Друкаваць
Разьвітаньне з Кастусём Каліноўскім і яшчэ 19 паўстанцамі, арганізаванае ўладамі Літвы, атрымала найвышэйшыя адзнакі тысяч прысутных на ўрачыстасьці. Сьвіст і крыкі «ганьба» за ўвесь час цырымоніі чуліся на Катэдральным пляцы ў Вільні толькі аднойчы — у момант выступу афіцыйнага прадстаўніка Беларусі.
8-гадзінная тэкставая і відэатрансьляцыя Свабоды
У Вільні завяршылася дзяржаўная цырымонія перапахаваньня паўстанцаў 1863–64 гадоў, чые парэшткі знайшлі на гары Гедзіміна, калі там сышоў апоўзень.
Пад сьцягам паўстанцаў
У 8.30 салдаты ротаў ганаровай варты Арміі Літвы і Войска Польскага вынесьлі два дзясяткі невялікіх драўляных трунаў з унутранага двара Палаца валадароў Вялікага Княства Літоўскага. Міністэрства абароны Беларусі ідэю далучыцца да ўрачыстасьці праігнаравала.
Дзьве першыя труны накрытыя чырвоным штандарам з паўстанцкім гербам — літоўскай «Пагоняй», польскім арлом і нябесным заступнікам арханёлам Міхаілам. У іх тое, што засталося ад камандзіраў — Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
Парэшткі ўсіх удзельнікаў народных выступаў супраць расейскага царызму даставілі ў Катэдральны сабор-базыліку Сьвятых Станіслава і Ўладыслава.
На плошчы тым часам сабраліся сотні ахвотных стаць сьведкамі гістарычнай падзеі. Найбольш, як выглядала, было беларусаў, якіх лёгка было пазнаць па бел-чырвона-белых сьцягах, партрэтах Каліноўскага і самаробных плякатах зь ягонымі цытатамі. З прыбыцьцём на вакзал кожнага новага цягніка ці аўтобуса людзей прыбывала, і ўрэшце беларусы, на вока, склалі 2/3 ад усіх прысутных.
Некаторыя прызнаваліся, што ніводнага разу не былі ў Менску, але не маглі прапусьціць такую падзею ў гістарычнай сталіцы. Арганізавана дабраліся выкладчыкі і навучэнцы падпольнага Беларускага гуманітарнага ліцэю — адразу паўсотні чалавек.
Да неабыякавых людзей далучыліся палітыкі, грамадзкія і культурныя дзеячы: Станіслаў Шушкевіч, пэрсанальна запрошаны як першы кіраўнік незалежнай Беларусі, а таксама Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Лявон Баршчэўскі, Павал Севярынец, Аляксей Янукевіч, Аляксей Марачкін, Генадзь Драздоў, Уладзімер Някляеў, Ёсіф Сярэдзіч, Павал Жук, Гэнік Лойка, Зьміцер Дашкевіч, Павал Белавус, Эдуард Пальчыс ды многія іншыя.
Адмыслова прыехалі ў Вільню кіраўнікі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Івонкай Сурвілай.
Казус віцэ-прэм’ера
На разьвітаньне ў саборы адвялі дзьве гадзіны. Пасьля прыбыцьця афіцыйных асобаў і кіраўнікоў замежных дэлегацый доступ у храм часова прыпынілі. Але за тым, што адбываецца ўнутры, можна было назіраць на вялікіх экранах.
Літва і Польшча былі прадстаўленыя на найвышэйшым узроўні — прэзыдэнтамі Гітанасам Наўседам і Анджэем Дудам. У ганаровым шэрагу і былыя літоўскія кіраўнікі — Вітаўтас Ландсбэргіс, Валдас Адамкус, Даля Грыбаўскайце. Беларусь, Украіна і Латвія абмежаваліся чыноўнікамі менш высокага рангу.
Сьвятую імшу служылі арцыбіскуп-мітрапаліт Гінтарас Грушас і біскупы ды вайсковыя капэляны зь Літвы, Польшчы і Беларусі. У прыватнасьці, слова пра Кастуся Каліноўскага прамаўляў каталіцкі арцыбіскуп мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

«Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў», — арцыбіскуп Кандрусевіч на пахаваньні Каліноўскага
Тым часам да сярэдзіны дня на Катэдральнай плошчы заўважна паболела літоўскіх, польскіх, украінскіх палотнішчаў. Прадстаўнікі гэтых краін воплескамі рэагавалі на выступы сваіх лідэраў, трансьляваныя на экраны — тыя адзначалі неацэнны ўнёсак удзельнікаў вызвольнага руху, які праз паўтара стагодзьдзя прывёў да дэмакратычных працэсаў ва Ўсходняй Эўропе.
А вось зь беларускім прамоўцам — у Вільню камандзіравалі чыноўніка зь першай дзясяткі, віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнку — здарыўся казус. На ягоных словах, што асоба Каліноўскага «не павінна выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах», натоўп на плошчы незадаволена загудзеў, пачуўся сьвіст і крыкі «Ганьба!».

Што віцэ-прэм’ер Беларусі сказаў пра Каліноўскага і паўстанцаў у Вільні
Пазьней карэспандэнты Свабоды спрабавалі запыніць чыноўніка на могілках Росы, каб пацікавіцца ягонымі ўражаньнямі ад цырымоніі перазахаваньня. Але Петрышэнка размаўляць з журналістамі адмовіўся.
Апошні спачын на Росах
І вось настаў час для жалобнай працэсіі. На тэрыторыі зноў зьявіліся людзі ў парадных мундзірах, на дарозе выстраіўся ганаровы эскорт: ляфэт, прычэплены да вайсковага пазадарожніка, і дзясятак катафалкаў. На першым — дзьве труны з парэшткамі Каліноўскага і Серакоўскага, накрытыя сьцягам паўстанцаў. Паперадзе рушылі барабаншчыкі і сьвятары. За імі — вышэйшыя асобы і сьвятары.
У чорных легкавіках — астатнія паўстанцы. Сьледам стала доўгая калёна пад нацыянальнымі сымбалямі сваіх краінаў. Працэсія рушыла на могілкі Росы.
Непрацяглы прыпынак быў зроблены каля Вострай Брамы: вернікі памаліліся за душы забітых герояў, вышэйшыя асобы пераселі ў свае аўтамабілі і чакалі ўжо на месцы пахаваньня.
Пасьля разьвітальных прамоваў труны ўклалі ў адмысловыя нішы, абсталяваныя ў капліцы-нэкропалі на Росах. Сьцяг з труны Зыгмунта Серакоўскага атрымаў у памяць пра падзею Анджэй Дуда, зь імем Каліноўскага — Гітанас Наўседа.
З усіх відаў зброі прагрымеў памятны салют у гонар кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстаньня — усіх, хто змагаўся і загінуў за свабоду.
Ад вечара 22 лістапада пантэон герояў адкрыты для грамадзкага наведваньня.
Пакінуць адказ