Інтэрв’ю кампаніі “Будзьма”, дадзенае 16 снежня 2019 года, апублікавана на вэб-сайце кампаніі ў скарочаным выглядзе. Пытанні ад Алеся Кіркевіча.
- Чым для Вас ёсць незалежнасць Беларусі?
Незалежнасць Беларусі гэта каштоўнасць, якая дазваляе адчуваць гонар за радзіму, ад таго, што яна існуе роўная сярод роўных у свеце, ад таго, што беларускія грамадзяне напоўніцу карыстаюцца правамі і свабодамі, гарантаванымі Канстытуцыяй. З фармальнага пункту гледжаньня Беларусь ёсць незалежнай краінай. І менавіта так, фармальна, гэты стан Беларусі ацэньваюць многія людзі, якія знаходзяцца па-за дэтальным разуменьнем гістарычных і геапалітычных беларускіх праблем.
Аднак, па сутнасці, Беларусь на сёння ня ёсць незалежнай краіны, нават прымаючы да ўвагі рознабаковую інтэграцыю ў свеце ў наш час. Што трэба каб краіна па сапраўднаму сталася такой? Як дабіцца такога стану? Думаецца, што каб асягнуць незалежнасць Беларусі трэба пазбавіцца ад палітычнай, экананамічнай і культурнай залежнасці ад Расіі. Чаму гэта звязана з Расіяй? Гэта стане відавочным і зразумелым любому беларусу, калі ёнуважліва паглядзіць на Украіну – нашага самага блізкага ментальна і гістарычна суседа, а не будзе знаходзіцца пад уплывам маскоўскай прапаганды, што “Крым – наш”. Калі, па-сапраўднаму, то Крым “наш – украінскі”. Калі б не спрадвечны агрэсіўны характар Расіі, то адносіны з ёй мусілі б быць цывілізаванымі, як і з іншымі краінамі.
Другім важным аспектам незалежнасьці краіны з’яўляецца свабода, якая ўключае ў сябе многія кампаненты – палітычную, эканамічную, індывідуальную, рэлігійную свабоды, і іншыя. Але ў першую чаргу – свабоду нацыянальную. Усе гэтыя свабоды, якія прапісаны ў Канстытуцыі, на жаль, ва ўмовах аўтарытарнага, недэмакратычнага рэжыму, не могуць быць выкананы. Людзі, якія не маюць усіх гэтых свабод ніколі не будуць імкнуцца да незалежнасці сваёй краіны. Пры адсутнасці такіх свабод чалавек становіцца рабом абставін, у якія яго заганяюць. Людзі могуць быць настолькі прывычнымі да такіх умоў, аж да той ступені, што могуць у сваёй большасці адчуваць сябе шчаслівымі (прыкладам чаго з’яўляюцца многія дыктатарскія рэжымы: Гітлера, Франко, Хусэйна, якія ўсё ж на шчасце для чалавецтва не былі вечнымі).
Краіна будзе незалежнай, калі усе гэтыя свабоды будуць данесены і будуць зразумелымі для ўсіх грамадзян краіны. Таму ў сёняшняй сітуацыі, каб Беларусь стала па-сапраўднаму незалежнай яна павінна вырвацца з-пад каланіяльнага ўплыву Расіі і ўсталяваць у краіне дэмакратычныя нормы.
- Калі Вы асабіста прыйшлі да ўсведамлення каштоўнасці незалежнасці? Як гэта адбылося?
Такое ўсведамленне дакладна не адбылося раней 1990 года. Аднак, яно адбылося і паклікала да дзейнасці – пару артыкулаў па нацыянальных пытаннях у газету “Звязда” (1993-1994), стварэнне гуртка беларускай мовы на працы і выступленні на роднай мове на паседжаннях здзіўленага вучонага савета ў Інстытуце фізіялогіі НАН РБ (1992-1997).
У найбольшай ступені гонар за новую незалежнасць я адчуў, калі выпадкова апынуўся каля будынка Дома ўрада на плошчы Леніна ў той момант, калі на яго ўсталёўвалі новы дзяржаўны герб “Пагоня”. Такі ж гонар я адчуваў, калі ў родных Паставах на будынку райвыканкама палыхаў бел-чырвона-белы сцяг.Аднак, што мяне тады насцярожыла на плошчы Леніна, гэта тое, што новы герб “Пагоня” быў накладным. Гэта значыць, ім як бы часова прыкрылі былы дзяржаўны герб, які быў пастаўлены там ад пачатку, капітальна. Новы герб усталёўвалі не грунтоўна, на час, як бы саромеліся. Так і апынулася, што мы да гэтага часу знаходзімся на поўдарозе да Каліноўскага, на поўдарозе да самаўсведамлення сябе як нацыі. Трэба яшчэ многа працаваць, каб гэта каштоўнасць была здабыткам усіх беларускіх грамадзян.
- У 1991-м незалежнасць на беларусаў звалілася “як мех з бульбай”, нечакана і безкаштоўна, ці гэта вынік шматлікіх цяжкіх намаганняў за доўгі час?
Мне падаецца, што выраз “як мех з бульбай” у вашым пытанні ў найбольшай ступені можа быць і адказам на пытанне. Атрыманню незалежнасці для Беларусі спрыялі шэраг фактараў, аднак у асноўным, калі казаць аб’ектыўна, яны былі абумоўлены знешнімі, а не ўнутранымі фактарамі. Па-першае, гэтаму спрыялі распад СССР і КПСС. БССР была не адзінай рэспублікай былога СССР, якая атрымала незалежнасць. Усе, падкрэсліваю, усе 15 рэспублік СССР на працягу 1991 года (хто раней, хто пазьней) заявілі аб сваёй незалежнасці, нават Расія. Беларусь была шостай па ліку.
Цяжка адназначна сказаць, наколькі важкімі і вызначальнымі былі высілкі беларускіх нацыянальных сіл у атрыманні незалежнасці. Толькі ў Літве і Грузіі, атрыманне незалежнасці (да спробы дзяржаўнага перавароту ў СССР) было звязана з праліццем крыві і з ахвярамі, г. зн. тады, калі ў савецкай улады яшчэ былі сіла і воля каб ужыць рэпрэсіі супраць сваіх народаў. Для астатніх савецкіх рэспублік шлях атрымання незалежнасці быў мірным.
У Беларусі рух за незалежнасць існаваў у асяроддзі даволі тонкага слоя нацыянальнай эліты. Трэба нагадаць дзейнасць такіх моладзевых аб’яднаньняў як “Талака”, 1980-1984; “Майстроўня”, 1985-1990; “Тутэйшыя”, 1986-1990, і канешне Беларускага народнага фронта за перабудову “Адраджэньне” (БНФ “Адраджэньне”), утворанага 24-25 чэрвеня 1989 года. Часта, як прыклад такога змагання беларусаў за незалежнасць прыводзяць забастоўку рабочых у 1990 годзе, што, падаецца, не зусім некарэктным. Бо тая забастоўка рабочых мела па сваёй прыродзе эканамічны характар. 100-тысячны натоўп, нават калі да яго далучыліся людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі, ніяк не адлюстроўваў нацыянальную ідэнтычнасць людзей, якія пад імі ішлі, як і іх імкненне да незалежнасці. Я лічу, што адлюстраваннем змагання за незалежнасць была парламенцкая праца дэмакратычна настроеных дэпутатаў, уключаючы дэпутатаў ад БНФ. Відавочна, што яны прыклалі значныя намаганні як ў прыняцці Дэкларацыі (27 ліпеня 1990 года), так і Закона аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (25 жніўня 1991 года). Трэба, аднак, адзначыць, што Закон аб дзяржаўным суверэнітэце і пастанова аб часовым прыпыненьні дзейнасці КПБ-КПСС на сесіі Вярхоўнага Савета БССР былі прынята аднагалосна (за – 256 дэпутатаў). Парадаксальна, але за прыняцьце гэтых двух законаў прагаласавалі самі дэпутаты-камуністы, якія складалі абсалютную большасць ВС 12-га скліканьня, што было абумоўлена і агульнай сітуацыяй у СССР, звязанай з забаронай дзейнасці КПСС, пачынаючы з 23 жніўня 1991 года.
Калі адказаць больш кароткай фразай, то на маю думку, атрыманне незалежнасці ў 1991 годзе было падарункам лёсу (другім у 20-м стагоддзі пасля Дэкларацыі аб незалежнасці БНР у 1918 годзе), а не вынікам змагання моцных партыйных структур ці шырокім рухам народных мас за нацыянальнае самавызначэнне. Тое, што лёгка далося, не так як трэба цэніцца, і таму, відаць, маем недасканалыя адносіны да незалежнасці краіны.
- Дэмакратыя, фінансавы дабрабыт ці незалежнасць – што важнейшае для беларусаў? А для Вас асабіста?
Думаецца, што ў нармальным дэмакратычным грамадстве усе гэтыя складнікі важныя для жыцця чалавека. Натуральна, што фінансавы дабрабыт стаіць на першым месце, і не толькі ў беларусаў. Чалавек, як істота біялагічная і сацыяльная імкнецца да таго, каб месца, дзе ён жыве, было утульным, каб там “усё вялося і былося”. Зараз у свеце на ўсіх кантынентах пераважаюць спажывецкія настроі і ў бліжэйшым часе наўрад ці з’явіцца новая агульная філасофія існавання для ўсяго чалавецтва. Хаця стварэнне такой філасофіі і жыццё па ёй было б вельмі пажаданым. Сёння складана уявіць, што незабяспечаны фінансава чалавек у першую чаргу заасяродзіць свае думкі на паляпшэнні і ўдасканаленні дэмакратыі ў краіне. Калі ў чалавека не ўсё ў парадку ў яго хаце, то якую ён можа збудаваць дэмакратычную і незалежную краіну?
Я жыву ў Канадзе, у краіне, дзе перада мной не стаіць праблема выбара, які з гэтых кампанентаў – дэмакратыя, фінансавы дабрабыт ці незалежнасць – найважнейшы. Аднак, як і абсалютная большасць людзей, лічу, што калі фінансавы дабрабыт ёсць, то тады ў чалавека з’яўляецца грунтоўная магчымасцьзаймацца іншымі важнымі аспектамі жыцця. У прыватнасці, мяне цікавяць зараз пытанні будаўніцтва і развіцця нацыянальнай беларускай дзяржавы.
- Ці Вам даводзілася некалі тлумачыць суайчыннікам ці замежнікам каштоўнасць незалежнасці краіны?
Што тычыцца суайчыннікаў, то так, даволі часта, як непасрэдна, так і праз артыкулы ў вэб-часопісе “Культура. Нацыя”, заснавальнікам і рэдактарам якога я з’яўляюся з 2012 года. Аднак, не ўсе суайчыннікі на радзіме, нават блізкія сябры, не гатовы ўспымаць парады з далёкага замежжа. Што да замежнікаў, то даволі рэдка. Бываючы ў вольных і незалежных краінах такое пытанне звычайна не паўстае. Хаця мы добра ведаем, што нягледзячы на негатыўныя адносіны ліберальных дэмакратаў да нацыянальных рухаў і да нацыянальнага – яны не зніклі, чаму прыкладам ёсць змаганне за незалежнасць у Каталоніі, Шатландыі, Квебеку. Магу толькі прывесці адзін прыклад з наведвання Кубы. Пачынаючы асцярожную размову з маладой жанчынай пра жыццё, заўважыў, што апроч працы яна вельмі занята грамадскімі справамі – уваходзіць у камітэт па паляпшэнню жыллёвых умоў кубінцаў, камітэт па правах жанчын, моладзевы камітэт, камітэт абароны рэвалюцыі. Пачаць “тлумачальную” размову пры яе перакананасці і прыкметнай насцярожанасці – не выпадала. Як толькі размова зайшла пра палітыку, яна адказала, што яна “happy” (шчаслівая). Мяркую, што на кухнях у Беларусі людзі адчуваюць сябе вальней у сваіх размовах.
- Беларус, які не разумее каштоўнасці незалежнасці і гатовы ад яе адмовіцца – вораг ці… ? Што рабіць і як ставіцца да такіх людзей?
Беларус, які вызнае сябе беларусам не можа быць ворагам. Калі ён не шануе незалежнасць, то хутчэй за ўсё ён заблудзіўся і гэта не яго віна, а дзяржавы, якая затлуміла яму мазгі сваёй прапагандай – саюзнай дзяржавай, лініяй Сталіна, “Лукамолам”, “Нашым Крымам”, ворагамі-нацыяналістамі, Днём незалежнасці – 3 ліпеня, і … можна працягваць.
З такімі людзьмі трэба размаўляць, пераконваць. Калі мець на ўвазе значную колькасць людзей, то найбольш дзейным сродкам для выхавання нацыянальнай свядомасці з’яўляецца асвета.
- Ці з’яўляюцца нацыянальная ідэнтычнасць, мова і культура неабходнымі і абавязковымі для незалежнасці?
Адказваючы на пытанне, хацелася б спачатку адзначыць, што бачанне незалежнасці, як прадстаўнікамі нацыянальнай эліты, так і кіруючай эліты ў нашы дні, мае многа агульных рысаў у сваёй канчатковай мэце. Тая незалежнасць, якую прапагандуюць афіцыйныя людзі дзяржавы сёння – аб асаблівым шляху для Беларусі пры зберажэнні (ці для зберажэння) сваёй улады – мае сваіх прыхільнікаў сярод насельніцтва. Аднак, такая афіцыйная стратэгія – будаўніцтва незалежнай цывільнай рускамоўнай дзяржавы пры аўтарытарным стылі кіравання мае істотны недахоп – яна не ўключае нацыянальнай свабоды і іншыя дэмакратычныя свабоды.
Калі казаць пра незалежную лукашэнкаўскую Беларусь, то нацыянальная ідэнтычнасць, мова і культура неабавязковыя і не неабходныя – проста яны ёсць у тым выглядзе ў якім ёсць:
- 7% насельніцтва краіны пазначыла сябе беларусамі (2009);
- нацыянальная культура ёсць, нягледзячы на прыклад існавання двух пісьменніцкіх саюзаў;
- адносна мовы афіцыйная ўлада мае цынічную і крывадушную пазіцыю, кажучы што народ прагаласаваў на рэферэндуме за дзве дзяржаўныя мовы і кожны чыноўнік ці чалавек мае права выбара. Таму афіцыйная падтрымка мовы толькі на словах. Чаму беларус не карыстаецца роднай мовай – гэта вялікае пытанне?
Калі казаць пра незалежную Беларусь, аб якой марыць нацыянальная эліта, то, безумоўна, усе тры складнікі ёсць і будуць неабходнымі для будаўніцтва сапраўднай нацыянальнай дзяржавы:
- вельмі хацелася б, каб вынікі перапісу-2019 адносна нацыянальнай прыналежнасці былі не горшымі за тыя 83.7%, што маем. Самавызначэнне беларусаў, гэта пакуль што адзіны грунт беларускасці, на які не можа паўплываць афіцыйная улада (па крайней меры думаецца, што ўлада не пойдзе на падобнага рода фальсіфікацыю);
- беларуская нацыянальная культура працуе ва ўмовах гетто, але яна адродзіцца вельмі хутка пры першай узнікшай магчымасці (прыкладам таму 30-я і 90-я гады мінулага стагоддзя);
- што тычыцца мовы, то яна стане абавязковым складнікам пры змене ўлады. На сёння і на бліжэйшую будучыню, трэба прыняць рэальнасць – большасць насельніцтва і ў горадзе, і ў вёсцы карыстае рускую мову. У сувязі з гэтым нацыянальная асвета, асабліва ў галіне гісторыі, павінна ісці на расійскай мове таксама. Як доўга гэта будзе працягвацца – невядома. Ёсць як станоўчыя (Чэхія), так і адмоўныя (Ірландыя) прыклады адраджэння роднай мовы пры наяўнасці дзяржаўнай незалежнасці. У той жа час, ёсць краіны з двумя і больш афіцыйнымі мовамі (Канада, Бельгія, Швейцарыя, Швецыя), так і краіны, якія карыстаюць тую ж самую мову (Германія і Аўстрыя).
- Ці ёсць зараз небяспека для незалежнасці Беларусі? Калі так, то скуль яна сыходзіць?
Думаецца, што ў нашы дні не варта чакаць небяспекі з боку, напрыклад, палякаў ці літоўцаў, нашых былых партнёраў па Садружнасці. Канешне, ніхто не адмаўляе, што беларусы ў канцы 17-га і ў 18-м ст.ст.паспыталі палітыку паланізацыі. Аднак, калі гэта было?! Сёння Польшча, як і Літва, сябры ЕС, і цалкам падтрымліваюць імкненне нацыянальна-арыентаваных беларусаў да дэмакратыі і прагрэсу. Беларусы былі і будуць еўрапейскім народам. Калі зазірнуць у гісторыю, то таму ёсць шмат доказаў, якія сведчаць аб шматлікіх сувязях з Еўропай.
Небяспека для Беларусі на працягу некалькіх стагоддзяў ішла з Усходу.Да канца 18 стагоддзя беларускі народ не меў нічога агульнага з Масковіяй, наадварот, у 16-17 ст.ст. беларусы у складзе войска ВКЛ 80 гадоў непасрэдна ваявалі з маскалямі. Стаўшы калоніяй Расіі больш чым 2 стагоддзі таму назад, Беларусь у некаторых сэнсах і па сёння знаходзіцца ў залежным ад Расійскай імперыі стане. Расія вядзе сябе з Беларуссю як з вассалам, і пакуль перамен не бачна.
У нашы дні вайна з усходнім суседам, Расіяй, працягваецца:
- на палітычнай сцэне Беларусь уцягнута ў непатрэбныя для нашай краіны саюзы (ОДКБ, ЕАЭС, Саюзная дзяржава з паглыбляемай інтэграцыяй, мілітарныя дамовы з Расіяй, 2 ваенныя базы на тэрыторыі Беларусі);
- у эканомічнай сферы – малочныя, цэментныя, мясныя, бананавыя войны; войны за цану на нафту і газ, мытныя войны;
- у галіне культуры – дамінаванне расійскай культуры ў Беларусі (расійкая мова, тэлебачанне, рускамоўныя кнігі, расійская папса, беларускія дзеці ў расійскіх дамах адпачынку сумнейнага тыпу, панаванне Рускай праваслаўнай царквы).
Усё вышэйпералічанае, здаецца, адназначна сведчыць аб тым, што пагроза незалежнасці-паглынання ідзе з усходу, з боку “русского міра”.Не думаецца, што Расія можа забраць Беларусь праз ваенную агрэсію, але яна спрабуе гэта зрабіць-падпарадкаваць праз эканамічныя і культуральныя механізмы. Так атрымалася, маем такога суседа! Добра было б перасяліцца ад яго на нейкі асобны востраў, калі б гэта было магчыма. А так, трэба шукаць падыходы, каб абараніцца ад яго захопніцкіх жаданняў.
- Калі кажуць, што незалежная Беларусь можа быць толькі ў вайсковым, эканамічным ці палітычным саюзе з іншымі дзяржавамі – як да гэтага ставіцеся? Калі і быць у саюзе, то з кім і на якіх умовах?
У свеце зараз пануюць працэсы глабалізацыі, якія абумоўлены ў асноўным эканамічнымі законамі. З другога боку, роля нацыянальных дзяржаў, нягледзячы на стварэнне наднацыянальных рэгіянальных утварэнняў (ЕС ці нават ЕАЭС), узрастае. Такім чынам, з гэтага вынікае, што аптымальным станам для краіны было б спалучэнне ўдзелу ў сусветных глабальных працэсах пры зберажэнні і ўмацаванні свайго, нацыянальнага.
Саюз трэба шукаць у дэмакратычным асяроддзі. Расія да яго не адносіцца. Аднак, так атрымалася, што Беларусь сёння знаходзіцца пад прыкрыццём Расіі (Расію, з яе ядзерным патэнцыялам, ніхто чапаць не будзе). Але як ужо было адзначана ў адказе на папярэдняе пытанне, ядзерны парасон Расіі разам з адэптамі рускага міра, проста накрывае шчыльнай ценню усю беларускую тэрыторыю і насельніцтва і можа папросту іх праглынуць. Такая цень магла б знікнуць толькі разам з Расіяй, аднак, калі хто разлічвае на гэта, то не варта спадзявацца. Трэба праводзіць сваю, іншую лінію. На наш погляд, гэта можа быць палітыка нейтральнасці, якая яшчэ не сышла канчаткова з палітычнай арэны як форма існавання нацыі-дзяржавы.
- Хто можа быць гарантам незалежнасці: улада, армія, народ, партыі і грамадскія арганізацыі, наднацыянальныя міжнародныя структуры?
Такім гарантам павінен быць толькі беларускі народ, які існуе на працягу 1000 гадоў, і будзе існаваць. Народ па Канстытуцыі утварае ўсе структуры, вызначаючыя дзяржаву-нацыю – армію, уладу, партыі, грамадскія арганізацыі. Але гэта магчыма пры належнай палітычнай і нацыянальнай культуры ўсяго народа, якая, відавочна, пакуль што не створана ў Беларусі. Народ мусіць яшчэ зразумець.
Фармальна такім гарантам мусіў бы быць дзейны Прэзідэнт, але да яго ўрада ў значнай часткі беларусаў няма поўнага даверу і не толькі з-за непразрыстага цяперашняга і мінулага 20-гадовага гандлю з Расіяй, які ставіць пад пагрозу незалежнасць краіны. Такім гарантам можа стаць новая ўлада – хацелася б каб гэта адбылося праз значныя змены дэмакратычным шляхам.
Спадзявацца на міжнародныя структуры не прыходзіцца. Бо на наднацыянальным узроўні пануюць сілы вялікіх дзяржаў, якія заўжды знаходзяцца ў супярэчлівых, антаганістычных адносінах. Роля ААН у вырашэнні лёсу малых і сярэдніх дзяржаў увесь час змяншаецца. Толькі ў далёкай перспектыве можна спадзявацца на агульначалавечы розум і здаровы сэнс, які магчыма створыць новую, спрыяльную для ўсіх краін палітычную ці геапалітычную атмасферу.
Такім чынам атрымоўваецца, што калі народ не паўстане на абарону незалежнасці і не выйдзе на вуліцы – то такога гаранта сёння няма.
- Без’ядзерны статус Беларусі – плюс ці мінус датычна пытання захавання суверынітэту?
Валоданне ядзернай зброяй з’яўляецца сёння сур’ёзным аргументам пры вырашэнні спрэчак з суседзямі і як след адыгрывае важную ролюў захаванні суверэнітэту краіны. Так падаецца, што краіны, якія валодаюць такім мілітарным інструментам (ЗША, Расія, Англія, Францыя, Ізраіль, Пакістан, Індыя, КНДР, Кітай) пачуваюць сябе ў большай небяспецы, чым тыя краіны, якія яго не маюць. Таму лічу, але толькі тэарэтычна, што без’ядзерны стан для Беларусі – гэта мінус, бо з практычнага боку Беларусі наўрад ці ўдалося б бяспечна эксплуатаваць, тэхналагічна і эканамічна, ядзерную зброю, якая заставалася на тэрыторыі краіны пасля распада СССР.
- Што могуць рабіць беларусы пры пагрозе незалежнасці краіны? Выходзіць на мітынгі, размаўляць па-беларуску, разбудоўваць недзяржаўны сектар, імкнуцца атрымаць вайсковыя веды ці… збіраць валізы і рыхтавацца да выезду?..
Пагроза незалежнасці з’явілася не сёння, а існуе пастаянна на працягу 23 гадоў пасля падпісання Першым Прэзідэнтам РБ і безнадзейным сп. Ельцыным, Прэзідэнтам Расіі, папярэдняй дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы (1996). Сёлета гэта пагроза толькі абвастрылася з-за таго, што сп. Лукашэнка і яго ўрад на працягу 2019 года вядзе тайныя, непразрыстыя перамовы з Расіяй аб “заглыбленай” інтэграцыі ў рамках Саюзнага дагавора.
Што зрабілі беларусы для сваёй абароны за апошнія дзесяцігоддзі і што трэба рабіць?
- Спрабавалі падняць беларускі народ падчас выбарчых кампаній і пратэстных акцый.
- Дасягненнем можна лічыць паступовае станаўленне грамадскіх арганізацый, такіх як “Лятучы Універсітэт”, спробы арганізаваць Беларускі Універсітэт у Мінску, рух “Свежий ветер” і многіх іншых …
- З павесткі дня не знікае пытанне яднання высілкаў палітычных партый і арганізацый (якія ніяк не аб’яднаныя і, нават кажуць, варожыя адзін да аднаго да гэтага часу). Вельмі станоўчым фактам сталася сумеснае планаванне супраціву інтэграцыі з Расіяй з удзелам большасці апазіцыйных дэмакратычных партый і арганізацый на 20 снежня 2019 года.
- Стварэнне нэтворкаў было б вельмі важным. Да гэтага не было зроблена. Незалежныя СМІ працуюць разрознена. Вельмі станоўчай з’явай сталася аб’яднанне блогераў, якія выступілі супраць інтэграцыі з Расіяй.
- Атрымліваць вайсковыя веды?? – гэта несур’ёзна ў наш час.
- Падтрымка дыяспары, важная, але ніякім чынам не вырашальная.
- Толькі самі беларусы, знаходзячыся ў роднай краіне могуць вырашыць свой лёс і абараніць незалежнасць. Патрабуецца істотная мабілізацыя усіх нацыянальных сіл – на заяўленыя пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй, 7-8 снежня гэтага года, выйшла каля 1000 чалавек або 0.05% ад насельніцтва г.Мінска, што зусім недастаткова.
Думаю гэты спіс могуць значна падоўжыць беларусы на радзіме, тыя, якія раней і цяпер мужна змагаюцца за незалежнасць краіны.
- Страта незалежнасці – гэта трагедыя, але наколькі непапраўная? Ці можа народ у такой крытычнай сітуацыі вярнуць незалежнасць і дзяржаўнасць? Калі можа, то якім чынам
Тэарэтычна магчымая часовая страта незалежнасці не будзе гістарычна працяглай (1-2 пакаленні). Сведчаннем таму шматвекавая гісторыя беларускага народа. Сёння, народ у большасці, не нацыянальная эліта, не гатовы да змагання за незалежнасць і на жаль не акажа супраціву такой пагрозе. Выйсце можа з’явіцца пры змене знешніх абставін і падтрымцы з боку дэмакратычных краін.
Piotra Murzionak: Independence of Belarus and its value (magazine “CULTURE. NATION”, December 2019, issue 24, p. 68–77, www.sakavik.net)
This interview was given to Ales Kirkevich, a journalist of the public campaign “Budzma” on December 16, 2019. The questions were about the values and threats to country independence, its gourantors, approaches and impact factors of high importance to keep the sovereignty of Belarus.
Пётра Мурзёнак: Независимость Беларуси и ее ценность (журнал «КУЛЬТУРА. НАЦИЯ», декабрь 2019, выпуск 24, стр. 68–77, http://www.sakavik.net)
Это интервью было дано Алесу Киркевичу, журналисту общественной кампании «Будзьма» 16 декабря 2019 года. Вопросы касались ценностей и угроз для независимости страны, ее гарантов, подходов и факторов воздействия, имеющих большое значение для сохранения суверенитета Республики Беларусь.
Categories: Нацыя Беларусы, Праект "РАЗАМ"
Пакінуць адказ