Два пераклады Міхася Кенькі: верш “In Flanders Fields”, напісанага John McCrae, Ю. І. Крашэўскі: “Сцэны на сейме”. Гародня. 1893” (фрагмент з кнігі) (часопіс «КУЛЬТУРА. НАЦЫЯ», сьнежань 2019, №24, с.78-82), www.sakakavik.net

logo for chasopis

 

Сп. Міхась Кенька прадстаўляе ў часопісе пераклад вядомага верша пра вайну “In Flanders Fields”, напісанага John McCrae, а таксама пераклад урыўка твора вядомага польскага аўтара Ю. І. Крашэўскага: “Сцэны на сейме”. Гародня. 1893”.  Шчыра вітаем на старонках часопіса “Культура. Нацыя” нашага новага аўтара, сп. М. Кеньку!

Сп. Міхась Кенька, мой зямляк, і мы абодва былі вельмі ўзрадаваныя непасрэдным знаёмствам на падзеі, прысвечанай Дню Успамінаў (Remambrance Day). Падзея адбылася ў Fort York у Таронта 9 лістапада 2019 года, асноўным лейтматывам якой было прачытанне перакладаў верша John McCrae “In Flanders Fields” на розныя мовы. Гэты верш быў напісаны падчас першай сусветнай вайны канадыйскім доктарам, падпалкоўнікам Джонам МакРэ. Пераклады чыталіся на албанскую, башкірскую, габрэйскую, грузінскую, македонскую, нямецкую, каталанскую, кітайскую, рускую і французкую мовы. Беларускі пераклад верша зрабіў і прачытаў сп. М. Кенька. Падчас падзеі адбыўся і невялікі канцэрт, дзе з вялікім посьпехам выступіў фальклорны калектыў “Яваровыя людзі” пад кіраўніцтвам В. Кавалёвай. “Яваровыя” выканалі некалькі песен, звязаных з ваеннай тэматыкай.

John McCrae: In Flanders Fields

In Flanders fields the poppies blow

Between the crosses, row on row,

That mark our place; and in the sky

The larks, still bravely singing, fly

Scarce heard amid the guns below.

We are the Dead. Short days ago

We lived, felt dawn, saw sunset glow,

Loved and were loved,

and now we lie,

In Flanders fields.

Take up our quarrel with the foe:

To you from failing hands we throw

The torch; be yours to hold it high.

If ye break faith with us who die

We shall not sleep, though poppies grow

In Flanders fields.

Джон Маккрэй:  На Фляндрыі палёх Пераклад Міхася Кенькі

На Фляндрыі палёх  буяе мак

Паміж магіл, дзе кожны крыж – то знак.

І  жаўрукі пяюць, як многа год назад,

Калі  глушыў  іх спевы  гул гармат

І  паміралі  мы ў час жудасных атак.
Мы мёртвыя. А некалі жылі мы так,

Як вы цяпер. Кахання кожны зведаў смак

І сонцу рады быў. Ды кожны з нас палёг

На Фляндрыі палёх.
Паходню нашу падхапіце вы,

І клікайце на барацьбу жывых.

Нясіце смела гэты знак пакут.

Калі ж падманеце вы тых, хто згінуў тут,

Не зможам спаць мы, хоць квітнее мак

На  Фляндрыі палёх.

Міхась (Міхаіл Паўлавіч) Кенька (8 лютага 1947, в. ВерацеіПастаўскі раён, Віцебская вобласць, Беларусь), беларускі літаратуразнавецперакладчыкКандыдат філалагічных навук (1983). Закончыў Магілёўскі педагагічны інстытут (1969). Працаваў журналістам, настаўнікам. 3 1973 — аспірант, з 1976 — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН Беларусі, з 1983 — намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Юнацтва», з 1988 па 2017 – дацэнт кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1988 прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР, у 1987 – у Саюз журналістаў СССР. Друкуецца з 1974. Даследуе сучасную беларускую прозу і паэзію, тэорыю і практыку мастацкіх перакладаў, творчасць беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг па літаратуразнаўстве: «Майстэрства Аркадзя Куляшова — перакладчыка» (1983), «Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці» (1987). Пераклаў з польскай мовы раман «Крыжакі» Г. Сянкевіча, аповесць “Успаміны Сапліцы” Г. Жавускага, апавяданні С. Градзенскай, аповесці Ю. Крашэўскага “Маці каралёў”, “Апошняя са слуцкіх князёў”, “Кароль у Кясвіжы, 1784”, “Паперы Глінкі”,  з чэшскай — «Клапзубава каманда» Э. Баса, апавяданні  К. Чапэка, І. Клімы і інш.

 

 

Ю. І. Крашэўскі: “Сцэны на сейме”. Гародня. 1893”

(Урывак)   Пераклад Міхася Кенькі

O, гэтыя ваколіцы Гародні, іх вёскі і лясы, прынёманскія даліны і ўзгоркі, ціхія берагі прыгожай ракі, аточаныя вандроўнымі валунамі з далёкіх краёў!   О, зялёныя лугі з песнямі пастухоў, статкамі белых авечак, нібы жэмчуг, рассыпаныя  па аксамітых палянах! О, бруістыя ручаі, пахілыя бярозы, крывыя старыя сосны,  пясок, з якога вецер выдзімае спарахнелыя косці… хаты на каменных падмурках… касцельчыкі, аблямаваныя ялінамі… і вялікія могільнікі, на якіх ядловец ахінае магільныя пагоркі. Хто не носіць вашы вобразы ў сэрцы з тых, каму выпала хаця б раз падарожнікам наведаць гэтыя цудоўныя мясціны?

Край гэты ціхі, маўклівы, ён увесь у спакоі і чаканні. Лясы спяць і сонна гойдаюцца,  у дрымоце і  зморы цякуць рэкі, ляніва і павольна расце трава, бяроза сонна хіліцца да зямлі…  зморана апусціўшы галінкі… нават птаства спявае сцішана, каб не парушыць  маўчання…

Край гэты, нібы ў казцы, зачараваны…  Паўсюдна сляды даўнейшага жыцця, напружанага, бурлівага, пасля якога настаў спачынак. Зрослыя мохам камяні, якія ляжаць тут і  там, некалі грукацелі, перакочваліся ў марскіх хвалях… але тут яны залеглі, змораныя; вадой павымывала вялікія нізіны, нібы карыты, па якіх ледзьве пасоўваецца вазок…  на пагорках руіны былых паселішчаў, наймення якіх ужо ніхто не ўспомніць, у полі плуг выварочвае рэшткі зброі і гаспадарчых прылад… сляды смерці і жыцця…  Ніхто ўжо не памятае, хто насыпаў тыя курганы, ніхто не  згадае, як называліся тыя вёскі…  усё забылася, не засталося ў памяці людской… Адны толькі могільнікі, па якіх асцярожна ступаюць людзі, каб не абудзіць нябожчыкаў. Зірніце, як гэтыя старыя абамшэлыя крыжы на магілах моляцца за ўсіх памерлых ад пачатку вякоў… Як гэта прыгожа, і як гэта нявесела…

Кветка расцвіла на лясной паляне… нахіліся да яе і зазірні ёй у тварык… яна расцвіла на папялішчы… і  колер у яе бледны і пах нейкі ледзь улоўны…  Кветкі паволі гойдаюцца… Зірні на іх сцябліны… здаецца, нібыта  тысячы вужоў аплялі іх карэнні, што глыбока ўраслі ў зямлю. Прайшлі стагоддзі з тых часоў, калі яны ўраслі ў магільныя пагоркі… нібы шукалі рэшткі жыцця…

Яны растуць няспешна… сонца тут грэее іначай, і блакіт неба нібыта акрыты нейкай празрыстай заслонай – а ўночы, калі высыпяць зоркі – яны нібы заспаныя, такія бледныя і маленькія… Каласы на полі рэдкія, растуць яны невысока… навошта мёртвым хлеб… Наступіць ранне, ажывіць наваколле, з нябёсаў спадзе заслона, і ў лесе заспяваюць птушкі, і ручай зацягне сваю вечную песню…  Хай жа спіць старадаўні край бітваў… хай спіць…

Такой соннай была і вёска Верцішкі над Нёманам, за пяць вёрст ад Гародні –  але ў ёй усё было прыгожым і мілым сэрцу, хто туды завітаў, той ужо не хацеў жыць нідзе болей. Бо тут усё прамаўляла да чалавека і ўсё з ім здружылася, ад каменння да людзей. Яна аказалася непадуладнай часу, нібы ўвесь свет збіўся з тропу, а яна адна засталася сама па сабе… Былі тут і палі, і лугі, лясы, і бераг Нёмана, і касцельчык на пагорку, і  памесце каля дарогі, толькі не стала былых гаспадароў.

О, доля людская!  Там, дзе былі святыні, новыя пакаленні будуюць корчмы, на трунах ставяць калыскі, а па слядах анёлаў ступаюць нячысцікі… Там, дзе быў мір, назаўтра з’пачынаецца разня, мардаванне, смерць. О, доля людская!

Юзаф Ігнацы Крашэўскі  (28.07.1812, Варшава -19.03.1887, Жэнева, Швейцарыя). Беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст, рэдактар, выдавец, публіцыст. Пісаў па-польску, лічыцца адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў. Пачынальнік польскай рэалістычнай прозы. Член Польскай АН у Кракаве (1872), Ганаровы член Чэшскай АМ (1873). Бацькі Ю. Крашэўскага паходзілі і мелі родавы маёнтак на Пружаншчыне. Юзаф Крашэўскі скончыў Свіслацкую гімназію, Віленскі ўніверсітэт. Удзельнічаў у паўстанні 1830—1831 гадоў, сядзеў у віленскай турме.

Юзаф Крашэўскі напісаў больш за 600 тамоў твораў: 223 раманы і аповесці, навуковыя працы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, літаратуразнаўстве, філасофіі і інш. Шмат яго твораў непасрэдна звязаны з беларускай тэматыкай. Ён аўтар паэтычнай трылогіі з гісторыі Літвы «Анафеляс» (1840—45), 20 драматычных твораў, у т.л. камедый з дзеяннем у Нясвіжы «Кастэлянскі мёд» (1860), «Пане Каханку» (1867), падарожных нарысаў: «Пінск і Піншчына» (1837), «Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву» (1840), «Карціны з жыцця і падарожжаў» (1841—42), «Друскенікі» (1848), «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан» (1860). Аўтар гістарычных прац «Вільня ад яе пачатку да 1750 г.» (т. 1—4, 1840—42), «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні…» (1847—50), «Барысаў» (1848), і інш.  Паўплываў на творчасць Э.Ажэшкі, Б.Пруса, Г. Сянкевіча, Я. Купалы. Два вершы Юзафа Крашэўскага пераклаў на беларускую мову Янка Купала. На беларускую мову яго творы таксама перакладалі П.Бітэль, В.Сёмуха, М.Кенька, Л.Казлоў.

 

 

 

 

 

 

 

Michas Kenka: Translation of poem “In Flanders Fields” into Belarusian   (magazineCULTURE. NATION”, December 2019, issue 24, p. 7882,  www.sakavik.net)

Michas Kenka, new author of our magazine, presents his translation to Belarusian of famous poem “In Flanders Fields”, written by John McCrae. Reading of this poem translated into various languages ​​occurred at Fort York in Toronto on November 9, 2019. Mikhas Kenka provided also the translation of excerpt from “Scenes in the Diet” written by Polish author Yuseph Kraszewski (Grodno, 1893).

Переводы Михаила Кеньки: стихотворение “In Flanders Fields” (by John McCrae); Ю.И.Крашевский: “Сцены на сейме”. Гродно. 1893 “(фрагмент из книги)(журнал «КУЛЬТУРА. НАЦИЯ», декабрь 2019, выпуск 24, с. 78-82, http://www.sakavik.net)

Михась Кенька, новый автор нашего журнала, представляет свой перевод на белорусский язык известной поэмы «На полях Фландрии», написанной Джоном Маккреем. Чтение этого стихотворения, переведенного на разные языки, произошло в Форт-Йорке в Торонто 9 ноября 2019 года. Михась Кенька предоставил также перевод выдержки из «Сцены на сейме», написанной польским автором Юзефом Крашевским (Гродно, 1893).



Categories: Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: