У міжваенны час адным з цэнтраў беларускай нацыянальна-культурнай дзейнасьці была Латвія. Асноўная колькасьць латвійскіх беларусаў пражывала ў Латгаліі, дзе яны былі аўтахтонным насельніцтвам. Дзякуючы вельмі лібэральнаму заканадаўству Латвійскай рэспублікі да 1934 г. мясцовыя беларусы карысталіся нацыянальна-культурнай аўтаноміяй, якая аднак была ліквідавана разам з усталяваньнем у краіне аўтарытарнага рэжыму Карліса Ўльманіса. У пэрыяд нямецкай акупацыі (1941-19445 г.) нацыянальна-культурнае жыцьцё латвійскіх беларусаў значна актывізавалася. Спрыяла гэтаму прагматычная палітыка акупантаў. Адным з істотных аспэктаў гэтага беларускага жыцьця ў гэты час была музычная й тэатральная чыннасьць. У дадзеным артыкуле падрабязна разглядаюцца ўмовы, у якіх адбывалася дзейнасьць беларускіх музыкаў і актораў, а таксама аналізуюцца вынікі іх працы.
***
Латвія займае заўважнае месца ў гісторыі беларускага нацыянальна-адраджэнчага руху ў 20 стагоддзі. У міжваенны час беларусы належылі да найбольш шматлікіх (пасьля расейцаў, немцаў, габрэяй і палякаў) групаў сярод прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў Латвіі. Беларусы ў сваёй большасьці былі аўтахтонамі на латвійскай зямлі. Месцам кампактнага пражываньня латвійскіх беларусаў была паўднёва-усходння частка краіны – Латгалія. Асноўную масу беларускага насельцнітва ў Латвіі складала незаможнае сялянства. Першыя спробы беларускага адраджэнцкага руху сяродлатгальскай беларускай вёскі адносяцца да пэрыяду Першай сусьветнай вайны, калі ў паўднёвай Латгаліі быў створаны Беларускі рэвалюцыйны камітэт, дзеячы якога дамагаліся адкрыцьця беларускіх школаў. Адразу пасьля заканчэньня Вялікай Вайны, у 1919-1921 г. цэнтар цяжару беларускага руху ў Латвіі перасунуўся ў Рыгу. Гэта было зьвязана са зьяўленьнем ў сталіцы дзеячоў БНР і адкрыцьцём дыплёматычных прадстаўніцтваў гэтае краіны. Так, у 1919 г. распачала сваю дзейнасьць Вайскова-дыплёматычная місія БНР на чале з Кастусём Езавітавым. Адчыніліся дыпляматычныя прадстаўніцтвы БНР у Рызе і Лібаве. Тады ж актывізавалася мясцовая беларуская калёнія.
Пасьля Рыскага міру некаторыя беларускія дзеячы, у тым ліку Езавітаў, абралі Латвію ў якасьці сталага месца жыхарства. Да іх далучылася група аднадумцаў, якія прыбылі з Польшчы (Іван Краскоўскі, Андрэй Якубецкі, Паўліна Мядзёлка і інш.). Гэта нешматлікая група дзеячоў стала ля вытокаў беларускага нацыянальна-культурнага, асьветнага і грамадзка-палітычнага жыцьця ў Латвіі ў міжваенны час. З цягам часу да эмігрантаў пачалі далучацца мясцовыя актывісты. За непрацяглы час удалося разгарнуць шпаркую грамадзка-культурную, асьветную, выдавецкую й палітычную чыннасьць. Дзякуючы ахвярным высілкам нешматлікай групы людзей Латвійская рэспубліка, побач з іншымі эўрапейскімі дзяржавамі (Польшча, Чэхаславаччына, Літва), стала адным з галоўных асяродкаў беларускага руху ў міжваенны час. Першай і найбуйнейшай арганізацыяй латвійскіх беларусаў былоБеларускае культурна-асьветнае таварыства “Бацькаўшчына”, якое дзейнічала ў 1921-1925 г. У пазьнейшы пэрыяд яго працу працягвалі таварыствы “Рунь”, “Беларуская хата”, Беларускае настаўніцкае таварыства і іншыя. У краіне было створана беларускае школьніцтва, якое ў часе свайго ўздымку налічвала 50 пачатковых школаў і 3 сярэднія. У Рызе выходзілі беларускія пэрыёдыкі, друкавалася літаратура. Рабіліся захады, каб разгарнуць палітычную і каапэратыўную працу. Такім чынам, засеянае дзеячамі БНР каліва нацыянальнага руху добра прыжылося на латвійскай глебе й прынесла значны плён.
Пра трываласьць мясцовага беларускага нацыянальнага жыцьця яскрава сьведчыць факт, што яго не спыніў ані дзяржаўны пераварот Карліса Ульманіса (1934 г.) і ўвядзеньне ў краіне аўтарытарнага рэжыму, ані нават завіруха Другой сусьветнай вайны. Пры гэтым варта адзначыць, што падчас апошняй назіралася значнае ажыўленьне беларускай нацыянальна-культурнай працы ў Латвіі. Прычынай гэтага стану быў шэраг складаных геапалітычных і мілітарных чыньнікаў. У сувязі з гэтым неабходна больш падрабязна спыніцца на падзеях ваеннага часу. Улетку 1940 г. Латвія была пазбаўлена дзяржаўнай незалежнасьці і гвалтоўна далучана да Савецкага Саюза. Савецкае панаваньне ня было аднак працяглым. Сытуацыя зьмянілася з пачаткам нямецка-савецкай вайны. У выніку маланкавага наступу нямецкіх войскаў ужо на пачатку ліпеня 1941 г.уся Латвія была занятая Вэрмахтам. Такім чынам, савецкая акупацыя зьмянілася савецкай. У краіне ўсталяваўся нямецкі акупацыйны рэжым, які на большай частцы Латвіі доўжыўся тры гады. Акупанты стварылі Генэральную акругу “Латвія”, якая была часткай Рэйхскамісарыяту “Остлянд” са сталіцай у Рызе.
Акупанты ведалі, што латвійскае грамадзтва адрозьнівалася вельмі стракатым нацыянальны склад. У сувязі з гэтым кіруючыся расавымі ды палітычна-мілітарнымі меркаваньнямі Бэрлін вырашыў дазволіць існаваньне пэўнай нацыянальна-культурнай і асьветнай аўтаноміі некаторым нацыянальным меншасьцям, сярод іх беларусам. Па-ранейшаму беларусы былі адной з найбуйнейшых на колькасьці нацыянальных групаў Латвіі. Праведзены 24 лютага 1943 г. перапіс жыхароў у Генэральнай акрузе “Латвія” паказаў, што на гэным абшары пражывала 48 601 беларусаў (2,76% агульнай колькасьці жахарства). Нацыянальна-культурная аўтаномія ва ўмовах нямецкай акупацыі праяўлялася ў дзейнасьці грамадзкай арганізацыі й школьніцтва. У верасьні 1941 г. быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт (ад вясны 1942 г. – Беларускае аб’яднаньне) у Генэральнай акрузе “Латвія”. Гэтай арганізацыяй кіраваў Кастуся Езавітаў, а сярод актыву належыць пералічыць, між іншым, Андрэя Якубецкага, Сяргея Сахарава, Алеся Махноўскага, Пётру Мірановіча, Мікалая Дзямідава. Гэта арганізацыя ператварылася ў рухавік беларускай нацыянальна-культурнай і асьветнай працы ў акупаванай Латвіі. Многія аспэкты дзейнасьці беларускага актыву ўжо былі прадметам нашай дасьледчыцкай увагі і дачакаліся навуковага апрацаваньня. У дадзенай публікацыі варта засяродзіцца на адным зь іх, а менавіта – на музычнай і тэатральнай працы.
Беларускі актыў Латвіі ставіў сабе за мэту нацыянальнае ўсьведамленьне мясцовага беларускага жыхарства, нацыянальная сьвядомасьць якога ў значнай ступені было яшчэ несфармаванае. Дасягнуць гэтай мэты было магчыма ня толькі дзякуючы роднай школе, але таксама праз інтэнсыўную культурную працу. Невыпадкова адным з прыярытэтаў дзейнасьці вышэйзгаданага аб’яднаньня было ладжаньне канцэртаў і музычных фэстаў, стварэньне хораў, а таксама аматарскіх і вандроўных тэатраў.Ужо ўлетку 1941 г. пачалася праца па стварэньні беларускіх хораў. У гэты час быў створаны калектыў у мясцовасьці Індра, якім кіраваў Мікалай Гаўбштэйн. Пры дапамозе дзьвінскага аддзела Беларускага Нацыянальнага камітэтуўвесну 1942 г.у Дзьвінску пачалася праца пад стварэньнем «беларускай драматычнай дружыны» над кіраўніцтвам Язэпа Камаржынскага. Дзякуючы Я. Камаржынскаму і М. Гаўбштэйну пры аддзелах Беларускага аб’яднаньня ў Індры і Краславе ў хуткім часе былі ствараны аматарскія драматычныя дружыны і хоры. З мэтай кіраваньня драматычнымі гурткамі ў Дзьвінск прыехаў Аляксандар Новікаў, былы рэжысэр віцебскага 2-га Беларускага дзяржаўнага тэатру. Тым часам дырыгент М. Гаўбштэйн узначаліў працу хораў. Выніку іх працы не давялося доўга чакаць. Восеньню 1942 г. пры аддзеле Беларускага аб’яднаньня ў Дзьвінску пачала працу аматарская трупа (кіраўнік А. Новікаў), якая раз-два ў месяц ставіла п’есы і канцэрты ў Дзьвінску, Індры і Краславе.
У жніўні, верасьні і кастрычніку 1942 г. драматычныя гурткі арганізавалі некалькі паказаў у Латгаліі. Cпачатку акторы гралі дзьве п’есы — «Птушка шчасьця» Францішка Аляхновіча й «Мікітаў лапаць» Міхася Чарота. Прыбытак з мерапрыемстваў прызначаўся на беларускія культурна-асьветныя патрэбы. Архіўныя крыніцы дазваляюць досыць падрабязна прасачыць за працай беларускіх калектываў. Так, напрыклад, 16 жніўня 1942 г.умястэчку Пустын намаганнямі сяброў Беларускага аб’яднаньня і ўдзельнікаў настаўніцкіх курсаў была пастаўлена п’еса «Птушка шчасьця», у якой галоўныя ролі выканалі Ігнат Блажэвіч, Зьміцер Юркевіч, Антон Пунін, Г. Дзяргач і іншыя. Выступіў таксама хор над кіраўніцтвам М. Гаўбштэйна. Прысутнічала каля тысячы чалавек, у тым ліку нямецкі камэндант Індры, прадстаўнікі латыскай адміністрацыі й паліцыі. Гэтая ж пастаноўка ў выкананьні тых жа артыстаў адбылася 23 жніўня ў Краславе па ініцыятыве мясцовага аддзела Беларускага аб’яданьня. Адным з пунктаў праграмы быў выступ Габрыелі Вікснэ-Апініс з Рыгі, якая выканала шэраг беларускіх («Скрыпка», «У садочку цвітучым» А. Туранкова, «Ай да ў нашым сяле» Зінчука), латыскіх і нямецкіх песьняў. 29 жніўня ў Краслаўцы пад рэжысурай Я. Камаржынскага была пастаўлена п’еса «Мікітаў лапаць», у якой выступілі Мікалай Талерка, Барбара Эндсберг, І. Блажэвіч, В. Пурыньш, А. Пунін. Пасьля спэктакля адбыўся выступ балета ў выкананьні групы вучаніцаў мясцовай пачатковай школы пад кіраўніцтвам Элізы Казакевіч. 30 жніўня ў Дзьвінску ў залі Дома яднаньня драматычны калектыў сыграў п’есу «Мікітаў лапаць».Заслугоўвае ўвагі тое, што на паказ прыбыло шмат беларусаў з Друі. Гэта была адна з першых сустрэчпў землякоў, якія працяглы час жылі па абодва бакі былой дзяржаўнай мяжы. Намаганьнямі аддзела Беларускага аб’яднаньня ў Індры 13 верасьня 1942 г. у Прыдруйску адбыўся паказ вышэйзгаданай п’есы Ф. Аляхновіча. 29 верасьня 1942 г. падчас урачыстага ўручэньня дыплёмаў удзельнікам настаўніцкіх курсаў пры беларускай гімназіі ў Індры драматычны калектыў мясцовага аддзела Беларускага аб’яднаньня пад кіраўніцтвам Я. Камаржынскага сыграў п’есу «Мікітаў лапаць», у якой выступілі акцёры Юзэфа Оруп-Васілеўская, Вольга Пурыньш-Мадзалеўская, Б. Эндсберг, М. Талерка, І. Блажэвіч. 1 кастрычніка 1942 г. драматычны гурток з Індры прыбыў у Друю па запрашэньні тамтэйшай беларускай школы. Індраўцы паставілі п’есу М. Чарота і арганізавалі выступы двух квартэтаў сьпевакоў. Вось як пісала пра гэтую падзею бэрлінская беларуская газэта «Раніца»: «Вечарына прайшла з вялікім посьпехам і паклала пачатак цеснаму супрацоўніцтву беларускіх культурных сіл, штучна падзеленых у свой час мурам польска-латыскай мяжы, якая 20 год праходзіла па жывому целу беларускага народу й разрывала яго на часткі, аддаючы гэтыя часткі пад панаваньне чужынцаў».
Кіраўніцтва Беларускага аб’яднаньня плянавала гастролі ня толькі ў Латгаліі, але таксама у памежных з Латвіяй ваколіцах Браслава, Дрысы, Полацка й Себежа. Разьлік рабіўся на тое, каб незалежна ад Дзьвінска на правінцыі дзейнічалі драматычныя «дружыны», якія пад кіраўніцтвам мясцовых рэжысэраў маглі б самастойна ставіць п’сы ў вёсках. Аднак галоўным асяродкам тэатральнай працы па-ранейшаму заставаўся Дзьвінск. 8 лістапада 1942 г.у горадзе адбыўся вялікі канцэрт беларускіх песьняў, падчас якога выступілі квартэт Беларускага аб’ядання ў Індры, Вольга Бароўская і Габрыеля Вікснэ. Аранжыраваў квартэту арганіст з Індры Язэп Станкевіч. 15 лістапада 1942 г. драматычны гурток дзьвінскага аддзела Беларускага аб’яданьня пад кіраўніцтвам А. Новікава паставіў п’есу М. Машары «Лёгкі хлеб».На паказе, які адбыўся ў будынку беларускай гімназіі ў Індры, прысутнічала больш за 500 гледачоў. Наступны спэктакль паводле гэтай п’есы адбыўся 22 лістапада 1942 г. у Краславе. На ім прысутнічала каля 450 гледачоў. 29 лістапада 1942 г. адбылася пастаноўка «Лёгкага хлеба» ў Дзьвінску, на якую прыйшло каля 800 чалавек. У наступным годзе артысты пашырылі свой рэпэртуар. У студзені 1943 г.у Дзьвінску былазладжаная вечарына беларускіх вадэвіляў, падчас якога адбыліся інсцэніроўкі твораў «Пярэстая красуля» А. Чужыніна, «Міхалка» Далецкіх і «Чорт і баба» Ф. Аляхновіча. 14 лютага 1943 г.у вялікай залі дзьвінскага Дома афіцэраў мясцовы драматычны гурток Беларускага аб’яднаньня пад кіраўніцтвам рэжысэра А. Новікава ўпершыню паставіў камэдыю Ф. Аляхновіча «Шчасьлівы муж». Посьпехі дзьвінскіх беларускіх актораў настолькі ўразілі кіраўніцтва Беларускага аб’яднаньня, што ўлетку 1943 г. абмяркоўвалася магчымасьць адкрыцьця ў Дзьвінску беларускага тэатра й опэры.
Тым часам працягвалі дзейнічаць драматычныя калектывы ў іншых мясцовасьцях. 2 студзеня 1943 г.у 7-й беларускай пачатковай школе ў вёсцы Гаравая (воласьць Скайста) адбылася вечарына з удзелам квартэта індраўскага Беларускага аб’яднаньня (кіраўнікі М. Гаўбштэйн і Я. Станкевіч) і драматычнай «дружыны» гэтага ж аддзела, якая паставіла п’есу «Птушка шчасьця» (рэжысэр З. Юркевіч). Паказ сабраў каля 600 гледачоў, сярод якіх былі вучні й бацькі беларускай школы, настаўнікі суседніх латыскіх школаў, камэндант Індры. Паводле сведчаньняў прысутных панаваў узнёслы й бадзёры настрой. 24 студзеня 1943 г. драматычны гурток індраўскага аддзела Беларускага аб’яднаньня ўпершыню паставіў п’есу «Боты». Пастаноўка была падрыхтавана Мікалаем Талеркам, а гралі ў ёй Вольга Мадзялеўская-Пурыньш, Эдвард і Канстанцін Сушынскія. У Індры існаваў таксама балетны гурток (кіраўніца Эліза Казакевіч) і мужчынскі квартэт (кіраўнік Язэп Станкевіч). Кастусь Езавітаў лічыў, што ў Індры варта таксама арганізаваць народны хор. Улетку 1943 г. аддзел Беларускага аб’яднаньня ў Зілупэ выйшаў з ініцыятывай стварэньня ўласнага хору. З гэтай мэтай 13 ліпеня 1943 г. кіраўніцтва аддзела зьвярнулася да цэнтральнай управы з просьбай дапамагчы набыць матарыял для пашыву народных строяў.
Выступы драматычных калектываў і хораў карысталіся папулярнасьцю гледачоў, але якасьць пастановак жадала быць лепшай. Рэцэнзэнты зьвярталі ўвагу на небеззаганны грым і вопратку актораў, што не заўсёды адпавядалі ролям, якія выконваліся. Больш за тое, акторы-аматары не заўсёды былі здольныя на адпаведным узроўні выканаць свае ролі. Часамі кідалася ў вочы кепскае веданьне беларускай мовы. Вось якім чынам адзін з рэцэнзэнтаў дзяліўся сваімі крытычнымі заўвагамі пра спэктакль «Шчаслівы муж»: «Г. Ліндэ гуляла на гэты раз у ролі старое дзяўчыны Уршулі, гуляла сярэдне. У яе гульні было трохі зашмат гістэрычнай нервовасьці, што можа выліцца ў празьмернасьць. Пажадаемо нашай аматарцы больш увагі звярнуць на міміку ды адшуканьне ў ад’ёмных баках сонечных месцаў, сэрца, што надае гульні больш веры. Прыяцельку Фельку гуляла Т. Мацвеева, і хаця адгуляла добра, аднак сэрца ў гульню не ўклала і яе Ганулька у „Лёгкім хлебе” была больш вартаснай. Гаўдэнта Залепку слаўна падаў на сцэне А. Абалевіч, аднак вопратка, як для жагнага жонкай мужа паслужніка была забагатая. Трэба адзначыць гульню І. Жукоўскай у ролі Мар’яны. І. Ж. як і Н. Лама абацаюць вырабіцца на значныя артыстычныя постаці нашага тэатру. Яе гульня — адбіткам сапраўднага жыцьця на сцэне. […] Рэжысёр А. Новікаў гуляў мнімага графа — Ільдэфонса Мацальскага. Гуляў сярэдне, але тэксту не ведаў, ды і троху перасаліваў, чаму ў гледача зьяўляецца сумніў, як можна закахацца ў гэтакага грубага мужчыну. Вельмі дрэнна ў яго стаіць справа з мовай, і беларускі глядач патрабуе дасканалага веданьня беларускай мовы, як ад рэжысёра і артыстага. Асабліва дрэнна быў паложаны грым амаль ва ўсіх артыстаў, за вынікам двух-трох, і не адпавядаў тым ролям, якія гуляліся».
Працу дзьвінскага драматычнага гуртка ўскладнялі непаразуменні паміж рэжэсёрам А. Новікавым і некаторымі акторамі. Карэспандэнт газеты «Наш шлях» наступным чынам характарызаваў сутнасьць спрэчкі: «Ці ўжо мы сапраўды нагэтулькі неграмадскія людзі, што аднойчы не скончым усе спрэчкі? Брыдка выносіць сваё смяцьцё на чужы падворак, але гэта ўжо адбылося, і таму спынімся на гэтым крыху шырэй. Што датычыцца непаладу сп. рэжысёра з некаторымі акцёрамі-аматарамі, дык віна тут абодвух бакоў. Сп. Новікаву, як рэжысёру, можна закінуць толькі часам кінутыя словы лаянкі ды магчыма абцяжаранасць працай у двох народаў. Але найбольш віны нашых актораў, якія ўжо бяруцца праводзіць рэжысюры, не маючы ні спэцыяльнае асьветы, ані вялікае практыкі. Тут, паважаныя спадары акторы, нам трэба яшчэ вучыцца, і таму адкінуць ганарлівыя мроі стацца Міровічам». З цягам часу атмасфэра ў калектыве яшчэ больш пагоршылася. Сьведчыць пра гэта ліст (1 чэрвеня 1943 г.) Алеся Махноўскага да Кастуся Езавітава, у якім чытаем: «З Новікавым надалей працаваць немагчыма. Патрэбен рэжысёр. А дзе яго шукаць? У тэатры старэнна адчуваецца недахоп белар. інтэлігентных сіл. Зарэзала і адсутнасць п’ес для тэатра на белар. мове». Аўтар радкоў прызнаваў, што рэпэртуар дзьвінскага тэатру яшчэ недасканалы, але заклікаў трымацца ўласна беларускіх твораў, а не квапіцца адразу на чужыя пераклады, бо «ад маскоўшчыны ў нас яшчэ галава баліць ад часоў бальшавікоў».
З мэтай паляпшэньня якасьці працы драматычнай «дружыны» дзьвінскія беларусы былі вымушаны зьвярнуцца па дапамогу ў Менскі гарадзкі тэатр. У кастрычніку 1943 г. сакратар Дзьвінскага аддзела Беларускага аб’яднаньня Алесь Махноўскі ў лісьце да Язэпа Найдзюка прасіў прыслаць з Менска рэжысэра-артыста, які «здолеў бы наладзіць і паставіць на патрэбную вышыню наш тэатр, каб ён даваў пастаноўкі не горшыя, чым даюць латыскі і расейскі дзьвінскія тэатры». Ён жа жаліўся на адсутнасьць новых п’есаў і прасіў, каб менчукі падзяліліся сваім рэпэртуарам. З мэтай наладжваньня супрацоўніцтва ў Менск выехала настаўніца Тамара Мацвеева. Тым часам намаганьнямі К. Езавітава рабіліся пераклады іншамоўных п’есаў, перш за ўсё латыскіх. Нягледзячы на вышэйзгаданыя цяжкасьці аматарскі калектыў у Дзьвінску не спыніў сваёй працы. У 1944 г. драматычная «дружына» паставіла камэдыю Мамантавай «Ружовае павуціньне».
Праявы беларускага культурнага жыцьця назіраліся ня толькі ў Латгаліі, але таксама ў Рызе. Галоўным ініцыятарам беларускіх урачыстасьцяў, якія звычайна адбываліся ў будынках беларускіх школаў, быў К. Езавітаў. На беларускіх вечарынах сьпявалі арыі з опэраў і народныя песьні. Восеньню 1942 г.у Рызе адбыўся канцэрт беларускай песьні й музыкі. Выканаўцамі зьяўляліся беларускія пэдагогій вучні, як, напрыклад, настаўніца 1-й рыскай беларускай школы Вольга Бароўская-Пігулеўская. У 1942 г. кіраўніцтва Беларускага аб’яднаньня атрымала згоду акупацыйных уладаў на вяшчаньне ў Рызе радыёперадачаў зь беларускімі народнымі сьпевамі. Адначасова кіраўніцтва Беларускага аб’яднаньня зьвярнулася да сьпевакоў з просьбай аб падрыхтоўцы рэпэртуару. На заклік адгукнуліся Анэля Латонас-Дзямідава, Ганна Бедарава, Габрыеля Вікснэ-Апініс і Эрыка Даніэльс. Рыскі кампазытар Дзьмітры Кулькоў напісаў фантазію для скрыпкі, у аснову якой лягла беларуская народная мэлёдыя. Да 20-годдзя творчай дзейнасьці паэта Пятра Масальскага (творчы псэўданім Пятро Сокал) па прапанове Беларускага аб’яднаньня кампазытар А. Туранкоў напісаў музыку да вершаў П. Масальскага «Прытулісь да мяне» й «Развітаньне».
Беларускі актыў Латвіі рабіў спробы зладзіць выступленні замежных тэатральных калектываў і асобных сьпевакоў. У лістападзе 1942 г. старшыня Беларускага аб’яднаньня зьвярнуўся да старшыні Беларускай народнай самапомачы (БНС) Івана Ермачэнкі з просьбай накіраваць у турнэ па Латвіі групу беларускіх сьпевакоў з менскай опэрнай трупы: кампазытара Міколу Шчаглова, Ніну Бандарыну, Натальлю Чамярэсаву, Варвару Пукст, Веру Купцэвіч, Стэфанію Ласкавец, Яна Лапаціна, Мікалая Вастокава йвіяланчэліста Мікалая Арлова. Канцэрты павінны былі адбыцца ад 25 сьнежня 1942 да 10 студзеня 1943 г.у Дзьвінску, Індры, Рызе, Краславе й Зілупэ. Пры гэтым плянаваўся таксама выступу памежнай з Латвіяй Друі.
Да латвійскіх беларусаў завітвалі таксама значныя славутасьці. Зараз варта спыніцца на выступах у Латвіі вядомага тагачаснага беларускага тэнара Міхася Забэйды-Суміцкага. Восеньню 1942 г. К. Езавітаў зьвярнуўся да старшыні бэрлінскага Беларускага камітэту самапомачы (БКС) Мікалая Абрамчыка з просьбай дапамагчы скантактавацца са сьпеваком. Тэнар пагадзіўся наведаць з канцэртамі Латвію, і ўлетку 1943 г. адбыліся яго першыя гастролі ў гэтай краіне. Агулам сьпявак даў сем канцэртаў у Латгаліі: Дзьвінску (9 і 11 ліпеня), Краславе (4 ліпеня), Індры (18 ліпеня), Люцыне (22 ліпеня), Зілупэ (24 ліпеня) і Пасіене (25 ліпеня). Рэпэртуар сьпевака складаўся з твораў беларускіх і замежных аўтараў (з перавагай першых). Падчас канцэрту маэстра акампаніравала мясцовая сьпявачка В. Бароўская, якая таксама выканала некалькі твораў. Сярод запрошаных на канцэрты былі прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці й настаўніцтва, нямецкіх цывільных і вайсковых уладаў, латыскага самакіраваньня. Актыў дзьвінскага аддзела Беларускага аб’яднаньня вельмі станоўча ацэньваў вынікі турнэ, і ў сувязі з гэтым плянаваўся яго працяг у другой палове 1943 г. У лісьце кіраўніцтва дзьвінскага аддзела да цэнтральнай управы ад 31 жніўня 1943 г. чытаем: «Усе канцэрты прайшлі надзвычай добра і з вялікім мастацкім і матар’яльным посьпехам. Беларускай песьняй у выкананьні нашага сьпевака Забэйды-Суміцкага цешыліся, прызналі прыгожасьць мэлёдыяў і высокае мастацкае выкананьне ня толькі беларусы, але і прадстаўнікі іншых народаў. Канцэрты Забэйды-Суміцкага зьяўляліся заменай беларускага нацыянальнага сьвята сьпеваў, якое не ўдалося па незалежным ад нас прычынам наладзіць разам з латышамі». Дзьвінскія беларусы зьвярнуліся з прапановай да цэнтральнай управы, каб апублікаваць беларускамоўны рэпэртуар сьпевака. Пасьля завяршэньня канцэртаў у Латгаліі М. Забэйда-Суміцкі некалькі тыдняў адпачываў у адным з фальваркаў у ваколіцах Люцына.
Падчас знаходжаньня ў Латвіі тэнар атрымаў ад кіраўніцтва Беларускага аб’яднаньня прапанову заняць пасаду рэжысэра й дырэктара беларускага тэатру і опэры ў Дзьвінску. Кастусь Езавітаў спадзяваўся, што згода тэнара дазволіць у будучыні стварыць музычную школу і кансэрваторыю. Сьпявак не выказаў аднак зацікаўленасьці. На думку К. Езавітава неабходна было арганізаваць канцэрты ў ваколіцах Рэжыцы і Ілукшты, а таксама ў Рызе. Задуму ўдалося аднак ажыццявіць толькі часткова. Па запрашэньні Беларускага аб’яднаньня восеньню 1943 г. М. Забэйда-Суміцкі зноў наведаў Латвію, дзе даў канцэрт у Рызе (28 верасня) і Лібаве (4 кастрычніка). У студзені 1944 г. былі заплянаваны чарговыя канцэрты тэнара ў Рызе і Дзьвінску, якія аднак не адбыліся па прычыне хваробы сьпевака.
Заняцьце Чырвонай Арміяй большай часткі Латвіі улетку й восеньню 1944 г. спыніла беларускую культурна-асьветную працу ў гэтай краіне. Найбольш актыўныя дзеячы й завадатары беларускага жыцьця былі вымушаныя ратаваць сваё жыцьцё. Па-рознаму склаўся іх далейшы лёс. Адны (напрыклад, Алесь Махноўскі, Пётра Мірановіч) ў паваенны пэрыяд апынуліся на Захадзе, дзе бралі чынны ўдзел у жыцьці беларускага замежжа. Іншыя (Сяргей Сахараў) прайшлі пекла сталінскіх лягераў альбо страцілі жыцьцё ў савецкіх катоўнях (Кастусь Езавітаў). Лёс яшчэ іншых (Андрэй Якубецкі) недзе згубіўся ў віры ваенных падзеяў.
Падсумоўваючы належыць адзначыць, што пад нямецкай акупацыяй у Латвіі адбылося ажыўленьне мясцовага беларускага нацыянальнага жыцьця. Галоўным чыньнікам, які гэтаму спрыяў, была палітыка акупантаў. Кіруючыся халодным палітычным разьлікам і жаданьнем падначаліць сабе захопленыя землі ўлады Трэцяга Рэйху дазволілі пэўную культурна-асьветную аўтаномію беларусаў. Галоўным рухавіком беларускага руху ў гэты час стала Беларускае аб’яднаньне ў Генэральнай акрузе «Латвія». Маштаб беларускай дзейнасьці ў 1941-1944 г. нічым не саступаў беларускай нацыянальнай актыўнасьці ў Латвіі ў міжваенны час, а ў дачыненьні да пэрыяду знаходжаньня краіны пад панаваньнем аўтарытарнага рэжыму Улманіса, а потым пад савецкай акупацыяй быў значна большы. Бяспрэчна, што дасягненьне гэтага было немагчыма без самаахвярнай і самаадданай працы мясцовага беларускага актыву. Асабліва належыць адзначыць ролю Кастуся Езавітава як пачынальніка і галоўнага завадатара большасьці ініцыятываў. Адным з істотных аспэктаў дзейнасьці беларускіхдзеячоў была драматычна-тэатральная чыннасьць, што знайшло сваё адлюстраваньне ў шматлікіх мерыпрыемствах: стварэньні аматарскіх хораў і драматычных калектываў, наладжаньні выступаў і фэстаў, арганізаваньні турнэ выканаўцаў з-за мяжы. Галоўнай мэтай дадзенай працы было захаваньне й разьвіцьцё нацыянальнай сьвядомасьці латвійскіх беларусаў. Нягледзячы на шэраг цяжкасьцяў (адсутнасьць належнага досьведу і адмыслоўцаў, кепская матарыяльная база) драматычна-тэатральная праца праходзіла досыць шпарка й ня можа не ўражваць сваім абсягам і дынамічнасьцю. Складана аднак адназначна ацаніць эфэктыўнасьць гэтае працы ва ўмовах вайны і акупацыі. Безумоўна, адказу на гэтае пытаньне варта пашукаць у гістарычных крыніцах.
References
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Менск
Ф. 458 – Канстанцін Барысавіч Езавітаў
Bundesarchiv in Berlin-Lichterfelde (Фэдэральны архіў), Бэрлін-Ліхтэрфэльдэ
R 6 – Reichsministerium für die besetzten Ostgebiete (Міністэрства акупаваных усходніх абшараў)
R 92 – Abteilung für Bildung und Kultur des Generalbezirk Lettland (Дэпартамэнт асьветы і культуры Генэральнай акругі “Латвія”)
Latvijas Nacionālais arhīvs Latvijas Valstsvēstures arhīvs (Латвійскі дзяржаўны гістарычны архіў Латвійскага нацыянальнага архіву), Рыга
- F. P-712 – Baltkrievijas sabiedrība (Беларускае аб’яднаньне ў Генэральнай акрузе “Латвія”)
Грыбоўскі Ю., Да гісторыі беларускай школы ў Латвіі пад нямецкай акупацыяй (1941-1944 г.), “Rocznik Centrum Studiów Białoruskich” 2017, t. 3, s. 38-92.
Грыбоўскі Ю., З гісторыі беларускага руху ў Латвіі ў міжваенны і ваенны пэрыяды, „Запісы БІНіМ” 2016, z. 38, s. 457-480.
Грыбоўскі Ю., Культурна-асветная дзейнасць беларусаў у Латвіі пад нямецкай акупацыяй (1941-1944 гг.), “Białoruskie Zeszyty Historyczne” 2018, t. 49, с. 181-213.
Грыбоўскі Ю., Культурна-асьветная й грамадзкая дзейнасьць Кастуся Езавітава ў Латвіі падчас нямецкай акупацыі (1941-1944 гг.), “Запісы БІНіМ” 2018. T. 40. C. 645-681.
Грыбоўскі Ю., “Латвійскі” перыяд дзейнасці Мікалая Дзямідава (1922-1942), “Беларускі гістарычны агляд” 2016, t. 23, s. 41-71.
Грыбоўскі Ю., Савецкая рэчаіснасць на бачынах беларускай газеты ў Латвіі “Голас Беларуса” (1925 – 1929 г.), (w:) “Światłamasztylewsobie…”. Ze studiów wschodniosłowiańskich. Księga pamiątkowa dedykowana Profesorowi Aleksandrowi Barszczewskiemu w osiemdziesiątą piątą rocznicę urodzin, red. M. Kaczmarczyk, A. Nowacki, M. Sidor, B. Siwek, Lublin 2015, s. 207—222.
Грыбоўскі Ю., Стварэнне і дзейнасць Беларускага аб’яднання ў Генеральнай акрузе “Латвія” (1941-1944), „Przegląd Środkowo-Wschodni” 2019, t. 4, numer specjalny: szkice ofiarowane Jerzemu Turonkowi z okazji 90. rocznicy urodzin, s. 185-240.
Грыбоўскі Ю., Удзел беларусаў у парламенцкіх выбарах у Латвіі (1922-1931), “Беларускі гістарычны агляд” 2018. Т. 25. C. 111-148.
Грыбоўскі Ю., Узаемадaчыненні паміж польскім і беларускім рухамі ў Латвіі (1920-1940), (w:)Зъ зычливости ку моеи отчизне. Tom pamiątkowy dedykowany profesorowi Mikołajowi Timoszukowi, Warszawa 2017, s. 129-156.
Езавітаў К., Беларускае Культурна-Асьветнае Таварыства “Бацькаўшчына” ў Латвіі, Рыга 1932.
Езавітаў К., Беларуская школа. Першая пасьля лемантара кніга для чытаньня, Рыга 1926.
Езавітаў К., Беларусы ў Латвіі, Рыга 1927 [перадрук: Ню Ёрк – Mенск 2013].
Езавітаў К., Становішча беларускае школы ў Латвіі, Вільня 1923.
Екабсонс Э., Белорусы в Латвии в 1918—1940 годах, (у:) Беларуская дыяспара як пасярэднiца ў дыялогу цывiлiзацый. Матэрыялы III Мiжнароднага кангрэса беларусiстаў, Менск 2001, c. 47-71.
Екабсонс Э., Беларусы ў Лaтвii ў часы савецкай iнямецка-фашысцкай aкупацыi (1940–1945), Беларускі Гістарычны Агляд” 2006, т. 13, сш. 2,c. 199-233.
Крывіцкія руны. Вып. ІІ: Беларускі культурны мацярык у Латвіі, рэд.: M. Казлоўскі, С. Панізьнік, Менск 2017.
Jerzy Grzybowski: The History of Belarusian Music and Theater Activities in Latvia during the German Occupation
(magazine “CULTURE. NATION”, April 2019, issue 23, p.24-35, www.sakavik.net)
In the interwar time one of the centers of the Belarusian national and cultural activities was Latvia. The main part of the Latvian Belarusians lived in Latgallia, where they were the indigenous population. Due to the very liberal legislation of the Republic of Latvia until 1934, local Belarusians enjoyed national-cultural autonomy, which, however, has been eliminated, along with the establishment of the country’s authoritarian regime of Karlis Ulmanis. During the German occupation (1941-1945), national-cultural life of Latvian Belarusians increased significantly. A pragmatic policy of occupiers contributed to this. One of the essential aspects of the Belarusian life at this time was a musical and theatrical activity. This article examines in detail the conditions under which the activity of Belarusian musicians and actors occurred as well as it analyzes the results of their work.
Пакінуць адказ