працягвае правакацыйную гібрыдную вайну у Данбасе. Расія, парушаючы шматлікія міжнародныя дамовы, ня здолеўшы пераадолець нечаканы і ярасны супраціў украінскага народа, зараз уступіла ў геапалітычную канфрантацыю за украінскую прастору з ЗША і Еўрапейскім Саюзам. Сёння з-за пагрозы з боку Расіі хвалююцца тыя ж краіны Усходняй Еўропы, што калісьці былі захоплены Гітлерам і Сталіным паводле пакта Молатава-Рыбентропа ў 1939 годзе.

Тым не менш не варта траціць надзею. Гісторыя развіваецца паступова. Імперыя адступае і агрызаецца. Вырвацца з расійскага і савецкага плену вельмі цяжка. Людзі, што змагаюцца за сапраўдны суверэнітэт без разбору ганьбяцца, празываюцца на Украіне бандэраўцамі, на Беларусі – бэ-нэ-эфаўцамі ці нацыяналістамі ў горшым сэнсе гэтага слова. Замест стваральнай працы па паляпшэньню жыцця сваіх народаў у Расійскай Федэрацыі працягваюцца гульні “у нашых і ворагаў” у выглядзе беларуска-расійскіх і іншых  вайсковых вучэньняў, рэалізуецца новая форма захопніцкай вайны, названая гібрыднай, зноў будуецца «Берлінская сцяна».

Расія сваёй агрэсіяй у адносінах да Украіны паказала свой Еўразійскі твар. Відавочна, што гэта агрэсія надоўга паставіць крыж на ўтварэньні “славянскіх” саюзаў. У нармальных умовах “Славянскія базары” патрэбны для развіцця дружбы паміж народамі, але калі яны становяцца інстументамі ў палітыцы, то ўрэшце яны ператвараюцца ў сцэну для пошукаў ворагаў ці прыхільнікаў, як гэта адбываецца на конкурсах Еўрабачаньня, ці як гэта адбывалася ў перыяд халоднай вайны.

Апошняя вайна скончылася 70 гадоў таму назад. Як быццам жывём у мірны перыяд. Аднак, успомнім колькі спробаў было ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе здабыць свабоду ў краінамі, якія знаходзіліся пад акупацыяй СССР: ГДР (1953), Венгрыя (1956), Польшча (1956), Чэхаславакія (1967) – усе яны былі брутальна падаўлены. Аб’яўленьне незалежнасці Чачні ад Расіі ў 1991 г. скончыліся двумя кровапралітнымі войнамі (1994-1996, 1999-2009) і чарговым заваяваньнем Чачні, толькі ўмяшанне заходніх краін спыніла захоп Грузіі Расіяй (2008). І вось зараз Україна (2014).

Каб апраўдаць сваю агрэсіўнасць у Расіі прыдумываюць прыгожыя тэрміны, такія як “принуждение к дружбе” (Грузія, 2008), “вежливые люди” \ “зялёные чалавечкі” і “защита прав русскоязычных” (Украіна, 2014). Не выключана, што расійская агрэсія можа не скончыцца толькі захопам Крыма і ўсходніх рэгіёнаў Украіны. Хвалююцца балгары, пагражаюць румынам, латышам, літоўцам, эстонцам – народам якія спазналі ГУЛАГі і усе любаты рабскага стану. Для многіх з упамянутых вышэй краін сітуацыя кардынальна памянялася. Менавіта гэтыя краіны, якія знаходзяцца бліжэй да Расіі, трубяць на ўвесь свет аб пагрозе для свабоды і дэмакратыі, у адрозненьне ад заходніх краін, якія пакрысе толькі пачынаюць разумець, што адбываецца, і што ім пагражае.

Не складае выключэньне і Беларусь. Стан Беларусі дваякі – з аднаго боку па многіх аспектах (палітычных, эканамічных, ваенных) яна значна залежыць ад Расіі, але з другога боку як суб’ект міжнароднага права і незалежная краіна – яна мусіць весці сябе адпаведна статусу. З’яўляючыся сябрам ААН і Руху недалучэньня, Беларусь мусіла б удзельнічаць у санкцыях супраць суседа-агрэсара нараўне з іншымі краінамі, якія прытрымліваюцца рашэньняў ААН. Аднак, парадокс у тым, што Беларусь знаходзіцца ў альянсе з Расіяй, краінай-агрэсарам. На жаль, мы жывём не на высьпе, маем з Расіяй працяглыя межы (1200 км). Беларусь удзельнічае у Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), мае агульную з Расіяй супрацьпаветраную абарону на заходнім накірунку і вайсковыя расійскія базы на тэрыторыі краіны, праводзіць штогадовыя сумесныя вайсковыя вучэньні.

Так, Расія забяспечвае ядзерны парасон для Беларусі, але даверу да Расіі як гаранту незалежнасці і суверэнітэту беларускай краіны абсалютна няма. Расія напала на блізкую нам гістарычна і ментальна украінскую дзяржаву. Ці магчыма Беларусі і надалей знаходзіцца ў альянсе з Расіяй і заўжды адчуваць над сваёй галавой небясьпеку напаткаць такіж самы лёс як Украіна? Можна нагадаць таксама пра ўтварэньне новых расійскіх анклаваў – Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Прыднястроўя, Крыма – на тэрыторыях, якія яшчэ нядаўна ўваходзілі ў Грузію, Малдавію і Украіну. Відавочна, што трэба знайсці нейкія іншыя шляхі, каб дыстанцыявацца ад агрэсара як мага далей.

Безумоўна, што нацыянальнае будаўніцтва трывае значны супраціў савецкай спадчыны, носьбітам якой з’яўляецца і сучаснае беларускае кіраўніцтва. Але, калі капнуць глыбей, то гэты супраціў ідзе з часоў Расійскай імперыі. Расія не хоча даваць волі, як сваім шматлікім народам, так і сваім блізкім суседзям. Страціўшы уплыў на краіны сацыялістычнага лагера, зараз інтарэсы імперскай Расіі скіраваны на кантроль над краінамі СНГ. І асабліва зацікаўлена Расія ў кантролі над Беларусьсю і Украінай. Гэта цікаўнасць базуецца як на старых міфах, запачатых у часы Пятра І і Кацярыны ІІ, аб пераемнасці гістарычнай спадчыны Кіеўскай Русі да Расіі і аб трыадзінстве трох славянскіх народаў, так і на геапалітычных інтарэсах. Па-праўдзе, Расія, у параўнаньні з Беларуссю і Украінай, зусім не славянская краіна. Сёняшняя агрэсія Расіі ў адносінах да Украіны – гэта практычны доказ антаганістычнага існаваньня еўразійскай і нашай усходне-славянскай\заходне-рутэнскай цывілізацый, канфлікт паміж якімі непазбежны. Шкада, што далейшае іх размежаваньне адбываецца не мірным шляхам і з вялікімі ахвярамі. Але гэты працэс выдаецца незваротным.

Калі казаць пра знешні фактар, то змяншэнне ўплыву Расіі заўжды выклікала пад’ём нацыянальнага руху на Беларусі (як і на іншых акраінах імперыі) і было б жаданым. Аднак, спадзеўкі каго-нібудзь на развал Расіі, змены там улады ці нават на падтрымку Расіі павінны быць адкінутыя. Па той прычыне, што Расія, па сваёй прыродзе, ніколі не прызнае самастойнага развіцьця як Украіны, так і Беларусі.

Хістаньні кіраўніцтва Беларусі ад дэкларатыўнага жадання ўмацоўваць нацыянальную дзяржаву і мову да братаньня з рускім мядзведзем да добрых вынікаў не прывядуць. Калі кіраўнік Беларусі лічыць кіраўніка Расіі сваім родным братам, то гэта яго асабістая справа. Зыходзячы нават з хрысціянскіх пастулатаў, усе людзі на зямлі браты і сёстры. Аднак, калі старэйшы брат лічыць, што малодшы брат павінен слепа выконваць ягоныя загады, то чакаць добрых адносін паміж імі не прыходзіцца. Навошта нам такая радня? Але і вырвацца кіруючай эліце з пасткі, пабудаванай Прэзідэнтам Лукашэнкам, вельмі складана і патрабуе рашучых і асцярожных крокаў.

Бліжэйшая пагроза для Беларусі, як думаецца, ідзе з Расіі, і не як краіны з вялізным ваенным, эканамічным і палітычным патэнцыялам, а як краіны якая нясе ідэалогію еўразізма, ідэалогію верхавенства дзяржавы над асобай, калектывісцкага менталітэту над індывідуальным, павагі да моцных аўтарытарных лідэраў. Гэта моцна адрознівае Расію ад Беларусі, якая падчас доўгай гісторыі набыла шмат прыкмет заходняй цывілізацыі. Яшчэ адзін бадай самы небяспечны фактар для беларускай нацыі заключаецца ў тым, што Расія, валодаючы шматграннай культурнай спадчынай і сучаснай культурай і карыстаючы рускую мову як інструмент, можа паглынаць культуры малых краін, уключна з краінамі пост-савецкай прасторы. Супраць Беларусі можа спрацаваць расійская палітыка “мяккай каланізацыі”. Усё гэта разам падштурхоўвае беларускія эліты, як праўладную, так і нацыянальна-свядомую, шукаць, абгрунтоўваць і абараняць свой спецыфічны шлях для зберажэньня і развіцьця нацыянальнай дзяржавы.

   Piotra Murzionak: Where you’ve been brought – Belarusian?(magazine “CULTURE. NATION”, April 2019, issue 23, p.1223,  www.sakavik.net )

 

An analysis of the current interrelations between Belarus and Russia is provided. The nearest threat for Belarus, as it seems, comes from Russia, and not as a country with a huge military, economic and political potential, as well as a country bearing Eurasism ideology, the ideology of the rule of the state over the individual, a collectivist mentality over the individual, respect for strong authoritarian leaders. Another, perhaps the most dangerous factor for the Belarusian nation lies in the fact that Russia, having a multi-faceted cultural heritage and contemporary culture and using the Russian language as a tool, can absorb the culture of small countries, including the post-Soviet space. Russian policy can work against Belarus as a “soft colonization”. All this together is pushing the Belarusian elites, both pro-government and national-motivated, to seek, to justify and defend its own specific way for the preservation and development of the nation-state.



Categories: Асьвета, Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: