Па слядах Адама Міцкевіча: што варта паглядзець у Туганавічах, Завоссі, Паўлінове ШМАТ ФОТА

Аўтар: СМ, фота Надзеі Бужан

Гарады, праглынутыя джунглямі, сляды старажытных цывілізацый на дне акіянаў — здавалася б, усё гэта недзе далёка. Тым часам наша Атлантыда хаваецца пры канцы кожнай старой алеі між дзікіх зараснікаў, пры кожным закінутым падмурку, на кожным кавалку старога тракту, на які раптам выходзіш сярод лесу.

І ў беларускіх умовах не трэба было тысяч гадоў, каб ад колішняга жыцця застаўся няпэўны след у памяці нашчадкаў. Цунамі ХХ стагоддзя нібы вывернула край на другі бок. Многія ранейшыя ландшафты, кропкі прыцягнення, акцэнты дальняй перспектывы перасталі існаваць.

Такія думкі з’яўляюцца ў Туганавіцкім парку, з якога пачынаецца наша другое падарожжа з «Суседскім маёнткам». Разам з брэндам беларускіх прадуктаў — гэта малако, кефір, масла, пельмені, ёгурт, што можна адшукаць на паліцах крамаў «Суседзі», — мы распавядаем пра найцікавейшыя беларускія маёнткі. Да іх і сёння можна прыехаць: пашпацыраваць алеямі старых паркаў, згадаць шляхецкія звычаі і нашу гісторыю.

Нядоўгая алея сканчаецца «альтанкай» з пасаджаных колам нямоцных ужо векавых ліп. Вакол разрасліся пра-праўнукі колішніх паркавых грабаў і клёнаў — удзень тут прахалодна і ціха, нібы ў магільным склепе.

Як мала адпавядае гэтае месца словам вялікага паэта Адама Міцкевіча: «Нідзе на зямлі не меў такога вясёлага жыцця, як у літоўскіх вёсках і засценках. Колькі там радасці, любові, шчасця!»

«Літвой», як вядома, наш славуты зямляк называў сваю родную Наваградчыну.

Туганавічы звязаныя з яго легендай.

Гэты маёнтак — адзін з найбольш верагодных правобразаў Сапліцова з «Пана Тадэвуша», такога шляхецкага раю. А ў рэальнасці ў Туганавічах жыла сям’я Марылі Верашчакі — узнёслага і нешчаслівага Адамавага кахання. Тую альтанку з векавых ліпаў і называлі «альтанкай Марылі». Яна была цэнтрам кампазіцыі сядзібы Туганавічы.

Туганавічы ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Малюнак Напалеона Орды.

Тое ж месца цяпер.

Жыццё тут кіпела пяцьсот гадоў. Туганавічы, згодна з легендай, належалі нашчадкам Няміры, канюшага князя Вітаўта. Малады Міцкевіч, каб пабачыцца з Марыляй, прылятаў сюды штоноч на кані за дзесяць з гакам кіламетраў. Пасярэдніцай між імі была служанка Тэкля, якая служыла ў Верашчакаў. У 1863-м гаспадар маёнтка Канстанцін Туганоўскі быў акруговым начальнікам паўстання і трымаў майстэрню па рамонце зброі. Туганавічы маляваў Напалеон Орда, фатаграфаваў Ян Булгак…

Камень філарэтаў. Каля гэтага гранітнага валуна ў наваколлі Туганавіцкага маёнтка сустракаліся ў 1820-я сябры ўніверсітэцкага таемнага таварыства — Міцкевіч, Зан, Чачот, Дамейка.

Яшчэ сто з нечым год таму ў дагледжаных Туганавічах была селекцыйная база з найноўшым абсталяваннем, на якую давалі грошы самыя багатыя гаспадары краю — Радзівілы, Вайніловічы, Скірмунты. Тут з думкай пра будучыню паляпшалі сарты збожжавых культур.

Цяпер гэта тупік за вёскай Карчова Баранавіцкага раёна, які можна знайсці толькі па ўказальніках.

У Першую сусветную ў гэтых мясцінах стаяў фронт. Што не раскацілі па бярвеннях на бліндажы — згарэла ад залётных снарадаў. Пасля вайны гаспадары не мелі сродкаў аднавіць разбураную сядзібу.

Завоссе

Але Міцкевіч у гэтых ваколіцах гістарычнай Наваградчыны — жывая матэрыя. Тут пра яго гавораць проста, як пра суседа.

«Адам жыў у лямусе, на другім паверсе — зручна. Як звечарэе, ён, нікому не сказаўшы, на каня і ў Туганавічы, да Марылі. А раніцай — дадому. Каня на пашу, а сам — спаць… Пасля Марылю аддалі за старога графа, але ён і не супраць быў, што Адам да іх прыязджаў», — расказалі нам у Завоссі.

Хоць на самой справе граф Ваўжынец Станіслаў Путкамер, вайсковы афіцэр і муж Марылі Верашчакі, быў усяго на чатыры гады старэйшы за Міцкевіча. Яны былі знаёмыя, і Міцкевіч пасля таварыскай размовы з ім адступіўся ад Марылі.

Фальварак у Завоссі, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч, быў адноўлены ў 2000-я. Да таго на месцы спаленага ў першую сусветную фальварка стаяў бетонны абеліск. Цяпер тут музей. Аднавіць будынкі дапамаглі малюнкі мастакоў Напалеона Орды і Эдварда Паўловіча, якія не маглі абысці ўвагай радзіму песняра.

Міцкевічы атрымалі гэты маёнтак у сярэдзіне XVIII стагоддзя ад Яноўскіх. Яноўскія былі вінны Міцкевічам грошай, а аддаваць не хацелі. Сорак гадоў ішоў суд, бывалі і ўзброеныя сутычкі, а ўрэшце за тыя пазыкі Завоссе дасталося Юзафу Міцкевічу, стрыечнаму дзеду Адама.

Бацькі паэта, Мікалай і Барбара, перасяліліся сюды незадоўга да нараджэння Адама. Праз некалькі год маёнтак здалі ў арэнду, пасля ён дастаўся сваякам, але Адам і ў юнацкія гады бываў на сваёй «малой радзіме».

Акно пакоя, у якім нарадзіўся Міцкевіч.

Жылі ў Завоссі бядней, чым у Туганавічах. У сярэдзіне XVIII стагоддзя маёнтак складаўся з трох валок (каля 60 гектараў) зямлі і ўсяго адной сям’і прыгонных.

Відаць, як даніну гістарычнай традыцыі, аднаўляючы дом Міцкевіча, пры дарозе збудавалі ў падобным стылі дом для дырэктара музея. Як будзеце ехаць у Завоссе — не зблытайце: музей далей ад дарогі.

Паколькі ў сваякоў была вялікая сям’я, Міцкевіч, наязджаючы ў Завоссе, спыняўся ў лямусе. Лямус у нашых продкаў — гэта адначасова і кладоўка для харчоў ды інструментаў, і летняе жытло. Жылы пакой рабілі звычайна на другім паверсе. Паводле ўспамінаў, сцены ў жылым пакоі Міцкевіча былі распісаныя яго графіці. Сярод надпісаў вылучаліся словы: «Час табе ўжо злітавацца з мяне». Мяркуецца, што звернутыя яны былі да Марылі Верашчакі.

Адноўлены пакой Міцкевіча ў лямусе.

Сядзібны дом стаіць роўна на старым месцы — падчас раскопак у пачатку 1990-х археолагі знайшлі яго падмуркі. Асобным стэндам у музеі выстаўленыя дробныя рэчы, знойдзеныя падчас раскопак.

Можна ўяўляць, што з гэтай лыжачкі кармілі малога Адама, або сам ён, падросшы, карыстаўся гэтым відэльцам. Многа археолагі знайшлі згубленых нацельных крыжыкаў.

Сённяшні гаспадар сядзібы — дырэктар музея Віктар Дмухоўскі.

У Завоссі аднавілі інтэр’еры небагатай шляхецкай сядзібы.

У каморы — сапраўдныя зёлкі з пахамі лета: кіпрэй, падбел, ліпавы цвет.

У таку можна пабачыць сапраўдную гліняную падлогу.

Старая ліпа, што памятае Міцкевіча. Непадалёк ад сядзібы.

Паўлінова

Яшчэ адна мясціна непадалёк звязаная з імем Адама Міцкевіча — Паўлінова. Густоўная сядзіба-палацык тут з’явілася ўжо не пры жыцці паэта, але была названая ў гонар яго роднай цёткі — Паўліны з Маеўскіх.

Замачак збудаваў у пачатку ХХ стагоддзя яе сын, Ян Атон Бохвіц. Не забыўся ён і пра бацьку — філосафа-асветніка, Фларыяна Бохвіца, які імкнуўся «прымірыць» навуку з рэлігіяй і лічыў, што кожны чалавек, незалежна ад паходжання, першыя дваццаць гадоў жыцця абавязаны вучыцца. У гонар Фларыяна Ян Атон назваў другі свой маёнтак — Фларыянова.

Сын не пайшоў па бацькавых слядах, яму змалада былі мілейшая шабля і конь гусарскі. Удзельнік Крымскай вайны, паўстанец Каліноўскага, асуджаны на смерць і памілаваны, прыхільнік адмены прыгону — яго магутная сівабародая постаць захавалася на здымках пачатку стагоддзя.

Палац у Паўлінове ён паставіў «амерыканскімі тэмпамі» — за паўгода, папярэдне разбіўшы парк і арганізаваўшы гаспадарку.

Ян Атон захапляўся батанікай — у маёнтку былі цудоўныя сады і паркі. Старыя дубы і таполевыя алеі нагадваюць пра той час.

Магчыма, гэтай алеяй некалі ехала аўтамабілем у госці да Бохвіца пісьменніца Эліза Ажэшка.

Палацык данядаўна стаяў безгаспадарны. Цяпер ён замкнёны і напалову адрэстаўраваны звонку. Хочацца спадзявацца, што яму знойдзецца прымяненне і што часы, калі спадчына стагоддзяў пагардліва адкідалася, у Беларусі мінаюць.

Мясціны Адама Міцкевіча на мапе:

Гэты праект стаў магчымым дзякуючы «Суседскаму маёнтку» — брэнд сапраўдных беларускіх прадуктаў, якія нагадваюць пра слаўныя старонкі нашай гісторыі. Малако, кефір, масла, пельмені, ёгурт — знайсці прадукты вы можаце на паліцах крамаў «Суседзі» па ўсёй краіне. Купляйма сваё!



Categories: Асобы, Культура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: