ІНТЭРВІЮ: «Беларусь можа стаць на ногі за год», — нашумелае інтэрвію з Пазьняком. Поўная тэкставая вэрсія

22 кастрычніка 2019 г.

Зянон Пазьняк Photo: svaboda.org (RFE/RL)

— Але вы разумееце, што калі цяпер правесьці ў Беларусі свабодны, абсалютна дэмакратычны рэфэрэндум, то людзі так не прагаласуюць? І калі мы рашэньнем сваім вяртаем Канстытуцыю 1994 году і ўсталёўваем толькі беларускую мову, то гэта і ёсьць нацыянальная дыктатура?

Рэфэрэндум — гэта, пераважна, зброя дыктатуры.

— Рэфэрэндум — гэта, пераважна, зброя дыктатуры. Рэфэрэндумы праводзяцца тады, калі грамадзтва разумее, што яно робіць. У гэтай сытуацыі рэфэрэндумы праводзіць ня варта, яны нічога не дадуць.

А наконт мовы — вы павінны пачытаць праграму «Вольная Беларусь», там вельмі падрабязна ўсё апісана. Асноўны прынцып: Беларусь у выніку акупацыі і ў выніку гэтага рэжыму — гэта нацыя, якая ў большасьці рускамоўная. І гэтыя рускамоўныя беларусы — яны ня ёсьць ворагамі Беларусі, яны ня ёсьць ворагамі беларускай мовы ў бальшыні. Але яны выхаваныя ў акупацыйнай школе, яны выхаваныя на рускай мове, і яны беларускую мову ня ведаюць.

Як тут абыходзіцца? Беларускую мову павінны ведаць чыноўнікі. Для гэтага ім даецца пэўны час — гадоў 5. Ён можа ня ведаць гэтую мову, дапусьцім. Яго ня трэба звальняць, але будзе кляснасьць чыноўніка. А кляса — гэта павышэньне заробку. Ня ведаеш мовы — ты не прафэсіянал. Ён будзе атрымліваць тысячу, а ты будзеш 500. Гэта элемэнтарна для чыноўніка. Таму яны яе вывучаць за два месяцы. Ужо было так, мы гэта ведаем.

Будзе такім чынам, што кожны грамадзянін Беларусі, кожны беларус, ён ідзе ў дзяржаўную ўстанову і можа гаварыць на той мове, на якой хоча, і чыноўнік павінен яму адказаць — звычайна руская і беларуская. І ніякіх абмежаваньняў ня можа быць — на 5 гадоў, на 10. Ня трэба. Абмежаваньне пакаленьнямі. Будзе беларуская школа, будзе беларуская адраджэнская палітыка, дзеці будуць вывучаць гісторыю. І гэтыя беларусы, якія гавораць на рускай мове, аддадуць сваіх дзяцей у беларускую школу — так было, мы ж гэта бачылі. Бо гэтая палітыка ўжо намі праводзілася.

— Дык мы гэтыя дзеці, якіх аддалі ў беларускую школу ў 90-я.

— Натуральна атрымліваецца, што ня можа беларус таптаць беларуса, таму што ён па-руску гаворыць. Мы ж беларусы, яны гэта разумеюць.

— Зянон Станіслававіч, скажыце, калі ласка, ці ёсьць у вас у Беларусі цяпер людзі, якіх вы паважаеце? З сфэры культуры, музыкі, мастацтва. Толькі коратка і прозьвішчы.

— Я прозьвішчаў называць ня буду, але я паважаю ўсіх людзей, а да некаторых адношуся зь вялікім піетызмам. Вось, скажам, нашая вядучая тэлебачаньня Зінаіда Бандарэнка. Гэта Беларусь. Яна прадстаўляла Рэспубліку Беларусь. Надзвычай чалавек культурны, адукаваны, прыгожы. Аднойчы ў пачатку 60-х, я быў студэнтам, мы ідзем зь Лявонам Баразной, і па тэлебачаньні… я спыніўся і раскрыў рот — прыгажэйшая дзяўчына выступае. Я гляджу і кажу: «Лявон, ты паглядзі, якая прыгожая дзяўчына». А ён мне кажа: «А-а-а, спазьніўся ўжо, яна замужам». Гэта была Зіна.

— Гэта добры выбар. Адно імя з моладзі. Разумееце, вы — кумір для моладзі. Трэба, каб мы далі моладзі надзею, што вы таксама ў нас верыце.

— Ведаеце, гэта небясьпечна гаварыць. Таму што маладосьць — гэта такая рэч, якая, па-першае, мінае. А па-другое, чалавек малады, ён разьвіваецца, робіцца сацыяльнай фігурай — ён рэзка мяняецца. Які ён быў у 18 гадоў, у 20 — у 23 ён можа быць зусім другім. Гэта характэрнасьць чалавека. Таму гэтыя характарыстыкі я баюся даваць, бо ў жыцьці вельмі шмат у мяне было прыкладаў, калі ну залатое дзіця, што зь яго будзе — а ў 23 гэта зусім другая істота.

— Калі адбывалася зьбіцьцё дэпутатаў 12-га скліканьня, да вас як да лідэра гэтай фракцыі БНФ была прымененая самая брутальная сіла. У гэты момант у вас было адчуваньне, што ваша жыцьцё можа скончыцца ў гэты дзень?

— Не, у мяне такога не было. Бо ясна было, што нас яны забіваць ня будуць. Але маглі пакалечыць. На мяне накінуліся, трымалі за рукі і пальчаткамі — я разумею, я ведаю гэтыя прыёмы паскудныя — ён мне выціскаў вочы, абдрапаў скуру. Не было ж ніякай патрэбы. Яны як скочылі, я садраў маскі з аднаго і з другога. І я ўбачыў, што гэта неславянскія людзі. Ну, гэта, можа, выпадкова было, бо потым мне сказалі, што гэта 600 чалавек ад «Альфы».

— Калі вы ня думалі, што вас заб’юць у 95-м годзе, то чаму тады вы зьехалі ў 96-м? Што кардынальна памянялася, так што вы зразумелі — ёсьць небясьпека для жыцьця?

— Было шмат псыхалягічных страхаў. У натоўпе падыходзіць чалавек і шэпча: «Ты сволач, мы цябе ножыкам, ты апошняя…» Гаворыць мне, што мяне заб’юць. І так было некалькі разоў… І раптам зьнікае.

Адзін раз я сказаў нашай ахове, што падам знак, каб хутка да мяне, калі што. І дакладна, падыходзіць такі тып і гаворыць… Я нічога не кажу, падымаю знак, і тут якраз падбягаюць, яго хапаюць. Ну і кажу, усё, вы ведаеце, што зь ім рабіць. Яны аддалі яго міліцыі. «А вы туды пайшлі?» — кажу. «Не, мы аддалі міліцыі». Яны пайшлі ў міліцыю, а яго няма, тыя выпусьцілі яго. Гэта быў іхны чалавек. Гэта вось такі мэтад.

Некалькі было мэтадаў на дарозе. Калі практычна была створаная сытуацыя дарожнай катастрофы. Такі быў адрэзак вельмі цікавы. Зіма, ноч. Наша машына ўзьехала там, вымушаная была зрабіць манэўр і ўзьехала на жалезны бардзюр. Вось такі бардзюр, а зьнізу гара, можа мэтраў 50. Калі б машына пакацілася, то адны косьці ад нас былі б. Але машына на гэтым бардзюры засела. І я ўжо зразумеў, таму што наперадзе ішла фура. Так, як і Чарнавола забілі… Заўсёды пускаюць грузавік… Я гэтага вельмі баяўся. Я заўсёды кажу — не пераганяй грузавікі, не пераганяй самазвалы. Ну, тут пайшоў на абгон. Усё атрымалася так — выруліў, не скаціўся ўніз, таму што аўтамабіль засеў сваім паддонам на гэтым бардзюры.

Самае цікавае было потым. Спыняюцца дзьве машыны, і бягуць хлопцы, чалавек 7 з гэтых машын. Я гляджу — адзін узрост, гадоў 30, 35, 27. І ўсе як на падбор. «Чаго вы сабраліся ўсе?». «О, лидер нации! О, смотри, что, помочь, ребята, давай?». І гэтую машыну нам дапамаглі зьняць, і паехалі. А я то думаю, а чаму гэтыя людзі, падобныя ўсе, ехалі ззаду, выскачылі? Як яны ўсе там апынуліся? Таму ў мяне такое ўражаньне, што гэта была група адпаведная, якая адсочвала мяне.

У мяне быў такі знаёмец Зайцаў, ён займаўся талеркамі. Кандыдат навук, літаратуразнавец, за ім адсочвалі таксама. І вось аднаго разу званок: «Товарищ Зайцев, здравствуйте». — «Здравствуйте». — «Вот вы меня не видите, а я вас вижу». Аказваецца, наружка — гэта гэбіст, які назірае, — было халодна вельмі, ён залез у тэлефонную будку і выпіў трошкі гарэлачкі. І яму захацелася пагаварыць, ён пазваніў Зайцаву. «Ну хорошо, а вы кто такой?» — «А я вот, знаете, так…». Адным словам, чалавек ёсьць чалавек, ён выпіў, яму холадна, вось ён і рашыў свайму аб’екту пазваніць.

— Зянон Станіслававіч, вам 75 гадоў.

— Што вы гаворыце!

— Скажыце, калі ласка, як вы лічыце, вашыя галоўныя жыцьцёвыя дасягненьні — яны ў мінулым ці ў будучыні?

— У будучыні. Усё ў будучыні. «Вся жизнь впереди», як у песьні пяецца савецкай.



Categories: Асобы, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: