Адным з асяродкаў беларускага нацыянальнага руху ў гады Другой сусьветнай вайны была Варшава. Галоўную масу беларусаў у польскай сталіцы складалі былыя польскія вайскоўцы, якія ў 1939 г. апынуліся ў нямецкім палоне. Тым часам, рухавіком нацыянальнага жыцьця былі беларускія дзеячы – жыхары даваеннае польскае дзяржавы. Да мясцовых акрывістаў належылі Мікалай Шчорс, Мікалай Ждановіч, Янка Станкевіч, кс. Вінцэнты Гадлеўскі і іншыя. Палітычная й міжнародная кан’юнктура падчас вайны спрыяла актывізацыі нацыянальна-культурнай актыўнасьці беларусаў на акупаваных немцамі абшарах. У выніку ў Варшаве быў створаны Беларускі камітэт у Генэральнай губэрніі, які апекаваўся мясцовымі беларусамі. Акрамя таго, працавала пачатковая школа, дзейнічалі праваслаўная й рыма-каталіцкая парафіі. Культурна-асьветная й рэлігійная чыннасьць варшаўскіх беларусаў была заўважальнай на бацькаўшчыне.
***
Варшава займае заўважнае месца на мапе міжваеннага беларускага нацыянальнага жыцьця. У той час польская сталіцаналежыла да аднаго з найбуйнейшых беларускіх інтэлектуальных асяродкаў у Польшчы. У Варшаве жылі беларускія сэнатары й дэпутаты польскага Сойму такія, як: Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Вячаслаў Багдановіч і іншыя. У сталічных вышэйшых вучэльнях – Варшаўскім Унівэрсытэце й Варшаўскай Політэхніцы – навучаліся многія маладыя беларускія юнакі, якія потым бралі чынны ўдзел у нацыянальна-адраджэнчым руху. Так, напрыклад выхаванкам сталічнай політэхнікі быў Міхась Вітушка. Тым часам, шматгадовым і паважаным прафэсарам гэнай жа вучэльні зьяўляўся прафэсар Вацлаў Іваноўскі, адзін з бацькоў Беларускага Адраджэньня. Некалькі дзесяткаў праваслаўных беларусаў скончыла Факультэт Праваслаўнага Багаслоўя Варшаўскага Ўнівэрсытэту. Сярод іх належыць узгадаць айца Мікалая Лапіцкага, які ў паваенны час быў заснавальнікам і настаяцялем Беларускай Праваслаўнай Парафіі Сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саут-Рывэр (ЗША). Свой сьлед у польскай сталіцы ў міжваенны час пакінуў іншы беларускі духоўнікі будучы япіскап Апанас (Мартас). Напярэдадні Другой сусьветнай вайны ў Варшаве дзейнічала Беларускае асьветніцкае таварыства.
Пачатак Другой сусьветнай вайны не спыніў беларускага жыцьця ў Варшаве. Наадварот, можна было назіраць пэўную актыўнасьць беларусаў у гэтым горадзе. Праўда, адбывалася яна ўжо ўва ўмовах нямецкай акупацыі. У сувязі з гэтым неабходна больш падрабязна прыгледзіцца акупацыйнай рэчаіснасьці. На захопленых польскіх тэрыторыях нямецкія ўлады стварылі новы тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел. У кастрычніку 1939 г. было створана Генэрал-губэрнатарства (ГГ), у склад якога ўвайшлі наступныя дыстрыкты: кракаўскі, варшаўскі, люблінскі і радамскі, а ў летам 1941 г. быў таксама ўтвораны галіцыйскі дысктрыкт з цэнтрам у Львове. Тэрыторыя Генэрал-губэрнатарства была аддзелена ад ІІІ Рэйха мытнай мяжой. Палітыка акупацыйных уладаў адносна насельніцтва Генэрал-губэрнатарства адзначалася жорсткай эканамічнай эксплюатацыяй і масавым тэрорам. Генерал-губэрнатарства займала значную частку даваеннай польскай дзяржавы. У яго межах сярэдзіне 1941 г. пражывала звыш 16 млн чал. Характэрнай рысай грамадства ГГ была нацыянальная разнароднасьць. Побач з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасьцяў фігуравалі таксама беларусы. З нямецкіх крыніцаў вынікае, што ў 1942 г. на тэрыторыі Генэрал-губэрнатарства жыло 10 тыс. беларусаў, і яны знаходзіліся на пятым месцы пасля палякаў, украінцаў, габрэяў і расейцаў.
Немцы мусілі лічыцца са стракатым нацыянальным складам акупаваных абшараў. Стаўленьне акупантаў у дачыненьні да розных нацыянальных групаў не было аднолькавым, што адпавядала прынцыпу “падзяляй і ўладай”. Гэта палітыка знайшла своё адлюстраваньне ў адносінах акупантаў да мясцовых беларусаў. Некаторым нацыянальным групам, у тым ліку беларусам, была дазволена пэўная арганізацыйна-культурная аўтаномія.
Асяродкамі нацыянальна-культурнай актыўнасці былі камітэты самадапамогі, якія дзейнічалі пад пільным наглядам акупацыйных уладаў. Новую палітычную кан’юнктуру не маглі не выкарыстаць мясцовыя беларусія дзеячы. Супрацоўніцтва беларускіх дзеячоў з акупантам падчас Другой сусьветнай вайны ацэніваецца дасьледчыкамі па-рознаму. Належыць разглядаць гэту з’яву ў кантэксце тагачасных палітычных і міжнародных рэаліяў. Новая рэчаіснасьць, якая запанавала з пачаткам Другой сусьветнай вайны з гледзішча беларускіх дзеячаў давала ім шанец на паляпшэньне ўласнага становішча.
Найбольшую арганізацыйнцю актыўнасьць беларусы ГГ праяўлялі менавіта ў Варшаве. Адбывалася гэта перадусім па прычыне таго, што ў горадзе значна павялічылася колькасьць беларусаў. Пасьля 1939 году ў Варшавы прыбыла пэўная колькасьць уцекачоў з Віленшчыны й Наваградчыны, якія ратаваліся перад савецкай акупацыяй. Апрача таго, значную катэгорыю беларусаў, якія апынуліся ў Варшаве й ваколіцах, складалі польскія жаўнеры, якія ў верасьні 1939 году трапілі ў нямецкі палон. Да вясны 1940 году гэтыя людзі ўтрымліваліся ў лягерох ваеннапалонных на тэрыторыі акупаванай Польшчы. Потым распачаўся працэс вызваленьня палонных – украінцаў ды беларусаў. Згодна з нямецкім правам яны лічыліся іншаземнымі наёмнымі работнікамі, якія накіроўваліся ў якасьці працоўнае сілы ў прамысловыя цэнтры. Пэўная іх частка апынулася менавіта ў польскай сталіцы.
Беларуская актыўнасьць у Варшаве набыла форму грамадзка-культурнай арганізацыі. Яшчэ на пачатку 1939 году старшыня Рады БНР Васіль Захарка апэляваў да нямецкіх уладаў, каб яны дазволілі стварыць у Варшаве беларускі цэнтар. У студзені 1940 г. у Варшаве адбыўся сход мясцовых беларусаў, падчас якога было вырашана стварыць Беларускі саюз самапомачы (БСС). Аднак толькі 9 чэрвеня 1940 г. у Варшаве распачаў працу Беларускі камітэт у Генэральн-губэрнатарстве. Новую арганізацыю ачоліў лекар Мікалай Шчорс, малады, але ўжо дастаткова вядомы на той час беларускі дзеяч. У склад галоўнай управы ўвайшоў сакратар Баляслаў Манкевіч (пазней Мікалай Ждановіч). Галоўная сядзіба гэтай арганізацыі месьцілася на вуліцы Ксёнжэнца, д. 4, кв. 7. Галоўная ўправа камітэта мела ўласную пячатку, на якой зьмяшчаліся выява герба «Пагоня» і надпіс «WeissruthenischeKomiteeinGeneralgouvernement». У сакавіку 1942 г. да арганізацыі належала ўжо некалькі тысячаў сяброў. У арганізацыю запісваліся ня толькі беларусы, але таксама прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, якія па кан’юнтуральным прычынах дэкляравалі беларускасьць. Прадстаўнікі інтэлігенцыі складалі нязначны адсотак сяброў камітэту. Тым часам, пераважалі людзі, якія паходзілі з сялянства і мяшчанаў.
Нягледзячы на тое, што Беларускі камітэта быў створаны з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў і фармальна захоўваў ляяльнасьць у дачыненьні да немцаў, у сапраўднасьці многія ягоныя кіраўнікі й сябры не падзялялі стаўкі на супрацоўніцтва з Бэрлінам. Так, напрыклад, група, якая гуртавалася вокол Янкі Станкевіча, ня верыла ў трывалы хаўрус з немцамі, шукала кантактаў з заходнімі альянтамі й вяла патаемныя перамовы з прадстаўнікамі польскага незалежніцкага падпольля. Пасьля выбуху нямецка-савецкай вайны й заняцьця Беларусі Вэрмахтам частка дзеячаў камітэту (напрыклад, Я. Станкевіч) выехала ў Менск, дзе заангажавалася ў арганізацыю акупацыйнай цывільнай адміністрацыі пад нямецкай акупацыяй. Дзеячы Беларускага камітэтуў Генэрал-губэрнатарстве разлічвалі на тое, што немцы зробяць магчымым стварэньне беларускай дзяржавы. У сувязі з гэтым патаемна праектаваўся нават будучы ўрад, у якім ключавыя пасады мусілі атрымаць кіраўнікі варшаўскага Беларускага камітэту. Калі, аднак, аказалася, што ўлады ІІІ Рэйха не разглядаюць такой магчымасьці, некаторыя (М. Шчорс) вярнуліся ў Варшаву, дзе засяродзіліся на культурна-асьветнай працай сярод землякоў, якія апынуліся ў польскай сталіцы.
Згодна са статутам, Беларускі камітэт меў грамадзка-культурны характар. Вядома, паўнамоцтвы арганізацыі былі моцна абмежаваныя. Арганізацыя мусіла займацца забеспячэньнем насельніцтва харчаваньнем, адукацыяй, а таксама дапамогай уцекачам, эвакуяванаму насельніцтву (асабліва з тэрыторыі Заходняй Беларусі, далучанай у кастрычніку 1939 г. да Савецкага Саюза) і ваеннапалонным.Не выпадковаў Варшаве мелася камітэцкая сталоўка, якой штодзень карысталіся 150 чалавек. Таксама аказваліся паслугі па юрыдычных кансультацыях і парадах (напрыклад, пісаньне заяваў і скаргаў да нямецкіх уладаў). За невялікую працу аказваліся таксама й лекарскія паслугі (доктар Антон Краскоўскі, вул. Гранічная, д. 10, кв. 7). У сфэры паўнамоцтваў камітэту знаходзілася таксама пытаньне пошуку працы для сваіх сяброў, а таксама выдаваньне грашовых пазыкаў. Акрамя таго, Беларускі камітэт праводзіў актыўную культурна-асветніцкую працу. Ніжэй варта больш падрабязна спыніцца менавіта на культурна-асьветнай дзейнасьці.
Па ініцыятыве Беларускага камітэтуладзіліся суботнія вечарыны для сяброў арганізацыі, на якіх чыталіся рэфэраты на гістарычныя ды культурныя тэмы. Лекцыі й рэфэраты для сяброў арганізацыі чыталі сярод іншых Мікалай Шчорс, Янка Станкевіч, кс. Вінцэнт Гадлеўскі, кс. Пётра Татарыновіч, Часлаў Ханяўка. Акрамя таго, у Варшаве адбываліся вячэрнія курсы беларусазнаўства, якія ўключалі вывучэнне беларускай мовы, гісторыі і геаграфіі Беларусі, а таксама курс нямецкай мовы. Вядома, што лекцыі і курсы пастаянна наведваланекалькі сотняў чалавек. У студзент 1941 г. была створаная моладзевая сэкцыя, апеку над якой узяў на сябе Мікалай Ждановіч. У той жа час утварылася й жаночая сэкцыя, якой апекаваўся кс. Вінцэнт Гадлеўскі. Пры арганізацыі былі закладзеныя таксама бібліятэка, хор (25 чалавек) і аркестр. Кіраўніцтва камітэту рабіла намаганьні атрымаць згоду акупацыйных ўладаўна выданьне беларускае газэты. Аднак захады беларускіх дзеячоў не прынесьлі плёну. Адсутнасьць уласнага пэрыёдыку кампэнсоўвала беларуская прэса, якая дастаўлялася з-за межаў Генэрал-губэрнатарства. Асаблівым попытам карысталася бэрлінская “Раніца”, на бачынах якой прысутнічала рубрыка, у якой асьвятлялася арганізацыйнае жыцьцё варшаўскіх беларусаў.
Згуртаваная вакол варшаўскага камітэту беларуская калёнія праводзіла таксама музычную і тэатральную працу. Быў створаны аматарскі драматычны гурток. Для гледачоў ставіліся п’есы на беларускай мове (напрыклад, «Выбары старшыні» Янкі Быліный, «Суд» Уладзіслава Галубка), а таксама ладзіліся канцэрты. Аднак бадай што найбольш значным вынікам чыннасьці камітэту было адкрыцьцё восеньню 1942 г. беларускай школы. Сямікласная адукацыйная ўстанова існавала ў 1942—1943 г. і знаходзілася на вуліцы Свентаерскай, д. 18. Гэта была адзіная на тэрыторыі Генэрал-губэрнатарства беларуская школа. У ёй вучыліся каля 60 чалавек. Большасьць вучняў складалі дзеці з незаможных сем’яў. Дырэктарам школы стаў Васіль Літвінчук. Школа ўтрымлівалася за кошт сродкаў Варшаўскай школьнай управы. Пры школе быў створаны інтэрнат для вучняў (кіраўнік Клеапатра Паўлоўская). Пры школе дзейнічаў складзены з вучняў тэатральны гурток (кіраўнік Людміла Панько). У ліпені й жніўні 1943 г. была арганізавана калёнія для вучняў у вёсцы Забалоцьце, на Падляшшы.
Адным з важных поляў беларускай дзейнасьці ў Варшаве была Праваслаўная царква. Гэта было невыпадковым, паколькі пераважная большасьць мясцовых беларусаў належыла менавіта да праваслаўнага вервызнаньня. Акупацыйныя ўлады дазволілі беларусам стварыць унутры ўласныя царкоўныя структуры, а таксама праводзіць дзейнасць, якая мела на мэце правядзеньне беларусізацыі царкоўнага жыцьця там, дзе былі вернікі беларускай нацыянальнасьці. Восеньню 1940 г. пры Беларускім камітэце ў Варшаве была створана Беларуская царкоўная камісія (старшыня Аляксандар Шыла (з кастрычніка 1943 г. Антон Краскоўскі), сакратар Барыс Сыраб), якая занялася справай уніфікацыі беларускамоўных літургічных тэкстаў. У верасьні 1940 г. беларуская дэлегацыя на чале з М. Шчорсам накіравала мэмарандум да ачольніка Праваслаўнай царквы ў ГГ мэтрапаліта Дыянісія (Валядзінскага), у якім дамагалася стварэньня ў Варшаве беларускай парафіі. У адказ на пастуляты беларускіх дзеячаў ярархвыказаў згоду на заставаньне беларускай праваслаўнай парафіі ў гонар Увядзеньня Багародзіцы ў Храм, якая месьціласяў раёне Саская Кэмпа (вул. Парыская, д. 27). Першапачаткова беларуская грамада фармальна была філіялам мэтрапалітарнага сабору Раўнаапостальнай Марыі Магдалены, але пазьней яна функцыянавала самастойна.
Першым сьвятаром беларускай парафіі стаў айцец архімандрыт Філафей (Уладзімер Нарко), выхаванак Факультэта Праваслаўнага Багаслоўя Варшаўскага Унівэрсытэту. Гэты духоўнік увайшоў таксама ў склад Варшаўскай духоўнай кансысторыі. Вядомае таксама прозьвішча царкоўнага старасты, якім стаў А. Краскоўскі. Стаўленне мітрапаліта Дыянісія да беларускіх пачыннаньняў было вельмі прыхільным. Неаднаразова ярарх неведваў беларускую парафію і адпраўляў набажэнствы. Першая такая багаслужба адбылася ў 1940 г. на прыстольнае сьвятар парафіі (4 сьнежня), пасьля якой адбыўся ўрачысты банкет з удзелам правасланых сьвятароў і вернікаў. Акрамя таго, у фэсце ўдзельнічаў як прадстаўнік беларускага каталіцкага духавенства кс. Вінцэнт Гадлеўскі. Сьвятар ад імя беларусаў-каталікоў падзякаваў мэтрапаліту Дыянісію за наведаньне беларускай царкоўнай урачыстасьці й разуменьне патрэбаў беларускіх вернікаў. У прыватнасьці, ён падкрэсліў, што праваслаўныя беларусы Варшавы знаходзяцца ў значна лепшай сытуацыі чым іх браты каталіцкага веравызнаньня, паколькі апошнія “сьніць аб тым ня могуць, каб да іх прыехаў біскуп, адправіў ім імшу і быў разам зь імі”.
Трэба сказаць, што беларускія праваслаўныя дзеячы ў Варшаве рупіліся пра аднаўленьне праваслаўнага жыцьця ў Беларусі.9 верасьня 1941 г. пад кіраўніцтвам мэтрапаліта Дыянісія ў Варшаве была ўтвораная Беларуская царкоўная рада (БЦР), якая мусіла выпрацаваць прынцыпы набыцьця Праваслаўнай царквой у Беларусі самастойнасьці. Пасаду намесьніка кіраўніка Рады заняў айцец архімандрыт Філафей (Нарко). У склад гэтага органа ўвайшлі таксама Антон Краскоўскі і Барыс Стрэльчык. Меркавалася, што БЦР будзе прызнаны акупантамі ў якасьці дарадчага ў праваслаўных справах у Беларусі. На першым паседжаньні, на якім прысутнічалі мітрапаліт Дыянісій, архімандрыт Філафей, Ян Ермачэнка, Антон Краскоўскі, Барыс Стрэльчык, Алесь Вітушка, Анатоль Шкутка, Мікалай Ждановіч і Аляксандар Шыла, была прынята ўхвала, у якой пастулявалася неабходнасьць высвячэньня трох япіскапаў-беларусаў: Феафана (Пратасевіча), Філафея (Нарко) і Апанаса (Мартаса). Ермачэнку й Шкутку было даручана дамагчыся ажыцьцяўленьня вышэйзгаданай задумы шляхам перамоваў з нямецкімі ўладамі – у Менску й Бэрліне. У лістападзе 1941 г. архімандрыт Філафей выехаў у Беларусь, дзе неўзабаве быў высьвячаны на япіскапа. У знак прызнаньня заслуг гэтага сьвятара варшаўскія праваслаўныя беларусы падаравалі сьвежавысвячанаму ярарху каштоўныя панагіі.
Пасьля выезду ў Беларусь айца Філафея новым сьвятаром беларускага прыходу ў Варшаве быў прызначаны айцец Пётр Дубовік. Аднак гэты сьвятар не прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў, бо знаходзіўся ў Нямеччыне. У сувязі з гэтым набажэнствы для беларусаў часова праводзілі айцец Іван Каваленка (сьвятар расейскага прыходу), айцец Апанас Семянюк (вікарый прыходу Страсьцей Гасподніх і эканом мэтрапалітарнага дома) іайцец Юры Латоцкі. Толькі ў сакавіку 1942 г. мэтрапаліт Дыянісій прызначыў новым пробашчам айца Фёдара Барэцкага. Гэты сьвятар быў украінцам і паходзіў з Галіцыі. Духоўнік адпраўляў набажэнствы з дапамогай дзяка Ананія Герасімчука й псаломшчыка Мікалая Ждановіча. На прыходскае сьвята (4 сьнежня) набажэнствыштогод праводзіў мітрапаліт Дыянісій. Пра далучэньне да беларускага руху абвясьцілі таксама айцец Пятро Сарока і айцец Мікалай Рудакоўскі, якія час ад часу бралі ўдзел у набажэнствах у беларускім прыходзе ў Варшаве.
Беларусы ў Варшаве намагаліся ўтрымліваць зносіны са сваімі братамі на бацькаўшчыне. Устудзені і лютым 1942 г. адбываўся візіт у Менскбеларускай праваслаўнай камісіі Беларускага камітэту. Тым часам, увесну 1942 г. Варшаву наведалі япіскап Філафей (Нарко), Апанас (Мартас) і япіскапВенядзікт (Сеўба), якія былі ўрачыста прывітаныя кіраўнікамі камітэта. Два першыя ярархі ўзялі ўдзел у сьвяткаваньні абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. З нагоды гэтага сьвята 25 сакавіка 1942 г. мітрапаліт Дыянісій уганараваў іконамі і ўхваленьнямі кіраўніка варшаўскага камітэту М. Шчорса, яго намесьніка М. Ждановіча і А. Шылу, старшыню царкоўнай камісіі. Увесну 1942 г. уладыка выдаў распараджэньне, згодна з якім рэлігійныя патрэбы (хрышчэньні, шлюбы, пахаваньні і г. д.) праваслаўныя беларусы, якія жылі ў Генэрал-губэрнатарстве, маглі задавальняць выключна ў беларускім варшаўскім прыходзе, а не ў парафіях, што належалі іншым нацыянальнасьцям (украінцам і расейцам). Беларуская царкоўная камісія пры Беларускім камітэце распачала ўлік сяброў арганізацыі праваслаўнага веравызнаньня. Было створана таксама парафіяльнае бюро, якое займалася кантактамі зь вернікамі. Наведнікі прымаліся штодзень у сынадальнай канцылярыі (вул. Зыгмунтоўская, д. 13).
Восеньню 1942 г. у Варшаве было створана Беларускае Праваслаўнае Брацтва Сьв. Юр’я. 19 верасня 1942 г. адбылося першае пасяджэньне ўправы, падчас якога былі абраныя ягоныя сябры ў наступным складзе: айцец Ф. Барэцкі (старшыня), А. Краскоўскі (віцэ-старшыня), М. Ждановіч (сакратар), Башчанін (намесьнік сакратара), А. Шыла (скарбнік). Згодна з традыцыяй Праваслаўнай царквы, апеку над брацтвам узяў на сябе мэтрапаліт Дыянісій. Брацтва паставіла сабе за мэту: 1) развіцьцё і ажыўленьне духоўнай асьветы й рэлігійна-маральнага жыцьця сярод беларускага праваслаўнага насельніцва; 2) дзейнасьць супраць сэктантаў і іншых веравызнаньняў, якія пасягаюць на Праваслаўную царкву; 3) спраўленьне ўчынкаў хрысьціянскай міласэрнасці і г.д. Новая арганізацыя разгарнула працу накіраваную на беларусізацыю Праваслаўнай царквы, а таксама паглыбленьне нацыянальнай і рэлігійнай сьвядомасьці праваслаўных беларусаў. Прыярытэтным у дзейнасьці брацтва было выданьне літаратуры, перш за ўсё жыцьцяў беларускіх сьвятых, гістарычных нарысаў славутых манастыроў, а таксама цудатворных абразоў.
Брацтва Сьв. Юр’я выкарыстоўвала сынадальную друкарню Варшаўскай праваслаўнай мэтраполіі. Выдавецкая дзейнасьць брацтва прынесла плён. У 1942 і 1943 г. былі выдадзеныя па-беларуску “Беларускі праваслаўны малітвеньнік”, “Праваслаўны месяцаслоў на 1942 г.” і “Беларускі праваслаўны патэрык”. Гэтыя выданьні былі першымі ў гісторыі Праваслаўнай царквы такімі аб’ёмнымі малітоўнікамі на беларускай мове і ўтрымлівалі ўсе асноўныя малітвы, неабходныя для штодзённага карыстаньня вернікамі (тэкст складаўся сярод іншага з сымбалю веры, падзячных, ранішніх і вячэрніх малітваў). Асабліва заслугоўвае ўвагі “Беларускі праваслаўны малітвеньнік”, які ўтрымліваў наступныя малітвы: малітва пачатковая, малітва Сьвятому Духу, Анельская песьня, Праслаўленьне Бога, Малітва да Найсьвяцейшай Тройцы, Малітва Гасподня, Анельскае прывітаньне Божай Мацеры, Малітва за бацькаўшчыну, Вызнаньне Праваслаўнае Веры, Дзесяць запаведаў Божых, Ранішняя малітва Сьв. Макара Вялікага, Вячэрняя малітва, Малітва да Анёла Храніцеля, Малітва за жывых, Малітва за памерлых, Пахвала Божай Маці, Малітва да Сьвятога Крыжа, Канчатковая малітва, Малітва перад ежай, Малітва пасьля ежы, Малітва перад вучэньнем, Малітва пасьля вучэньня, Малітва да Сьвятога Апекуна, Малітва да Багародзіцы, Малітва перад прычашчэньнем, Вялікодная песьня, Вялікапостная малітва Сьв. Яфрэма Сырына.
Выдавецкую дзейнасьць меркавалася працягнуць. У беларускай прэсе зьявілася інфармацыя, што ідзе падрыхтоўка да выданьня другой часткі вышэйзгаданага малітоўніка. Брацтва Сьв. Юр’я ў Варшаве было першай беларускай сьвецкай праваслаўнай арганізацыяй падчас Другой сусьветнай вайны. Дзеячы брацтва лічылі сваю арганізацыю працягам традыцый праваслаўных брацтваў у Вялікім Княстве Літоўскім. Беларускія дзеячы зьвязвалі з дзейнасьцю брацтва вялікія надзеі на беларусізацыю праваслаўнага жыцьця на бацькаўшчыне. Неўзабаве ўправа брацтва заахвочвала суайчыньнікаў да заснаваньня брацтваў пры парафіях па ўсёй Беларусі. Пра гэта красамоўна сьведчаць словы Антона Краскоўскага: „мы маем абавязак парупіцца аб нашым бедным беларускім браце, аказваць яму матэрыяльную помач, падаць брацкую руку ў ягоных цяжкіх перыядах жыцьця. Гэты абавязак перадалі нам нашыя дзяды ў сваіх прыкладах. Ён павінен зьяўляцца для нас таксама сьвятым, як сьвятым для кожнага патрыёта зьяўляецца ягоная родная мова, яго сям’я, народ і бацькаўшчына. […] Гэтакую арганізаваную працу дасьць нам і загварантуе — арганізацыя! А канкрэтна — Царкоўнае Брацтва. Вось жа дзеля таго зьвяртаемся да ўсіх праваслаўных беларусаў, да ўсіх тых, каторым не чужым ёсьць наш царкоўны звон, хто быў хрышчаны як праваслаўны і ў царкоўнай агародзе пачуваецца сваім, каб арганізаваліся й запісваліся ў царкоўныя брацтвы, каб няслі свае супольныя ахвяры кажнамесячна ў меры магчымасьцяў сваю працу на карысьць свайго бліжняга, каб рупіліся аб актывізацыі царкоўнага і народнага жыцьця. Гэты абавязак ляжыць перадусім на настаяцелях прыходаў, манастыроў, ці іншых царкоўных інстытуцыях, на актыўным беларускім царкоўным элемэнце”.
З мэтай арганізацыі новых брацтваў у 1942 г. у Варшаве накладам Беларускага камітэта быў надрукаваны “Нармальны статут царкоўных брацтваў”, які меркавалася распаўсюджваць сярод землякоў на радзіме і за мяжой.
У 1943 г. у жыцці беларускіх вернікаў у Варшаве адбыліся істотныя падзеі. Па-першае, мэтрапаліт Дыянісій прызначыў беларуса айца Пятра Сароку душпастырам варшаўскіх шпіталяў. Па-другое, у траўні 1943 г. у Варшаве была адчынена праваслаўная духоўная сэмінарыя, у якую прынялі каля 70 сэмінарыстаў. Паводле задумы, сэмінарыя павінна была мець шматнацыянальны характар. Беларускія дзеячы зьвязвалі з ёй вялікія надзеі на падрыхтоўку беларускага духавенства. Лічылася, што адкрыцьцё сталічнай сэмінарыі спрычыніцца да павелічэння колькасьці беларускіх сьвятароў. Не выпадкова сярод прадметаў, якія выкладаліся ў мурох вучэльні, была беларуская мова. Сярод выкладчыкаў сэмінарыі былі беларусы – В. Стрэльчык (філязофія), М. Шчорс (пастарская мэдыцына) і М. Ждановіч (беларуская мова й літаратура). Падчас урачыстага адкрыцця сэмінарыі 4 траўня 1943 г. В. Стрэльчык як прадстаўнік беларускага боку прачытаў на беларускай мове рэфэрат пад назвай „Значэньне й месца філязофскіх навукаў”. Беларускія дзеячы разглядалі Варшаўскую сэмінарыю як адзін з цэнтраў навучання духавенства дзеля патрэбаў беларускага праваслаўя.У сувязі гэтым беларускі варшаўскі актыў заахвочваў родзічаў (напрыклад, у Латвіі) у іншых краінах да пошуку адпаведных кандыдатаў на сэмінарыстаў.
Адна з апошніх узгадак пра беларускую парафію ў Варшаве паходзіць з пачатку 1944 году. Вядома, што на Каляды беларускі прыход у Варшаве наведалі чарнігаўскі япіскап Ніканор (Абрамовіч), ярарх Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, а таксама наваградзкі япіскап Апанас (Мартас). Апошні 9 студзеня на патрэбы беларускай парафіі высьвяціў у дзякі Вінцэнта Жука.
Характэрнай рысай рэлігійнага жыцьця беларускіх праваслаўных вернікаў было выкарыстаньне роднай мовы ў царкоўнай практыцы. Набажэнствы адбываліся на царкоўнаславянскай мове, але казаньні сьвятары рабілі па-беларуску. У парафіі рэгулярна адпраўляліся ўрачыстыя набажэнствы з нагоды нацыянальных сьвятаў: 25 сакавіка — на дзень абвяшчэньня Беларускай народнай рэспублікі, і 21 лістапада — на дзень пачатку Слуцкага паўстаньня. Згаданыя багаслужбы адбываліся ва ўзнёслым і патрыятычным настроі. Захаваліся згадкі пра набажэнства ў праваслаўным прыходзе 21 лістапада 1943 г., якое правёў а. Ф. Барэцкі пры дапамозе айцоў А. Семянюка і П. Сарокі. Апошні прамовіў палымянае казаньне, у якім заклікаў да захаваньня беларускага патрыятызму й патрэбы ахвяраваньня на карысьць бацькаўшчыны.
Праваслаўныя беларусы Варшавы падтрымлівалі кантакты з родзічамі каталіцкага веравызаньня, якія таксама знаходзіліся ў польскай сталіцы. Пры Беларускім камітэце ў Варшаве існавала Беларуская каталіцкая камісія на чале з ксяндзом Пётрам Татарыновічам. Гэтая камісія займалася перакладам літургічнай літаратуры на беларускую мову. Кіраўніцтва камітэту хадайнічала перад уладамі Генэрал-губэрнатарства і касьцельнымі ўладамі адносна стварэньня беларускай каталіцкай парафіі і прызначэньня сьвятара-беларуса. Нягледзячы згоду на гэта з боку мітрапалітарнай курыі ў Варшаве, справа не атрымала падтрымкі Ордэну марыянаў, да якога належаў кс. П. Татарыновіч. 7 лютага 1942 г. кіраўніцтва Беларускага камітэту зьвярнулася ў Апостальскую Сталіцу з просьбай адносна развязаньня гэтай справы. У выніку кс. П. Татарыновіч атрымаў права ажыцьцяўляць апеку над каталікамі-беларусамі ў Варшаве. Набажэнствы для каталікоў-беларусаў пачалі адбывацца ў лютым 1942 г. у касьцёле сьв. Марціна на вуліцы Піўнай. Ад лістапада 1943 г. беларускія багаслужбы адбываліся ў грэка-каталіцкай царкве Айцоў базыльянаў на вуліцы Мядовай. Беларусы абодвух вераавызнаньняў жылі ў згодзе й супрацоўнічалі паміж сабой. Так, напрыклад, кс. Вінцэнт Гадлеўскі і кс. Пётра Татарыновіч неаднойчы наведвалі царкоўныя й нацыянальныя ўрачыстасьці, якія адбываліся ў беларускай праваслаўнай парафіі. Належыць зазначыць, што беларуская каталіцкая грамада Варшавы была па колькасьці вернікаў значна меншай за праваслаўную.
Беларуская актыўнасьць у Варшаве спынілася ўлетку 1944 году. Галоўная ўправа Беларускага камітэту перабралася ў Кракаў, дзе фармальна працягвала сваю дзейнасьць да студзеня наступнага году. Далейшы лёс беларускага варшаўскага асяродкасклаўся па-рознаму. Некаторым зь іх (М. Шчорсу, Я. Станкевічу) пасьля вайны ўдалося перабрацца на Захад. Яны сталі пасля вядомымі дзеячамі беларускай дыяспары ў Заходняй Эўропе й Заадзіночаных Штатах. Іншыя загінулі падчас вайны. Некаторыя засталіся ў Польшчы, дзе патрапілі пад рэпрэсіі з боку камуністычнай бясьпекі. Па многіх былых беларускіх дзеячах у віры паваеннай рэчаіснасьці ўвогуле загінуў сьлед…
References
Грыбоўскі Ю., Беларускі камітэт у Генерал-губернатарстве (1940—1945 гг.), „Arche” 2017,nr 5,s. 17-46.
Грыбоўскі Юры, Беларускае праваслаўнае жыццё ў Генерал-губернатарстве (1940-1944), „ActaAlbaruthenica” 2018, t. 18, с. 301-316.
Grzybowski J., Komitet Białoruski w Generalnym Gubernatorstwie (1940-1945), „Studia Interkulturowe Europy Środkowo-Wschodniej” 2018, t. 11, s. 32-64.
Jerzy Grzybowski: Belarusians in Warsaw during the German Occupation (1939-1945)
(magazine “CULTURE. NATION”, April 2019, issue 23, p. 36–46, www.sakavik.net)
One of the centers of the Belarusian national movement during the Second World War was Warsaw. The bulk of Belarusians in the Polish capital were former Polish soldiers, who in 1939 were in German captivity. Meanwhile, the engine of national life was the figures of the Belarusian – Polish pre-war residents of the state. Among the local activists were: Mikalaj Shchors, Mikalaj Zhdanovich, Ivan Stankevich, priest Vincent Hadleuski and others. Political and international situation during the war contributed to the revitalization of national-cultural activity of Belarusians in German-occupied territories. As a result, in Warsaw, it was created the Belarusian Committee of the General of Province, which is patronized by local Belarusians. In addition, the elementary school worked, the Orthodox and Roman Catholic parishes acted. Cultural, educational and religious activities of Belarusians in Warsaw were visible at home.
Categories: Гісторыя, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ